Сьвяты Рох

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рох
Roch
Рох
Рох
Сьвяты
Нарадзіўся 1295
Памёр 16 жніўня 1327(1327-08-16)
Шануецца Каталіцкая царква
Кананізаваны 1629
Галоўная сьвятыня царква Сан-Рока, Вэнэцыя, Італія
Дзень памяці 16 жніўня
Патрон хворых на цяжкія захворваньні, пілігрымаў, хірургаў, свойскае скаціны, Манпэлье
Атрыбуты язва на назе, сабака з хлебам у роце, кій пілігрыма
Падзьвіжніцтва цудадзейныя ацаленьні

Сьвяты́ Рох, Рох з Манпэлье́ (па-лацінску: Rochus, па-француску: Roch, па-італьянску: Rocco); 1345—1350, Манпэлье, Францыя — 15—16 жніўня 1376, 1378 ці 1379, Манпэлье або Вагера, Італія; традыцыйна ўсталяваныя гады жыцьця — каля 1295 да 1327) — каталіцкі сьвяты, абаронца ад чумы. Дзень памяці адзначаецца 16 жніўня.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле паданьня, сьвяты Рох нарадзіўся ў Манпэлье каля 1295 году ў сям’і мэра. Яшчэ пры нараджэньні ён быў адзначаны асаблівым знакам на грудзях у форме чырвонага крыжа. У 19-20-цігадовым узросьце юнак страціў абодвух бацькоў, пасьля чаго раздаў усю маёмасьць убогім і накіраваўся ў Рым у пілігрымку. Дасягнуўшы Італіі, Рох заўважыў, што ў краіне лютуе эпідэмія чумы, пасьля чаго пачаў вандраваць па краіне, даглядаючы хворых і ацаляючы іх малітвай і крыжам. Паведамлялася пра зьдзейсьненыя ім лекаваньні ў Аквапэндэнтэ, Чазене, Рыміні, Навары, Рыме, Мантуі, Мадэне і Парме. Вяртаючыся на радзіму, Рох сам заразіўся чумой у П’ячэнцы, быў выгнаны зь места і накіраваўся паміраць у закінутую лясную халупку. Паводле паданьня, сабака шляхціча па імю Готхард прынесла яму хлеб, каб Рох не памёр ад голаду. Неўзабаве сьвяты ацаліўся ад чумы, а Готхард стаў ягоным памочнікам.

Пасьля гэтага сьвяты Рох вярнуўся на радзіму, дзе адмовіўся раскрыць сваё імя і быў увязьнены як шпіён паводле загаду ўласнага дзядзькі. Пасьля пяцігадовага пазбаўленьня волі ён сканаў 16 жніўня 1327 году. Па сьмерці ён быў апазнаны па знаку крыжа на грудзёх.

Шанаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік сьв. Роху ў Ліпніках (Польшча)

Шырокае народнае шанаваньне сьвятога пачалося адразу ж пасьля ягонае сьмерці, хоць афіцыйна ён ня быў кананізаваны ўсутыч да XVII стагодзьдзя. У 1585 папа Грыгорыюс XIII зьмясьціў ягонае імя ў рымскім мартыралёгу. Канчаткова шанаваньне сьв. Роха было ўсталяванае папам Урбанам VIII у 1629 годзе. Сьвятому Роху маліліся, галоўным чынам, пра ацаленьне ад чумы. Культ, першапачаткова абмежаваны Манпэлье і паўночнай Італіяй, хутка распаўсюдзіўся ў Гішпаніі, Францыі, Нямеччыне і Нідэрляндах. У Вільні паўстала рэлігійная суполка рохітаў(pl).

У жыцьці сьвятога «Vita Sancti Rochi», напісаным у 1478 годзе мэрам Брэшыі Франчэскам Дзіедам, прыведзены эпізод, паводле якога ў 1416 годзе, падчас правядзеньня Канстанцкага сабору, месту пагражала эпідэмія чумы. Пасьля маленьняў да сьвятога Роха і малітоўных працэсіяў эпідэмія абмінула места.

У 1485 годзе вэнэцыянцы таемна вывезьлі мошчы сьв. Роха з Манпэлье ў Вэнэцыю, якая, як галоўнае гандлёвае места, празь якое ішоў гандаль з Усходам, моцна пакутаваў ад сьмяротных эпідэміяў, у зьвязку з чым сьвяты Рох быў абвешчаны адным са сьвятых апекуноў места. У 1508 годзе ў Вэнэцыі была пабудаваная царква Сан-Рока.

Сьвяты Рох уважаецца заступнікам хворых на чуму і халеру, пакутуючых на хваробы ног і скуры; пілігрымаў, хірургаў; а таксама сабак і свойскае скаціны[1]. Сьвяты Рох — апякун францускага Манпэлье (у ягоны гонар названы мескі сабор, вуліца, сквер і чыгуначны вакзал) і некалькіх італьянскіх местаў.

Сьвяты Рох

Каталіцкая царква адзначае памяць сьвятога 16 жніўня. У шматлікіх местах па ўсім сьвеце ў гэты дзень ладзяцца маляўнічыя працэсіі.

Іконаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На клясычнай выяве сьвяты Рох зазвычай паказаны маладым пілігрымам у лахманах, які паказвае на чумную язву на сваёй левай назе. Часта разам зь ім адлюстроўваюць сабаку, які трымае ў роце хлеб ці ліжа ягоную рану. Яшчэ адным характэрным іконаграфічным атрыбутам зьяўляецца кій пілігрыма.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]