Абмеркаваньне:Прастакутнік

Змест старонкі недаступны на іншых мовах.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ужо неяк было раней. Матэматычныя слоўнікі і звычайныя слоўнікі для матэматычнага тэрміну паўсюль падаюць «вугал». Кут — гэта іншае і ня мае да матэматыкі дачыненьня. Ці ёсьць нейкія сьведчацьні, што гэта матэматычны панятак? Тое самае з «прамы»—«просты». У слоўніках — «прамы». --zedlik 16:16, 26 чэрвеня 2008 (UTC)

Прастакутнік -ка // Арфаграфічны (НН), трохкутнік -ку // Арфаграфічны (НН) і трыкутнік -ку // Арфаграфічны (НН), чатырохкутнік -ка // Арфаграфічны (НН), шасьцікутнік -ка // Арфаграфічны (НН)... вугольнікаў няма. --Ліцьвін 18:53, 26 чэрвеня 2008 (UTC)
Дзякуй за прыклады! Я глядзеў Правапіс, але там няма ні аднаго, ні другога варыянтаў. Зараз палазіў па слоўніках, сытуацыя прыблізна наступная. Калі ёсьць пазнака, што панятак матэматычны, альбо гэта матэматычны слоўнік, то даецца выключна вугал, але калі гэта звычайны слоўнік, то таксама сустракаецца і кут. Што цікава, ў Беларуска-ангельскім слоўніку матэматычных тэрмінаў і тэрміналагічных словазлучэнняў ([1] праўда, там нейкая блытаніна з вокладкай і выходнымі зьвесткамі) кут і вугал падаюцца як сынонімы. Тое самае з прамым/простым. Сам я найболш сымпатызую Расейска-беларускаму слоўніку матэматычных тэрмінаў і тэрміналагічных словазлучэнняў ([2]) — дарэчы, гэта адзіны слоўнік, дзе сустракаецца слова «Ойлер», а ня «Эйлер», і ўвогуле з тэрміналёгіяй у яго файна — але там адназначна «вугал». Хаця у той жа час няма ніякіх «членаў», а ёсьць шматсклады і мнагасклады, што таксама вельмі добра. Ня ведаю, якому варыянту аддаць перавагу, але думаю найбольш нэўтральным варыянтам да выпрацоўкі сталай тэрміналёгіі будзе падаваньне абодвух назваў у першым радку, ну а назву старонкі пакінуць за асабістымі ўпадабаньнямі ейнага аўтара. Можна таксама гэтае пытаньне вынесьці на агульнае абмеркаваньне ў Форум ці куды-небудзь яшчэ. --zedlik 20:29, 26 чэрвеня 2008 (UTC)
Згодны з тым, што варта падаць абедзьве назовы (кут і вугал) - зараз так і зраблю. Наконт акадэмічных слоўнікаў - мне здаецца, калі і арыентавацца на нейкія зь іх, то толькі альбо на тыя, што выйшлі да 1933 г. (у мяне, на жаль, няма зьвестак пра іх), альбо на новы слоўнік Беларускага клясычнага правапісу, які пакуль у распрацоўцы і выйдзе, па ўсёй відавочнасьці, ня хутка. --Казімер Ляхновіч 20:52, 26 чэрвеня 2008 (UTC)
Не, я не пра адназначнае аддаваньне перавагі акадэмічным слоўнікам. Тым больш наўрад ці там пабачыш у бліжэйшы час «Ойлер». Той расейска-беларускі слоўнік, пра які я казаў, ня гледзячы на тое, што напісаны ён наркамаўкай, для мяне ён варты даверу, бо тэрміналёгія ў ім мне падабаецца больш за ўсе астатнія, там больш улічваючы тое, што ён зьяўляецца спэцыялізаваным. Хаця гэта выключна маё меркаваньне. --zedlik 21:27, 26 чэрвеня 2008 (UTC)
Магчыма аўтары слоўніка кіраваліся існай (наркамаўскай) тэрміналягічнай традыцыяй + тым, што слова "вугал" паводле гучаньня вельмі аддалена падобнае да лацінскага "angulum". Але варта ўлічваць, што блізкія да нас ў моўным і гістарычным пляне ўкраінцы абралі менавіта слова "кут" для матэматычнай тэрміналёгія, палякі выкарыстоўваюць "кант" (здаецца, так чытаецца), чэхі штосьці кшталту "угел", славакі - "кот", сэрбы - "угао", харваты - "кут" і г.д. Што беларусам бліжэй — пытаньне складанае і вельмі заблытанае: трэба аналізаваць тэрміналёгію ВКЛ, эпохі беларусізацыі, эмігранцкую і г.д.
Таму прапаную пачакаць нармальнага слоўніка клясычнага правапісу, а пакуль давайце пакінем аўтарам права абраньня гэтай варыятыўнай (прынамсі для клясычнага правапісу) тэрміналёгіі з абавязковым пазначэньнем іншых варыянтаў у дужках. --Казімер Ляхновіч 21:45, 26 чэрвеня 2008 (UTC)
Насамрэч, як мне падалося па тэрміналёгіі, аўтары карысталіся дастаткова добрай лексыкай (там ёсьць процьма прыкладаў, той самы «Ойлер»...), але запісанай безь мяккіх знакаў. Я не спрабую схіліць да адназначна аднаго ці іншага варыянта, бо сам ня ведаю, як будзе лепей, але згодны, што пакуль будзе лепей падаваць абодва магчымыя варыянты да таго часу, як усё гэта ўтрасецца. --zedlik 21:55, 26 чэрвеня 2008 (UTC)