Акрэдытыў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Акрэдытыў (па-лацінску: accre-ditivus — даверчы):

  1. Дакумэнт, які сьведчыць правы асобы, на імя якой ён выдадзены, атрымаць у крэдытнай установе пазначаную ў акрэдытыве суму. Аплата акрэдытыву зьдзяйсьняецца крэдытнаю ўстановаю ў месцы прад’яўленьня яго за кошт грашовай сумы, унесенай у ашчадную касу або зьнятай з рахунку ягонага ўласьніка, або паводле дамовы між банкамі;
  2. Форма разьлікаў і від банкаўскага рахунку, паводле якога зьдзяйсьняюцца безгатоўкавыя разьлікі. Прымяняецца ў міжнародных разьліках у камэрцыйных апэрацыях, а таксама між юрыдычнымі асобамі-рэзыдэнтамі, калі такая форма прадугледжаная дамовай між пастаўцом ды замоўцам (пакупніком). Акрэдытыў адкрываецца на даручэньне платніка ў банку, які абслугоўвае пастаўца, на падставе заявы пэўнай формы. Крыніцаю адкрыцьця акрэдытыву могуць быць як унесеныя сродкі пакупніка, так і крэдыты банку. Падставаю выплаты па акрэдытыве ёсьць нададзеныя пастаўцом рэестры рахункаў ды транспартных дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць адгрузку грузу. Выплата сродкаў можа быць абумоўленая папярэднім акцэптам. Кожны акрэдытыў прызначаны для разьлікаў толькі з адным пастаўцом.

Віды акрэдытываў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Авізаваны — акрэдытыў, па якім банк-эмітэнт зьвяртаецца з даручэньнем да іншага банку, каб паведаміць бэнэфіцыяра пра адкрыцьцё акрэдытыва без абавязкаў з боку авізуючага банку.

Проста авізаваны — акрэдытыў, які банк-эмітэнт накіроўвае безпасярэдне бэнэфіцыяру. Такая форма авізаваньня мае пеўныя нязручнасьці: не дае магчымасьці кантраляваць праўдзівасьць акрэдытыва і ўскладняе працэс высьвятленьня плацежаздольнасьці банку-эмітэнта.

Безадклікальны акрэдытыў — форма акрэдытыву, які ня можа быць ануляваны або зьменены банкам да надыходу тэрміну бяз згоды на гэта экспартэра, на карысьць якога ён адкрыты. Ёсьць абавязнасьцю банку, які яго адкрыў, але не стварае адпаведнасьці гэтага банку.

Грашовы — выдаецца банкам свайму кліенту на права атрыманьня поўнай пазначанай у ім суме або асобнымі часткамі ў іншых банках цягам вызначанага часу.

Акрэдытыў з папярэднім авіза — акрэдытыў, за якім банк-эмітэнт зьвяртаецца з даручэньнем да іншага банку (авізуючага), каб папярэдне паведаміць бэнэфіцыяра пра адкрыцьцё акрэдытыва безь якога-кольвек абавязаньня авізуючага банку ці банку-эмітэнта.

Кампэнсацыйны — форма разьлікаў за экспартна-імпартныя апэрацыі, калі выкарыстоўваюцца два акрэдытывы. Першы (асноўны) акрэдытыў на даручэньне іншаземнага пакупніка ягоны банк выстаўляе бэнэфіцыяру-пасярэдніку. Другі — на даручэньне бэнэфіцыяра-пасярэдніка ягоны банк выстаўляе бэнэфіцыяру-пастаўцу тавараў.

Непадзельны — акрэдытыў, якім прадугледжаная аплата сумы паставак тавараў (збольшага экспартных) толькі пасьля завяршэньня пастаўкі ў поўным аб’ёме, прадугледжаным угодаю (кантрактам).

Непакрыты — акрэдытыў, аплату па якім у выпадку часовай адсутнасьці ў платніка сродкаў гарантуе банк-эмітэнт шляхам наданьня банкаўскага крэдыту.

Пераказны — акрэдытыў, які можа быць перададзены для якіх-кольвек разьлікаў іншай асобе (іншаму ўласьніку).

Пакрыты — акрэдытыў, па якім банк перадае ўласныя сродкі платніка, якія знаходзяцца на ягоным рахунку, або нададзены яму крэдыт у распаряджэньне банку-пастаўца.

Абнаўляльны — акрэдытыў, які прызначаецца для шматлікіх пачарговых плацяжоў пры рэгулярных аплатах тавараў стабільнаму ўдзельніку гандлёвай угоды — пастаўцу тавараў, які зьдзяйсьняе пастаўкі тавараў з інтэрвалам, у пэўныя прамежкі часу.

Рэвальвэрны — акрэдытыў, адпаведна якому аплата за адгружаныя тавары праводзіцца пачаргова па факце адгрузкі (аплачваецца толькі пэўная частка партыі рэальна адгружанага тавару ад агульнай сумы паставак, прадугледжаных кантрактам).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]