Ёнас Вайшкунас

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ёнас Вайшкунас
Jonas Vaiškūnas
Ёнас Вайшкунас у першым шэрагу з жазлом сьвятара, побач жонка Дайва
Дата нараджэньня 6 сакавіка 1961(1961-03-06) (63 гады)
Месца нараджэньня Папішкі, Сьвянцянскі раён, Летувіская ССР
Месца вучобы Віленскі ўнівэрсытэт
Занятак астраном
Навуковая сфэра этнаастраномія, фізыка, музэйная справа, публіцыстцка
Сайт alkas.lt

Ёнас Вайшкунас (па-летувіску: Jonas Vaiškūnas; нарадзіўся 6 сакавіка 1961 году) — летувіскі этнаастраном, фізык, музэйны дзяяч, чалец Рады этнічнай культуры, кіраўнік Аўкштоцкай Рады этнічнай культуры, галоўны рэдактар народніцкага парталу alkas.lt.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 6 сакавіка 1961 року ў вёсцы Папішкі Сьвянцянскага раёну. У 1979 годзе скончыў сярэднюю школу ў Сьвянцянах, у 1984 — фізычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту.

У 1984—1986 роках працаваў у інстытуце лязэрнае оптыкі Акадэміі навук Летувы. У 1986—1987 інжынэр-тэхноляг вопытнага заводу фізычнага інстытуту, у 1987—1990 — старэйшы інжынэр астрафізыкі. У 1990—1998 працаваў у музэі этнакасмалёгіі музэйшчыкам і навуковым супрацоўнікам. У 2000—2001 культуроляг у Лабанорскім нацыянальным парку.

Ад 1999 року — старэйшы кіраўнік Маляцкага краязнаўчага музэю.

З 2006 року ў дактараце рэлігіязнаўства ў Ягэлёнскім унівэрсытэце ў Варшаве. Дасьледаваў народную астраномію, культурную астраномію, а таксама сымболіку летувіскага народнага мастацтва. Паводле адмысловае замовы ад 1988 року займаўся зборам і аналізам ведаў у галіне летувіскае этнаастраноміі.

Ад 1994 чалец Міжнароднай культурнай астранамічнай асацыяцыі (SEAC), з 2003 — яе віцэ-прэзыдэнт. З 2005 року чалец рады Міжнароднай садружнасьці архэаастраноміі й культурнай астраноміі (ISAAC).

Аўтар больш за 40 навуковых і каля 400 навукова-папулярных артыкулаў.[1]

У 1986—1988 роках зьяўляўся адным з актывістаў нацыянальнага адраджэньня, адным з арганізатараў клюбу «Talka» (Талака) ды рэдактарам аднайменнае газэты. У палітыцы з 1988 року, калі распачаў дзейнасьць у рэфарматарскім руху ў Маляцкім раёне, у якім браў удзел да атрыманьня Летувой незалежнасьці.

У 1996 годзе заснаваў у вёсцы Кулёны побач з Маляцкай астранамічнай абсэрваторыяй этнаграфічную сядзібу, каля якой штогод у канцы красавіка адзначаецца Юр’я — традыцыйнае сьвята абуджэньня прыроды.

У 2010 року разам з шэрагам паплечнікаў распачаў публіцыстычную дзейнасьць на партале alkas.lt.

Рэканструкцыя балцкага задыяку[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У філіяле Нацыянальнага музэю беларускага мастацтва ў Раўбічах захоўваецца ўнікальны экспанат — сярэднявечны коўш з нанесенымі на яго абліччамі людзей і жывёлаў. Вайшкунас надаў шмат увагі вывучэньню гэтага экспанату, які ў выніку дапамог зрабіць рэканструкцыю старажытнабалцкага Задыяку. Грунтуючыся на матэрыялах гэтага досьледу, у 2012 ён выдае кнігу «Skaitant dangaus ženklus. Lietuviško Zodiako pėdsakais» («Чытаючы нябесныя знакі. Сьляды летувіскага Задыяку»).

Стаўленьне да Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ёнас Вайшкунас прытрымліваецца бясспрэчнага далучэньня беларусаў да балцкага сьвету. Ён лічыць, што беларусы, якія ведаюць гісторыю свайго народу, ведаюць, што яны — літоўцы і што нашая гістарычная спадчына агульная, а яе падзел у мностве выпадкаў толькі ўмоўны.[2]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]