Хірахіта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Гірагіта, Хірахіта (па-японску: 裕仁), імпэратар Сёва (яп. 昭和天皇, Сё:ва Тэнно:), (29 красавіка 1901, Токіё — 7 студзеня 1989) — правіцель Японіі з 1926 да 1989 гг. На Захадзе вядомы як Гірагіта або Хірахіта (літар. «багацьце і цнота»), так яго назвалі пры нараджэньні. Ён быў 124-м імпэратарам Японіі. Троннае імя Сёва азначае «Асьвечаны мір».

Яго кіраваньне было найдаўжэйшым імпэратарскім кіраваньнем у гісторыі Японіі, і падчас яго адбылася велізарная трансфармацыя ўсяго японскага грамадзтва.

Раньнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ён нарадзіўся ў палацы Аояма ў Токіё ў сям’і спадчыннага прынца Есіхіто (пазьнейшага імпэратара) і прынцэсы Садако. Яго дзіцячы тытул — прынц Міці (Michi no miya). Спадчыньнікам трону ён стаў пасьля сьмерці свайго дзеда, імпэратара Мэйдзі 30 ліпеня 1912 г. Фармальна тытул спадчыннага прынца ён атрымаў 2 лістапада 1916 г.

Ён атрымаў бліскучую адукацыю ў школе для дзяцей вышэйшай арыстакратыі (кадзоку), дзе навучыўся з 1908 па 1914 гг. і, пасьля, у адмысловым Інстытуце спадчыннага прынца (То:гу:-гогакумонсе) з 1914 па 1921 гг. пад кіраўніцтвам лепшых навукоўцаў Такійскага імпэратарскага ўніверсытэта і вышэйшых вайсковых чыноў Японіі. У 1921 г. спадчынны прынц Хірахіта зьдзяйсьняе шасьцімесячную паездку ў Эўропу, наведаўшы Ангельшчыну і 5 іншых эўрапейскіх краінаў. 29 лістапада 1921 г. ён становіцца рэгентам Японіі замест захварэлага бацькі.

26 студзеня 1924 г. ён ажаніўся на сваёй далёкай сваячцы прынцэсе Нагако, дачцэ прынца Куні Кініёсі. Ад гэтага шлюбу нарадзілася 7 дзяцей.

Пачатак кіраваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сьнежня 1926, пасьля сьмерці бацькі імпэратара Есіхіто, Хірахіта ўспадкаваў трон і даў пэрыяду свайго кіраваньня дэвіз «Сёва» (Сё:ва дзидай, яп. 昭和時代, «эпоха Асьвечанага міру»). Ён быў першым за некалькі стагодзьдзяў японскім імпэратарам, чыя біялягічная маці была афіцыйнай жонкай яго папярэдніка на пасадзе.

Першая частка кіраваньня Хірахіта як імпэратара (паміж 1926 і 1945) мінула пад знакам павелічэньня вайсковай моцы краіны. З 1900 г. японскія Імпэратарскае войска і Ваенна-марскі флёт валодалі правам вэта пры фармаваньні кабінэта міністраў. Паміж 1921 і 1944 гг. адбылося прынамсі 64 інцыдэнтаў ва ўнутранай і вонкавай палітыцы, калі правыя палітычныя сілы ўжывалі гвалт для дасягненьня сваіх мэтаў, самым значным зь якіх зьяўляецца забойства прэм’ер-міністра Японіі Інукаі Цуесі ў 1932 г. З гэтага часу вайскоўцы валодалі практычна поўным кантролем над усім палітычным жыцьцём Японіі, што прывяло да ўцягваньня краіны спачатку ў Другую японска-кітайскую вайну (1937—1945), а затым і ў Другую сусьветную вайну.

Другая сусьветная вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля заканчэньня Другой сусьветнай вайны шмат хто лічыў Хірахіта асабіста адказным за яе разьвязваньне, тады як іншыя, у тым ліку амэрыканская акупацыйная адміністрацыя, настойвалі на тым, што імпэратар быў толькі фармальным правіцелем дзяржавы, а фактычна ўся ўлада знаходзілася ў вайскоўцаў. Многія людзі ў Кітаі, на Тайвані, у Карэі і ў Паўднёва-Ўсходняй Азіі бачылі ў Хірахіта «азіяцкага Гітлера» і настойвалі на тым, каб ён быў пакараны як вайсковы злачынца.

Аж да самага пачатку вайны Хірахіта дзейнічаў строга ў адпаведнасьці з пратаколам, застаючыся на адлегласьці ад рэальнага прыняцьця рашэньняў. 4 верасьня 1941 г. японскі кабінэт міністраў сустрэўся, каб абмеркаваць ваенныя пляны, падрыхтаваныя імпэратарскім генштабам, і пастанавіў:


« Нашая Імпэрыя, у мэтах самаабароны і самазахаваньня, завершыць падрыхтоўку да вайны… [і будзе] … гатовая пачаць, калі гэта неабходна, вайну з Злучанымі Штатамі, Вялікабрытаніяй і Нідэрляндамі. Нашая Імпэрыя адначасова будзе рабіць усе магчымыя дыпляматычныя высілкі ў дачыненьні да Злучаных Штатаў і Вялікабрытаніі, каб паспрабаваць дасягнуць нашых мэтаў… У выпадку, калі ня будзе дасягнуты дыпляматычны прагрэс у абмеркаваньні нашых патрабаваньняў на працягу першых 10 дзён кастрычніка, мы прымаем рашэньне неадкладна пачаць ваенныя дзеяньні супраць Злучаных Штатаў, Вялікабрытаніі і Нідэрляндаў. »

«Мэты», пра якія ішлося, былі ясна вызначаныя: неўмяшаньне згаданых заходніх дзяржаваў у японскія дзеяньні ў Азіі — вайну ў Кітаі і ў пляны па ўводзе войскаў у былыя францускія калёніі ў Індакітаі, непавелічэньне колькасьці амэрыканскіх і брытанскіх вайсковых сілаў у гэтым рэгіёне, зьняцьцё эканамічнай блякады зь Японіі.

5 верасьня прэм’ер-міністар Коноэ нефармальна зацьвердзіў чарнавік імпэратарскага ўказу за дзень да пачатку імпэратарскай нарады, на якім гэты ўказ павінен быў быць фармальна распрацаваны. Хірахіта быў глыбока заклапочаны рашэньнем паставіць падрыхтоўку да вайны наперадзе дыпляматычных высілкаў у тэксьце ўказу, і на наступны дзень, у парушэньне старадаўняга пратаколу, задаў прамое пытаньне аб гэтым кіраўнікам войска і ваенна-марскіх сілаў. Коноэ адразу ж умяшаўся і пераканаў Хірахіта запрасіць іх на прыватную канфэрэнцыю, на якой імпэратар настойваў, каб мірныя высілкі працягваліся да апошняй магчымасьці. Кіраўнік ваенна-марскіх сіл адмірал Осамі Нагана, надзвычай дасьведчаны былы ваенна-марскі міністар, пазьней распавядаў, «я ніколі не бачыў, каб імпэратар рабіў вымову ў такім тоне, яго твар расчырванеўся і ён амаль крычаў».

Тым ня менш, усе ўдзельнікі імпэратарскай нарады былі адзіныя ў тым, што вайна лепш дыпляматыі. Барон Есіміці Хара, прэзыдэнт Імпэратарскай рады і прадстаўнік імпэратара, правёў асабістае апытаньне ўдзельнікаў канфэрэнцыі, і атрымаў у адказ альбо меркаваньне, што вайна зьяўляецца адзіным выратаваньнем у дадзенай сытуацыі, альбо маўчаньне.

Тады імпэратар зьдзівіў усіх прысутных, ізноў зьвярнуўшыся да іх і тым зламаўшы традыцыю імпэратарскага маўчаньня. Імпэратар Хірахіта настойваў на неабходнасьці мірнага вырашэньня міжнародных праблемаў, выказаўшы шкадаваньне няздольнасьцю сваіх міністраў адказаць на пытаньні барона Хара і працытаваўшы верш, напісаны яго дзедам, імпэратарам Мэйдзі, які, як ён сказаў, ён перачытвае «зноў і зноў». У алегарычных радках гаварылася аб перасьцярогах аўтара, што апантаны шторм і вірлівыя хвалі парушаць цішыню і супакой мора. Кожны які жыве на берагах гэтага мора стаў братам аўтара, яго спакой — гэта спакой іншых.

Калі шок мінуў, міністры пасьпяшаліся запэўніць імпэратара ў іх глыбокім жаданьні выкарыстаць усе магчымыя мірныя сродкі. Аднак падрыхтоўка да вайны працягвалася без найменшых зьменаў, а празь некалькі тыдняў адбылася зьмена кабінэту міністраў, Коноэ сышоў у адстаўку, на яго месца прыйшоў генэрал Хідэкі Тодзіо. 8 сьнежня (7 сьнежня на Гаваях) 1941 г. раптоўным нападам сотняў самалётаў на амэрыканскі флёт у гавані Пэрл-Гарбар японскія сілы пачалі ваенныя дзеяньні. Адначасова пачалося ўварваньне ў Паўднёва-Ўсходнюю Азію. З гэтага моманту шляхоў да адступленьня ўжо не было.

Пасьля таго, як нацыя ўступіла ў вайну, імпэратар Хірахіта адкінуў свае сумневы і дзейнічаў як патрыёт сваёй краіны, востра зацікаўлены ў ваеннай перамозе і ў паляпшэньні маралі ў войсках. Вайна для Японіі пачалася пасьпяхова. Калі ж Японіі пачало не шанцаваць (у другой палове 1942 — пачатку 1943), ў палац пачала прыходзіць усё менш рэальная інфармацыя. У першыя 6 месяцаў войны ўсе бітвы ў вайне сканчаліся перамогамі Японіі. На працягу наступных гадоў аб усіх бітвах, якія скончыліся нявызначана, або прайграных бітвах таксама паведамлялася як аб вялікіх перамогах. Толькі паступова імпэратар і японская нацыя пачалі ўсьведамляць, што сытуацыя становіцца пагрозьлівай.

Апошнія дні вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пачатку 1945, пасьля чарговай прайгранай бітвы, імпэратар пачаў сэрыю індывідуальных сустрэчаў з чальцамі ўраду, каб абмеркаваць хаду вайны. Усе, акрамя аднаго, раілі працягваць вайну. Выключэньнем быў былы прэм’ер-міністар Каноэ, які баяўся камуністычнай рэвалюцыі больш, чым паразы ў вайне, і настойваў на вядзеньні мірных перамоў. Хірахіта лічыў, што рана ці позна мірныя перамовы непазьбежныя, але ўзброеныя сілы павінны атрымаць дзесьці істотную перамогу, каб узмацніць пазыцыі краіны на перамовах. З кожным тыднем гэта станавілася ўсё менш верагодным. Японскі хаўрусьнік — Нямеччына — пацярпела паразу і капітулявала 8 траўня 1945 г. У красавіку СССР адмовіўся працягнуць тэрмін дамовы аб нэўтралітэце. У чэрвені кабінэт міністраў перагледзеў ваенную стратэгію, цьвёрда вырашыўшы ваяваць да апошняга чалавека. Гэта было афіцыйна пацьверджана на кароткай імпэратарскай нарадзе, якую імпэратар праслухаў з каменным тварам.

На наступны дзень лорд-захавальнік пячаткі Кідо Коіці падрыхтаваў чарнавік дакумэнту, у якім падсумаваў вынікі безнадзейнай ваеннай сытуацыі і прапанаваў пачаць перамовы. У прыватнай абстаноўцы імпэратар ухваліў яго і дазволіў Кідо распаўсюдзіць дакумэнт сярод найменш ваяўніча наладжаных чальцоў ураду. У сярэдзіне чэрвеня ўрад пагадзіўся паспрабаваць прыцягнуць Савецкі Саюз у якасьці пасярэдніка пры перамовах аб міры, але не раней за тое, як пазыцыя Японіі на перамовах палепшыцца пасьля адбіцьця ўварваньня амэрыканскіх войскаў на самі Японскія выспы.

22 чэрвеня Хірахіта ізноў парушыў векавую традыцыю і наўпрост зьвярнуўся да свайго ўрада: «Я жадаю, каб без перашкодаў быў хутка вывучаны канкрэтны плян заканчэньня вайны і пачалі рабіцца высілкі дзеля яго ўвасабленьня.» Спроба выкарыстаць Савецкі Саюз у якасьці пасярэдніка не атрымалася: хаўрусьнікі былі поўныя цьвёрдай рашучасьці не згаджацца ні на што, акрамя безумоўнай капітуляцыі, а да канца ліпеня 1945 ні імпэратар, ні ўрад не былі гатовыя разглядаць гэткі варыянт.

Пасьляваеннае кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

15 жніўня 1945 г., пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы і Нагасакі і абвяшчэньне Савецкім Саюзам вайны Японіі, Хірахіта выступіў з радыёзваротам аб безумоўнай капітуляцыі японскіх узброеных сілаў. Нягледзячы на ціск, аказваны на галоўнакамандуючага амэрыканскімі акупацыйнымі сіламі ў Японіі генэрала Дугласа Макартура з боку лідэраў шэрагу краінаў, у тым ліку з боку прэзыдэнта Злучаных Штатаў Гары Трумана, з мэтай аддаць імпэратара Хірахіта пад суд як вайсковага злачынцу, генэрал дамогся, каб Хірахіта застаўся імпэратарам і сымбалем адзінства японскай нацыі. Хірахіта пазьбег суду і застаўся на троне, але яго прымусілі недвухсэнсоўна адмовіцца ад традыцыйных сьцьвярджэньняў аб чароўнай прыродзе японскіх імпэратараў, нашчадкаў багіні сонца Аматэрасу (дэклярацыя «Нінгэн-сэнгэн»). Тытул манарха быў зьменены з «уладара Імпэрыі» на «канстытуцыйнага манарха» ў 1946 г. Аднак трэба заўважыць, што амаль адразу пасьля відавочнай адмовы ад сьцьвярджэньня аб боскасьці імпэратара ён прыхавана ізноў пацьвердзіў традыцыйныя погляды, атрымаўшы дазвол ад акупацыйных улад на богаслужэньне багіні Аматэрасу. Гэты жэст-пацьверджаньне быў ясна зразуметы ўсімі ў Японіі, хоць відаць не зразуметы акупацыйнымі сіламі.

Хоць Хірахіта прымусілі адмовіцца ад любых прэтэнзій на чароўны статус, яго статус быў сьвядома пакінуты нявызначаным, часткова таму, што генэрал Макартур разглядаў імпэратара як карысны сродак у захаваньні ляяльнасьці японцаў да акупацыйных сілаў, часткова дзякучы закуліснай дзейнасьці Есіда Сігэру, накіраванай на тое, каб перашкодзіць Макартуру зрабіць з Хірахіта манарха эўрапейскага стылю. Хірахіта звычайна разглядаўся як правіцель, галава дзяржавы, але ішла шырокая дыскусія аб тым, ці зьяўляецца ён звычайным грамадзянінам краіны або не. Шматлікія навукоўцы сьцьвярджаюць, што сёньняшні тэнно (яп. 天皇, «нябесны кіраўнік», звычайна перакладаецца як імпэратар Японіі) — не імпэратар.

Нягледзячы на гэта, Хірахіта быў актыўнай постацьцю ў жыцьці Японіі да самай сваёй сьмерці ў 1989 г. і выконваў шматлікія абавязкі, якія звычайна выконваюць ачольнікі дзяржаваў. Імпэратар і яго сям’я актыўна ўдзельнічалі ў грамадзкім жыцьці, час ад часу сустракаючыся з народам, наведваючы спартовыя імпрэзы і сьвяты. Ён таксама згуляў прыкметную ролю ў аднаўленьні дыпляматычнага іміджу Японіі, зьдзяйсьняючы паездкі за мяжу і сустракаючыся зь лідэрамі іншых краінаў, уключаючы шэраг амэрыканскіх прэзыдэнтаў і ангельскую каралеву Лізавету II.

У асабістым жыцьці ён захапляўся марской біялёгіяй і яшчэ ў 1920-я гг. арганізаваў у імпэратарскім палацы навуковую лябараторыю, у якой праводзіў дасьледаваньні і нават апублікаваў некалькі працаў па гэтай тэме.

Боскасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Добра вядомыя заявы аб боскасьці імпэратара Японіі падчас Другой сусьветнай вайны. У адпаведнасьці з канстытуцыяй Японіі 1889 г. імпэратар валодае чароўнай уладай над сваёй краінай, якая выводзіцца зь японскіх мітаў аб паходжаньні імпэратарскай сям’і ад багіні сонца Аматэрасу.

У 1946 г. пад ціскам амэрыканскіх акупацыйных уладаў імпэратар выдаў рэскрыпт «Нінгэн-сэнгэн», успрыняты многімі як ягонае адрачэньне ад чароўнай прыроды і паходжаньня. Дакладны сэнс адпаведнай фразы, аднак, складаны для разуменьня і можа быць вытлумачаны неадназначна.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Bix, Herbert P. Hirohito and the Making of Modern Japan. HarperCollins, 2000. (based on books from pro-communistic publishers such as Aoki Shoten or Otsuki Shoten)
  • Wetzler, Peter Hirohito and War: Imperial Tradition and Military Decision Making in Prewar Japan. University of Hawaii Press, 1998.
  • Hoyt, Edwin P. Hirohito: The Emperor and the Man. Praeger Publishers, 1992.
  • Kawahara, Toshiaki Hirohito and His Times: A Japanese Perspective. Kodansha International, 1997. (Japanese standard image)
  • Mosley, Leonard Hirohito, Emperor of Japan. (Basic journal)
  • Бикс Г. Хирохито и создание современной Японии. М.: АСТ, 2002. (Серия: Историческая библиотека).
  • Сигрейв С., Сигрейв П. Династия Ямато. М.: АСТ, 2002. (Серия: Историческая библиотека).
Папярэднік
Тайсё
Імпэратар Японіі
1926—1989
Наступнік
Акіхіта