Абрам Маневіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аўтапартрэт, 1924

Абра́м Аншэлавіч Мане́віч (па-ангельску: Abraham Manievich; 1881, Амсьціслаў1942, ЗША) — украінскі, беларускі й амэрыканскі мастак.

Вучоба і раньняя творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў 1881 годзе ў Амсьціславе, дзе жыў, вучыўся, працаваў дваццаць год.

У 20-гадовым узросьце Маневіч прыяжджае ў Кіеў, жадаючы атрымаць мастацкую адукацыю. Але спачатку працуе на фабрыцы ложкаў — расьпісвае сьпінкі гатовых вырабаў пэйзажамі і кветкамі.

Потым на працягу чатырох гадоў — зь верасьня 1901 году па травень 1905 году вучыцца ў Кіеўскай мастацкай вучыльні, якая як раз адчынілася ў верасьні 1901. Атмасфэра ў вучэльні была ўнікальнай — яна стваралася з ініцыятывы вядомых кіеўскіх творцаў: мастакоў В. Менкі, В. Арлоўскага, М. Піманенкі, Х. Платонава, І Селязьнёва, О. Троцкай-Гусевай і архітэктара В. Нікалаева (першага дырэктара вучэльні). Адначасова з Маневічам у вучэльні навучаліся Малевіч, Кудрэвіч, Бялыніцкі-Біруля.

Пасьля сканчэньня паступіў у Акадэмію мастацтваў у Мюнхене, якую й скончыў у 1907 годзе. Першыя свае працы ён пісаў у духу мюнхенска-венскага мадэрнізму. А ў 1913 годзе Маневіч меў вельмі пасьпяховую пэрсанальную выставу ў галерэі Дзюрана Руэля, у Парыжы. Затым захапіўся кубізмам. І, урэшце, вытварыў уласны стыль. Вядомы кубафутурыст Давід Бурлюк называў яго «магам і чарадзеем фарбаў».

Штогод ён прыяжджаў у родны Амсьціслаў, пісаў тут багата эцюдаў, рабіў эскізы. Рэпрадукцыя ягонага славутага палатна «Мой родны Мсьціслаў» вісела ў майстэрні Басава.

Абрам Маневіч піша найбольш прыроду. Трансфармуючы здабыткі імпэсіянізму ў галіне пленэру, мастак піша свае самыя паэтычныя пэйзажы. Адзін з самых знакамітых зь іх — «Сымфонія вясны». Украінскі паэт Васіль Стус прысьвяціў гэтаму невялікаму пэйзажу верш:


Життя симфонія, «Симфонія весни»
І сатанинський, зойками Маневич.
Єврей по горло і по горло — невір
По горло маячний і мудрий сніг


Пелюсточками пальцями, руками,
Як жалами співучими до віт
Березових, хистких, бузково-тканих
В його лірично-фосфоричний світ…


У 1916 годзе ў Петраградзе, а потым — у Маскве, зь вялікім інтарэсам публікі прайшлі выставы твораў Маневіча. Жывучы ў Маскве, мастак піша пэйзажы гораду — яго ваколіцы, фабрычныя кварталы.

Пасьля рэвалюцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Далёкі ад палітыкі, Маневіч спакойна сустрэў рэвалюцыйны час. Напрыканцы 1917 году яго абіраюць прафэсарам пэйзажнага жывапісу толькі створанай Украінскай акадэміі мастацтваў.

Але ў 1919 годзе ў Трыпольлі (вёска за 40 км ад Кіева) (па-ўкраінску: Трипілля) загінуў яго 17-гадовы сын Барыс — актыўны камсамолец.

Амэрыканскі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цяжкія перажываньні, зьвязаныя са стратай сына, складаныя палітычныя і эканамічныя абставіны прымушаюць Маневіча выехаць за мяжу ў 1921 ці 1922 годзе. У гэтым яму дапамаглі Луначарскі і Горкі.

Маневіч зьяжджае зь Менску ў Лёндан, дзе экспануе свае творы. А з 1922 году жыве ў Нью-Ёрку. Пасяліўся ў Бронксе, дзе жыло шмат эмігрантаў. Побач зь ім жыў яго даўні знаёмы Давід Бурлюк.

Амэрыка дала новы імпульс творчасьці мастака. Зьмянялася плястыка яго жывапіснай мовы, Маневіч пераацаніў сваю мастацкую дзейнасьць, але нязьменнай заставалася тэматыка яго пэйзажаў — «пясьняр правінцыі», ён малюе аднапавярховую павятовую Амэрыку і Канаду.

У Нью-Ёрку Маневіч сканчае распачаты яшчэ на бацькаўшчыне прынцыпова важны для яго твор «Гета» (1923), які потым быў набыты Бруклінскім музэем. Выяўляючы гета, Маневіч дасягнуў высокай ступені эпічнасьці і трагізму. Крытыкі параўноўвалі карціну з «Гернікай» Пікасо.

У ЗША Маневіч стаў даволі знакамітым аўтарам. Штогод у вялікіх гарадах праходзілі выставы яго твораў, а палотны набывалі музэі і прыватныя калекцыянэры. Да ліку людзей, якім падабаліся яго творы, належаў Альбэрт Айнштайн, які ў запісцы ўжо сьмяротна хвораму мастаку пісаў: «Мы абодва служым зоркам — вы, як мастак, я — як навуковец».

У 1942 годзе Маневіч памёр.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1972 годзе ў Кіеў прыехала дачка мастака — Люся Маневіч. Выконваючы апошнюю волю майстра, яна праз 30 гадоў пасьля сьмерці бацькі прывезла ў Музэй украінскага мастацтва 48 яго мастацкіх палотнаў. Тады ж адбылася і выстава твораў Маневіча, але ў іншым музэі — Кіеўскім музэі заходняга і ўсходняга мастацтва.

Творчая спадчына Маневіча належыць некалькім культурам: беларускай, габрэйскай, украінскай, амэрыканскай.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Абрам Маневич. «Альбом репродукцій» / Упор. О.Жбанкова. — Київ, «Дух і Літера», 2003. — 28 с. ISBN 966-7888-48-7;
  • «Who was who in American Art: 1564—1974» «Sound View Press» — 1999. ISBN 0-932087-57-4

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]