Агульны Сырт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Агульны Сырт — узгорыста-ўвалістае ўзвышша (сырт) на паўднёвым усходзе эўрапейскай часткі Расеі. Працягваецца ў шыротным кірунку на 500 км; на ўсходзе прымыкае да гораў Паўднёвага Ўралу. Вышыня да 405 м, найвышэйшы пункт — гара Мядзьведжы лоб (Арапава гара) — 405 м.

Па Агульным Сырце праходзіць водападзел паміж басэйнамі рэк Волгі і Ўралу. Гэтым і тлумачыцца першая частка тапоніму — «Агульны», сырт падзяляе воды двух басэйнаў на ўсім сваім працягу.

Сырт складзены пяшчанікамі, глінамі, вапнякамі пермскага і мэзазойскага ўзросту. Для Агульнага Сырту характэрныя платападобныя водападзелы і ступеньчатасьць схілаў. Месцамі сустракаюцца купалападобныя астанцы — шыханы. Разьвіты карст. На тэрыторыі Агульнага Сырту разьмешчаныя стэпы, зь перавагай дзернавінна-злакавых.