Хімік Наваполацак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Хімік-СКА Наваполацак»)
Хімік
Заснаваны 1993
Адкуль Наваполацак, Беларусь
Пляцоўка Палац спорту і культуры
Зьмяшчальнасьць: 1200
Фарм-клюб Нафтахімік
Генэральны дырэктар Андрэй Ільлін
Чэмпіянат Экстраліга
Клюбныя колеры               
hchimik.by (рас.)

«Хі́мік» — беларускі клюб па хакеі з шайбай з Наваполацку. Выступае ў Беларускай экстралізе. Клюб зьяўляецца сталым удзельнікам айчыннага першынства, двойчы станавіўся чэмпіёнам Беларусі ў 1996 і 1997 гадох. Наваполацак ёсьць стабільным дастаўнікам хакеістаў у нацыянальную зборную Беларусі. У склад зборнай Беларусі ўваходзілі выхаванцы мясцовай спартовай школы Андрэй ды Сяргей Касьціцын. Раней за зборную выступаў таксама брамнік Аляксандар Шумідуб. Пасьля заканчэньня кар’еры ён ад 2000 да 2001 году працаваў у трэнэрскім штабе наваполацкай каманды.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы хакейны матч у Наваполацку адбыўся 23 лютага 1960 году, аднак першы клюб, які прадстаўляў нафтаапрацоўчы завод быў створаны ў 1964 годзе пад назовам «Нафтавік». Адразу пасьля стварэньня клюб браў удзел у чэмпянатах БССР. У 1973 годзе была створана каманда «Дзьвіна», якая адносілася да вытворчага прадпрыемства «Палімір». На наступны год клюб атрымаў назву «Хімік».

19 лютага 1989 году «Хімік» згуляў свой першы міжнародны матч супраць польскага клюбу «Сталь». А ў 1990 годзе клюб стаў пераможцам чэмпіянату БССР па хакеі, атрымаўшы такім чынам правы на ўдзел клюбу ў другой лізе чэмпіянату СССР. Пасьля распаду СССР клюб стаў удзельнічаць у чэмпіянаце Беларусі. 11 жніўня 1994 году адчыніў свае дзьверы Палац спорту і культуры з закрытай лядовай арэнай і трыбунамі на 1400 чалавек. З 1995 году каманда пачала называцца «Палімір». Найбольшых посьпехаў наваполацкі клюб дасягнуў пад кіраўніцтвам Уладзімера Меленчука менавіта ў той час. У 1995 годзе «Палімір» узяў удзел у навастворанай Усходне-эўпарейскай хакейнай лізе. У 1996 і 1997 гадох каманда дасягнула свайго найвялікшага посьпеху — перамогі ў чэмпіянаце Беларусі. У тых жа гадох клюб станавіўся трэцім у розыгрышах УЭХЛ. У 1998 і 1999 гадох клюб зноўку стаў бронзавым прызэрам міжнароднай УЭХЛ.

Пагаршэньне вынікаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Посьпехі 1990-х гадоў, аднак, некалькі дэвальвуюцца малой колькасьцю ўдзельнікаў. Гэтак з 1996 па 2000 гады ў чэмпіянаце Беларусі бралі ўдзел толькі чатыры ўдзельнікі. Зь цягам часу з павелічэньнем колькасьці ўдзельнікаў чэмпіянату клюбныя вынікі пачалі пагаршацца. Апошнім разам толькі ў сэзоне 2000—2001 гадоў клюб апошнім разам станавіўся прызэрам айчыннага першынства. У наступныя гады клюб зусім не трапляў у плэй-оф ці адразу без аніякіх шанцаў сканчваў розыгрыш у першым раўндзе. Выключэньнем быў сэзон 2006—2007 гадоў, калі «Хімік-СКА» агулам няблага гуляў у рэгулярным турніры, а ў чвэрцьфінале плэй-оф здолеў адужыць магілёўскае «Хімвалакно». Тым ня менш, ува ўсіх трох матчаў сэрыі паўфіналу супраць сталічнага «Кераміну» навапалачане трывалі паразы. У той сэзон дружыну ўзмацнілі расеец Дзьмітры Кіріленка, які меў досьвед гульні ў матчах найвышэйшага дывізіёну чэмпіянату Расеі, Арцём Сянкевіч, Дзяніс Тыднюк, які стаў лідэрам клюбу на наступане дзесяцігодзьдзе. Свае трэці і другі сэзоны адпаведна праводзілі ў клюбе маладыяя гульцы Павал Чарнавок і Аляксандар Жыдкіх.

У наступныя два гады «Хімік» яшчэ выходзіў у першы раўнд плэй-оф, але з зыходам лідэраў вынікі пагоршыліся. У 2010 годзе наваполацкі клюб замыкнуў выніковую табліцу. У наступным «Хімік-СКА» не фінішаваў апошнім, але яму бракавала моцы прасунуцца ў плэй-оф. Фінансавы стан навапалачанаў быў крытычным, клюб ня меў мажлівасьць запрасіць добрых гульцоў, але губляў важных хакеістаў[1]. Зьмены намеціліся ў 2013 годзе. «Хімік-СКА» няблага пачаў сэзон, перамогшы 11 верасьня салігорскі «Шахцёр», дзякуючы галявому дублю Віталя Валуя[2]. Праз два дні хакеісты з Наваполацку, саступаючы менскаму «Юнацтву» зь лікам 0:2, здолелі здабыць перамогу зь лікам 4:2. Каманда згуляла неблагі сэзон, трапіўшы ў групу А другога этапу. У чвэрцьфіналу плэй-оф, аднак, «Хімік-СКА» саступіў жлобінскаму «Мэталюргу».

Вяртаньне да гістарычнай назвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Улетку 2016 году зьявіліся зьвесткі, што хакейны клюб мае фінансавыя праблемы, празь цяжкае фінансавае становішча заводу Нафтан[3]. Існавала мажлівасьць ліквідацыя клюбу, але каманда пачала працэс рэарганізацыі клюбнай структуры[4]. Акрамя перахожу на балянс гораду, клюб зьмяніў назву на «Хімік», а каманду ачоліў колішні нападнік клюбу Тыднюк. «Хімік» працягнуў выступы ў Экстралізе і нават дасягнуў чвэрцьфіналу плэй-оф у 2018 годзе. Па рэарганізацыі чэмпіянату Беларусі перад пачаткам сэзону 2018—2019 гадоў «Хімік» далучыўся да Экстралігі Б, дзе некалькі сэзонаў быў лідэрам гэтага дывізіёну, здабыўшы перамогу ў 2021 годзе. Яшчэ ў траўні 2019 году галоўным трэнэрам клюбу быў прызначаны Алег Хмыль[5]. З 2021 году Экстраліга зноўку была адноўленая ў звыклым фармаце, дзякуючы чаму наваполацкі клюб вярнуўся да эліты.

Улетку 2023 году пасьля паўтара дзесяцігодзьдзя да родных наваполацкіх шыхтаў вярнуўся шматразовы чэмпіён краіны Аляксандар Жыдкіх, які ня толькі пасьпеў згуляць за «Гомель», «Нёман», «Шахцёр» ды іншыя клюбы, але і ўсталяваў рэкорд у 1100 матчаў у Экстралігі[6]. У першым матчы сэзону 2023—2024 гадоў у тым ліку дзякуючы дзеям Жыдкіх, які закінуў шайбу і зарабіў асыстэнцкі пункт, «Хімік» перамог «Дынама-Маладэчна»[7].

Назвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • да 1994 году — «Хімік»
  • 1994—2003: «Палімір»
  • 2003—2016: «Хімік-СКА»
  • з 2017 году — «Хімік»

Дасягненьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чэмпіянат БССР

  • 1 Чэмпіёны (1): 1990
  • 2 2-е месца (3): 1986, 1987, 1989
  • 3 3-е месца (4): 1980, 1981, 1983, 1985

Чэмпіянат Беларусі

  • 1 Чэмпіёны (2): 1996, 1997
  • 2 2-е месца (2): 1995, 1998
  • 3 3-е месца (4): 1993, 1994, 1999, 2001

Склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле стану на 4 лютага 2024 году

Брамнікі
20 Сьцяг Беларусі Аляксандар Асіпкоў 28.01.1997 70 Сьцяг Беларусі Вадзім Вашкевіч 28.12.1999
Сьцяг Беларусі Вадзім Бяляўскі 27.02.2004
Абаронцы
2 Сьцяг Расеі Даніл Шчогалеў 23.06.1996 9 Сьцяг Беларусі Аляксей Кацялоўскі 01.11.2000
44 Сьцяг Беларусі Аляксей Садовік 23.06.1990 46 Сьцяг Беларусі Аляксандар Ісаеў 01.08.2003
65 Сьцяг Беларусі Кірыл Гусараў 24.11.1999 74 Сьцяг Расеі Аляксандар Осін 12.01.1999
75 Сьцяг Расеі Міхаіл Канькоў 29.07.1999 85 Сьцяг Беларусі Якаў Вусовіч 25.11.2002
Нападнікі
7 Сьцяг Беларусі Арцём Лагуноў 07.04.1993 8 Сьцяг Беларусі Вячаслаў Аксёнаў 12.03.2001
10 Сьцяг Расеі Сяргей Адзінокаў 14.10.2001 13 Сьцяг Беларусі Іван Засько 16.12.2005
15 Сьцяг Беларусі Аляксандар Жыдкіх 07.01.1984 18 Сьцяг Беларусі Уладзімер Джыг 11.06.1995
21 Сьцяг Расеі Максім Субоцін 03.04.1994 22 Сьцяг Беларусі Багдан Хаміцэвіч 22.04.2000
25 Сьцяг Беларусі Руслан Журня 01.03.1992 26 Сьцяг Беларусі Аляксей Вярцінскі 07.05.2003
27 Сьцяг Расеі Ільля Кляўзаў 16.07.1996 28 Сьцяг Беларусі Вадзім Мурашоў 02.06.1998
37 Сьцяг Беларусі Дзяніс Кірпічонак 19.06.1990 52 Сьцяг Беларусі Мікалай Літвін 10.06.2005
53 Сьцяг Расеі Павал Чарноў 30.01.1990 77 Сьцяг Беларусі Раман Серафімовіч 15.02.1996
81 Сьцяг Беларусі Ягор Калугін 25.08.1998 93 Сьцяг Беларусі Аляксей Храпавіцкі 14.10.1996
96 Сьцяг Беларусі Арцём Зямлянкін 26.04.1993 Сьцяг Расеі Ягор Верхарубаў 25.01.2002

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]