Адольф Янушкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Адольф Міхал Валяр’ян Юліян Янушкевіч
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 9 чэрвеня 1803
Памёр 18 чэрвеня 1857
Пахаваны
Бацькі Міхал Янушкевіч[d]
Тэкля з Сакалоўскіх[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, этнограф, пісьменьнік
Мова польская мова
Дэбют 1821
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Янушкевіч.

Адо́льф Міхал Валяр’я́н Юлія́н Янушке́віч (9 чэрвеня 1803, Нясьвіж — 18 чэрвеня 1857, маёнтак Дзягільна Менскага павету Менскай губэрні, цяпер у Койданаўскім раёне Менскай вобласьці) — беларускі і польскі паэт, этнограф, пісьменьнік.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Нясьвіскім замку ў небагатай шляхецкай сям’і Міхала Мэрло Янушкевіча і Тэклы з Сакалоўскіх, якія жылі пры двары Радзівілаў. Старэйшы брат паэта Яўстаха Янушкевіча.

Вучыўся ў дамініканскай школе ў Нясьвіжы. У 1823 року скончыў філялягічны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. Быў сябрам Таварыства блакітных, блізкага да філярэтаў. У студэнцкія гады пісаў па-польску вершы ў сэнтымэнтальнай стылістыцы (дума «Мэлітон і Эвеліна», 1821).

У 1823—1826 рр. жыў у Камянцы-Падольскім і ў сямейным маёнтку Дзягільна, быў дэпутатам цывільнай палаты ў Галоўным судзе. У 1829 року пакінуў службу з-за хваробы і накіраваўся на лячэньне ў Карлсбад. Пабываў у Нямеччыне, Францыі, Італіі; сустракаўся з Адамам Міцкевічам, Антоні Адынцом, Юльюшам Славацкім, Ёганам Гётэ. Адам Міцкевіч выкарыстаў асобу А. Янушкевіча ў паэме «Дзяды» ў якасьці прататыпа героя Адольфа.

Вярнуўся на радзіму ў 1830 року, прымаў удзел у паўстаньні 1830—1831 рр. Увайшоў у створаны камітэт Легіёну Літвы, Вільні, Падольля і Ўкраіны[1], ахвяраваў на паўстаньне 1000 злотых, быў адным з кіраўнікоў паўстанцкага легіёну. У сакавіку 1831 р. прыняў удзел у баі каля Мацяёвіцаў, дзе быў паранены і трапіў у палон. Паводле выраку суду ад 4 сакавіка 1832 року быў прыгавораны да сьмяротнага пакараньня. Празь нейкі час прысуд заменены вечнай ссылкай у Сыбір з пазбаўленьнем шляхецтва і канфіскацыяй маёмасьці.

Адбываў зьняволеньне ў табольскім астрозе, пасьля ў вёсцы Жалякова пад Ішымам (цяпер у паўночным Казахстане). У 1835 пераехаў у Ішым, пасябраваў з Густавам Зялінскім і Аляксандрам Адоеўскім, які прысьвяціў яму свае вершы.

Пераклаў «Гісторыю заваяваньня Ангельшчыны нарманамі» Агюстэна Т’еры. Падарожнічаў па Сыбіры, Казахстане, Кыргыстане. Быў памілаваны і вярнуўся ў Беларусь у 1856 р.; пасяліўся ў родавым маёнтку Дзягільна. На наступны рок памёр ад сухотаў.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэбютаваў у 1821 ў часопісе «Dziennik Wileński» сэнтымэнтальнай паэмай «Мэлітон і Эвеліна».

У ссылцы шмат вандраваў па казаскіх стэпах, засвоіў казаскую мову, занатоўваў казаскі фальклёр. У часе экспэдыцыі ў 1846 склаў «Дзёньнік паездкі ў Сыбір», важную крыніцу па гісторыі Казахстану.

Яго падарожныя нататкі сабраў брат Яўстах, апублікаваў Ф. Уратноўскі пад назвай «Жыцьцё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кыргіскіх стэпаў» (Парыж. 1861. Кн. 1—2).

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Імя Адольфа Янушкевіча носяць вуліцы ў Астане і Алмаце.

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Анатоль Валахановіч Адольф Янушкевіч: паўстанец, паэт, этнограф. «Сьцяг кастрычніка». Самыя сьвежыя навіны Дзяржынскага раёну. Праверана 25 сакавіка 2011 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Мальдзіс А. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе. Мн., 1969; АЗБ.
  • Dawni pisarze polscy do początków piśmiennictwa do Młodej Polski, przewodnik biograficzny i bibliograficzny, tom drugi I-Me, ISBN 83-02-08101-9, str. 30.
  • Trynkowski, Jan. Adolf Januszkiewicz na zesłaniu. \\ Stanisław Ciesielski, Antoni Kuczyński (рэдактары). Polacy w Kazachstanie. Acta Universitatis Wratislaviensis (Выпуск 1819), Uniwersytet Wrocławski, 1996. ISBN 83-229-1311-7, 9788322913116

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]