Аляксандар Тарасевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Тарасевіч
Дата нараджэньня 1650?
Месца нараджэньня Глуск, Беларусь
Дата сьмерці 1727
Месца сьмерці Кіеў, Украіна
Адукацыя Аўгсбург
Занятак гравюра
Навуковая сфэра графіка[d][1] і медзярыт[d][1]

Аляксандар Тарасевіч (у чарнецтве — Антоні; аўтогр. Alexander Tarasowicz; па-ўкраінску: Олександр Тарасевич; каля 1650 году, Глуск — паміж 12.06 і 15.08 1727 году, Кіеў) — беларускі, летувіскі і ўкраінскі графік; працаваў у тэхніцы медзярыту (афорту).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мяркуецца, што будучы гравёр нарадзіўся ў Глуску (зараз у Магілёўскай вобласьці). Падставай служыць факт, што мастак у раньні пэрыяд творчасьці там працаваў, аб чым сьведчаць надпісы на гравюрах. Верагодна, брат Лявонція Тарасевіча.

Месцам атрыманьня мастацкай адукацыі дасьледчыкі лічаць нямецкі Аўгсбург, дзе вучыўся ў гравёраў Кіліянаў. Аб гэтым яшчэ ў 1858 выказаў меркаваньне нямецкі мастацтвазнаўца Г. Наглер, адзначаючы падабенства графічнай манеры Тарасевіча да школы Кіліянаў, акрамя таго, у асабістай бібліятэцы майстра было шмат аўгсбурскіх выданьняў.[2]

Раньні пэрыяд творчасьці гравёра праходзіў у Глуску, што вынікае з подпісу майстра на тытуле кнігі «Rosarium et Officium B. Mariae Virginis…» («Малітвы і службы Маці Боскай Марыі…»): «Alexander Tarasowicz scuipsit anno 1672 w Hlusku» («Аляксандар Тарасовіч гравіраваў году 1672 у Глуску»).[2] У 1680-я гады мастак пераехаў з Глуска ў Вільню, дзе супрацоўнічаў у друкарні Віленскай езуіцкай акадэміі.[3]

Каля 1688 г. Тарасевіч пакідае Беларусь і пераяжджае ў Кіеў, які толькі што адышоў да Маскоўскай дзяржавы. У Кіева-Пячэрскай лаўры ён прыняў чарнецтва і ўзяў новае імя Антоній. Ва Ўкраіне ён стаў пачынальнікам школы медзярыту, але ўласных гравюр стварыў усяго некалькі: партрэты палітычнага дзеяча Васілія Галіцына (1690), Мялеція Анціахійскага (1693), чарнігаўскага архіяпіскапа Лазара Барановіча (1693). З 1705 году Антоній вядомы як намесьнік Сьвенскага манастыра (каля Бранска).

Закончыў А.Тарасевіч свой жыцьцевы шлях ігуменам Кіева-Пячэрскай лаўры. Пасьля яго сьмерці ва ўласнасьць Кіева-Пячэрскай лаўры перайшла бібліятэка, якую, відавочна, мастак прывёз з сабою ў Кіеў зь Беларусі (рэестр бібліятэкі быў апублікаваны ў 1901).

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дабравешчаньне. (з кнігі Rosarium...), 1672-1677 гг.

Найбольш раньнімі зь вядомых твораў А. Тарасевіча зьяўляюцца 40 медзярытаў да кнігі «Rosarium…», якія былі створаны, відаць, у Глуску. Над гэтым цыклам мастак працаваў, верагодна з 1672 да 1677. Кніга выдавалася двойчы — у Аўгсбургу і Вільні. 40 ілюстрацыяў дзеляцца на дзьве групы: каляндарны цыкл (12 медзярытаў, 6,3 х 9,7 см) і гравюры на эвангельскія сюжэты (27 медзярытаў, памеры ў большасьці — 16 х 13 см), якія па зьместу, стылю і манеры выкананьня між сабой адрозьніваюцца. Калі каляндарны цыкл блізкі да прац П. Брэйгеля і выўначаецца асабістымі назіраньнямі народнага жыцьця, то ў ілюстрацыях на эвангельскі сюжэт адчуваецца веданьне рэнэсанснага і сучаснага мастаку заходнеэўрапейскага жывапісу і графікі.[2]

Кампазыцыя тытульнага ліста заснавана на матыве брамы. Але тут дамінуюць не архітэктурныя формы, а выяўленыя фігуры Маці Боскай, апосталаў, сьвятых, асобных біблейскіх пэрсанажаў і істот. Нягледзячы на даволі значную іх колькасьць, аркуш не выглядае перагружаным. Мастак дасягнуў гарманічнага суаднясеньня плянаў і прапорцый формаў. Па краях брамы паказаны апосталы: зьлева (зьверху ўніз) — Матвей, Пётар, Лука, справа — Марк, Павал, Ян Эвангеліст. У іх руках ці побач выяўлены кананічныя для гэтых асобаў прадметы і істоты — анёл, леў, цялец, ключы, меч. У самым версе тытульнага ліста ў авальным картушы прадстае Сьвяты Казімер. Цэнтральную частку аркуша займае фігура Маці Боскай, паказаная ў промнях зьзяньня мандорлы, ля яе ног — укленчаныя сьвятыя Францыск і Дамінік.[4]

Пакланеньне вешчуноў (з кнігі «Rosarium…»), 1672-77

Біблейскія сюжэты трактуюцца ў адпаведнасьці з ужо прынятымі кананічнымі схемамі. Разам з тым мастак імкнецца да ўласнай трактоўкі сюжэтаў, вобразаў, бачаньня падзей, напаўняе іх калярытнымі дэталямі. Выразныя ракурсы, дынамічнасьць, багатыя і разнастайныя плястычныя рашэньні ў ласьцівы гэтым кампазыцыям.

Усе выявы невялікія па памерах. Адсюль амаль ювелірная прапрацоўка формаў штрыхом пры захаваньні яснасьці ў суаднясеньні плянаў. Напрыклад, у сцэне «Пакланеньне вешчуноў» мастак падкрэсьлена супастаўляе, манумэнтальныя, урачыстыя вобразы вешчуноў і пазбаўленыя параднасьці фігуры Маці Божай і Сьвятога Ёсіфа. Перад гледачом паўстаюць звычайныя людзі, якія крыху ўстрымана ўспрымаюць падзею, адносяцца да яе як да неабходнасьці. Асабліва ўражвае вобраз Сьвятога Ёсіфа — адкрыты твар, адведзеная ў бок рука, у якой ён трымае зьняты капялюш, крыху нахілены рух фігуры, у якім нібыта прасочваецца жаданьне разгледзець усю падзею. Гэта сьвет простых людзей зь іх паўсядзённым жыцьцём і немудрагелістымі пачуцьцямі.[4]

Кастрычнік (з кнігі «Rosarium…»), 1672-77

Другую частку складаюць каляндарныя выявы: 12 невялікіх па памеры кампазыцый, у кожнай зь якіх паказаны месяцы году ў адпаведнасьці з традыцыйнымі сялянскімі работамі. Практычна ўсе гравюры заснаваны на выкарыстаньні ілюстрацыяў заходнеэўрапейскіх выданьняў. Гэта пацьвярджаюць, напрыклад, характэрныя паўднёванямецкія пэйзажы, выгляд тутэйшых утульных гарадкоў, адметнасьць некаторых сэзонных работ. Нягледзячы на гэта, у многіх выяўленых сцэнах, у абліччы іх удзельнікаў заўважаюцца трапныя мясцовыя назіраньні, блізкія да беларускага быту: напрыклад, у кампазыцыях «Чэрвень», дзе сяляне стрыгуць авечак і мыюць воўну, «Кастрычнік», дзе паказаны земляробчыя работы, «Лістапад» са сцэнай нарыхтоўкі дроў. У кожную сцэну мастак уключае сымбалічныя выявы сузор’яў, адпаведныя месяцам, суправаджае іх подпісамі.[4]

Верагодна, ілюстрацыі да «Rosarium…» прынесьлі мастаку шырокую вядомасьць, паколькі кнігі зь яго малюнкамі неўзабаве выходзяць у Вільні, Кракаве, Слуцку, Замосьці. Акрамя кніжнай ілюстрацыі А. Тарасевіч шмат працаваў у партрэтным жанры. Вядома, што мэцэнатам мастака выступаў маршалак Аляксандар-Гіляры Палубінскі, для якога А. Тарасевіч у 1675 у Глуску выканаў медзярыт «Радаслоўнае дрэва…».[2]

У друкарні Віленскай акадэміі зафіксавана пяць выданьняў зь яго гравюрамі. Вылучаюцца тытульныя лісты да выданьняў «Тры філязофіі…» (1675), «Рацыянальная філязофія…» (1683) і інш. Кніга «Скарбніца сьвятога жыцьця…» (1682) утрымлівая 42 медзярыты з адлюстраваньнем касьцёльнай службы — другі па колькасьці цыкл медзярытаў Тарасевіча пасьля кнігі «Rosarium…».[2]

А. Тарасевіч супрацоўнічаў таксама са слуцкай друкарняй. Для аднаго зь яе выданьняў у 1685 ён выканаў медзярытны партрэт менскага харунжага Казімера Клакоцкага.[2]

Лічыцца, што А. Тарасевіч стварыў на Беларусі і Літве асобную школу гравюры. Аднак мастак не пакінуў пасьля сябе непасрэдных пераймальнікаў. Як і дрэварыты Ф. Скарыны, яго працы для пасьлядоўнікаў засталіся недасягальныя[2].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Tarasevyč, Oleksandr // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ а б в г д е ё В. Шматаў (1984)
  3. ^ Б. Лазука (2007)
  4. ^ а б в Б. Лазука

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Лазука Б. Гісторыя беларускага мастацтва (у двух тамах). Том 1 — Мн.: Беларусь, 2007.
  • Шматаў В. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стагоддзяў — Мн.: Навука і тэхніка, 1984.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аляксандар Тарасевічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў