Айн Рэнд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Айн Рэнд
Ayn Rand
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Аліса Зіноўеўна Разэнбаўм
Нарадзілася 2 лютага 1905(1905-02-02)[1][2][3][…]
Памерла 6 сакавіка 1982(1982-03-06)[1][2][3][…] (77 гадоў)
Пахаваная
Сужэнец Фрэнк О’Конар[d]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці літаратар, філёзаф, драматург, сцэнарыстка
Гады творчасьці 1926—1982
Кірунак палітычны раман
Жанр антыўтопія
Мова расейская мова і ангельская мова[5]
Дэбют «Мы — жывыя» (1936)
Узнагароды
Подпіс
http://www.aynrand.org Ayn Rand Institute

Айн Рэнд (па-ангельску: Ayn Rand [aɪn ɹænd]; пры народзінах Аліса Зіноўеўна Разэнбаўм па-расейску: Али́са Зино́вьевна Розенба́ум; 2 [ст. ст. 1905 год] лютага, Санкт-Пецярбург, Расейская Імпэрыя — 6 сакавіка 1982, Новы Ёрк, ЗША) — амэрыканская пісьменьніца й філёзаф. Вядомая па сваім двум раманам-бэстсэлерам — «Крыніца» й «Атлянт расправіў плечы»; працавала таксама як драматург й сцэнарыстка. Айн — стваральніца філязафічнай сыстэмы, якую яна назвала аб’ектывізмам.

Атрымала адукацыю ў Расеі, а ў 1926 годзе пераехала ў Амэрыку. У 1935 і 1936 гадах паставіла п’есу ў брадвейскім тэатру. Першыя два раманы Рэнд не былі пасьпяховымі. Вядомасьць да яе прыйшла з выхадам рамана «Крыніца» ў 1943 годзе. У 1957 годзе выйшла яе самая вядомая праца — раман «Атлянт расправіў плечы». Пасьля яна пераключылася на навуковую літаратуру, дзеля папулярызацыі свае філязофіі. Пачала публікаваць пэрыядычныя выданьні, а таксама напісала некалькі зборнікаў эсэ.

Рэнд расхвальвала розум як адзіную крыніцу набыцьця ведаў і адпрэчвала веру й рэлігію. Яна падтрымлівала рацыянальны й этычны эгаізм і адпрэчвала альтруізм. Рэнд вельмі нэгатыўна ставілася да большасьці вядомых ёй філёзафаў й да філязафічных традыцыяў (акрамя Арыстоцеля, Тамаша Аквінскага й клясічных лібэралаў).

Рэцэнзіі крытыкаў на творы Рэнд былі зьмяшаныя, а акадэмічныя колы ігнаравалі альбо адпрэчвалі яе філязофію.

Рух аб’ектывістаў распаўсюджвае ідэі Рэнд як для публікі, так і для акадэмічных колаў. Рэнд аказала значны ўплыў на лібэртарыянцы й амэрыканскіх кансэрватараў.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аліса Разэнбаўм нарадзілася ў сям’і фармацэўта Залман-Вольфа (Зіновія Захаравіча) Разэнбаўма й яго жонкі, зубнога тэхніка Ханы Беркаўны, старэйшай сярод трох дачок (Аліса, Натальля й Нора). Неўзабаве пасьля нараджэньня малодшай дачкі Норы ў 1910 годзе Зіновій Захаравіч пачаў загадваць буйной аптэкай Аляксандра Клінге на Неўскім праспэкце й Знаменскай Плошчы, і сям’я пераехала ў вялікую кватэру на другім паверсе асабняка над аптэкай. Ужо ў 1912 годзе Зіновій Захаравіч стаў суўладальнікам, а ў 1914 годзе — аднаасобным уладальнікам гэтае аптэкі.

Чытаць і пісаць Аліса навучылася ў 4 гады, а невялікія апавяданьні пачала пісаць у дзяцінстве. У жаночай гімназіі яна навучалася разам зь сястрой Уладзіміра Набокава Вольгай.

У 1917 годзе, пасьля рэвалюцыі ў Расеі, уласнасьць Зіновія Разэнбаўма была канфіскаваная, і сям’я пераехала ў Крым, дзе Аліса скончыла школу ў Эўпаторыі.

Юнацтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

2 кастрычніка 1921 году Аліса паступіла ў Петраградзкі ўнівэрсытэт на спэцыяльнасьць «сацыяльная педагогіка» на трохгадовы курс, які аб’ядноўваў гісторыю, філялёгію й права. У гады навучаньня яна пазнаёмілася зь ідэямі Фрыдрыха Ніцшэ, якія зрабілі на яе вялікі ўплыў. Скончыла ўнівэрсытэт Аліса вясной 1924 году, але некаторыя крыніцы памылкова сьцьвярджаюць, нібыта яна была выключаная за «буржуазнае паходжаньне». У 1925 годзе ў сэрыі «Папулярная кіна-бібліятэчка» асобнай кнігай выйшла першая друкаваная праца Алісы Разэнбаўм «Пола Негры» — нарыс творчасьці папулярнай кінаактрысы.

Пераезд у ЗША[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1925 годзе Аліса атрымала візу для паездкі на навучаньне ў ЗША й пасялілася ў Чыкага ў родных сваёй маці. Яе бацькі засталіся ў Ленінградзе й памерлі падчас блякады ў гады Другой сусьветнай вайны. Абедзьве сястры таксама засталіся ў СССР. Натальля Разэнбаўм (1907—1945) скончыла Ленінградзкую кансэрваторыю. Элеанора Разэнбаўм (у замужжы Дробышава, 1910—1999) эмігравала ў ЗША ў 1973 годзе на запрашэньне Айн Рэнд, але неўзабаве вярнулася ў Савецкі Саюз і да самай сьмерці жыла ў Санкт-Пецярбургу. Першае каханьне Алісы — выпускнік Ленінградзкага тэхналягічнага інстытуту Леў Бэкерман (1901—1937, Леа Каваленскі ў яе рамане «Мы — жывыя») быў расстраляны 6 траўня 1937 г.

Аліса засталася ў ЗША й пачала працаваць статыстам у Галівудзе. Чатыры гатовыя кінасцэнарыі, якія яна прывезла з Расеі, не зацікавілі амэрыканскіх кінапрадусараў. У 1929 годзе яна выйшла замуж за кінаактора Фрэнка О’Конара (1897—1979), 13 сакавіка 1931 году атрымала амэрыканскае грамадзянства.

У 1927 годзе студыя, дзе працавала Айн Рэнд, зачынілася, і да 1932 году пісьменьніца перабіваецца на розных часовых працах: афіцыянткай, гандляркай газэтных падпісак, а затым касьцюмерам на студыі RKO Radio Pictures. У 1932 годзе яна змагла прадаць кінакампаніі Universal Studios сцэнарыяў «Чырвонай пешкі» (па-ангельску: Red Pawn) за 1500 даляраў, што на той момант было вельмі вялікай сумай. Гэтыя грошы дазволілі ёй пакінуць працу й засяродзіцца на літаратурнай дзейнасьці.

Айн Рэнд памерла ад раку лёгкіх 6 сакавіка 1982 і была пахаваная на могілках Кенсіка ў горадзе Вальхала, штат Новы Ёрк. Пасьлядоўнікі філязофіі Айн Рэнд і яе чытачы склалі ля труны пісьменьніцы кветкі ў выглядзе знаку даляра.

Літаратурная творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сваё першае апавяданьне на ангельскай мове — «The Husband I Bought» — Рэнд напісала ў 1926 годзе, гэта быў першы год яе жыцьця ў ЗША. Аповяд не публікаваўся да 1984 году[6]. У 1936 годзе ў Амэрыцы й у 1937 годзе ў Вялікабрытаніі выйшаў першы раман Айн Рэнд «Мы — жывыя» (па-ангельску: We the Living) пра жыцьцё лішэнцаў ў СССР. Рэнд аддала працы над раманам шмат сілаў: яна пісала яго на працягу шасьці гадоў. Аднак крытыка сустрэла раман халаднавата, амэрыканскія чытачы таксама не праявілі да кнігі вялікае цікавасьці. У 1942 годзе рэжым Мусаліні, бязь ведама аўтара, даў санкцыю на экранізацыю рамана, палічыўшы яго крытыкай савецкага камунізму. У фільме былі зьнятыя вядучыя акторы італьянскага кіно. У наступныя гады сумарны тыраж кнігі дасягнуў 2 мільёны асобнікаў[7]. У 1937 годзе яна напісала невялікі аповяд «Гімн», які ў 1938 годзе выйшаў ў Вялікабрытаніі. Другі буйны раман «Крыніца» выйшаў у 1943 годзе, а трэці — «Атлянт расправіў плечы» — у 1957. Хоць раман трапіў у сьпіс бэстсэлераў The New York Times ўжо праз тры дні пасьля выхаду й заставаўся там амаль паўгады, Рэнд моцна перажывала з-за адмоўных водгукаў крытыкаў[8].

Пасьля «Атлянта» Рэнд пачала пісаць філязафічныя кнігі: «Для новага інтэлектуала» (1961), «Дабрадзейнасьць эгаізму» (1964), «Капіталізм: невядомы ідэал» (1966), «Новыя левыя: антыіндустрыяльная рэвалюцыя» (1971), «Уводзіны ў філязофію пазнаньня аб’ектывізму» (1979), «Філязофія: каму гэта трэба» (1982) і многія іншыя, а таксама чытаць лекцыі ў амэрыканскіх унівэрсытэтах.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Duignan B. Ayn Rand // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ а б Ayn Rand // Internet Broadway Database (анг.) — 2000.
  3. ^ а б Itaú Cultural Ayn Rand // Энцыкляпэдыя Ітау Культурал (парт.)São Paulo: Itaú Cultural, 2001. — ISBN 978-85-7979-060-7
  4. ^ Saxon W. Ayn Rand, ‘Fountainhead’ Author, Dies — 1982.
  5. ^ Rand, Ayn // CONOR.SI
  6. ^ Chronology & Bibliography of Ayn Rand's Life & Works Праверана 2010-01-20 г.
  7. ^ [http: //www.itogi.ru/archive/2000/41/115274.html Алиса из страны чудес]
  8. ^ Сторр У. Селфи. Почему мы зациклены на себе и как это на нас влияет — М.: Individuum, 2019. — 408 С.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]