Ўільям Блэцьці

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ўільям Блэцьці
William Blatty
Імя пры нараджэньні Ўільям Пітэр Блэцьці
Дата нараджэньня 7 студзеня 1928
Месца нараджэньня Нью-Ёрк, штат Нью-Ёрк, ЗША
Дата сьмерці 12 студзеня 2017 (89 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці шматлікая міялёма[d][1]
Грамадзянства Сьцяг ЗША ЗША
Месца вучобы
Занятак пісьменьнік, сцэнарыст, рэжысэр, актор, прадусар
Гады дзейнасьці 1963 — цяпер
Дзеці J.T. Blatty[d]
Узнагароды
IMDb ID nm0087861

Ўільям Пітэр Блэцьці (па-ангельску: William Peter Blatty; 7 студзеня 1928, Нью-Ёрк, штат Нью-Ёрк, ЗША — 12 студзеня 2017, Бэтэсда, Мантгомэры, Мэрылэнд, ЗША) — амэрыканскі пісьменьнік, сцэнарыст і рэжысэр. Аўтар рамана «Экзарцыст» («The Exorcist»).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся у Нью-Ёрку ў сям’і выхадцаў зь Лібану. У раньнім узросьце, калі Ўільяму было 6 гадоў, яго бацька кідае сям’ю і зьяжджае на радзіму, у выніку чаго наступныя гады сям’я часта пераяжджала зь месца на месца, зьмяніўшы дваццаць восем адрасоў. Маці Пітэра была рэлігійнай жанчынай, што паўплывала на яго дзяцінства і выбар месцаў навучаньня: каталіцкая школа граматыкі сьв. Стэфана ў Нью-Ёрку (Catholic grammar school, St. Stephen’s), падрыхтоўчая сярэдняя езуіцкая школа ў Брукліне (Jesuit High School), а таксама Джорджтаўнскі ўнівэрсытэт (Georgetown University) і пазьней — Унівэрсытэт Джорджа Вашынгтона (George Washington University), Пітэр вывучаў ангельскую літаратуру. Юнаком, а затым і маладым чалавекам, падобна тысячам сваіх аднагодкаў, ён рана быў змушаны пачаць зарабляць на жыцьцё, і перакаштаваў шмат прафэсіяў — ад каміваяжора і кіроўцы грузавіка да рэдактара гарадзкой газэты.

Літаратурная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1949 годзе, у год заканчэньня Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту, адзін з выкладчыкаў гэтай езуіцкай вучэбнай установы, бацька Томас У. Бэрмінгем (Thomas Bermingham), прапанаваў свайму добра пасьпяваючаму слухачу Ўільяму Блэцьці ўзяць тэмай дыплёма праблему «ўсяленьня нячыстай сілы ў чалавека», і будучы пісьменьнік яе з гонарам рэалізаваў. У 1951 годзе ён паступае на ваенную дыпляматычную службу ў Ваенна-паветраныя сілы ЗША, і яго корпус разьмяшчаецца ў Бэйруце (Лібан). Да гэтага часу адносяцца яго першыя літаратурныя спробы. Яго артыкулы друкаваліся ў розных часопісах («The Saturday Evening Post» і іншыя).

Пасьля вяртаньня ў ЗША, у 19571958 гадох Блэцьці пачынае працаваць дырэктарам па сувязях з грамадзкасьцю ва Ўнівэрсытэце Паўднёвай Каліфорніі (University of Southern California).

У 1959 годзе публікуе сваю першую кнігу — раман «Які шлях у Мэкку, Джэк?». Годам раней ён зьняўся ў невялікай ролі палісмэна ў фільме «Няма месца для пасадкі». З гэтага пачаліся яго адносіны зь вялікім кінэматографам, для якога Ўільям Блэцьці пасьля пісаў сцэнары да камэдыйных фільмаў («Чалавек з абеднага клюбу», 1963; «Стрэл у цемры», 1964 і іншыя). Ён становіцца адным зь вядучых сцэнарыстаў камэдыяў Галівуду. У сярэдзіне 1960-х аўтар пачынае супрацоўніцтва з рэжысэрам Блэйкам Эдвардсам (Blake Edwards), для якога напісаў сцэнары да карцін «Што ты рабіў на вайне, тата?» (1966), «Ган» (1967), «Каханая Лілі» (1970).

«Экзарцыст»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Затым камэдыі згубілі былую папулярнасьць, у яго кар’еры адбыўся спад, і, ня маючы магчымасьці знайсьці працу сцэнарыста, Блэцьці арандуе хатку каля возера Тахо і пачынае працаваць над новым раманам. Гісторыя яго напісаньня пачалася даўно. Пры канцы 1940-х Блэцьці, быўшы студэнтам Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту, упершыню пачуў гісторыю аб выгнаньні беса з 14-гадовага хлопчыка ў мястэчку Маўнт Райнэр штата Мэрылэнд. Тады два езуіцкія сьвятары выгналі дэмана зь цела хлопчыка, праяўлялага перад гэтым звышнатуральныя здольнасьці. Ён бегла казаў і лаяўся на лацінскай мове, ложак пад ім перамяшчаўся па пакоі, да таго ж у яго зьявілася вялікая сіла. Артыкул рэпартэра Біла Брынклі (Bill Brinkley) аб гэтым выпадку быў надрукаваны ў газэце «Washington Post» 20 жніўня 1949 году, але гэтага хлопчыка яшчэ ў траўні таго жа года накіравалі для рэабілітацыі і наступнага вывучэньня гэтага незвычайнага выпадку менавіта ў шпіталь Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту.

Па адной з вэрсіяў, пачатак будучай кнізе даў выйгрыш у 10 тысяч даляраў на тэлевізійным шоў Гручо Маркса (Groucho Marx) «Заклад на ваша жыцьцё» (You Bet Your Life). А калі вядучы Гручо спытаў пераможца, што ён зьбіраецца рабіць з гэтай сумай грошай, Ўільям адказаў, што плянуе кінуць працу, каб увесь вольны час прысьвяціць працы над раманам. Але напісаньне рамана вельмі зацягнулася, так што падчас яго напісаньня, Блэцьці часта жыў на дапамогу па беспрацоўі. У іншым інтэрвію Блэцьці кажа, што гэтыя 10 000 даляраў ён атрымаў у 1970 годзе ў якасьці авансу ад выдавецтва «Bantam Books».

Праз 9 месяцаў напружанай працы (па 14—18 гадзін у дзень) у нью-ёрскім выдавецтве «Harper & Row», якому «Bantam Books» прадала правы на публікацыю, у траўні 1971 году тыражом у 200 000 экзэмпляраў кніга на тэму экзарцызма пад назовам «Экзарцыст» убачыла сьвятло і стала сусьветным бэстсэлерам, пратрымаўшыся ў таблоідах больш за год. Пасьля гэтага кніга выйшла ў мяккай вокладцы тыражом 350 000 экзэмпляраў, а танным кішэнным выданьнем — 4 000 000 толькі за першыя паўгода. У наступныя гады толькі ў ЗША было прададзена 13 мільёнаў асобнікаў, а да 2006 году яна вытрымала ня меней сотні выданьняў у шматлікіх краінах сьвету.

Гэтаму спрыяла таксама ўдалая экранізацыя рамана рэжысэрам Ўільямам Фрыдкіным. Карціна «Экзарцыст», якая выйшла на экраны ў 1973 годзе, стала клясыкай ня толькі фільмаў жахаў, але і сусьветнага кінэматографа. У ёй пісьменьнік зьняўся ў кароткай ролі прадусара фільма для галоўнай гераіні.

З тых часоў Ўільям Блэцьці пісаў у асноўным раманы, у якіх прысутнічаюць дэманы ў перапляценьні зь нестандартнымі абарачэньнямі чалавечай псыхікі, хоць па ўласным прызнаньні аўтара, яго ніколі не прыцягвалі і не прыцягваюць раманы жахаў і містыка. Ён нават ніколі не чытаў падобную літаратуру. Сярод сваіх улюбёных аўтараў ён адзначае Грэма Грына, Фёдара Дастаеўскага, Робэрта Натана і Рэя Брэдбэры.

Ён напісаў твор кароткай формы — кароткую аповесьць «Дзесьці тамака» (1999) у якой тлумачыць, што мерцьвякі, знаходзячыся ў замагільным міры, не разумеюць, што яны ўжо мёртвыя. Гэтая 100-старонкавая аповесьць павінна была па ідэі стаць раманам, але Блэцьці не пашырыў яе. Ён напісаў па ёй сцэнар.

Жыве ў Мантэсіта ў штаце Каліфорнія, жанаты, мае семярых дзяцей.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раманы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Which Way to Mecca, Jack? (1960)
  • John Goldfarb, Please Come Home! (1963)
  • Twinkle, Twinkle, «Killer» Kane (1966)
  • The Exorcist (1971)
  • The Ninth Configuration (1978)
  • Legion (1983)
  • Demons Five, Exorcists Nothing: A Fable (1996)

Сцэнар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • The Exorcist: Final Draft Screenplay (1972)

Аўтабіяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • I’ll Tell Them I Remember You (1973)

Публіцыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • William Peter Blatty on 'The Exorcist': From Novel to Screen (1974)
  • If There Were Demons Then Perhaps There Were Angels: William Peter Blatty’s Own Story of the Exorcist (1978)

Фільмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сцэнары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • The Man From the Diner’s Club (1963 — суаўтар)
  • A Shot in the Dark (1964 — суаўтар)
  • John Goldfarb, Please Come Home (1965)
  • Promise Her Anything (1965)
  • What Did You Do in the War, Daddy? (1966)
  • Gunn (1967 — суаўтар)
  • The Great Bank Robbery (1969)
  • Darling Lili (1970 — суаўтар)
  • The Exorcist (1973)
  • The Ninth Configuration (1980)
  • The Exorcist III (1990)

Рэжысэр[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • The Ninth Configuration (1980)
  • The Exorcist III (1990)

Прадусар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • The Exorcist (1973)
  • The Ninth Configuration (1980)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]