Францішак з Асізі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Францішак з Асізі
па-італьянску: Francesco
па-італьянску: Francesco d'Assisi
Дзейнасьцьпаэт, каталіцкі дыякан, рэлігійны пісьменьнік, пісьменьнік, прапаведнік, місіянэр, рэгулярныя клерыкі, рымска-каталіцкі клірык, заснавальнік, пілігрым, тэоляг, містык, founder of Catholic religious community
Сапраўднае імяпа-італьянску: Giovanni di Pietro di Bernardone[1]
Нарадзіўсямерк. 24 чэрвеня 1182[2]
Памёр3 кастрычніка 1226[2][4] (44 гады)
Пахаваны
БацькаPietro di Bernardone dei Moriconi[d]
МаціPica de Bourlemont[d]
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Сьвяты Франці́шак з Асі́зі (Асы́жу) (5 ліпеня 1182 — 3 кастрычніка 1226) — заснавальнік ордэну Меншых Братоў, больш вядомага зараз як Ордэн Францішканаў, а таксама міранскага ордэну Братоў і Сёстраў Пакаяньня і (разам з Клараю з Асізі) жаночага ордэну Бедных Жанчынаў. Ушаноўваецца каталікамі як сьвяты.

На беларускую мову яго «Гімн сонцу» пераклала Ірына Васілеўка[5].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў італьянскім горадзе Асызі ў сям’і гандляра тканінамі П’етра Бэрнардонэ. Імя, атрыманае пры нараджэньні — Джава́ні Бэрнардо́нэ (па-італьянску: Giovanni Bernardone). Імя-празваньне Франчэ́ска, гэта значыць «французік», ён атрымаў, верагодна, ад бацькі, які меў стасункі з Францыяй і вельмі любіў гэтую краіну.

У юнацтве Францішак быў легкадумны і шмат часу праводзіў у забавах. Паводле паданьняў, ён марыў тады стаць ваяром. У 1201 удзельнічае ў ваенным паходзе на Пэруджу, які церпіць няўдачу. Францішак праводзіць год у палоне. Вярнуўшыся дадому, ён не пакідае бесклапотнага жыцьця і думкаў пра ваярскі лёс, а ў 1204 вырашае далучыцца да крыжовага паходу і едзе да месца збору войскаў, але па дарозе, у горадзе Спалета, бачыць сон, які прымушае яго вярнуцца. З гэтага часу ён праводзіць шмат часу ў малітве ды цураецца старых забаваў, а таксама пачынае даглядаць хворых на праказу.

Яшчэ празь некаторы час у царкве сьв. Дзям’яна недалёка ад Асізі Францішак маліўся перад выяваю Хрыста ўкрыжаванага, і нечакана Хрыстос на выяве ажыў ды зьвярнуўся да юнака са словамі: «Францішак, Францішак, адбудуй мой дом, бо глядзі, ён руйнуецца». Зразумеўшы гэта наўпрост, Францішак прадаў свайго каня і нейкія тканіны з бацькавае крамы, каб дапамагчы сьвятару аднавіць будынак царквы. Абураны бацька паклікаў яго на біскупскі суд, і Францішку сказалі вярнуць грошы. Тады ён аддаў бацьку ня толькі грошы, але і сваё адзеньне, і з гэтага моманту стаў жабраком у Асізі, удзельнічаючы ўласнаю працаю ў адбудоўлі храмаў, сярод іх — невялікай капліцы блізу гораду, якая звалася Парцыюнкала. Пазьней Парцыюнкала стане ўлюбёным месцам францішканаў.

У лютым 1209 Францішак чуе на імшы чытаньне з Эвангельля паводле Мацея, ў якім Хрыстос заклікае вучняў ісьці прапаведваць ягонае слова, нічога не беручы з сабою, і адчувае, што гэта ягонае пакліканьне. З гэтага моманту ён пачынае прапаведваць пакаяньне. Хутка да яго далучаецца першы вучань, Бэрнарда, які аддае ўсю сваю маёмасьць на аднаўленьне сьвятыняў. За год колькасьць вучняў дасягае адзінаццаці. Супольнасьць заве сябе «fratres minores», г.зн. «меншыя браты». Ад самага пачатку гэтыя прапаведнікі адрозьніваюцца ад іншых надзвычайнаю бадзёрасьцю, славячы Бога ня толькі казанямі, але і сьпевамі. У тым жа 1209 годзе Францішак вядзе наванароджаную супольнасьць у Рым, каб атрымаць дабраславеньне папы Інакенція III. Папа спачатку адмаўляе ім у аўдыенцыі, але на наступную ноч бачыць сон, у якім сьцяну царквы, якая вось-вось абваліцца, падтрымоўвае маленькі чалавек у жабрацкае вопратцы. Ранкам ён разумее, што чалавек у сьне — гэта той самы жабрак, што прыходзіў да яго днём раней, прымае меншых братоў і дабраслаўляе іх.

Супольнасьць працягвае прапаведніцкую дзейнасьць. Казані Францішка кранаюць Клару, дзяўчыну з высакароднае сям’і, і яна вырашае пайсьці ў манашкі. Калі высьвятляецца, што ёйныя бацькі супраць такога выбару дачкі, Францішак і ягоныя вучні дапамагаюць Клары зьбегчы з дому, і яна засноўвае манаскі ордэн Бедных Жанчынаў, які ў прастамоўі называюць часта ордэнам Кларысаў.

У 1215 годзе Францішак удзельнічаў у Другім Лятэранскім Саборы і, верагодна, менавіта там пазнаёміўся са сьв. Дамінікам.

У 1219 годзе ён плаваў прапаведваць мусульманам у Эгіпет. Пра гэтае падарожжа існуюць шматлікія паданьні.

29 верасьня 1220 году Францішак перадае кіраваньне ордэнам брату П’етра Канціні. Брат П’етра ў хуткім часе памірае, і яго зьмяняе брат Элія.

29 лістапада 1223 папа Ганоры II зацьвердзіў статут ордэну.

17 верасьня 1223 падчас малітвы на гары Альвэрна Францішку зьявіўся вобраз укрыжаванага сэрафіма. Калі ён зьнік, на руках, нагах і грудзях Францішка засталіся стыгматы — раны на ўзор ранаў укрыжаванага Хрыста. Манах, які быў сьведкам гэтага здарэньня, расказаў аб ім толькі пасьля сьмерці Францішка.

У 1224 Францішак піша свой знакаміты «Гімн Стварэньня», ў якім славіць Бога за хараство створанага Ім сьвету. Гэты гімн лічыцца адным зь першых мастацкіх твораў на італьянскай мове.

Зараз, калі да даўняе хваробы вачэй дадаліся стыгматы, Францішак робіцца зусім нямоглы. 3 кастрычніка 1226 ён памірае недалёка ад Парцыюнкулы, акружаны клопатам сваіх вучняў і паплечнікаў.

Кананізацыя і ўшанаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

16 ліпеня 1228 году, калі не мінула шчэ й двух гадоў са сьмерці Францішка, папа Рыгор IX абвясьціў яго сьвятым булаю Mira Circa Nos. Сёньня Францішак — адзін з найбольш шануемых каталіцкіх сьвятых, а ягоная магіла ў Асызі — мэта шматлікіх паломніцтваў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ https://encyklopedia.pwn.pl/haslo/Franciszek-z-Asyzu;3902465.html
  2. ^ а б Rusconi R. FRANCESCO d'Assisi, santo // Dizionario Biografico degli Italiani (італ.) — 1997. — Vol. 49.
  3. ^ Архіў гістарычных запісаў — 1808.
  4. ^ BeWeB
  5. ^ Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]