Алесь Сянкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алесь Сянкевіч
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Аляксандар Антонавіч Сянкевіч
Нарадзіўся 20 студзеня 1884
вёска Мікалаеўшчына, Стаўпецкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 29 чэрвеня 1938
урочышча Курапаты, Менск, БССР, СССР
Бацькі Антось Сянкевіч
Жонка Ганна Трызна
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці публіцыст, лекар, грамадзкі дзяяч
Гады творчасьці 1905—1938
Мова беларуская
Дэбют «Успаміны з рэвалюцыі 1905—1906 гг.» // часопіс Полымя, № З, 1923

Але́сь Сянке́віч (20 студзеня 1884, Мікалаеўшчына — 29 чэрвеня 1938, Курапаты) — беларускі лекар, публіцыст, грамадзкі дзяяч, наркам аховы здароўя БССР (1921—1923). Адзін з арганізатараў і ўдзельнікаў Зьезду настаўнікаў Менскай губэрні.

Кіраўнік Інстытуту літаратуры і мастацтва пры Акадэміі навук (1931—1932). Грамадзка-публітычны публіцыст, больш за ўсё вядомы крытыкай у адрас шэрагу дзяячоў беларускай культуры, падазраваных у справе «Саюза вызваленьня Беларусі». Дацэнт, член ЦК КП(б)Б (1927—1932), ЦВК БССР (1927—1931).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і сялянаў. Па нацыянальнасьці — беларус[1]. Навучаўся ў Мікалаеўшчынскім народным вучылішчы пры Мікалаеўскай царкве. У 1902 годзе з адзнакай скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю, у якой вучыўся разам зь Якубам Коласам. Пасьля працаваў настаўнікам у школе ў Старых Дарогах, але нядоўга — неўзабаве вярнуўся настаўнічаць у родную вёску. Пасьля Зьезду настаўнікаў Менскай губэрні, каб пазьбегнуць арышту, эміграваў у ЗША.

Працаваў у будаўніцтве, на лесаапрацоўчай і мэталюргічнай прамысловасьці, займаўся здабычай вустрыцаў. Прымаў удзел у рабочым руху ЗША: у 1908 годзе — член Амэрыканскай сацыялістычнай партыі, у 1913 годзе перайшоў у арганізацыю «Індустрыяльныя рабочыя свету». Акрамя таго, пісаў артыкулы ў амэрыканскія газэты. Скончыў мэдычны факультэт Мерылэндзкага ўнівэрсытэту ў Балтымары ў 1913 годзе, займаўся мэдычнай практыкай у Балтымары, Філадэлфіі і на Алясцы. Пасьля Рэвлюцыі 1917 году вырашыў вярнуцца на радзіму.[2]

Свае ўражаньні ад жыцьця ў Злучаных Штатах Амэрыкі выклаў у аповесьці «Вандраваньне Васіля», выдадзенай у Менску ў 1932 годзе[3].

Вярнуўся з эміграцыі на Далёкі Ўсход (лета 1917), член Прыморскай земскай управы. Арганізаваў мед. службу савецкіх узброеных сіл на Далёкім Усходзе. Член выканкама і кіраўнік аховы здароўя савецкага Прымор'я (чэрвень 1919), начальнік медычнай службы Далёкаўсходняга савецкага партызанскага палка (канец 1919). Пэўны час узначальваў ваенна-рэвалюцыйную сьледчую камісію. Пазьней займаў шэраг савецкіх і прафсаюзных пасадаў.

Аўтар шэрагу артыкулаў і брашураў па нацыянальным пытаньні (1920-я), публіцыст.

3ь 1921 году — наркам аховы здароўя БССР. 3ь 1923 году на партыйнай рабоце ў Менску, Барысаве і Віцебску. У 1924—1926 гг. загадчык беларускага сэктару Камуністычнага ўнівэрсітэту нацыянальных меншасьцяў Захаду ў Маскве. 3ь 1926 г. дацэнт БДУ, з 1928 — рэктар Камуністычнага ўнівэрсытэту Беларусі імя Леніна, адначасова загадчык аддзелаў друку, культуры і прапаганды ЦК КП(б) Беларусі. У 1931—1932 гг. працаваў у Інстытуце літаратуры і мастацтва Беларускай Акадэміі Навук. 3ь 1932 году дырэктар Інстытуту гігіены і санітарыі Наркамата аховы здароўя РСФСР, зь 1933 году загадчык сэктара Міжнароднай ленінскай школы, з 1935 — ва Ўсесаюзным радыёкамітэце.

Член ЦК КП(б)Б у 1927—1932 гг., кандыдат у члены Бюро з 1928 году, член Бюро ЦК КП(б)Б у 1930—1931 гг. Кандыдат у члены ў 1922—1924 гг., член ЦВК БССР у 1921—1922, 1927—1931.

Пасьля 1930 году ў палітычнай няласцы, высланы зь Беларусі. Арыштаваны 10 студзеня 1938, у чэрвені Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да вышэйшай меры пакараньня. Расстраляны 29 чэрвеня 1938 у Курапатах. Рэабілітаваны 6 кастрычніка 1956.

Публіцыстычная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Друкаваў артыкулы зь 1920-х гадоў. У часопісе «Маладняк» апублікаваў артыкул «Фізычнае выхаваньне на вёсцы», такім чынам адным зь першых удзяліў увагу праблемам фізычнай культуры ў Беларусі.

У 1931 годзе надрукаваў артыкул «За ленінскую лінію ў нацыянальнай палітыцы», у якім крытыкаваў шматлікіх прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Напрыклад, некаторыя вершы свайго даўняга сябра Якуба Коласа ён назваў прасякнутымі атрутай нянавісьці да саветаў, да пралетарскай культуры. Адмоўна адгукнуўся аб Паўстаньні 1863-1864 гадоў, назваўшы Кастуся Каліноўскага прадстаўніком польскай рэвалюцыі, а паўстаньне — польскім[4].

Вобраз у мастацтве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Алесь Сянкевіч быў неаднаразова ўзгаданы ў літаратурных творах: Якубам Коласам як Алесь Садовіч у трылёгіі «На ростанях» і як правобраз Бас-Грэнкі ў п’есе «Забастоўшчыкі», Аляксандрам Фадзеевым як доктар Сташынскі ў рамане «Разгром».

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Імем Алеся Сянкевіча названы вуліцы ў Мікалаеўшчыне і Стоўбцах.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Успаміны з рэвалюцыі 1905—1906 гг. // Полымя. 1923. № З;
  • Аграрны рух на Меншчыне ў 1905—1906 гг. // Наш край. 1925. № 1;
  • Класавая барацьба ў беларускай літаратуры // Бальшавік Беларусі. 1930. № 8/9;
  • За ленінскую лінію ў нацыянальнай палітыцы. Мн., 1931;
  • Вандраваньне Васіля. Мн., 1932.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ БД "Жертвы политического террора в СССР"; Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессиий. Минск.1992(недаступная спасылка)
  2. ^ Сяргей Галоўка. Скрыжалі лёсу Алеся Сянкевіча. Беларуская думка, №3 2018
  3. ^ Алесь Сянкевіч. Вандраваньне Васіля. Мн., 1932.
  4. ^ Алесь Сянкевіч. За ленінскую лінію ў нацыянальнай палітыцы. Мн., 1931

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Камароўскі А. Хроніка аднаго жыцця // Полымя. 1973. № 4
  • Кісялёў У. І Прататып у класічных творах // С.12—13.