Абуджа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Абуджа
Дата заснаваньня: 1828
Краіна: Нігерыя
Плошча:
  • 713 000 000 квадратны мэтар
Насельніцтва:
  • 1 568 853 чал. (2015)
Геаграфічныя каардынаты: 9°3′20″ пн. ш. 7°29′29″ у. д. / 9.05556° пн. ш. 7.49139° у. д. / 9.05556; 7.49139Каардынаты: 9°3′20″ пн. ш. 7°29′29″ у. д. / 9.05556° пн. ш. 7.49139° у. д. / 9.05556; 7.49139
Абуджа на мапе Нігерыі
Абуджа
Абуджа
Абуджа
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
https://www.fcta.gov.ng/

Абу́джа (па-ангельску: Abuja) — сталіца Нігерыі з 12 сьнежня 1991 году. Насельніцтва складае 778 567 чалавек (2006). Горад месьціцца ў цэнтры краіны на Фэдэральнай сталічнай тэрыторыі. Абуджа ёсьць заплянаваным горадам, будаўніцтва якога пераважна прыпала на 1980-я гады згодна з генэральным плянам кансорцыюму Міжнародных асацыяцыяў плянаваньня. Цэнтральны бізнэсовы раён Абуджы быў распрацаваны японскім архітэктарам Кенза Танге[1][2]. Сталіцай краіны места стала 12 сьнежня 1991 году, замяніўшы ў гэтым статусе самы густанаселены горад Нігерыі Лагас[3][4].

Горад зважаецца рэлігійным цэнтрам, бо тут месьцяцца Нацыянальны мячэт Абуджы і Нацыянальны хрысьціянскі цэнтар Нігерыі. Горад абслугоўваецца міжнародным аэрапортам імя Намдзі Азыківэ[5][6][7]. Лічыцца адным з самых заможных гарадоў сьвету[2], бо горад ёсьць адміністрацыйнай і палітычнай сталіцай Нігерыі. Горад ёсьць адной з ключавых сталіцаў на афрыканскім кантынэнце праз геапалітычны ўплыў Нігерыі ў рэгіянальных справах[8]. У Абуджы часта ладзяцца шмат канфэрэнцыяў і самітаў на розных пляцоўках. У 2003 годзе ў горадзе была сустрэча кіраўнікоў урадаў Садружнасьці нацыяў. Таксама тут адбыліся пасяджэньні Сусьветнага эканамічнага форуму ў 2014 годзе[8][9]. У 2016 годзе Абуджа далучылася да глябальнай сеткі гарадоў навучаньня ЮНЭСКО.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На пачатку XX стагодзьдзя назву Абуджа меў суседні горад, які сёньня мае назоў Суледжа[10]. У рэгіёне здаўна жывуць розныя этнічныя групы. Магчыма, у сувязі з гэтым рэгіён быў абраны дзеля будаўніцтва тут новай сталіцы. Справа ў тым, што краіна мае пярэсты этнічны і рэлігійны склад, і новая сталіца ў нэўтральным для ўсіх буйных этнічных групаў месцы ды яшчэ ў беспасярэдняй блізкасьці да усіх рэгіёнаў Нігерыі мусіла задаволіць інтарэсы большасьці грамадзянаў краіны.

Будынак Нацыянальнай асамблеі ў Абуджы.

Месца ў рэшце рэшт было абранае ў цэнтры краіны ў пачатку 1970-х гадоў[11]. Яшчэ адным штуршком да абраньня Абуджы стаўся хуткі рост насельніцтва тагачаснае сталіцы Лагаса, які ўжо быз перанаселены, што замінала функцыянаваньню места. Паколькі Лагас яшчэ і хутка рос у эканамічным пляне, нігерыйскі ўрад палічыў неабходным пашырыць эканамічную актыўнасьць у цэнтральную частку краіны і пастанаваў перанесьці сталіцу ў Абуджу[12]. Гэтай жа лёгікай кіраваліся ў Бразыліі, калі пераносілі сталіцу ў горад Бразылію.

Фэдэральны вайсковы ўрад Нігерыі 4 лютага 1976 году згодна з пастановай № 6 ініцыяваў перанос фэдэральнае сталіцы з Лагаса ў Абуджу[13][14]. Ад пачатку праца плянаваньня і рэалізацыі праекту рабілася ўрадамі генэралаў Мурталам Магамэдам і Алусэгунам Абасанджам. Будаўніцтва пачалося ў 1979 годзе, але праз эканамічную і палітычную нестабільнасьць, першапачатковыя этапы будаўніцтва былі завершаныя толькі ў канцы 1980-х гадоў[15]. Аднак, перанос сталіцы быў супярэчлівым, найбольшы супраціў рабіла група, якую ачольваў Абафэмі Авалова[13]. Авалова, як палітык і прадстаўнік народу яруба, абараняў Лагас ад страты сталічнага статуса. Падчас гарачай кампаніі за прэзыдэнцтва ён паабяцаў прыцягнуць амэрыканскую карпарацыю Walt Disney дзеля пераўтварэньня новага сталіцы Абуджы ў парк забаваў, калі ён будзе абраны[13]. Аднак, прэзыдэнтам быў абраны Шэгу Шагары, які сваё першае падарожжа па-за межы Лагаса на новай пасадзе зьдзейсьніў у Абуджу, каб сустрэцца з падрадчыкамі і будаўнікамі і заклікаць іх хутка скончыў праект. Па вяртаньні ён выказаў сваё расчараваньне павольным прагрэсам працы[13]. Шагары пасунуў плянаваы пераезд у Абуджу з 1986 на 1982 год, але даць рады ў такі тэрмін было немажліва[13].

Міленіюм-парк.

Дзеля стварэньня герэнальнага пляну гораду і рэгіёну ў чэрвені 1977 годзе быў найманы кансорцыюм Міжнародных асацыяцыяў плянаваньня[16]. Згодна з умовамі ўгоды да працэсу складаньня генэральнага пляну падрадчык мусіў зрабіць агляд адпаведных зьвестак, выбар дакладнае месца новай сталіцы, падрыхтаваць рэгіянальныя і гарадзкія планы і суправаджаць будаўніцтва[17].

Генэральны плян Абуджы вызначыў агульную структуру і асноўныя элемэнты гораду. Больш падрабязны дызайн цэнтральных раёнаў сталіцы, асабліва ягоны манумэнтальны цэнтар быў зроблены японскім архітэктарам Кенза Танге[4]. Большасьць краінаў перанесьлі свае амбасады ў Абуджу, але многія зь іх трымаюць свае колішнія амбасады ў Лагасе ў якасьці консульстваў. Абуджа ёсьць местам сядзібы Эканамічнай супольнасьці краінаў Заходняй Афрыкі (ЭКОВАС). Таксама тут месьціцца рэгіянальны офіс ОПЭК. Насельніцтва Абуджы і сталічнага рэгіёну агулам моцна павялічылася. Гэтак маюцца зьвесткі, што некаторыя раёны вакол Абуджы растуць на ўзроўні ад 20% да 30% у год[18].

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шаша на ўезьдзе ў Абуджу.

Абуджа месьціцца ў самым цэнтры краіны, што сымбалізуе роўнасьць у дасяжнасьці да ўлады ўсімі нацыянальнымі групамі краіны. Вышыня гораду над узроўнем мора складае 360 мэтраў[11].

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле кліматычнай клясыфікацыі Кёпэна Абуджа мае трапічны саванны клімат. Горад і сталічны рэгіён маюць тры вылучныя пэрыяды надвор’я штогод. Сюды ўваходзіць цёплы і вільготны сэзон дажджоў і пякучы засушлівы сэзон[19]. Паміж імі існуе кароткі сэзон гарматан, выкліканы паўночна-ўсходнім мусонным ветрам. У гэты час у паветры стаіць пылавая смуга.

Сэзон дажджоў пачынаецца з красавіка і сканчваецца ў кастрычніку[20], калі дзённая тэмпэратура дасягае 28—30 °C, а начныя мінімумы вагаюцца з 22 °C да 23 °C[21]. У засушлівы пэрыяд дзённая тэмпэратура можа ўзрастаць да 40 °C, а тэмпэратура цягам ночы можа апускацца да 15 °C. Нават самыя прахалодныя ночы могуць чаргавацца дзённай тэмпэратурай значна вышэйшай за 30 °C[21]. Мерна пагорыстая мясцовасьць сталіцы робіць залагоджваючы ўплыў на надвор’е тэрыторыі, а месцазнаходжаньне ўглыбіні краіны празь зьмены ў содневых ваганьнях тэмпэратуры спрыяе зьяўленьнем большых тэмпэратураў чым у прыбярэжных гарадах з падобным кліматам, як то гэта адчуваецца ў Лагасе. На колькасьць ападкаў уплывае, тое, што горад раскіданы на наветраным баку плято Джос і ў зоне ўздыму паветраных масаў. Гэты вырунак выклікае больш частыя ападкі ў тэрмін з красавіка па кастрычнік штогод[22].

Паводле дасьледаваньня, зладжанага мэтэаралагічнай агенцыяй Нігерыі і атмасфэрнай навуковай групай дзяржаўнага ўнівэрсытэта Iма, назіраецца наступствы зьмяненьня клімату ў Абуджы[23]. У пэрыяд з 1993 па 2013 гады сярэдняя максымальная тэмпэратура імкнулася ўніз, але сярэдняя мінімальная і сярэдняя дзённая тэмпэратуры павялічыліся[23]. У Абуджы назіраецца тэндэнцыя на зьніжэньне ападкаў, палягаючы на зьвесткі, якія зьбіралі ў пэрыяд з 1986 па 2016 гады[24][25]. Верагоднасьць узьнікненьня сушы для Абуджы павялічылася на 15,4% у пэрыяд з 1975 па 2014 гады[26].

 Кліматычныя зьвесткі для Хартуму 
Паказьнік Сту Лют Сак Кра Тра Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сьн Год
Абсалютны максымум t, °C 36,0 38,4 39,7 39,0 39,3 34,0 32,0 31,2 31,0 35,0 37,9 37,6 39,7
Сярэдні максымум t, °C 33,7 37,1 37,0 34,9 33,7 30,4 28,9 28,4 29,3 30,1 34,7 34,8 32,8
Сярэдняя t, °C 26,1 28,7 30,5 28,9 28,6 26,9 25,9 24,8 25,4 27,0 28,0 27,6 27,4
Сярэдні мінімум t, °C 19,2 22,2 25,4 24,5 24,4 23,4 23,1 22,4 22,7 23,6 21,1 20,8 22,7
Абсалютны мінімум t, °C 15,0 18,6 20,0 21,7 21,6 20,8 20,3 20,0 20,0 21,6 17,0 17,0 15,0
Норма ападкаў, мм 3 7 16 73 4,7 137 187 216 272 233 7 2 1270
Крыніца: «Klimatafel von Abuja». Deutscher Wetterdienst.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «Central area of New Federal Capital City of Nigeria». Tange Associates.
  2. ^ а б «Life of poverty in Abuja’s wealth». BBC News
  3. ^ Cybriwsky, Roman Adrian (2013). «Capital Cities around the World: An Encyclopedia of Geography, History, and Culture». ABC-CLIO, USA. — С. 2.
  4. ^ а б Alkasum, Abba (2012). «ABUJA: The making of a capital city, 1976—2006».
  5. ^ «Cheap Flights To Nnamdi Azikiwe International Airport». Travelstart.
  6. ^ «Abuja airport clocks 40, to begin parking service». Punch Newspapers.
  7. ^ «Making Nigerian Airports W’Africa Regional Hub». – This Day Live.
  8. ^ а б «The Nigeria Capital City». AMLSN National Conference.
  9. ^ «Aso Rock Declaration on Development and Democracy: Partnership for Peace and Prosperity». The Commonwealth.
  10. ^ «The New Federal Capital». Federal Capital Development Authority.
  11. ^ а б «Abuja». Britannica.
  12. ^ Yusuf, Omotayo (1.10.2015). «#NigeriaAt55: Top 5 Reasons Nigeria’s Capital Was Moved From Lagos To Abuja (Photos)».
  13. ^ а б в г д Moore, Jonathan (03.1984). «The Political History of Nigeria’s New Capital». The Journal of Modern African Studies. 22 (1): 167—175. — doi:10.1017/S0022278X00056846.
  14. ^ Yusuf, Omotayo (1.10.2015). «Why The Capital Was Moved From Lagos To Abuja». Naija.
  15. ^ FCDA (1988). «Abuja: The Making of new Capital city for Nigeria».
  16. ^ Elleh, Nnamdi (2001). «Abuja, the single most ambitious urban design project of the 20th century». VDG.
  17. ^ Shuaibu, Umar (16.03.2020). «Unsung heroes of Abuja master plan». View Point Housing News.
  18. ^ «World Bank Conference: African Regional Roundtable on Upgrading Low-income Settlements». Cities Alliance. World Bank — Johannesburg, South Africa. — С. 16.
  19. ^ «Climate: Abuja Federal Capital Territory, Nigeria». Worlddata.
  20. ^ «Average monthly rainfall and snow in Abuja, Nigeria (millimeter)». World Weather & Climate Information.
  21. ^ а б «Abuja Climate, Weather By Month, Average Temperature (Nigeria)». Weather Spark.
  22. ^ «Abuja Nigeria Tourist Information». Touristlink.
  23. ^ а б Orisakwe, Ikenna C.; Nwofor, Okey K.; Njoku, Clement C.; Ezedigboh, Ugochukwu O. (01.2017). «On the Analysis of the Changes in the Temperatures over Abuja, Nigeria». Journal of Physical Science and Environmental Studies. 3 (1): 9.
  24. ^ Itiowe, T.; Hassan, S. M.; Agidi, V. A. «Analysis of Rainfall Trends and Patterns in Abuja, Nigeria». ResearchGate.
  25. ^ Itiowe, MSc, O. O.; Hassan, S. M.; Oghenejabor, MSc, O. D. (01.2020). «An Assessment of the Effects of Climate Change on Rainfall Variability and Drought over Abuja, Nigeria». International Journal of Innovative Science and Research Technology. 5 (1): 1323.
  26. ^ Ajileye, O. O.; Aigbiremolen, I. M.; Mohammed, S. O.; Halilu, A. S.; Alaga, A. T. (09.2015). «Effect of Climatic Variability on Drought Occurrence Probability over Nigeria». British Journal of Applied Science & Technology. 12 (1): 9.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]