Абольцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Абольцы
лац. Abolcy
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Талачынскі
Сельсавет: Аболецкі
Насельніцтва: 327 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2136
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 54°35′40.0″ пн. ш. 29°49′42.2″ у. д. / 54.594444° пн. ш. 29.828389° у. д. / 54.594444; 29.828389Каардынаты: 54°35′40.0″ пн. ш. 29°49′42.2″ у. д. / 54.594444° пн. ш. 29.828389° у. д. / 54.594444; 29.828389
Абольцы на мапе Беларусі ±
Абольцы
Абольцы
Абольцы
Абольцы
Абольцы
Абольцы
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Або́льцы[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Абалянцы. Цэнтар сельсавету Талачынскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 327 чалавек. Знаходзяцца за 36 км ад Талачына, за 9 км ад чыгуначнай станцыі Лемніца.

Абольцы — даўняе мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), адна з найстарэйшых рымска-каталіцкіх парафіяў Вялікага Княства Літоўскага. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XIX ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі[2].

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На думку географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім Абольцы ўтварыўся ад летувіскага слова obuolys — 'яблыня, яблыневы'[3]. Тым часам дасьледнік Зьдзіслаў Сіцька зьвяртае ўвагу на падобныя назвы ў заходнеславянскай Мэкленбургіі: Dorf Woblitz-See, Оblisko, Dorf Wabel, Оblіса, Antiqua Wobele. Як паралелі да асновы, ад якой утварылася назва Абольцы, ён падае стараславянскае obli, палабскае voblo[4].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл. К. Скурэвіч, 1916 г.

Першы пісьмовы ўпамін пра Абольцы датуецца 1385 годам, калі вялікі князь Ягайла заснаваў тут касьцёл (адзін зь першых на тэрыторыі Беларусі). У 1386 годзе Ягайла перадаў Абольцы ў вена сваёй жонцы Ядвізе. Маёнтак ляжаў непадалёк ад вотчыны князёў Друцкіх. У грамаце Ягайлы 1387 году для касьцёла ў Абольцах зазначалася, што гэты касьцёл быў адным зь першых, заснаваных «у Літоўскай зямлі»[5]. Пад назвай Оболчи паселішча ўпамінаецца ў Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) сярод «літоўскіх» замкаў. Адпаведны горад значыцца пры ўзьвядзеньні на сталец Сьвідрыгайлы (1430 год). Даўні замак знаходзіўся ў Старых Абольцах, за 1 км ад цэнтру сучаснай вёскі.

У XV — пачатку XVI стагодзьдзя Абольцы былі цэнтрам павету Віцебскай зямлі (ваяводзтва). Захаваліся некалькі прывілеяў вялікага князя Казімера, у якіх ён перадаваў баярам тутэйшую маёмасьць. Многія сяляне — жыхары павету — мелі меркавана балтыйскія імёны. Гэта дало падставы гісторыку Ежы Ахманскаму сьцьвярджаць, што тут з даславянскіх часоў захаваўся абшар неасыміляваных балтаў. Аднак больш імаверным выглядае меркаваньне пра перасяленьне ў Абольцы насельніцтва з балтыйскага захаду Вялікага Княства Літоўскага. У другой палове XV стагодзьдзя паселішча атрымаў сын прыбылага з Масквы князя I. Шамячыча (Сямён, потым Васіль). Па вяртаньні В. Шамячыча ў Маскву (каля 1500 году) намесьнікамі ў Абольцах былі Юры Глябовіч, князь Фёдар Заслаўскі (1504 год), Міця Іванавіч (1510 год), князь В. Друцкі-Сакалінскі. Пазьней вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў маёнтак сваёй жонцы Боне. Яе намесьнікамі былі Кірдзей Грычанавіч (1530—1532) і М. Клочка (1533—1543).

Да сярэдзіны XVI стагодзьдзя Абольцы страцілі былое значэньне. У 1543 годзе каралева і вялікая княгіня Бона зьмяняла мястэчка (разам з суседнімі Смалянамі) на замак Ковель, што належаў князю Васілю Сангушку. 3 гэтага часу Абольцы надоўга ўвайшлі ў Смалянскі маёнтак Сангушкаў. У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гадоў мястэчка ўвайшло ў склад Аршанскага павету. Паводле інвэнтару Смалянаў 1594 году, фальварак Абольцы налічваў 20 службаў сялянаў (пра мястэчка зьвесткі адсутнічаюць).

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У мястэчку, жнівень 1918 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Абольцы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Копыскім павеце Магілёўскай губэрні. У 1809 годзе ў мястэчку збудавалі новы касьцёл. На 1885 год тут было 60 дамоў. У пачатку XX ст. існавалі аднайменныя мястэчка (91 дом, касьцёл, царква), вёска (26 дамоў) і фальварак Абольцы, якім валодалі Зарэцкія.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Абольцы занялі войскі Нямецкай імпэрыі[6].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Абольцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У сакавіку 1924 году Абольцы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам сельсавету Коханаўскага раёну (з 8 ліпеня 1931 году ў Талачынскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі.

У 1960 годзе савецкія ўлады зруйнавалі тутэйшы касьцёл[2]. На 1969 году ў Абольцах было 80 двароў, на 1992 год — 150, на 1994 год — 156. У 2000-я гады Абольцы атрымалі афіцыйны статус «аграгарадку».

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1885 год — 265 чал. (132 муж. і 123 жан.), у тым ліку 52 праваслаўныя, 3 каталікі, 200 юдэяў[7]
  • XX стагодзьдзе: 1901 год — 463 чал. у мястэчку Абольцах і 166 чал. у вёсцы Абольцах; 1969 год — 225 чал.[8]; 1992 год — 337 чал.[9]; 1994 год — 450 чал.[10]; 1999 год — 405 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2010 год — 327 чал.

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Абольцах працуюць сярэдняя школа, лякарня, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1809)
  • Млын (Заазер’е, 1904)
  • Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла (XVIII ст.; Сьвяты Пасад)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 439.
  2. ^ а б Ковалевский С. Надгробия валялись в овраге. Сельчане в Толочинском районе восстанавливают старое кладбище, TUT.BY, 27 студзеня 2018 г.
  3. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 282.
  4. ^ Сіцька З. Па слядах літвы // Наша слова. № 32 (820), 2007.
  5. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 58.
  6. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  7. ^ Krzywicki J. Obolce // Słownik geograficzny... T. VII. — Warszawa, 1886. S. 335.
  8. ^ Насевіч В. Абольцы // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 16.
  9. ^ Насевіч В. Абольцы // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 15.
  10. ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 1. С. 32.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]