Сынгл

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Сынгл ці само́тнік (па-ангельску: Single ад Single Play record) — першапачаткова грамафонная кружэлка, на кожным з бакоў якой зьмяшчалася толькі адна музычная кампазыцыя. Панятак «сынгл» зьявіўся ў 1950-я гады, каб акрэсьліць розьніцу паміж паўнавартаснымі кружэлкамі і кружэлкамі з адной або дзьвюх песень. Цяпер сынглы таксама выдаюцца на кампакт-дысках і DVD.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Саракапятка», дыск на 45 абаротаў на хвіліну

Першапачатковы стандарт на сынглы быў закладзены напрыканцы XIX стагодзьдзя падчас зьяўленьня камэрцыйных грамафоных запісаў. Спачатку існавалі шматлікія стандарты дыскаў з рознымі хуткасьцямі (ад 18 да 78 абаротаў на хвіліну) і фізычнымі памерамі (да 12" ці 30 сантымэтраў), але да 1910 году ўстаялася практыка выкарыстаньня 10" (25 см) 78 абаротавых дыскаў.

Тэхнічныя адметнасьці грамафонавых дыскаў вызначылі фармат камэрцыйных запісаў напачатку 1900-х. Прымітыўная тэхналёгія і характарыстыкі рэкордэраў ды прайгравальнікаў абмяжоўвалі шчыльнасьць запісу дый змушалі выкарыстоўваць вялікія хуткасьці кручэньня дыскаў дзеля дасягненьня прымальнае якасьці запісу. Лічба ў 78 абаротаў на хвіліну была абраная на стандарт з-за таго, што прадстаўлены электрычна-прывадны рухавік, які сталі выкарыстоўваць у гукапрайгравальнае апаратуры, меў абаротавую хуткасьць 3600 абаротаў на хвіліну і перадаткавы лік 46:1, што забясьпечвала хуткасьць ў 78.26 абаротаў на хвіліну.

Пералічаныя фактары сумесна з дыямэтрам дыска ў 10" абумовілі працягласьць запісу на кожным баку дыска ў 3 хьвіліны. Гэты фармат істотна паўплываў на працэс стварэньня музыкі, бо і аўтары, і выканаўцы сталі імкнуцца да таго, каб трапіць у гэтыя межы. Троххьвілінавы стандарт захоўваўся да 1960-х, калі паляпшэньне тэхнікі запісу ды прынцыпова новы мастэрынг дазволілі павялічыць працягласьць запісу, сынгл The Beatles 1968 году «Hey Jude» доўжыўся 7 хьвілін, прадэманстраваўшы гэткім чынам новую свабоду творцаў.

Сынглы зьмяшчаліся на разнастайных носьбітах, такіх як 7" (18-см), 10" (25-см) і 12" (30-см) вінілавыя дыскі (звычайна разьлічаныя на хуткасьць у 45 АНХ); 10" (25-см) шэлакавыя дыскі (78 АНХ); касэты, 8- і 12-сантымэтровыя (3" і 5") CD-сынглы і 7" (18-см) плястыкавыя флэксі-дыскі. Іншыя, менш распаўсюджаныя фарматы, уключалі сынглы на лічбавай кампактавай касэце, DVD, і LD, гэтаксама як і шматлікія разнастайныя нестандартныя вінілавыя дыскі (5″/12 см, 8″/20 см, etc.).

Найбольш распаўсюджаным фарматам на сынгл ёсьць так званая «саракапятка» (45, ці 7"), названы так за хуткасьць абарочваньня ці фізычны памер.

45 АНХ стандарт быў прадстаўлены ў 1949 годзе кампаніяй RCA як больш якасная і трывалая замена старым 78 АНХ гэлакавым дыскам. Першыя «саракапяткі» былі манафанічнымі, з запісам на абодвух бакох дыску. Стэрэафанічныя запісы набылі распаўсюд у 1960-х, амаль усе запісы на пачатку 1970-х ужо былі стэрэафанічнымі.

Акрамя стандарту на 7" сынглы, распаўсюд у 1970-х дыскатэкаў прывёў да таго, што дыджэі стварылі попыт на 12" сынглы з большым часам гучаньня, які дазваляў зьмясьціць дадатковыя танцавальныя міксы трэкаў. Да таго ж, большы памер дыску абумаўляў яго большую трываласьць і лепшы дынамічны дыяпазон гуку. Нягледзячы на спад папулярнасьці, 12" дыскі застаюцца стандартам на танцавальных пляцоўках.

Продажы сынглаў фіксаваліся ў гіт-парадах, часьцяком, у так званых Top-40. Гэтыя сьпісы публікаваліся ў мас-мэдыях, такіх як часопісы, тэлевезійныя і радыё-праграмы. Трапіць у гіт-парад мог толькі той сынгл, які адпавядаў гэтак званаму «фармату», які тычыўся як колькасьці трэкаў, так і ягонае даўжыні.

У папулярнае музыцы камэрцыйная і мастацкая каштоўнасьць сынглаў (у параўнаньні з альбомам і EP) істотна зьмянялася ў розныя часы. Першапачаткова сынглы былі накіраваныя на рынак тынэйджараў і дзетак, чыі фінансавыя мажлівасьці былі больш абмежаваныя. Росквіт сынглаў прыпаў на 1950-я — пачатак 1960-х, час узьнікненьня рок-музыкі. У далейшым роля сынглаў паступова зьмяньшалася, а роля альбомаў — падвышалася. Да 2000-х роля іх працягвала памяньшацца, а з масавым пераходам на CD склалася сытуацыя, калі сынгл і альбом у прамоцыі каштуюць аднолькава, але альбом прадаецца за большыя грошы, таму можна казаць аб амаль суцэльнай адмовы ад ужываньня сынглаў.

У танцавальнае музыцы склалася іншая сытуацыя, і значная частка танцавальнае музыцы па-ранейшаму распаўсюджваецца на 12" вінілавых сынглах.

Як на 2006 год, сытуацыя крыху зьмянілася. Татальны распаўсюд лічбавых прайгравальнікаў музыкі прывёў да таго, што продажы лічбавых копіяў трэкаў праз камэрцыйныя інтэрнэт-сайты высьвятлілі перавагі карыстальнікаў у бок асобных кампазыцыяў[1]. Гэта адрадзіла паняцьце сынглу на якасна новым, непрывязаным да нейкага фізычнага носьбіта, узроўні.

Зьвязанай зьявай можна лічыць зьяўленьне рынглаў (ад ангельскіх словаў сынгл і рынгтон — мэлёдыя званка), калі актуальныя сынглы пераўтвараюцца ў мелёдыю званка мабільнага тэлефону. У верасьні 2007 году Sony BMG прадставіла новы фармат так званага рынгла, які зьмяшчаў акрамя трох кампазыцыяў выканаўцы яшчэ і дасягальны з кампутара рынгтон на мабільны тэлефон[2]. У працяг гэтае тэндэнцыі сынгл стаў уяўляць сабой сам рынгтон. Рынгтон звар’яцелая жабка, гіт 2004 году, пераўтварыўся ў чэрвені 2005 году ў асобны сынгл, які заняў першае месца ў брытанскіх гіт-парадах.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншай распаўсюджанай беларускай назвай сынглу зьяўляецца самотнік. Слова было прыдуманае ў калектыве гурта N.R.M., калі той у 2000 годзе запісаў і выдаў свой першы сынгл Samotnik.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Pop single still hits right note. — The Sydney Morning Herald(анг.)
  2. ^ Music industry betting on «ringle» format. — Reuters(анг.)