Інтэграл (кампанія)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Інтэграл»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Дэвіз Высокія тэхналёгіі для лепшага жыцьця
Заснаваная 13 сьнежня 1963 (60 гадоў таму)[1]
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Менск
Адрас Кастрычніцкі раён, вул. Казінца, д. 121а[2]
Ключавыя фігуры Віталь Саладуха, Аляксандар Дудкін[3]
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя вадкакрышталічны экран, вымяральнік ціску, інтэгральная схема, касавы апарат, транзыстар, электронны гадзіньнік, дазатар, лічыльнік, табло і тэрмомэтар, бактэрыцыдны абпраменьвальнік, электрамэханічны ложак
Абарачэньне 150,71 млн руб.[4] (2019 г.; 72,155 млн $)[5]
Апэрацыйны прыбытак 2,154 млн руб. (2019 г.; 1,031 млн $)
Чысты прыбытак 2,087 млн руб. (2019 г.; 0,999 млн $)
Лік супрацоўнікаў 4843 (2020 год)
Матчына кампанія Міністэрства прамысловасьці Рэспублікі Беларусь
Даччыныя кампаніі «Камэртон» (Пінск), «Колератрон» (Берасьце) і «Электрамодуль» (Маладэчна)
Аўдытар «ФБК-Бел»[6]

«Інтэгра́л» — дзяржаўнае прадпрыемства Беларусі па вырабе электронных прыстасаваньняў, заснаванае ў сьнежні 1963 году ў Менску.

На 2020 год быў найбольшым вытворцам інтэгральных мікрасхемаў і паўправадніковых прыбораў у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе з гадавой магутнасьцю па больш як мільярдзе асобнікаў. Ажыцьцяўляў поўны шэраг распрацоўкі і вытворчасьці ад крэмнавых зьліткаў да электрапрыладаў[7]. Холдынг «Інтэграл» улучаў 10 прадпрыемстваў, зь іх 7 у Менску: «Завод паўправадніковых прыбораў» (інтэгральныя мікрасхемы і вадка-крышталічныя індыкатары), Навукова-тэхнічны цэнтар «Белмікрасыстэмы» (распрацоўка мікрасхемаў і прыбораў), Завод «Электроніка» (электрапрылады), «Камэртон» (Пінск; крэмнавыя пласьціны і электрапрылады), ААТ «Электрамодуль» (Маладэчна; сілавыя дыёды і выпрамляльныя блёкі), УП «Інтэгралтэхсэрвіс», УП «Інтэгралпаліграф», УП «Ролан» і ААТ «Колератрон» (Берасьце; дыёды, электрапрылады і друкаваныя платы)[8].

Вытворчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2020 год ААТ «Інтэграл» мела чыстыя памяшканьні(en) клясы 1 плошчай 195 кв. мэтраў, клясы 10 — 950 кв.м, клясы 100 — 1338 кв.м, клясы 1000 — 3713 кв.м, клясы 10 000 — 3713 кв.м і клясы 100 000 — 14 742 кв.м. Крыштальная вытворчасьць ажыцьцяўлялася ў памяшканьнях клясаў 1, 10, 100 і 1000. Гадавая магутнасьць апрацоўкі пласьцінаў прамерам 200 мілімэтраў з праектнымі нормамі 0,35 мікрамэтру складала 12 000 асобнікаў, прамерам 150 мм з нормамі 0,8 мкм — 120 000, прамерам 100 мм з нормамі 1,5 мкм — 355 000 і прамерам 100 мм з нормамі 2 мкм — 180 000. У крыштальнай вытворчасьці выкарыстоўвалі: 1) камплемэнтарны мэтал-аксыд-паўправаднік (КМАП) 0,35 мкм, 2 полікрышталічныя крэмны (ПКК) і 3 Me; 2) 2-КМАП 0,8 мкм, 3 ПКК і 2 Me; 3) высакавольтны КМАП 0,8 мкм, 2 ПКК і 1 Me; 4) 2-палярны спосаб 1,5—5 мкм і 1—2 Me; 5) 2-палярныя звышвысокачастотныя (ЗВЧ) транзыстары; 6) дыёды Шоткі; 7) плянарны выраб тырыстараў з разьдзяленьнем сустрэчнай дыфузіяй; 8) эпітаксіяльна-плянарны і дыфузійна-плянарны выраб крэмнавых паўправадніковых высакавольтных транзыстараў[9].

Завод «Электроніка» ААТ «Інтэграл» (2019 год)

Гадавая магутнасьць зборачнай вытворчасьці ў корпусы паўправадніковых прыбораў складала 30 млн асобнікаў і знаходзілася ў памяшканьнях клясы 10 000. Карпусаваньне мікрасхемаў магутнасьцю на 60 млн асобнікаў месьцілася ў памяшканьнях клясы 100 000. Мікрасхемы зьбіралі ў плястмасавыя корпусы 20 відаў: малы контур, 2-радковы, малаконтурны транзыстар (МКТ) 3-х відаў — К-МКТ223-4-1, К-МКТ223-4-2 і МКТ523-1; транзыстарны контур (ТК) 6 відаў — К-ТК-5-11, К-ТК-5-12, ТК-220АВ/5, ТК-220АВ/7, К-ТК-220-7-180 і К-ТК-220-7-230; 1-радковы (АРК) 5 відаў — АРК-3П, АРК-9П, АРК-9МПФ, АРК-13П і АРК-15П; падвойна-сагнуты аднарадковы (ПСА) ПCА-9П і ПСА-9МПФ; чацьвярны плоскі (ЧПК) ЧПК-80 і ЧПК-100. Паўправадніковыя прыборы зьбіралі ў корпусы з: 1) мэталашкла 4-х відаў — транзыстарны контур ТК-3, ТК-18 і ТК-72, а таксама скрыня 22А-01; плястмасы 8 відаў — ТК-92, ТК-126, ТК-218 і ТК-220, адасоблены, двайны 10-ватны, ІПАК і МКТ-23. Таксама для мікраэлектронных прыбораў выраблялі пласьціны монакрышталічнага крэмну (МПК) прамерам: 1) 100 мм з праектнымі нормамі звыш 1,2 мкм — 720 000 асобнікаў за год (магутнасьць); 2) 150 мм з нормамі 0,5—1,2 мкм — 120 000; 3) 200 мм з нормамі 0,35—0,5 мкм — 10 000[9].

Вырабы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2020 год ААТ «Інтэграл» выпускала пад уласным таварным знакам звыш 2200 відаў інтэгральных мікрасхемаў, 800 відаў паўправадніковых прыбораў, 200 відаў вадкакрышталічных экранаў і 80 найменьняў электрапрыладаў для аховы здароўя, банкаў, гандлю і сельскай гаспадаркі[10]:

  • 18 відаў электрапрыладаў для аховы здароўя — індыкатар хуткасьці выдыху, электронны тэрмомэтар «Інтэграл ТЭ-04», мэдычныя маніторы «Інтэграл», «ММ 18І» і перанасны МПП для пацыента, кампутар агляду пацыента «СМІнт», вэнтылятар лёгкіх «ШВЛ Інтэграл», у тым ліку перанасны, электрахірургічны генэратар «ЭХГ Інтэграл», аўтадазатар ДЭА-100, шпітальныя ложкі «Інтэграл» КБМ-01, у тым ліку палатныя КБЭ-П і КБЭ-Р, каталку «Інтэграл КЭМ», працэдурны стол «Малеча», ложак для нованароджаных «Сашанька», бактэрыцыдныя абпраменьвальнікі «АБН-150К» (насьценны) і «АБП-450К» (перасоўны)[11];
  • 6 відаў сьвятлодыёдных сьвяцільнікаў — столевыя «Ікар», у тым ліку падвясны «Майстар», вулічныя «ДКУ01», у тым ліку кансольны «Траса», супрацьвандальны «ДБО 01» і ўбудаваны «ДВО01»[12];
  • 24 віды сельскагаспадарчых электрапрыладаў — інфармацыйна-кіраўнічы бартавы кампутар БІКС для збожжаўборачнага камбайна, у тым ліку «Ліда-1300», вылічальнікі ўнясеньня ўгнаеньняў «СКУУ-М» (мінэральных) і «СКУУ-А» (арганічных), а таксама кансэрвантаў «СУК», вылічальнікі для прэс-падборшчыка «СІК-П» і апрысквальніка «САК-А», дазатар вагі «СКМ», чуйнікі страты збожжа «ДПЗП-1» і «ДПЗПА», прылады аховы электраланцуга камбайна ПАП-01, сыгналізатар задняга ходу «СЗХР», камутатар сыгналаў, чуйнік узроўню вадкасьці «ЧУВ», індыкатар мотагадзіньніка «ІМ-01», кампутар для льнопадборшчыка «СУК-П», блок індыкацыі частасьці «БІЧ-У.03», бартавы кампутар унівэрсальнага энэргетычнага сродка «БІКС-УЭС», шляхавыя бескантактныя выключальнікі «ЭВІТ-С3» для трактароў «Беларус» і «ЭВІ-151» для самазвалаў «БелАЗ», вылічальнік высейваньня «ПАК», дазатар кормараздавальніка «СКМС.02» і пераўтваральнік напругі «ПН 480-24»[13];
  • 11 відаў вытворчых прыладаў — лазэрны гравіравальнік «СЛМГ», дэфлекторны лазэрны маркіравальнік, нізкавольтныя пераўтваральнікі «ПНР150-48», «ПНР100-24» і «ПНР60-12», тэрмінал аддаленага маніторынгу перавозкі «ТАМ.4», маўленчы інфарматар «МЭІ», дыскаконусныя антэны «ШЫ2.091.018» і «АЛ/2 ШЫ2.091.019» для чыгункі, а таксама АЛ/2М «СІКМ.464.641.018» для мэтрапалітэну, паветраныя фільтры «Лайк-Д» і «Лайк-ДС» клясаў Ф7—Ф9 для мэдыцыны, а таксама фільтры высокавыніковага ўтрыманьня часьцінак клясаў Х11-15 для фармацэўтыкі, ідэнтыфікатар жалезабэтонных вырабаў[14];
  • 11 відаў электронных гадзіньнікаў — сэкундамер «Інтэграл С-01», гадзіньнік-сэкундамер «Інтэграл ГС-01», насьценныя гадзіньнікі «Інтэграл ГЭН-08» (дата і тэмпэратура), «Інтэграл ГЭН-08М», «Інтэграл ГЭ-03»-М і «Інтэграл ГЭ-03»-Д (тэмпэратура), у тым ліку электронна-мэханічны кварцавы, настольныя «Інтэграл ГЭ-07» (будзільнік і дата) і «Інтэграл ГЭ-08» (будзільнік, дата і тэмпэратура), насьценны гадзіньнік-каляндар «Інтэграл ГКЭН-03» (атмасфэрны ціск, вільготнасьць, дата, радыяцыя і тэмпэратура) і «Інтэграл ГЭ-15» (атмасфэрны ціск і тэмпэратура)[15];
  • 6 відаў прамысловай электронікі — перарывальнікі лямпы стаяначнага тормаза «ПКЛ-1» (24В) і «ПКЛ-3» (12В), перарывальнік шклоачышчальніка «ПШ-1», перарывальнік пазначальніка паваротаў «ППЭ-1» з лапкамі і «ППЭ-2» безь іх, разгалінавальнік інтэрфэйсу «РС-485»[16];
  • 3 віды гандлёва-банкаўскага абсталяваньня — касавыя апараты «Інтэграл 105» і «Інтэграл 301-2», прылада зваркі поліэтыленавай плёнкі[17].
Модуль МПО-10 зь мікрасхемамі «Інтэграл» (2008 год)

Сярод інтэгральных схемаў у асноўным выраблялі:

  • 6 відаў запамінальных прыладаў — мікракантролер з убудаваным драйвэрам вадкакрышталічнага экрана, прамысловы кантролер, электрычна-сьціральная пастаянная запамінальная прылада (ЭСПЗП) зь міжмікрасхемнай шынай, ЭСПЗП з 3-дротавай шынай, статычная апэратыўная памяць і арытмэтычныя прылады[18];
  • 5 відаў драйвэраў — вадка-крышталічных індыкатараў, плязьменных экранаў, сьвятлодыёдаў, інтэрфэйсная мікрасхема і схема аховы сьветладыёдаў[19];
  • 14 відаў аналягавых мікрасхемаў — для аўтамабільнай і сілавой электронікі, чуйнікі, гадзіньнікавыя мікрасхемы, імпульсны пераўтваральнік, кампаратар і стабілізатар напругі, апэрацыйны ўзмацняльнік, таймэр, канвэртары тока, аналягава-лічбавы пераўтваральнік, мікрасхема кантролю напругі сілкаваньня, вольт-дэтэктар і крыніца апорнай напругі[20];
  • 3 віды мікрасхемаў кіраваньня — для аддаленага кіраваньня і зараднай прылады, узмацняльнікі нізкай частасьці;
  • 15 відаў мікрасхемаў для сувязі — абанэнцкай тэлефоннай лініі, аналягавы камутатар, імпульсна-кодавы мадулятар-кофідэк, радыёчастасьцевай ідэнтыфікацыі, прымач, фармавальнік гукавых сыгналаў, нумаранабіральніка, размоўнага тракту, тэлефоннай электроннай карткі, аднакрыштальнага тэлефона і электроннага ключа[21];
  • 12 відаў лічбавых лягічных мікрасхемаў — на Камплемэнтарных мэтал-аксыд-паўправадніках сэрыяў IN74, К561 і IW4000BN, транзыстарна-транзыстарнай лёгікі з дыёдамі Шоткі (ТТЛШ) сэрыяў IN74LSXXXN і КР, ТТЛ сэрыі К155[22];
  • 16 відаў складнікаў адмысловага прызначэньня — запамінальныя прылады сэрыі 541, 537, 1632, 1623, 1617, 1635, 1644, 1642, 1669, 9000, 1835PE2Т-ХХ, 9001РТ1У, 1655РР1Т*, 1659РУ1Т і 1666РЕ014, кантролеры шыротна-імпульснай мадуляцыі сэрыі 1114, стабілізатары напругі сэрыяў 1244, 1252ЕР1Т, 1253, 1264, 1325, 1342ЕН5Т, 1326, 1343, 1344 і 1349ЕГ1У, крыніцы апорнай напругі сэрыяў 1369 і 142, мікракантролеры і супэрвізары сілкаваньня сэрыяў 1880, 1881, 1842, 588, 1345 і 5518АП1ТБМ, лічбавыя патэнцыямеры сэрыі 1315, інтэрфэйсныя мікрасхемы сэрыяў 588, 5102, 5559, 5560 і 1554ИН1УБМ, мікрасхемы пераўтваральнікаў, відэамультыплексары і аналягавыя мікрасхемы сэрыяў 1467 і 1473, элемэнты лічбавай логікі сэрыяў 133, 136, 1533, 1554, 1564, 1594 і 5584, базавыя матрычныя крышталі (БКМ) і праграмаваная лягічная інтэгральная схема (ПЛІС), драйвэры і мікрасхемы ўтваральнікаў часавых інтэрвалаў, а таксама чуйнікаў тэмпэратуры і ідэнтыфікацыі[23];
  • 2 калькулятарныя мікрасхемы, 4 мікрасхемы для тэрмомэтраў і 5 генэратараў мэлёдыяў;
  • 4 віды гадзіньнікавых мікрасхемаў — зь лічбавай, у тым ліку вакуўмналюмінісцэнтнай і сьвятлодыёднай, і стрэлкавай індыкацыяй[24].

Таксама «Інтэграл» выпускаў:

  • 3 віды оптаэлектронікі — крэмнавыя лавінныя фотадыёды і малагабарытныя фотапамнажальнікі;
  • 8 відаў дыёдаў — звышвысокачастасьцевыя (ЗВЧ), магутныя матрыцы, дыёды Шоткі, імпульсныя матрыцы, дыёды Зэнэра, выпрамляльныя, варыкапныя матрыцы і варыкапы[25];
  • тырыстары і трыякі, 2-палярныя і палявыя транзыстары;
  • вадкакрышталічныя індыкатары і іх модулі, інфармацыйныя табло[26].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мікрасхемы «Інтэграл» сэрыяў 133ЛР1 і 136ЛР3

У 1961 годзе пачалі будаўніцтва галоўнага корпуса і будынка заводакіраўніцтва. 13 сьнежня 1963 году ў Менску ўвялі ў дзеяньне «Завод паўправадніковых прыбораў», на якім выпусьцілі першыя досьледныя партыі дыёдаў. Першым кіраўніком заводу стаў Пётар Гайдэнка[27]. У 1963 годзе пачалі ўзводзіць лямпавы завод «Транзыстар». У 1965 годзе выпусьцілі першыя транзыстары. У 1968 годзе ў Менску адчынілі завод «Транзыстар». У 1969 годзе пачалі сэрыйную вытворчасьць інтэгральных мікрасхемаў[28]. У 1971 г. «Інтэграл» утварыў аб’яднаньне прадпрыемстваў, што ўлучыла заводы «Камэртон» (Пінск, Берасьцейская вобласьць), «Колератрон» (Берасьце, 1983), «Транзыстар» (1968), «Электроніка» (1978) і «Элмаш», канструктарскія бюро «Белмікрасхемы», «Захад» (Берасьце, 1986) і «Няміга» (1991)[29]. У 1972 годзе стварылі спэцыяльнае канструктарска-тэхналягічнае бюро (СКТБ) НВА «Інтэграл». У 1973 годзе вырабілі першы ў СССР электронны наручны гадзіньнік «Сэкунда-2». У 1974 годзе «Iнтэграл» узнагародзілі ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі за распрацоўку і стварэньне апаратуры для дасьледаваньня касьмічнай прасторы. Папярэдне інжынэры «Iнтэграла» стварылі элемэнтную базу для сыстэмы кіраваньня міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты Р-36М[27]. У 1977 годзе выпусьцілі першую мікрасхему запамінальнай прылады. У 1978-м стварылі першы мікрапрацэсар і адчынілі завод «Электроніка». У 1979-м у Пінску пусьцілі завод «Камэртон». У 1979 годзе ў гадзіньніках «Электронiка» выкарысталі інтэгральныя схемы з транзыстарамі з малібдэнавым затворам, вырабленыя на аснове камплемэнтарнага мэтал-аксыд-паўправадніка (КМАП). Гэта зрабіла той гадзіньнік самым прэстыжным побытавым прыборам у сьвеце, і зрабіла яго першым цывільным дасягненьнем прадпрыемства. У 1980 годзе «Iнтэграл» налічваў 30 000 супрацоўнікаў і быў найбольшым вытворцам паўправадніковых вырабаў у СССР. У 1981 годзе прадпрыемства атрымала ордэн Леніна за распрацоўку і вытворчасьць электронных блокаў для наземнага комплексу шматразовай касьмічнай сыстэмы[30]. Папярэдне на «Інтэграле» стварылі элемэнтную базу кіраваньня для 1-га савецкага шматразовага касьмічнага карабля «Буран»[27]. У 1982 годзе распрацавалі лягічныя інтэгральныя схемы. У 1983-м у Берасьці адчынілі завод «Колератрон». У 1986-м у Берасьці стварылі СКБ «Захад». У 1988-м выпусьцілі першыя мікракампутары. У 1990-м — мікрасхемы для тэлефаніі[28].

Мікрасхема «Інтэграл» КМ155ЛА3 у керамічным корпусе

У 1991 годзе заснавалі СКБ «Няміга». У 1991 годзе распрацавалі мікрасхемы для тэлевізараў «Вiцязь» (Віцебск) і «Гарызонт» 3-га і 4-га пакаленьня. У выніку каля 30 % вытворчасьці склалі мікрасхемы для тэлевізараў[27]. У 1992 годзе інжынэры СКБ «Няміга» прадставілі 1-ы беларускі партатыўны кампутар «ПК-300»[31]. У 1992 годзе «Інтэграл» пачаў пастаўляць бяскорпусныя крышталі ў складзе пласьцінаў для далейшай зборкі пад лядоўні паўднёвакарэйскага вытворцы «Шчасьлівая Вэнэра»[32]. У 1992-м стварылі электроннае абсталяваньне для банкаў і крамаў, а таксама тэлефонны апарат. У 1993-м пачалі выпускаць мікрасхемы для калькулятараў. У 1994-м стварылі мікрасхему для электрычна-сьціральнай перапраграмавальнай пастаяннай запамінальнай прылады (ЭСППЗП). У 1995-м распрацавалі мікрасхему для 1-платнага тэлевізара 6-га пакаленьня і тэлефонныя плястыкавыя карткі. У 2001 годзе распрацавалі звышхуткадзейныя дыёды і мікрасхемы для аўтаэлектронікі. У 2002-м асвоілі мікрасхему для тэлевізійнага працэсара. У 2003-м адчынілі прадстаўніцтвы ў Індыі і Кітаі. У 2003 годзе «Пеленг» заказаў у «Інтэграла» распрацоўку факальнай плоскасьці на аснове электрапрыбораў з зарадавай сувязьзю, што дазваляюць здымаць прадметы на высокай хуткасьці ў космасе. Спачатку для 1-га беларускага спадарожніка стварылі аснастку звышхуткаснай цьвёрдацельнай электронікі, на плоскасьці якой разьмясьцілі крышталі. Затым распрацавалі керамічны корпус для факальнай плоскасьці[27]. У 2005 годзе пачалі вырабляць палявыя транзыстары і распрацавалі бартавы кампутар для спадарожніка «БелКА». У 2006-м пусьцілі сэрыйную вытворчасьць мікрасхемаў з праектнай нормай 0,8 мікрамэтру. У 2007 годзе пачалі вытворчасьць мэдычных вырабаў. У 2008-м сталі выпускаць запамінальныя прылады адмысловага прызначэньня ёмістасьцю 256 кілябіт. У 2009-м распрацавалі мікрасхемы з нормай 0,35 мкм. У 2010-м вырабілі запамінальныя прылады ёмістасьцю 1 мэгабіт і пачалі вытворчасьць мікрасхемаў на пласьцінах прамерам 200 мм. Таксама ў 2010 годзе «Інтэграл» пераўтварылі ў адкрытае акцыянэрнае таварыства[28]. У 2010 г. палова замежнага збыту прыпала на Расею (звыш $40 млн), дзе звыш 90% экспарту прызначалася збройным прадпрыемствам[33].

У 2011 годзе «Інтэграл» стаў найбольшым экспартэрам Беларусі ў Паўднёвую Карэю за кошт паставак інтэгральных мікрасхемаў[34]. У 2012 годзе «Інтэграл» накіраваў каля 80 % экспарту ў Расею[35]. У 2012 годзе для спадарожніка аддаленага зандаваньня Зямлі вырабілі зборкі фотаадчувальных прыбораў з зарадавай сувязьзю (ФПЗС). У 2013 годзе выручка вырасла да 1096,5 млрд рублёў[36] (122,2 млн $)[37]. Апэрацыйны прыбытак павялічыўся да 30,5 млрд руб (3,39 млн $), чысты прыбытак — да 29,4 млрд руб (3,27 млн $). Прадпрыемства налічвала 5572 супрацоўнікі. 14 чэрвеня 2013 году Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь паставіла на ўлік холдынг «Інтэграл» за № 62. У 2013 годзе выпрацоўка на супрацоўніка склала 30 000 даляраў ЗША[38]. За 2013 год звыш 70 % вырабаў паставілі за мяжу[39]. У верасьні 2013 году «Інтэграл» стаў вырабляць бартавыя кампутары для збожжаўборачнага камбайна «Палесьсе ГС16» распрацоўкі «Гомсельмашу»[40]. 22 кастрычніка 2013 году А. Лукашэнка даў згоду на прызначэньне Віталя Саладухі кіраўніком «Інтэграла»[41].

У 2014 годзе «Інтэграл» паставіў аналягавыя моначыпы для паўднёвакарэйскіх вытворцаў аўтамабіляў і зарадных прыладаў для пляншэтаў і смартфонаў[42]. 1 верасьня 2014 году паводле заяўкі «Інтэграла» ва ўстановах сярэдняй спэцыяльнай адукацыі пачалі навучаньне па спэцыяльнасьці «мікра- і нанаэлектронныя тэхналёгіі і сыстэмы»[43]. У 2014 годзе распрацавалі перанасны вэнтылятар лёгкіх і 23 мікрасхемы сэрыі 5584 для спадарожнікаў. Таксама асвоілі шматкрыштальную зборку КМАП для апэратыўнай памяці на 16 мэгабіт. У 2015-м стварылі ідэнтыфікатар жалезабэтонных вырабаў і сьветладыёднае асьвятленьне для птушкафабрык. Таксама вырабілі мікрасхему з крэмнам на ізалятары. На студзень 2015 году на прадпрыемстве працавала звыш 5000 чалавек[44]. За 2015 год вытворчасьць перавысіла 1,5 трлн рублёў (92,3 млн $), а экспарт склаў 83,5 млн даляраў ЗША. Урад Беларусі падтрымаў вылучэньне прадпрыемству пазыкі на 30 млн эўра[45]. Каля 80 % экспарту прыпала на Расею, а рэшта на краіны Паўднёва-Ўсходняй Азіі[46].

У 2016-м распрацавалі мікрасхему для лічбавага тэрмомэтра. На 2016 год «Інтэграл» выпускаў інфармацыйныя табло для банкаў і грамадзкага транспарту, касавыя апараты, мэдтэхніку і мікрасхемы для тэлевізараў, смартфонаў і зарадных прыстасаваньняў[47], якія выпускалі ў Кітаі. У лютым 2016 году прадпрыемства атрымала заказ на сьвятлодыёдныя табло, сынхранізаваныя з маўленчым інфарматарам, для цягнікоў Менскага мэтрапалітэну[48]. 5 сакавіка 2016 году табло «бягучы радок» усталявалі ў адным зь цягнікоў 1-й лініі мэтро[49]. На 18 траўня 2016 году «бягучы радок» працаваў у 6 цягніках 1-й лініі мэтро і ў 2-х цягніках Аўтазаводзкай лініі[50]. За 1994—2016 гадах на «Інтэграле» распрацавалі і стварылі каля 250 вырабаў двайнога прызначэньня, якія пастаўлялі ў Расею, Нямеччыну, Швайцарыю і ЗША[51]. За 2016 год «Інтэграл» абнавіў кадры на 7 % за кошт 314 адмыслоўцаў, зь іх было 82 выпускнікі ВНУ. Астатнія атрымалі сярэднюю спэцыяльную і прафэсійна-тэхнічную асьвету. Сярэдні ўзрост працаўнікоў складаў 44 гады. Пасьля 1-га году працы выпускнікам сталі павышаць надбаўку з 20 да 80 %, а за 2-і год — да 150 %, што прывяло да замацаваньня выпускнікоў пасьля абавязковай адпрацоўкі. Адмыслоўцаў для прадпрыемства рыхтавалі 3 катэдры на мэханіка-матэматычным факультэце БДУ, у БДУІРы і Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце[52]. 5 красавіка 2017 году А. Лукашэнка падпісаў Указ «Аб прысуджэньні Дзяржаўных прэміяў Рэспублікі Беларусь 2016 году», паводле якога ўзнагародзілі 2 супрацоўнікаў «Інтэграла» — Віталя Саладуху і Сяргея Шведава за распрацоўку мікраэлектронікі на экспарт і зборачнага абсталяваньня[53]. У 2017-м стварылі чуйнік тэмпэратуры. На красавік 2017 году на «Інтэграле» дзейнічалі азотна-тленавая і вадародна-тленавая станцыі. Звыш 30 % супрацоўнікаў былі ў веку да 35 гадоў. Больш як 51 % працаўнікоў меў вышэйшую і сярэднюю спэцыяльную асьвету. Для вытворчасьці мікрасхемы выконвалі ад 300 да 800 апэрацыяў. Досьледныя мікрасхемы выпрабоўвалі на безадмоўнасьць перад пастаноўкай на вытворчасьць ад 3000 да 4500 гадзінаў (да 9 месяцаў). Найбольш шырока вырабы «Інтэграла» выкарыстоўвалі ў ядзернай энэргетыцы, касьмічнай тэхніцы і высокадакладных прыладах пад узьдзеяньнем электрамагнітнага поля. Для аховы здароўя распрацавалі аўтадазатар «ДЭА-100» і манітор «Інтэграл-12». Таксама выраблялі магнітныя карткі, прыстасаваньні кампутарнай памяці, шпітальныя электраложкі з супрацьпролежневымі матрацамі і ложак для нованароджаных «Сашачка»[32]. У вытворчасьць укаранілі 137 распрацовак вырабаў двайнога прызначэньня, экспарт якіх склаў каля 350 млн даляраў ЗША[54]. У верасьні 2017 году фізыкі Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту запатэнтавалі «Золь-гель спосаб утварэньня сэгнэтаэлектрычнай аксыднай плёнкі», які распрацавалі ў супрацы з «Інтэгралам». Гэты нанаматэрыял уяўляў сабой кандэнсатарны мікраслой, які прызначаўся для вытворчасьці такіх энэрганезалежных запамінальных прыладаў, як: магнітны дыск, флэш-картка і сім-картка[55].

У 2018-м — сталі вырабляць мікрасхемы супэрвізараў сілкаваньня[28]. На 2018 год холдынг «Інтэграл» быў найбольшым вытворцам мікрасхемаў у Эўропе. 6 сакавіка 2018 году «Інтэграл» запусьціў новую лінію мантажу мікраэлектронікі, што больш як 10-кратна паскорыла вытворчасьць[56]. На красавік 2018 году 5 касьмічных апаратаў працавала з абсталяваньнем «Iнтэграла». Ішла распрацоўка сумеснага з «Раскосмасам» спадарожніка з шырынёй паласы агляду да 50 км[27] і распазнаваньне да 35 см. 8 красавіка 2020 году падпісалі пагадненьне аб стварэньні сумеснай групоўкі 8 такіх спадарожнікаў[57].

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сьнежні 2009 году «Інтэграл» пачаў зборку манітораў пад уласным таварным знакам з дэталяў «Філіпс» (Нідэрлянды) і «Асэр» (Тайвань). Пры гэтым гарантыю на манітор сталі даваць на 3 гады. Аднак пад налепкамі на вадка-крышталічных маніторах «Інтэграл 19» заставаўся таварны знак тайваньскага вытворцы «Асэр» (Хунцы), а на самім маніторы значылася яго адпаведная мадэль V193HQ[58].

Санкцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

24 лютага 2022 году завод быў унесены ў сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША[59]. У тым жа годзе Інтэграл трапіў у санкцыйныя сьпісы Вялікабрытаніі, Канады, Новай Зэляндыі, Украіны ды Японіі[60].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Віншаваньне прэзыдэнта // Зьвязда : газэта. — 13 сьнежня 2013. — № 235 (27600). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Кантакты (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 28 сьнежня 2020 г.
  3. ^ Кіраўніцтва (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  4. ^ Зьвесткі пра акцыянэрнае таварыства і яго дзейнасьць па стане на 1 студзеня 2020 г. (рас.) // ААТ «Інтэграл», 23 красавіка 2020 г. Праверана 28 сьнежня 2020 г.
  5. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублiкi Беларусь за 2019 год (2,0887 рублі за даляр ЗША) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 1 студзеня 2020 г. Праверана 28 сьнежня 2020 г.
  6. ^ А.Г. Ранейскі, В.Т. Суслава. Аўдытарскія высновы за 2019 год (рас.) // ААТ «Інтэграл», 20 сакавіка 2020 г. Праверана 28 сьнежня 2020 г.
  7. ^ Перавагі (рас.) // ААТ «Інтэграл», 20 сакавіка 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  8. ^ Будова (рас.) // ААТ «Інтэграл», 20 сакавіка 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  9. ^ а б Магчымасьці (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  10. ^ Вырабы (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  11. ^ Вырабы для мэдыцыны і нагляду за здароўем (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  12. ^ Сьвятлодыёдныя сьвяцільнікі (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  13. ^ Вырабы для сельскагаспадарчай тэхнікі (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  14. ^ Вырабы вытворча-тэхнічнага прызначэньня (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  15. ^ Электронныя гадзіньнікі (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  16. ^ Прамысловая электроніка (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  17. ^ Гандлёва-банкаўскае абсталяваньне (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  18. ^ Запамінальныя прылады (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  19. ^ Драйвэры пэрыфэрыйных прыладаў (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  20. ^ ІМС для сілавой электронікі (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  21. ^ ІМС для сувязі (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  22. ^ Стандартныя лічбавыя лягічныя ІМС (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  23. ^ Электронная кампанэнтная база адмысловага прызначэньня (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  24. ^ Гадзіньнікавыя ІМС (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  25. ^ Дыёды (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  26. ^ Вадкакрышталічныя індыкатары (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  27. ^ а б в г д е Ігар Самойлаў. Менскi «Iнтэграл»: 55 гадоў у касьмiчным страi // Зьвязда. — 7 красавіка 2018. — № 67 (28683. — С. 7.
  28. ^ а б в г Гісторыя прадпрыемства (рас.) // ААТ «Інтэграл», 2020 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  29. ^ Людміла Ісаева. «Інтэграл» // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 279-280. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
  30. ^ Іван Ждановіч. І на «Iнтэграле» яго віншавалі // Голас Радзімы : газэта. — 25 студзеня 2019. — № 2 (3590). — С. 6. — ISSN 0439-3619.
  31. ^ Да 100-годзьдзя БелТА: «Навіны складаюць гісторыю». У эпоху кампутарызацыі // БелТА, 8 кастрычніка 2018 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  32. ^ а б Уладзімер Хількевіч. Ад спадарожніка да «Малыша» і «Сашачкі» // Мясцовае самакіраваньне. — 19 красавіка 2017. — № 13 (397). — С. 6.
  33. ^ Павал Берасьнеў. Жыць за ўласны кошт // Зьвязда : газэта. — 14 траўня 2011. — № 88 (26961). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  34. ^ Кан Вон Сік: Беларусь інвэстыцыйна прывабная карэйскім бізнэс-колам // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 31 жніўня 2012 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  35. ^ У.Сямашка прапануе больш актыўна шукаць інвэстара для ААТ «Інтэграл» // БелТА, 14 лютага 2013 г. Праверана 29 сьнежня 2020 г.
  36. ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2013 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь Праверана 26 сьнежня 2014 г.
  37. ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2013 год // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь Праверана 26 сьнежня 2014 г.
  38. ^ Уладзіслаў Кулецкі. Яны ня скардзяцца. Яны працуюць // Газэта «Зьвязда», 17 ліпеня 2013 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  39. ^ Аляксандар Лукашэнка павіншаваў калектыў ААТ «Інтэграл» // Белтэлерадыёкампанія, 13 сьнежня 2013 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  40. ^ Ірына Асташкевіч. Новы камбайн стымулюе айчынных вытворцаў // Зьвязда : газэта. — 13 сьнежня 2013. — № 166 (27776). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  41. ^ Прэзыдэнт Беларусі разгледзеў кадравыя пытаньні // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 22 кастрычніка 2013 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  42. ^ Андрэй Крывашэеў. Гісторыя адносін Беларусі і Паўднёвай Карэі вядзе свой адлік з 1992 году // Белтэлерадыёкампанія, 27 верасьня 2014 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  43. ^ У Беларусі адкрываецца падрыхтоўка па некалькіх новых прафэсіях // БелТА, 5 лютага 2015 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  44. ^ Сёньня мэр Менску сустрэўся з калектывам прадпрыемства «Інтэграл» // Белтэлерадыёкампанія, 21 студзеня 2015 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  45. ^ Вераніка Пуставіт. «Інтэграл» паправіў здароўе // Зьвязда. — 3 лютага 2016. — № 20 (28130. — С. 2.
  46. ^ Прэм'ер-міністар азнаёміўся з працай ААТ «Інтэграл» // БелТА, 16 верасьня 2016 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  47. ^ Аляксандар Харкавец, тэлеканал «Беларусь 1». Інавацыйныя распрацоўкi і новыя рынкі збыту // Белтэлерадыёкампанія, 1 лютага 2016 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  48. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». Cьвятлодыёдныя табло, сынхранізаваныя з маўленчым інфарматарам, зьявяцца ў цягніках мэтро // Белтэлерадыёкампанія, 1 лютага 2016 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  49. ^ «Бягучы радок» зьявіцца ў вагонах менскага мэтро // БелТА, 5 сакавіка 2016 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  50. ^ «Бягучы радок» зьявіцца ў ліпені ў васьмі саставах менскага мэтро // БелТА, 18 траўня 2016 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  51. ^ Натальля Брэвус, тэлеканал «Беларусь 1». Прысуджэньне дзяржаўных узнагародаў за навуковыя працы не павінна насіць фармальнага характару // Белтэлерадыёкампанія, 28 лютага 2017 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  52. ^ Натальля Лубнеўская. Першае працоўнае месца // Зьвязда. — 25 сакавіка 2017. — № 57 (28421. — С. 6.
  53. ^ Прысуджаныя Дзяржаўныя прэміі // Зьвязда. — 6 красавіка 2017. — № 65 (28429. — С. 2.
  54. ^ Міхаіл Маціеўскі. Лукашэнка ўручыў Дзяржаўныя прэміі і дзяржузнагароды работнікам розных сфэраў // БелТА, 28 красавіка 2017 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  55. ^ У Гомелі распрацавалі нанаматэрыял для вырабаў мікраэлектронікі // Газэта «Зьвязда», 17 верасьня 2017 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  56. ^ Тэлеканал «Беларусь 1». «Інтэграл» запускае новую лінію мантажу мікраэлектронікі // Белтэлерадыёкампанія, 6 сакавіка 2018 г. Праверана 14 сакавіка 2018 г.
  57. ^ Беларусь і Расея ствараюць новы спадарожнік зандаваньня Зямлі // Белтэлерадыёкампанія, 8 красавіка 2020 г. Праверана 30 сьнежня 2020 г.
  58. ^ З чаго зьбіраюць маніторы «Інтэграл» (рас.) // Tut.by, 24 сьнежня 2009 г. Праверана 12 студзеня 2021 г.
  59. ^ U.S. Treasury Targets Belarusian Support for Russian Invasion of Ukraine (анг.). Міністэрства фінансаў ЗША[прыбраць шаблён] (2022-02-24). Праверана 2022-02-25 г.
  60. ^ Відкрите акціонерне товариство "Інтеграл"-керуюча компанія холдингу "Інтеграл"

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]