Іван Сікора

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Іван Сікора
Род дзейнасьці сэлекцыянэр, аграном
Дата нараджэньня 7 верасьня 1885
Месца нараджэньня Малыя Алашкі, Дзісенскі павет , Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 26 верасьня 1966 (81 год)
Занятак сэлекцыянэр
Дзеці Віктар Сікора[d]
Узнагароды
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Сікора (неадназначнасьць).

Іва́н Па́ўлавіч Сіко́ра (7 верасьня 1885, в. Малыя Алашкі, Шаркоўшчынскі раён — 26 верасьня 1966) — сэлекцыянэр-аматар, заслужаны аграном БССР. Вывеў каля 500 гатункаў яблыні, каля 100 — ігруш, а таксама гатункі сьліваў, бэзу, ружаў і іншыя.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іван Сікора нарадзіўся 7 [ст. ст. 19] верасьня ў шматдзетнай сям’і. Скончыў Полаўскую пачатковую вучэльню, Краснагорскую двухгадовую настаўніцкую школу. Па сканчэньні служыў пісарам у царскай арміі ў Хабараўску. У Першую сусьветную вайну быў на фронце.

У 1925 годзе закончыў Кракаўскія курсы настаўнікаў. Працаваў настаўнікам у роднай вёсцы. Выкладаў па-беларуску, за што быў звольнены[1]. Пайшоў на працу садоўнікам да графа Пшазьдзецкага ў маёнтак Варапаева, дзе і пачаў займацца садоўніцтвам і кветкаводзтвам[2].

Заклаў плодагадавальнік, дзе разводзіў гатункі яблыкаў. Распачаў ліставаньне зь вядомымі тагачаснымі польскімі садаводамі: доктарам В. Філевічам, прафэсарамі С. Галчынскім, С. Заліўскім, інжынэрам Я. Сьляскім[3]. Высаджваў розныя гатункі вінаграду, парэчак, агрэсту, женьшэню. Ягоная калекцыя ружаў у 30-я гады лічылася адной зь лепшых у Эўропе[2]. Іван Сікора сабраў 54 віды бэзу і вывеў некалькі ўласных гатункаў махровага бэзу, які атрымаў найвышэйшыя адзнакі на эўрапейскіх выставах.

За савецкім часам, 15 красавіка 1941 году па рашэньні СНК БССР на базе саду Івана Сікоры быў адкрыты Паўночны апорны пункт Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту бульбаводзтва, пладаводзтва і агародніцтва. У садзе прайшлі апрабаваньне звыш 600 гатункаў яблыняў, больш 100 гатункаў грушаў, 500 гатункаў агрэсту[2].

У час Другой сусьветнай вайны быў сувязным партызанскай брыгады. Працягваў сэлекцыйную працу. Падчас адной з карных апэрацыяў нацыстаў быў зьнішчаны амаль увесь архіў і бібліятэка Івана Сікоры. У вайну памерла ягоная ўнучка, бязь вестак зьнік на фронце сын Пётар. Пасьля вайны памерла ягоная жонка Марыя, а сын Віктар быў высланы ў лягер. Віктар Сікора быў сябрам Саюза беларускай моладзі і Беларускай незалежніцкай партыі. Пасьля прыходу Чырвонай арміі Віктар узначаліў антысавецкі партызанскі атрад. Адседзеў дзесяць год у ГУЛАГу, вярнуўся ў 1954 годзе. Жыў у Малых Алашках, памёр Віктар Сікора ў 2008 годзе.

Іван Сікора адным зь першых у Эўропе распрацаваў мэтодыку лячэньня і амаладжэньня пладовых дрэваў. Распаўсюдзіў па Беларусі больш за 50 тысячаў саджанцаў[1]. Шмат гадоў прысьвяціў вывядзеньню гібрыднага гатунку яблыкаў павышанай зімастойкасьці. Выведзены гібрыд пасьля ягонай сьмерці быў названы «Памяць Сікоры»[2][4]. Адным зь першых у Беларусі Сікора заняўся раянаваньнем расьлінаў-экзотаў з Далёкага Ўсходу.

За 58 гадоў, прысьвечаных садаводзтву, Іван Сікора вынайшаў 500 гатункаў яблыняў, каля 100 гатункаў грушаў, 119 формаў ляшчыны, некалькі гатункаў вінаграду.

Быў узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савету БССР, Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і Вялікім срэбным мэдалём ВДНГ СССР. У 1956 годзе яму было прысвоена званьне «Заслужаны аграном БССР».

Памёр 26 верасьня 1966 году.

У Алашках створаны Мэмарыяльны музэй садавода-сэлекцыянэра І. Сікоры.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Яўген Рагін Маляванкі Драздовіча ды яблыкі Сікоры – арт-прадукт працуе на брэнд. Газэта «Культура» № 41 (859) / 11 - 17 кастрычніка 2008. Праверана 8 верасьня 2010 г.
  2. ^ а б в г Сікора Іван Паўлавіч Выдатныя і знакамітыя людзі. ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна». Праверана 8 верасьня 2010 г.
  3. ^ Иван Павлович Сикора – садовод-самоучка (рас.) Шаркоўшчына. «Гарады Беларусі» (6 верасьня 2009). Праверана 8 верасьня 2010 г.
  4. ^ Алена Пакала (14 жніўня 2010) Край брусніц Сем цудаў Беларусі. «Народная газета». Праверана 8 верасьня 2010 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Славутыя землякі // Памяць: Шаркаўшчынскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад. Л.М. Лабачэўская; маст. Э.Э. Жакевіч. — Мн.: 2004. — С. 424–436.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • С. Райчонак, навуковы супрацоўнік музэю І. П. Сікоры Прызваньне Івана Паўлавіча Выдатныя і знакамітыя людзі. ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна». Праверана 8 верасьня 2010 г.