Адам Станкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Адам Станкевіч
Adam Stankievič.jpg
Кс. Адам Станкевіч (не пазьней за сакавік 1925 г.)
Род дзейнасьці каталіцкі сьвятар, выдавец, літаратуразнаўца
Дата нараджэньня 6 студзеня 1892
Месца нараджэньня в. Арляняты, Ашмянскі павет, Віленская губэрня
Дата сьмерці 29 сьнежня 1949
Месца сьмерці Тайшэт, Іркуцкая вобласьць, СССР

Ада́м Станке́віч (6 студзеня 1892 па новым стылі — 29 сьнежня 1949) — беларускі каталіцкі сьвятар, літаратуразнаўца, выдавец, дзяяч беларускага адраджэньня ў Заходняй Беларусі. Кандыдат кананічнага права (1918).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў вёсцы Арляняты Ашмянскага павету Віленскай губэрні (цяпер Смаргонскі раён, Гарадзенская вобласьць) у сялянскай сям’і беларусаў-католікаў Вінцука і Антаніны Станкевічаў. Пачаў адукацыю ў царкоўна-прыходзкай школе ў в. Баруны, але праз год яго перавялі ў Гальшанскую народную школу. Далей вучыўся ў гарадзкой вучэльні ў Ашмянах[1]. Скончыў Віленскую духоўную сэмінарыю (1914) і духоўную акадэмію ў Санкт-Пецярбурзе (1918). Супрацоўнічаў зь беларускімі часопісамі «Сьветач» і «Дзяньніца». 2425 траўня 1917 году ў Менску ўдзельнічаў у зьезьдзе беларускага каталіцкага духавенства. Адзін зь першых пачаў ужываць беларускую мову ў багаслужэньні. 3 1919 году выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. У 19221928 гадох быў абраны паслом да польскага Сойму зь ліста Блёку нацыянальных меньшасьцяў. Пасьля зноў выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі, адкуль у 1933 годзе быў звольнены польскімі ўладамі. Да 1935 году працаваў у гандлёвай школе ў Вільні.

«Doktor Francišak Skaryna — pieršy drukar biełaruski (1525—1925)» (1925), Wilnia

Апекваўся дзіцячымі прытулкамі, узначальваў Камітэт дапамогі ахвярам вайны, у 1924 годзе старшыня Таварыства беларускай школы, у 1926 годзе старшыня Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры. Быў галоўным рэдактарам і выдаўцом газэты беларускіх каталікоў «Крыніца», а потым выдаваў часапіс «Chryścijanskaja Dumka» ў 19271938 гадох. У 1928 годзе сумесна зь іншымі дзеячамі заснаваў Беларускае каталіцкае выдавецтва. За дзейнасьць па беларусізацыі Касьцёла ў 1938 годзе высланы польскімі ўладамі зь Вільні ў Слонім тэрмінам на 5 гадоў. Увосень 1939 году, пасьля заняцьця Заходняй Беларусі савецкімі войскамі, вярнуўся ў Вільню, дзе стаў дырэктарам Беларускай дзяржаўнай прагімназіі. Там жа перажыў Другую сусьветную вайну, будучы сьвятаром касьцёла сьвятога Міхала. Арыштаваны савецкімі ўладамі 7 сьнежня 1944 году, але неўзабаве адпушчаны. Паўторна арыштаваны 13 красавіка 1949 году, прысуджаны да 25 гадоў лягераў. Адпраўлены ў Азярлаг (лягер сыстэмы ГУЛАГ у Тайшэце, Іркуцкая вобласьць, Расея), дзе і памёр у той жа год.

Сьмерць і пахаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Віктар Сікора, які пахаваў кс. Адама Станкевіча, напісаў успаміны тых падзеяў:

« Самы мой жудасны ўспамін з Тайшэта — гэта пахаваньне ксяндза Адама Станкевіча. Памятаю, як прыйшлі літоўцы і кажуць: «Ксёндз у нас памірае. Як бы вады знайсьці?» А ў нас там вады не было. Рабілі сьвідравіны, але да 84-мэтровай глыбіні яе не знайшлі ды не змаглі прабіцца глыбей — далей была скала… А рэчка знаходзілася аж у 7 кілямэтрах ад лягеру. Зьбіралі дажджавую ваду, а зімой даводзілася нам зьбіраць сьнег і тапіць яго. Ужо пазьней нам далі машыну, і мы вазілі лёд зь невялічкай рэчкі, нарыхтоўвалі яго, перасыпалі пілавіньнем… Дык вось, просяць літоўцы вады. — А адкуль ён? — пытаюся я. — Зь Вільні, — адказваюць. Я прынёс сьнегу, растапіў яго, і яны панесьлі ваду. Пасьля літоўцы зноў прыходзяць. Я кажу: — А вы ня скажаце прозьвішча ксяндза, не Станкевіч? — Станкевічус Адомас, — адказваюць яны. Распытаў я, у якім бараку ён ляжыць і пабег туды, а Станкевіч быў ужо мёртвы… Яго было цяжка пазнаць… У Тайшэце было так устаноўлена, што калі каго хавалі, абавязкова нябожчыка спачатку прывозілі ў морг, каб зрабіць ускрыцьцё. Баяліся, каб хтосьці жывы ня ўцёк пад выглядам мёртвага. «Працаваў» там адмысловы «мясьнік», які ўпрост ірваў труп на кавалкі… Вырашыў я, што пахаваю ксяндза Адама, правяду яго ў апошнюю дарогу. Узяў сані, палазы якіх былі з дрэва зробленыя. Вёз іх на сабе, бо коней не было. Дагэтуль я не магу быць на пахаваньнях, бо не магу забыць таго, што адбылося ў Тайшэце… Падвозім сані да варотаў. Яны адчыняюцца. Зь дзяжуркі выходзіць «мясьнік» з «кішнёй», што рыбакі зімой лёд прабіваюць. І ёй ксяндзу ўдарыў у грудзі… А пасьля другі выходзіць з кувалдай і б’е яго па галаве. Праламіў яе, паляцелі мазгі… Я ледзь не самлеў. Ляжыць ксёндз Адам Станкевіч у труне (хоць гэта толькі названьне, а не труна), увесь заліты крывёю… »

—Віктар Сікора, Газэта «Наша ніва», «Апошні шлях Адама Станкевіча», № 34 (155), 13—19 сьнежня 1999 г.

Пахаваны 10 сьнежня 1949 году на могілках палітзьняволеных каля вёскі Шаўчэнка Тайшэцкага раёну.

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ксяндзы-літаратары (зьлева направа): Янка Быліна, Адам Станкевіч, Казімер Сваяк
  • Doktor Francišak Skaryna — pieršy drukar biełaruski (15251925). Wilnia, 1925
  • Biełaruskaja mowa ŭ škołach Biełarusi XVI i XVII st. Wilnia, 1928
  • Rodnaja mowa ŭ światyniach. Wilnia, 1929
  • Вітаўт Вялікі і Беларусы. Вільня, 1930
  • Francis Bahušewič: Jaho žyćcio i tworčaść:
  • U tryccatyja uhodki (19001930). Wilnia, 1930
  • Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня. Вільня, 1935
  • Міхал Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песьня. Вільня, 1938
  • Biełaruski chryścijanski ruch. Wilnia, 1939
  • Хрысьціянства і Беларускі народ. Вільня, 1940

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Аляксей Вайткун, Тацяна Жук, Марына Ліс (6 студзеня 2012) Рукапісы не гараць. Адам Станкевіч Культура. Tut.byПраверана 6 студзеня 2012 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Адам Станкевічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў