Альжбета Пузына (Агінская)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Альжбета Агінская
Альжбета Пузына з Агінскіх
Альжбета Пузына з Агінскіх

Герб «Агінскі»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 1700
Памерла 1767
Род Агінскія
Бацькі Рыгор Антоні Агінскі
Тэафілія з Чартарыйскіх
Муж Антоні Міхал Пузына
Дзеці 3 дачкі

Альжбета Магдалена Пузына (у дзявоцтве Агінская; 1700—1767, Лучай) — грамадзкая дзяячка Вялікага Княства Літоўскага, мэцэнатка.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пахожаньне і радавод[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўніца старэйшай княскай лініі роду Агінскіх гербу ўласнага, дачка Рыгора Антонія, гетмана польнага літоўскага, і Тэафіліі з Чартарыйскіх.

Пабралася шлюбам з Антоніем Пузынай, сынам Андрэя, кашталяна менскага, і Эўфрасіньні з Храстоўскіх. Мела зь ім 3 дачкі.

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Атрымала добрую адукацыю. У сваім Лучайскім маёнтку арганізавала астранамічныя назіраньні для вызначэньня геаграфічнага становішча.

Заснавала астранамічную абсэрваторыю ў Вільні і падтрымлівала яе матэрыяльна. У 1755 року на гэтыя мэты ахвяравала значныя сумы, а ў 1766 року ўклала сродкі, адсоткі зь якіх у памеры 6000 злотых шторок пералічваліся на патрэбы Віленскай акадэміі. Апроч таго, ахвяравала 3000 злотых наяўнымі. Каб атрымаць гэтыя сумы, прадала свае маёнткі ў Сандамірскім ваяводзтве. Ахвяраваныя грошы пайшлі на закупку астранамічных прыладаў у Ангельшчыне[1].

У 1766 року заснавала пры касьцёле ў Лучаі дом для місіі езуітаў. Апроч таго, адпісала місіі значную суму грошай і перадала манахам два пляцы для будовы дома і новага касьцёла ў гонар Сьв. Тадэвуша Апостала.

Генэрал ордэна езуітаў В. Рычы ў гонар шчодрай фундатаркі ўвёў адмысловыя малітвы ва ўсім ордэне.

Існуе шэраг партрэтаў Альжбеты Пузыны: адзін зь іх захоўваўся ў Лучайскім касьцёле, але да нашага часу яго перавезьлі ў Віцебскі мастацкі музэй (1992). Яшчэ два партрэты вядомай мэцэнаткі захоўваліся ў Віленскай абсэрваторыі: у маладым і сталым веку (абодва цяпер у Летувіскім мастацкім музэі); а над галоўным уваходам зьмяшчаўся барэльеф зь ейным партрэтам і манаграмай. Апроч таго, у аддзеле гравюраў музэю старажытнасьцяў у Вільні меўся партрэт А. Пузыны з лацінскім надпісам, у якім выказвалася ўдзячнасьць езуіцкага калегіюму.

Знакаміты паэт Адам Міцкевіч ўвасобіў А. Пузыну ў сваёй паэме «Пан Тадэвуш». Адзін з герояў твору — пан Падкаморы — наступным чынам распавядаў пра часы свайго навучаньня ў Віленскай езуіцкай акадэміі:

...Я сам у курсе
Астранамічных ведаў быў у бурсе
Галоўнай школы ў Вільні. Там за сродкі
Пузынінай, багатай патрыёткі,
Мы мелі тэлескоп (усе выдаткі
Былі збалянсаваны за падаткі
З двухсот двароў халопскіх — з рук у рукі),
Падтрымлівала пані храм навукі.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Павел Чудук. Паставы на мяжы вякоў(недаступная спасылка) // «Туризм и Отдых» №41, 2006.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Альжбета Пузына (Агінская)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў