Яна Дзягілева

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Яна Дзягілева
па-расейску: Янка Дягилева
Дата нараджэньня 4 верасьня 1966(1966-09-04)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 9 траўня 1991(1991-05-09) (24 гады)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці самагубства ўтапленьнем[d]
Месца пахаваньня
Занятак паэтка, сьпявачка, аўтарка-выканаўца, пісьменьніца, гітарыстка, кампазытарка
Навуковая сфэра кампазыцыя[d], паэзія[1], музыка[1] і punk music[d][1]
Жанры пост-панк, псыхадэлічны рок, фолк-рок[d], нойз-рок[d] і underground music[d]
Інструмэнты гітара, бас-гітара і голас[d]
Сайт yanka.lenin.ru (рас.)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Дзягілева.

Я́на Станісла́ваўна Дзя́гілева (больш вядомая як Янка; 4 верасьня 1966 — 9 траўня 1991) — расейская паэтка, сьпявачка, удзельніца гуртоў «Великие Октябри» й «Коммунизм».

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1966—1986[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася 4 верасьня 1966 году ў Новасыбірску. Бацька, Станіслаў Іванавіч, па прафэсіі цеплаэнэргетык; маці, Галіна Дзяменцеўна, — інжынэр прамысловай вентыляцыі. Вучылася ў новасыбірскай школе №42, якую скончыла ў 1983 годзе. Зь дзяцінства цікавілася літаратураю; займалася ў музычнай школе па клясе фартэпіяна, але праз год кінула, пазьней навучылася граць на гітары. Ужо ў першым клясе пісала вершы, якія, хутчэй за ўсё, не захаваліся.

У 1984 годзе Янка паступіла ў Новасыбірскі інстытут інжынэраў воднага транспарту, дзе правучылася толькі да другога курсу. Там яна ўдзельнічае ў ансамблі палітычнай песьні «АМИГО», зь якім езьдзіць па вобласьці з канцэртамі. 1985-м годам датуюцца першыя вядомыя вершы Янкі. У сьнежні таго ж году на адным з кватэрных канцэртаў, наладжаных І. Ляцяевай, яна знаёміцца з А. Башлачовым. Яго песьні наклалі адбітак на пазьнейшую творчасьць Янкі; менавіта з гэтага часу яна пачынае сыстэматычна пісаць, некаторыя свае вершы кладзе на музыку.

8 кастрычніка 1986 году памірае ад раку маці Янкі. У канцы году Янка кідае навучаньне ў інстытуце, на два месяцы зьяжджае ў Маскву. Па вяртаньні ў Новасыбірск яна так і не атрымала ніякай спэцыяльнасьці, не спрабавала ўладкавацца на працу. Неўзабаве яна пачынае выконваць свае песьні для публікі; першыя канцэрты адбываліся ў маладзёвым клюбе ў новасыбірскім Акадэмгарадку.

1987—1988[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У красавіку 1987 году на І Новасыбірскім рок-фэстывалі Янка пазнаёмілася зь Ягорам Летавым (лідэр панк-гурта «Гражданская оборона») ды закахалася ў яго; наступныя паўтара году яны вандруюць і граюць разам. У ліпені 1987 году сыбірскія музыкі меліся выступаць на фэсьце ў падмаскоўным Падольску, але выступленьне было забароненае. Усю другую палову году Летаў езьдзіць па розных гарадох, хаваючыся ад перасьледу, і Янка зь ім разам. Пры кожнай магчымасьці яны даюць канцэрты; песьні Янкі выклікаюць цікаўнасьць у публікі, да яе прыходзіць вопыт, упэўненасьць ва ўласных сілах.

У 1987—1988 гадох напісана большасьць песень Янкі. Яна ўдзельнічае ў праектах Летава — «Гражданская Оборона» ды «Коммунизм». Песьні самой Янкі ўпершыню былі запісаныя ў канцы 1987 году ў Омску Ю. Шарстабітавай на партатыўны японскі магнітафон. Першы сапраўдны альбом Янкі — «Не положено» — быў запісаны ў студзені 1988 году (пакладзены ў аснову выдадзенай у 1992 годзе кружэлкі з такою ж назваю).

Першае выступленьне Янкі перад вялікай аўдыторыяй адбылося на «Фэстывалі альтэрнатыўнай і леварадыкальнай музыкі» ў Цюмені (чэрвень 1988) — яна выступала адна, грала на электрычнай гітары; у залі быў аншляг. За два тыдні да канцэрту быў запісаны альбом «Деклассированным элементам» з утвораным пры ўдзеле Летава гуртом «Великие Октябри». У тым жа годзе адбыліся яшчэ два вялікія электрычныя канцэрты — у Цюмені і ў Кургане, ладзяцца кватэрныя канцэрты ў Кіеве, Вільні, Ленінградзе, Маскве. Увосень Янка запісвае тры песьні з новасыбірскім гуртом «Закрытое предприятие» (запіс выдадзены ў 1999 годзе, разам з альбомам «Деклассированным элементам»).

1989—1991[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1989 годзе Янка з «Октябрями» дае шэраг электрычных канцэртаў у Маскве й Новасыбірску, удзельнічае ў зборных канцэртах памяці Башлачова ў Маскве (19 лютага) ды Ленінградзе (20 лютага); кватэрныя акустычныя канцэрты адбываюцца ў вялікай колькасьці ў розных гарадох СССР, шмат зь іх былі запісаныя на стужку. Янка ўступае разам з «Обороной» у Ленінградзкі рок-клюб, але так там і не прыжываецца. Запісаны акустычны альбом «Продано!», а пазьней — два электрычныя: «Ангедония» і «Домой!»; на канцэпцыю электрычных альбомаў моцна паўплываў Летаў, яны гучаць вельмі падобна да запісаў «Обороны» таго ж году. Запісы Янкі пасьпяхова распаўсюджваюцца ў народзе, як у СССР, так і ў эмігранцкім асяродзьдзі ў Эўропе.

13 студзеня 1990 году Янка выступае ў Чарапаўцы на фэсьце «Рок-акустыка»; зроблены падчас канцэрту відэазапіс стаў адзіным якасным відэа Янкі. 17 і 20 лютага наладжаныя, як і год таму, канцэрты памяці Башлачова ў Маскве й Ленінградзе, ў якіх Янка й Летаў ізноў удзельнічаюць. У той час паміж імі ўсё часьцей адбываюцца спрэчкі, непагадненьні ў творчасьці, урэшце іх шляхі разыходзяцца — у апошні раз яны выступілі разам у Кіеве 9—10 красавіка. Янка працягвае даваць акустычныя канцэрты, таксама ўдзельнічае ў буйных фэстывалях разам зь «Великими Октябрями». Апошні электрычны канцэрт адбыўся ў кастрычніку 1990 году на фэсьце «Рок-Азія» (Барнаул): гук быў вельмі дрэнны, Янка была расчараваная выступленьнем гурта ды вырашыла больш у гэткіх мерапрыемствах удзелу ня браць.

У 1989—1990 гадох Янку ўсё часьцей заўважаюць у змрочным настроі, у яе вершах часьцей сустракаюцца матывы падзеньня, сьмерці; ў размовах зь сябрамі яна зрэдку выказвае намер пайсьці з жыцьця. Свае апошнія песьні (якія потым увайшлі ў кружэлку «Стыд и срам») Янка запісала ў Новасыбірску ў лютым 1991 году. Яна больш не давала канцэртаў, рэдка выходзіла з хаты, згубіла цікаўнасьць да людзей. Бацька Яны, яго другая жонка Ала Віктараўна ды яе сын Сяргей Шчуракоў падтрымлівалі яе, як маглі. Аднак 23 красавіка Сяргей Шчуракоў памірае ў шпіталі. Перажытае гора толькі пагоршыла становішча Янкі.

9 траўня ўся сям’я выяжджае на дачу. Увечары Яна выйшла з хаты ды не вярнулася. 17 траўня яе цела знайшлі ў рацэ Іня, больш як за 40 кілямэтраў ад дачы Дзягілевых. Паводле вынікаў экспэртызы, мела месца самагубства ці няшчасны выпадак, хоць тыя, хто дапамагаў выцягваць цела з ракі, сьведчаць пра прыкметы гвалтоўнай сьмерці на целе. Пахаваная Янка ў Новасыбірску на Заяльцоўскіх могілках.

Сапраўдная вядомасьць прыйшла да Янкі пасьля сьмерці. Намаганьнямі Летава былі выдадзеныя вінілавыя кружэлкі «Не положено» ды «Стыд и срам», а пазьней і іншыя студыйныя й канцэртныя запісы. Песьні, якія прысьвечаны Дзягілевай альбо адсылаюць да яе творчасьці, стварылі музыканты Д. Равякін, Н. Маркава, В. Арэф’ева, Я. Фёдараў, З. Рамазанава і іншыя; існуюць спробы перапеву песень Янкі (гурты «Пилот», «Ковчег»). У 1992—1994 гадох у Маскве ладзіліся штогадовыя фэсты памяці Янкі, аднак потым былі прыпыненыя. У 2001 годзе выйшла кніга ўспамінаў «Янка».

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Творчая спадчына Яны Дзягілевай — 28 песень і 51 верш. Асноўныя іх матывы — сусьветная несправядлівасьць, страта чалавечнасьці; гучыць заклік да вяртаньня «дамоў», да сапраўднага жыцьця. Першая кніга вершаў Дзягілевай выйшла толькі пасьля яе сьмерці, хоць творы для яе Янка падрыхтавала яшчэ пры жыцьці, набраўшы на друкарскай машынцы. У 1991 годзе іркуцкія сябры Янкі дапоўнілі рукапіс ілюстрацыямі ды адтыражавалі на капіявальным апараце; у 2003 годзе выйшла факсымільнае выданьне кнігі. Зборнік тэкстаў і нотаў песень Янкі быў выдадзены ў 2002 годзе ў сэрыі «30 песень».

Выдадзеныя запісы Янкі:

  • «Не положено» (1992)
  • «Стыд и срам» (1993)
  • «Ангедония» (1995)
  • «Домой!» (1995)
  • «Продано!» (1995)
  • «Янка и Гражданская Оборона. Концерт в МЭИ 17.02.90» (1996)
  • «Акустика» (запіс канцэрту 1989 году ў Маскве, выдадзены ў 1996, у 1998 перавыдадзены пад назваю «Красногвардейская» з дадатковымі трэкамі)
  • «Янка в Харькове» (запіс канцэрту 1989 году, выдадзены ў 1998)
  • «Деклассированным элементам» (1999)
  • «Янка и Великие октябри. Концерт в Кургане» (1999)
  • Відэа «Янка» (2000, уключае ўсе вядомыя сёньня відэазапісы Янкі)

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Djagileva, Janka // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі