Татарскі біфштэкс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Татарскі біфштэкс

Тата́рскі біфштэ́кс, Біфштэ́кс па-тата́рску — старадаўняя страва стэпавых качэўнікаў з сырога мяса (пачаткова, з каніны).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Эўропу зьвесткі пра татарскі біфштэкс прывез францускі афіцэр Г. дэ Баплян, які ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя доўгі час служыў наёмнікам ва Ўкраіне. Паводле яго назіраньняў, татары, якія служылі ў войску Рэчы Паспалітай, выразалі дужыя кавалкі конскай паляндвіцы таўшчынёй на 1—2 пальцы, і, моцна пасаліўшы з аднаго боку, каб выклікаць інтэнсіўнае выдзяленьне крыві, укладвалі іх пад сёдлы на сьпіны сваіх коней; пасьля 2 гадзін язды ў тэмпе маршавага пераходу мяса здымалася, выдалялася крывавая пена з аднаго боку, і ўсе апэрацыі паўтараліся з другім бокам паляндвіцы, пасьля чаго татарскі біфштэкс лічыўся гатовым да спажываньня. Беларускія татары, якія пераважна адмовіліся ад спажываньня каніны, гэтую страву страцілі досыць даўно. У наш час татарскі біфштэкс, які стаў інтэрнацыянальнай стравай, гатуецца з рубленага мяса (неабавязкова з каніны).

Прыгатаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дужы кавалак конскай (ялавічынай) паляндвіцы, аліва, марынаваныя шампіньёны, карнішоны, цыбуля, яечны жаўток, муштарда (гарчыца), соль, перац.

Мяса найлепш нарэзаць нажом на дробныя кавалкі, у крайнім выпадку прапусьціць праз грубую мясарубку. Рукамі вымешаць мяса з прыправамі (апроч муштарды) ў аднародную масу. Муштарда дадаецца ў самым канцы (яе заўчаснае зьмяшэньне з алеем можа выклікаць зьліпаньне масы ў камкі). Фармуюцца асобныя порцыі, пасыпаюцца пасечанымі шампіньёнамі, карнішонамі, цыбуляй.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа»