Абарона Берасьцейскай крэпасьці (1939)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Абарона Берасьцейскай крэпасьці
Берасьцейская крэпасьць
Дата: 14—17 верасьня 1939 году
Месца: Берасьцейская крэпасьць
Вынік: перамога нямецкіх войскаў
Супернікі
Сьцяг Польшчы Польшча Нямеччына
Камандуючыя
Канстантын ПлісоўскіГайнц Гудэрыян
Пара танкаў FT-17, заблякаваўшых паўночную браму крэпасьці

Абаро́на Берасьце́йскай крэ́пасьці — бітва ў ходзе Другой сусьветнай вайны. Уключае ў сябе бітву за Берасьце і абарону Берасьцейскай крэпасьці войскамі Польшчы 14—17 верасьня 1939 году.

Падрыхтоўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя авіяўдары былі зьдзейсьненыя войскамі Нямеччыны ўжо 2 верасьня 1939 году: было скінута 10 бомбаў, якія пашкодзілі Белы палац. У казармах у той час разьмяшчаліся маршавыя батальёны 35-га і 82-га пяхотных палкоў, мабілізаваныя рэзэрвісты і іншыя, выпадковыя, фармаваньні.

Да 13 верасьня былі эвакуаваныя сем’і ваенных, масты і праходы — замінаваныя, галоўная брама была заблякаваная танкамі, а для пяхоты былі зладжаныя акопы ў земляных валах.

Наступленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На Берасьце наступаў XIX бранетанкавы корпус генэрала Гудэрыяна. Гудэрыян меў загад захапіць горад, не дапусьціўшы адступленьня гарнізона на поўдзень для яднаньня з асноўнымі сіламі польскай апэратыўнай групы «Нарэў». Нямецкія вайсковыя фармаваньні значна перавышалі па колькасьці польскія: у 2 разы ў пяхоце, у 4 разы ў танках, у 6 разоў — у артылерыі.

14 верасьня 1939 году 77 танкаў 10-й танкавай дывізіі зрабілі спробу захапіць горад і крэпасьць раптоўна, але атака была адбітая польскай пяхотай пры падтрымцы 12 танкаў FT-17 (усе польскія танкі пры гэтым былі падбітыя). У той жа дзень нямецкая артылерыя і авіяцыя пачалі масавае бамбаваньне крэпасьці. Раніцай наступнага дня, пасьля жорсткіх вулічных баёў, нямецкія войскі кантралявалі ўжо большую частку гораду. Абаронцы гораду адступілі да крэпасьці.

Раніцай 16 верасьня немцы (10-я танкавая і 20-я матарызаваная дывізіі) пачалі штурм крэпасьці, адбіты гарнізонам. Пад вечар яны ўзялі пад кантроль грэбень вала, але далей прасунуцца ня здолелі. Шмат пашкоджаньняў нямецкія танкі атрымалі ад двух FT-17, якія былі пастаўленыя ў брамах крэпасьці. Падчас штурму быў сьмяротна паранены ад’ютант Гудэрыяна. Усяго з 14 верасьня польскія войскі адбілі 7 атак, страціўшы пры гэтым каля 40% асабістага складу; сам Плісоўскі таксама быў паранены. Ноччу 17 верасьня Плісоўскі наказаў войску адыходзіць ад крэпасьці праз Заходні Буг на поўдзень. Па непашкоджаным мосьце польскія часткі адыйшлі да Тэрэспальскага ўмацаваньня, а адтуль у Тэрэспаль.

17 верасьня часткі, якія засталіся добраахвотна, прынялі бой на Паўночнай высьпе. Ноччу рэшткі батальёна з адной артылерыйскай гарматай таемна занялі форт Граф Бэрг (форт Сікорскага), які немцы лічылі пустым. Пра сваю памылку немцы даведаліся толькі 19 верасьня, прапанаваўшы затым здацца, але Вацлаў Радзішэўскі адмовіў. З раніцы 20 верасьня нямецкія войскі пачалі абстрэл выспы гаўбіцамі. Пяхотных атак, між тым, немцы ня ладзілі.

Прыход савецкіх войскаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гайнц Гудэрыян і Сямён Крывашэін падчас сумеснага параду ў Берасьці

Сытуацыя зьмянілася 22 верасьня 1939 году з прыходам у Берасьце перадавых частак Чырвонай Арміі. Увечары таго ж дня, пасьля артпадрыхтоўкі, на штурм форту пры падтрымцы браневікоў пайшлі часткі 29-й танкавай брыгады на чале з камбрыгам Сямёнам Крывашэіным. Абаронцы форту адбілі тры атакі і нават падбілі адзін бронеаўтамабіль з адзінай гарматы, якую яны мелі. Другі бранявік зваліўся ў роў.

29-я бранятанкавая брыгада перасьледвала генэрала Плісоўскага далей. У выніку ён трапіў у савецкі палон, а ў красавіку 1940 году пакараны сьмерцю ў Харкаве.

22 верасьня 1939 году, згодна з сакрэтным пратаколам да Пакту аб нянападзе, быў праведзены супольны вайсковы парад нямецкіх і савецкіх войскаў, а Берасьце перададзенае пад савецкі кантроль.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]