Аляксандар Церахаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Церахаў
5-ы міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь
17 лістапада 2014 — 3 чэрвеня 2020
Прэзыдэнт: Аляксандар Лукашэнка
Прэм’ер-міністар: Міхаіл Мясьніковіч, Андрэй Кабякоў, Сяргей Румас
Папярэднік: Андрэй Шорац
Наступнік: Андрэй Хмель
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 1978(1978)
Гомель, Беларуская ССР, СССР
Адукацыя: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту (Гомель, 2004), Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь (2011)

Алякса́ндар Алякса́ндравіч Цéрахаў (нар. 1978, Гомель, цяпер Беларусь) — дзяржаўны дзяяч Рэспублікі Беларусь.

Пяты міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь (2014—2020).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1999—2006 гадах працаваў у ААТ «Будаўніча-мантажны трэст № 27» у Гомелі. У 1997 годзе скончыў Гомельскі дарожна-будаўнічы тэхнікум. У 2004 годзе — Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту ў Гомелі. З 2006 па 2011 год працаваў на пасадах намесьніка начальніка, 1-га намесьніка і начальніка кіраўніцтва жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Гомельскага аблвыканкаму. У 2011 годзе скончыў Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. У 2011—2014 гадах — 1-ы намесьнік міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь[1].

15 лістапада 2011 году 1-ы намесьнік міністра ЖКГ Беларусі Аляксандар Церахаў выдаў тлумачальны ліст «Аб прымяненьні Пастановы Савета міністраў Беларусі ад 28 верасьня 2011 г. № 1300». Паводле Пастановы, з 1 кастрычніка 2011 году за водазабесьпячэньне і водаадвядзеньне звыш 140 літраў за содні на жыхара ўвялі расцэнкі, што цалкам пакрывалі выдаткі на іх аказаньне. У лісьце Церахаў патлумачыў, што пры заніжэньні паказьнікаў спажываньня вады спажывец аплаціць розьніцу між заяўленым абсягам вады і выяўленым пры праверцы абсягам па расцэнцы, што цалкам пакрывае выдаткі на аказаньне паслугі[2]. 31 траўня 2013 году на паседжаньні Нацыянальнага сходу Беларусі Церахаў паведаміў пра падрыхтоўку ўказу пра перавод непрыватызаванага жытла ў камэрцыйнае праз год. Ён дадаў: «З моманту прыняцьця ўказу на працягу году плянуецца прадугледзець магчымасьць прыватызацыі гэтага жыльлёвага фонду. … Плата за карыстаньне дзяржаўным жыльлёвым фондам, у якім чалавек пражываў, пры пераходзе ў камэрцыйны будзе зьменшаная. Адпаведныя паўнамоцтвы дадзеныя мясцовым органам улады. Як мяркуем, гэта будзе да 0,1». Таксама Церахаў згадаў, што прадугледжаны і перавод жытла ў грамадзкі фонд безь зьбіраньня платы за карыстаньне[3]. 26 лютага 2014 году Аляксандар Церахаў прапанаваў зьнізіць нарматыўны лік абслуговага пэрсаналу воднай гаспадаркі на 33% з дапамогай аўтаматызацыі для зьніжэньня сабекошту кубамэтру вады на 114 рублёў (1,1 цэнту). Ён прывёў прыклад іншых краінаў, дзе штат супрацоўнікаў вызначаецца суадносінамі іх ліку на 1000 асабовых рахункаў для апярэджваньня росту выніковасьці працы над ростам заробка. Церахаў таксама прапанаваў зьменшыць расцэнкі на электраэнэргію для водных гаспадарак да ўзроўню расцэнак для насельніцтва, каб панізіць сабекошт вады яшчэ на 50 рублёў (0,5 цэнту) за кубамэтар. Для зьніжэньня сабекошту яшчэ на 380 рублёў (3,7 цэнту) ён прапанаваў скасаваць амартызацыйныя адлічэньні на бюджэтную нерухомасьць. Каб панізіць цэньнік вады на 120 рублёў (1,2 цэнту), Церахаў прапанаваў зьнізіць на 50% стаўкі падаткаў на здабычу і нерухомасьць, зямельнага і экалягічнага падаткаў пры аказаньні паслуг водазабесьпячэньня і водаадвядзеньня насельніцтву. Урэшце ён выступіў за ўвядзеньне тэрмінам на год нарматыву стратаў вады ў памеры 15%, што пры памяншэньні з тагачаснага 21% давала яшчэ 54 рублі (0,53 цэнту) зьніжэньня сабекошту кубічнага мэтру вады. Прапанаваныя захады мелі павысіць пакрыцьцё насельніцтвам выдаткаў на ваду з 20% да 24% і зьнізіць яе сабекошт на 15%, што скараціла б субсыдыяваньне. Сярэдні па Беларусі сабекошт кубамэтру вады пры водазабесьпячэньні складаў 5017 рублёў ($0,49), а пры водаадвядзеньні сьцёкаў — 3984 рублі ($0,39). Штодня 136 вадаправодных установаў Міністэрства ЖКГ адпускалі 1,5 млн кубамэтраў вады, зь якіх 1 млн кубамэтраў — насельніцтву[4]. 3 красавіка 2014 году Церахаў паведаміў пра рашэньне выкарыстоўваць адваротны бок рахункаў-паведамленьняў для разьмяшчэньня зьвестак пра цэнаўтварэньне жыльлёвых паслуг. Таксама ён прапанаваў стварыць адзіны нумар он-лайн-кансультаваньня па Беларусі, бо ў 2013 годзе лік зваротаў у цэнтральны апарат Міністэрства ЖКГ вырас на 6,5% да 3718. Пагатоў лік зваротаў па прыватызаваньні жытла вырас 4-кратна. Церахаў адзначыў, што «грамадзяне выказваюць нязгоду з разьлікам кошту займаных жылых памяшканьняў»[5].

Міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

17 лістапада 2014 году А. Лукашэнка прызначыў Аляксандра Церахава 5-м міністрам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь[6]. 28 студзеня 2015 году Церахаў паведаміў, што за 2014 год адрамантавалі і ўцяплілі 1,692 млн кв.мэтраў плошчы жылых дамоў. Пагатоў у Менску ня выканалі заданьне па плошчы праз высокі кошт капітальнага рамонту 1 кв.м, бо ў яго склад улучылі замену вокнаў, упарадкаваньне падвалаў і прылеглых пляцовак. Церахаў падкрэсьліў, што зьнешні выгляд меў перавагу пры рамонце, і адзначыў: «Згаданыя працы прывялі да падаражэньня кошту капрамонту на некаторых аб’ектах да 60%». З улікам гэтага Церахаў падпісаў Загад Міністэрства ЖКГ аб усталяваньні гранічнай нормы выдаткаў на 1 кв.мэтар кватэры ў памеры да 1,5 млн рублёў ($92). На 2015 год прадугледзілі 3,2 млрд рублёў ($196,9 тыс.) для рамонту 2,2 млн кв.мэтраў жытла[7]. Міністар Церахаў заявіў: «Год таму мы дамовіліся аб укараненьні станоўчага досьведу тэхнічнага абслугоўваньня так званымі хаўс-майстрамі. Пярэчаньняў не было. У адпаведнасьці з даручэньнем неабходна было забясьпечыць ажыцьцяўленьне тэхнічнага абслугоўваньня гэтымі спэцыялістамі ў горадзе Менску ня менш як 80% жылфонду, у абласных цэнтрах — ня менш за 50%. Да выкананьня гэтай задачы адказна падышлі толькі ў Менску і Гомелі». Таму ён паведаміў, што з 1 красавіка ўводзіцца тэхкарта абслугоўваньня жытла выключна комлекснымі майстрамі. Таксама ён паведаміў пра ўвядзеньне адзінай плянава-разьліковай цаны абслугоўваньня жытла на ўзроўні ўтворанай у 2014 годзе[8]. Урэшце Церахаў паведаміў пра намер укараніць у 1-м квартале 2015 году прафэсійную праверку супрацоўнікаў жыльлёвых гаспадарак[9]. 20 лютага 2015 году міністар Церахаў заявіў аб пачатку досьледнага пераўтварэньня жыльлёвай гаспадаркі Партызанскага і Першамайскага раёнаў Менску: «З 1 сакавіка тарыф на тэхнічнае абслугоўваньне квадратнага мэтру як быў, так і застаецца на ўзроўні 947,1 рубля (5,8 цэнту). Але з-за структурнага пераўтварэньня мы разьлічваем, што сам кошт паслугі, які цяпер складае каля 2,8 тыс. рублёў (17,2 цэнту), павінен істотна зьнізіцца, у выніку чаго ўзровень кампэнсаваньня выдаткаў насельніцтвам павысіцца зь сёньняшніх 25—30% да 50—70%»[10]. 24 сьнежня 2015 году Церахаў паведаміў пра досьлед вылучэньня службаў выканаўцы і заказчыка ў Партызанскім і Першамайскім раёнах сталіцы: «Эфэкт заключаецца ў 300 рублях (1,9 цэнту) эканоміі выдаткаў на абслугоўваньне квадратнага мэтру жылплошчы. Калі перанесьці яго на ўвесь горад Менск і на ўсю краіну, то гэта калясальны рэзэрв»[11].

15 студзеня 2016 году міністар Церахаў паведаміў пра намер увесьці адказнасьць за непрыбраны сьнег вакола асабістага аўтамабіля: «Распрацаваны праект нарматыўна-прававога акту, які прадугледжвае кампэтэнцыю мясцовых органаў улады зацьвярджаць правілы добраўпарадкаваньня, у якіх будуць вызначаныя патрабаваньні да ўтрыманьня тэрыторыяў. Мы гаворым: тое, што сёньня людзі выйшлі і зрабілі добраахвотна, будзе абавязкам»[12]. 20 студзеня Церахаў заявіў: «З 1 студзеня 2015 году на нарматыўным узроўні быў зьменены парадак субсыдыяваньня арганізацыяў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі — усе паслугі субсыдуюцца не па фактычных выдатках, а па ўсталяваных нарматывах зыходзячы з плянава-разьліковых цэнаў. З пункту гледжаньня бюджэту такі падыход сябе апраўдаў. У 2015 годзе жыльлёва-камунальная гаспадарка зэканоміла 1,5 трлн рублёў» ($92,3 млн). Аднак міністар прызнаў: «вялікага эфэкту арганізацыі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ад гэтага не атрымалі. Ні адзін з аблвыканкамаў не прыняў захадаў па накіраваньні сродкаў на разьвіцьцё матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемстваў. Эканомія таксама не была накіраваная на капітальны рамонт фонду, замену ліфтаў, мадэрнізацыю кацельняў»[13]. 22 студзеня 2016 году міністар ЖКГ Церахаў заявіў, што за 2015 год выдаткі па галіне ўдалося зьнізіць на 10,7%. Асноўным чыньнікам ён назваў зьмяншэньне штату на 2,9% у колькасьці 4500 супрацоўнікаў ЖКГ за кошт перагляду нормаў іх ліку. Пагатоў доля кіраўніцтва зьнізілася з 9,2% да 8,4% ад агульнага ліку супрацоўнікаў. У выніку ашчадзілі звыш 500 млрд рублёў ($30,8 тыс.)[14]. 28 лютага ў этэры тэлеканала «АНТ» міністар Церахаў паведаміў, што з 1 сакавіка ў Менску запрацуе служба заказчыка, якая штодзень будзе прымаць акты выкананай працы, ацэньваць абсяг і якасьць працы камунальнікаў, а таксама правільнасьць збору аплаты з жыхароў. Жыльлёвае рамонтна-эксплюатацыйнае аб’яднаньне (ЖРЭА) мела праводзіць пераразьлік пры звароце службы заказчыка наконт няправільнай расцэнкі і завышанага абсягу аказанай паслугі. Адначасна ЖРЭА пераходзіла на тэхналягічныя карткі, што паказвалі ўсе аказаныя жыльлёвыя паслугі. Пасьля сталіцы служба заказчыка мела зьявіцца ў абласьцях Беларусі[15]. У перадачы «Галоўны этэр» на тэлеканале «Беларусь 1» Церахаў назваў 4 чыньнікі падаражэньня жыльлёва-камунальных паслуг (ЖКП) у студзені: рост расцэнак на ЖКП, вылучэньне асьвятленьня і прыбіраньня пад’езду з тэхнічнага абслугоўваньня, халаднейшасьць студзеня на 9 °C параўнальна са сьнежнем павысіла спажываньне цеплаэнэргіі, памылковае пераналічэньне паслуг[16]. 14 сакавіка 2016 году міністар Церахаў падаў А. Лукашэнку праект указу аб зьніжэньні расцэнак на «водазабесьпячэньне — на 41,5%, водаадвядзеньне — на 55,1%, тэхабслугоўваньне ліфта — фактычна на 30%», які той ухваліў[17]. Церахаў патлумачыў, што паніжаныя расцэнкі на ЖКП застануцца нязьменнымі да канца году. Таксама ён паведаміў пра распрацоўку пастановы аб безнаяўнай дапамозе па аплаце ЖКП для малазабясьпечаных, калі пры нарматыўным спажываньні выдаткі на ЖКП перавысяць 20% даходу ў горадзе і 15% — на вёсцы[18]. Урэшце міністар прызнаў, што за студзень расцэнкі на ЖКП выставілі няправільна, таму будзе праводзіцца пераразьлік[19]. 24 сакавіка 2016 году Аляксандар Церахаў паведаміў: «Міністэрства эканомікі дакладна падлічыла, колькі сёньня пакрываем кошту ЖКП мы, грамадзяне, па стандартнай двухпакаёвай кватэры. Узровень кампэнсаваньня цяпер складае крыху больш як 40%»[20]. Таксама міністар згадаў паніжэньне расцэнак у рамках Указу № 107 «Аб аплаце жыльлёва-камунальных паслуг, што аказваюцца насельніцтву»: на водазабесьпячэньне ў 1,7 разу (з 4765,9 рубля да 2790 рубля за кубамэтар), на водаадвядзеньне — больш як у 2,2 разу (з 4148,8 руб. да 1863 руб за кубамэтар)[21].

16 чэрвеня 2016 году Аляксандар Церахаў прадставіў у Палаце прадстаўнікоў Нацсходу Беларусі законапраект наконт пітнога водазабесьпячэньня. Ён патлумачыў увядзеньне панятка «ліміт водаспажываньня» заахвочваньнем абаротнага водазабесьпячэньня і спажываньня тэхнічнай вады. Умовы разьліку ліміту мелі вызначацца Саветам міністраў Беларусі, а сам ліміт меў зацьвярджацца мясцовымі ўладамі. Церахаў удакладніў: «У выпадку перавышэньня ўсталяванага ліміту плата за паслугу па водазабесьпячэньні зь юрыдычных асобаў будзе брацца ў павышаным памеры». Таксама ён прапанаваў перайсьці да адзінага далучэньня да водазабесьпячэньня, якое дагэтуль вызначалася правіламі карыстаньня, зацьверджанымі Загадам Міністэрства ЖКГ 1995 году: «каля 13% арганізацый, якія ажыцьцяўляюць водазабесьпячэньне ў краіне, цяпер не адносяцца да сыстэмы Мінжылкамгасу. Адпаведна, на такія арганізацыі агучаны парадак не распаўсюджваецца. Для вырашэньня гэтага пытаньня праектам закона Савет міністраў надзяляецца паўнамоцтвамі па вызначэньні адзіных падыходаў далучэньня да цэнтралізаваных сыстэмаў пітнога водазабесьпячэньня. Праект адпаведнай пастановы распрацаваны і праходзіць юрыдычную экспэртызу ў Савеце міністраў»[22]. 23 чэрвеня 2016 году Церахаў паведаміў, што ў 2015 годзе капітальны рамонт прайшло каля 2% жытла. Ён таксама згадаў, што з 1992 году прыватызавалі 1,5 млн кватэраў, у выніку чаго звыш 95% жытла знаходзіцца ў прыватнай уласнасьці. Церахаў адзначыў: «З выхадам указу № 563 вызначана, што з 1 ліпеня ўсе жылыя памяшканьні дзяржаўнага жыльлёвага фонду пераходзяць у арэнднае жыльлё. У сувязі з завяршэньнем прыватызацыі ўрадам быў распрацаваны плян мерапрыемстваў, якім прадугледжана апавяшчэньне ўсіх наймальнікаў дзяржаўных кватэраў, якія маюць права на прыватызацыю… У выпадку, калі прыватызацыя кватэры ня будзе завершаная, жыльлё пяройдзе ў разрад арэнднага, але за грамадзянамі пры гэтым захаваецца права карыстаньня гэтым жылым памяшканьнем»[23]. 29 ліпеня 2016 году міністар Церахаў паведаміў, што «вядуцца працы па разьвіцьці сыстэмы разьдзельнага збору адкідаў». У якасьці прычыны ён прывёў тое, што «адмова ад сьмецьцеправодаў і разьдзельны збор другасных рэсурсаў — гэта зьмяншэньне тарыфаў на вываз і ўтылізацыю адкідаў»[24]. 9 жніўня 2016 году прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў падпісаў Распараджэньне № 327р аб стварэньні міжведамаснай працоўнай групы для выпрацоўкі дадатковых захадаў адраснай сацыяльнай падтрымкі пры аплаце грамадзянамі ЖКП. Міністар ЖКГ Аляксандар Церахаў узначаліў гэтую працоўную групу[25]. У выніку з 1 кастрычніка 2016 году ўкаранілі безнаяўную жыльлёвую падтрымку[26].

21 чэрвеня 2017 году міністар ЖКГ Церахаў заявіў пра скіраваньне працы ЖКГ на зьніжэньне выдаткаў: «Самы галоўны кірунак, які мы бачым, — гэта дывэрсыфікацыя відаў паліва, пераход з прыроднага газу на выкарыстаньне мясцовых відаў паліва, у прыватнасьці дранкі. Менавіта гэтае паліва дазваляе ў аўтаматычным рэжыме ажыцьцяўляць цеплазабесьпячэньне — на кацельным абсталяваньні задзейнічаная мінімальная колькасьць працоўных»[27]. 26 ліпеня Церахаў згадаў, што «ў мінулым годзе прынятыя рашэньні як на ўзроўні ўраду, так і на ўзроўні райвыканкамаў, якія дазволілі зьнізіць выдаткі на 260 млн рублёў» ($130 млн)[28]. 17 жніўня 2017 году ў Савеце Рэспублікі Нацсходу Беларусі міністар Церахаў нагадаў пра выхад з 1 студзеня 2018 году на 100% пакрыцьця выдаткаў на ўсе жыльлёвыя паслугі, акрамя ацяпленьня, якое было найбольшым пунктам выдаткаў пры ўтрыманьні жытла[29]. 29 жніўня Церахаў даручыў скласьці праграму капітальнага рамонту жылых дамоў на 5 гадоў зь перавагай найменш бясьпечных[30]. У Савеце Рэспублікі міністар паведаміў пра намер выкарыстаць цьвёрдыя адкіды ў вытворчасьці энэргіі на сартавальных заводах у Горадні і Магілёве: «Ужо распрацаваны экспэрымэнтальны кацёл, і ў наступным годзе, напэўна, будзе збудаваная першая кацельня, якая запрацуе з выкарыстаньнем ЦКА (цьвёрдых камунальных адкідаў)». Церахаў заявіў, што Менску не абысьціся без заводу спальваньня сьмецьця празь перавышэньне нарматываў яго захаваньня на палігонах. Ён унёс прапанову аб стварэньні такога завода ў нацыянальную стратэгію па абыходжаньні з адкідамі. Таксама Церахаў паведаміў пра намер вярнуць закладны парадак, «калі тару з-пад напою здавалі ў краму, бо атрымлівалі за яе ўзнагароджаньне»[31]. 3 кастрычніка 2017 году Аляксандар Церахаў паведаміў, што на восеньскай сэсіі Нацыянальнага сходу Беларусі прадугледжваецца разгледзець праект новай рэдакцыі Жыльлёвага кодэксу, хоць ад часу прыняцьця папярэдняй рэдакцыі мінула толькі 5 гадоў. На карысьць новай рэдакцыі ён прывёў довад істотнага зьмяненьня відаў і будовы жытла, а таксама ўвядзеньне панятка арэнднага жытла[32]. 20 кастрычніка 2017 году міністар ЖКГ Церахаў паведаміў: «У 1990—2000 гадах галіна сапраўды прыняла аб’екты цеплазабесьпячэньня ад многіх прамысловых, сельскагаспадарчых, арганізацыяў сацыяльнай сфэры. Гэта працягвалася яшчэ і ў 2010—2015 гадах па Менскай вобласьці. Але гэта было правільнае рашэньне». Паводле яго словаў, укараненьне пааб’ектнага ўліку выдаткаў цеплазабесьпячэньня выявіла звыш 1400 цеплакрыніцаў з высокім сабекоштам выпрацоўкі цеплаэнэргіі". Пра далейшыя захады Церахаў адзначыў: «у 2017 годзе сабекошт цеплавой энэргіі складзе ў сярэднім … каля 100 рублёў ($47,3) за гігакалёрыю. Але мы бачым рэзэрвы, што яна можа каштаваць не вышэй за 80 рублёў ($37,8). … Павысіць эфэктыўнасьць цеплазабесьпячэньня плянуецца за кошт пераводу кацельняў на мясцовыя віды паліва, аптымізацыі схемаў цеплазабесьпячэньня, пераводу кацельняў у аўтаматычны рэжым»[33]. Аляксандар Церахаў таксама заявіў: «Прэм’ер-міністрам прынята прынцыповае рашэньне па вызваленьні прадпрыемстваў жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ад няпрофільных актываў у 2018 годзе». Ён дадаў, што «выдаткі будуць зьніжаныя і за кошт прыняцьця з 1 студзеня 2018 году такіх рашэньняў, як зьніжэньне тарыфаў на электрычную энэргію для арганізацыяў ЖКГ пры аказаньні паслуг насельніцтву, адмена павышальных каэфіцыентаў да падаткаў на зямлю і нерухомую маёмасьць». Церахаў таксама згадаў, што павышэньне расцэнак на цеплаэнэргію стрымлівае высокае спажываньне цяпла жытлом, пабудаваным да 1996 году. Наконт патрэбы замяніць прынамсі 10 000 ліфтаў у бліжэйшы час ён заявіў: «Прапрацавана пытаньне прыцягненьня сродкаў беларускіх банкаў зь мінімальнай працэнтнай стаўкай на працяглы тэрмін … Лічу, што мэтазгодна замену ліфтаў праводзіць праз фармаваньне дзяржзаказу з вызначэньнем аптымальнай цаны, падаўжэньнем гарантыйнага тэрміну ня менш як да 5 гадоў»[34]. 13 сьнежня 2017 году па 2-м Зьезьдзе навукоўцаў Беларусі Церахаў паведаміў, што з 1 студзеня 2018 году пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі мае запрацаваць Навукова-дасьледчы цэнтар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. У цэнтры мелі стварыць 6 аддзелаў, 4 зь якіх адразу: жыльлёвай гаспадаркі, інфарматызацыі ЖКГ, рэсурсаў і навукова-тэхнічнага разьвіцьця, эканомікі[35]. 27 сьнежня 2017 году міністар Церахаў прапанаваў укараніць тэлефонную службу 115 у абласьцях, бо ў ЖКГ адзначалася абыякавасьць да заяўнікаў[36].

9 лютага 2018 году Церахаў паведаміў пра выплачаную безнаяўную жыльлёвую дапамогу: «За 2017 год падтрымка нададзеная 14 950 дамашнім гаспадаркам на суму 744 тыс. рублёў» ($384,8 тыс.; у сярэднім $25,7 на гаспадарку). Каля 80% такіх хатніх гаспадарак атрымалі жыльлёвую падтрымку па выяўным прынцыпе. Міністар прапанаваў пашырыць пералік катэгорыяў грамадзянаў, якім мела аказвацца такая падтрымка[37]. Таксама Церахаў паведаміў, што за 2017 год выдаткі на жыльлёвыя паслугі скарацілі на 110 млн рублёў ($56,9 млн). Найбольш ашчадзілі ЖКГ Віцебскай вобласьці і сталіцы. Міністар падкрэсьліў, што жыльлёвыя гаспадаркі ашчадзілі «за кошт зьніжэньня спажываньня паліўна-энэргетычных рэсурсаў, зьмяншэньня стратаў цеплаэнэргіі вады». У сувязі са значным ростам пратэрмінаванай запазычанасьці за жыльлёвыя паслугі ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях Церахаў заявіў, што такое становішча «можа прывесьці ў выніку да таго, што ўласьнікі страцяць жыльлё». Ён адзначыў страту грошай на рамонце пад’ездаў, пры якім не мянялі асьвятляльнае электраабсталяваньне на сьвятлодыёднае. У выніку 75% пад’ездаў Віцебскай вобласьці асьвятлялі лямпамі напальваньня, у Магілёўскай — 65%, у Менскай — 60%[38]. Церахаў згадаў, што ў 2017 годзе адрамантавана 2,6 млн кв. мэтраў жытла. Пасьля станоўчага досьледу па капітальным рамонце жытла за месяц ён выказаў меркаваньне, што «танная будоўля — гэта хуткая будоўля», і заклікаў укараніць капрамонт за месяц у шырокую практыку. Міністар адзначыў, што пры капрамонце таксама варта ўсталёўваць пакватэрнае рэгуляваньне спажываньня цеплаэнэргіі, і заявіў: «Ніводнае заданьне на праектаваньне не павінна выконвацца без папярэдняга правядзеньня сходу з уласьнікамі. Вынікам усяго павінна быць заключаная дамова»[39]. Церахаў заўважыў, што звышнарматыўныя выдаткі на жыльлёвыя паслугі ўпалі з 4,5 млн рублёў у 2017 годзе да 3 млн рублёў у 2018-м. Ён зазначыў, што ў плянава-разьліковыя цэны ўклаліся жыльлёвыя гаспадаркі Берасьцейскай і Віцебскай вобласьцяў. У ЖКГ Гомельскай і Менскай вобласьцяў страты вырасьлі ў сувязі з адсутнасьцю адасобленых прадпрыемстваў для працы зь няпрофільнай маёмасьцю. У іншых 4 абласьцях і сталіцы выканкамы стварылі 11 такіх прадпрыемстваў на даручэньне ўраду Беларусі. Міністар зазначыў, што ў дэбіторскай запазычанасьці юрыдычных асобаў за жыльлёвыя паслугі знаходзілася каля $40 млн, і заклікаў да адключэньня даўжнікоў за яе. Пагатоў на прадпрыемствы прыпадала 3/4 пратэрмінаванай запазычанасьці, 43% якой — на сельскія гаспадаркі. Церахаў адзначыў зьмяншэньне запазычанасьці ўстановаў субсыдыяваньня жыльлёвых паслугаў насельніцтву з амаль 24 млн рублёў у 2017 годзе да 10 млн рублёў у 2018-м. У Віцебскай і Гомельскай абласьцях такія ўстановы разьлічыліся цалкам. Таксама ён заўважыў, што сабекошт ацяпленьня на ўведзеных у 2017 годзе кацельнях, дзе спальвалі драўняныя трэскі і торф, складаў 70—75 рублёў за гігакалёрыю. Агулам за год увялі 84 мэгават магутнасьці такіх кацельняў на мясцовых відах паліва (МВП), што складала 130% ад пляну. Пагатоў сабекошт цеплаэнэргіі па краіне быў 99,3 рубля за Гкал. Па прычыне неэфэктыўнай загружанасьці старых кацельняў заставалася 1191 цеплакрыніца з высокім сабекоштам выпрацаванай энэргіі. Урэшце Церахаў паведаміў, што леташнім Законам аб рэспубліканскім бюджэце ўсталявалі нарматывы забясьпечанасьці, прадугледжаныя на 5 кірункаў: замена ліфтаў, капітальны рамонт, замена вадаправодных сетак, мадэрнізацыя кацельняў, замена цепласетак. Нарматывы пазбавілі мясцовыя ўлады паўнамоцтваў памяншаць агульныя выдаткі на 5 названых кірункаў. Аднак толькі мясцовыя ўлады Віцебскай вобласьці і Менску выканалі тыя нарматывы. Міністар акрэсьліў: «З капрамонту выканкамамі зьнята 53 млн рублёў. А гэта нават па гранічным кошце больш за 300 тысяч кв.мэтраў уведзенага жыльля»[40].

22 красавіка 2018 году ў этэры тэлеканала «Беларусь 1» Аляксандар Церахаў прапанаваў «за няякасную паслугу чалавеку прадастаўляць зьніжку», каб заахвочваць жыльлёвыя гаспадаркі да павышэньня якасьці паслуг. Ён згадаў, што ў 2016 годзе сабекошт жыльлёвых паслуг зьнізілі на 260 млн рублёў[41]. Церахаў паведаміў пра распрацоўку пастановы, якая мела пашырыць кола атрымальнікаў безнаяўнай жыльлёвай падтрымкі на 3 катэгорыі грамадзянаў: «мамы, якія знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў, а таксама тыя, хто выхоўвае дзіця-інваліда і наглядае за састарэлымі грамадзянамі». Ён дадаў пра распрацоўку 3-гадовай праграмы замены звыш 10 000 ліфтаў і ўдакладніў: «абсталяваньне будзе пастаўляць „Магілёўліфтмаш“. Гэта будуць ліфты з павялічаным тэрмінам эксплюатацыі — да 30 гадоў»[42]. 17 траўня Церахаў прапанаваў акрэсьліць налічэньне жыльлёвых паслугаў па іх відах празь Сеціва, каб адмовіцца ад папяровых паведамленьняў[43]. 12 лістапада 2018 году ў Палаце прадстаўнікоў міністар Церахаў прадставіў зьмяненьні ў Закон «Аб мясцовым кіраваньні і самакіраваньні ў Рэспубліцы Беларусь». Ён адзначыў: «Праектам прадугледжана магчымасьць і паўнамоцтвы мясцовых органаў улады прыцягваць юрыдычных і фізычных асобаў, індывідуальных прадпрымальнікаў для добраўпарадкаваньня і падтрыманьня санітарнага парадку на тэрыторыях, якія прылягаюць да афіцыйна дадзеных ім участкаў зямлі. Фактычна ўдакладняецца гэта норма, якая была раней замацавана ў гэтым законе»[44]. 15 сьнежня 2018 году Церахаў паведаміў: «У краіне каля 10 тыс. таварыстваў уласьнікаў, выканкамам дадзена даручэньне фармаваць рэестар старшыняў» такіх таварыстваў[45].

1 лютага 2019 году міністар ЖКГ Церахаў паведаміў, што ў 2018 годзе безнаяўную жыльлёвую падтрымку атрамала звыш 30 000 сем’яў на суму звыш 1 млн рублёў. Пагатоў звыш 95% дапамогі вылучыліпа выяўным прынцыпе. Указам ад 7 чэрвеня 2018 году № 225 жыльлёвую дапамогу пашырылі на асобаў, якія даглядаюць дзяцей ва ўзросьце да 3 гадоў, дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў, інвалідаў 1-й групы і састарэлых людзей пасьля 80 гадоў, а таксама на беспрацоўных[46]. 3 лютага ў перадачы «Галоўны этэр» на тэлеканале «Беларусь 1» Церахаў адзначыў, што існая расцэнка на цеплаэнэргію пакрывала 20% яе сабекошту. Ён падкрэсьліў, што спальваньне драўняных трэсак паніжала кошт цяпла параўнальна з газам на 20%, таму ў наступныя 2 гады каля 100 кацельняў падлягалі пераводу на мясцовыя віды паліва. Таксама дзеля зьмяншэньня кошту цяпла ў 2018 годзе замянілі 4% працягласьці трубаправодаў[47]. 13 лютага 2019 году Церахаў паведаміў пра стварэньне ўстановы «Белводаканал», якой вылучылі $50 млн на ачыстку прыроднай вады ад дамешкаў жалеза цягам 2019—2020 гадоў[48]. 10 сакавіка ў этэры тэлеканала «Сталічнае тэлебачаньне» Церахаў пракамэнтаваў Дырэктыву № 7 «Аб удасканаленьні і разьвіцьці жыльлёва-камунальнай гаспадаркі», якая тычылася ўвядзеньня службы заказчыка ЖКП па ўсёй краіне да 2020 году. Ён паведаміў, што гэтая служба пацьвярджае, ці выкананыя працы, і калі не выкананыя, прымяняюцца штрафныя санкцыі да падрадчыка. Міністар дадаў, што Дырэктыва прадугледжвала аказаньне тэхнічнага абслугоўваньня, рамонту, прыбіраньня, вывазу адкідаў і ліфтавай паслугі на канкурэнтнай аснове. Ён заўважыў: «За 2018 год стратных арганізацыяў у галіне стала фактычна ў 2 разы менш — іх разам толькі 13 з больш як 400»[49]. 11 сакавіка Церахаў дадаў, што паводле Дырэктывы № 7: «Прынята рашэньне аб паэтапным фінансавым пакараньні арганізацыі за тое, што яна не прымае захадаў для таго, каб паставіць людзям чыстую ваду. Сёлета гэта 10-працэнтная зьніжка, якую трэба будзе даць, калі вада няякасная. У наступным будзе 20%, яшчэ праз год яна дасягне 30%»[50]. 11 красавіка 2019 году міністар Церахаў прадставіў у Палаце прадстаўнікоў праект зьмяненьняў у Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў жыльлёва-камунальных паслуг». Ён акрэсьліў замацаваньне панятка «дзяржаўная служба заказчыка», якая ўжо існавала ў Менску: «Сёньня звароты паступаюць і з рэгіёнаў: людзі хочуць, каб у іх зьявіліся такія ж прафэсійныя абаронцы. Так, магчыма ў Менску служба не працуе ў поўным аб’ёме, як павінна. Таму мы і ўводзім паняцьце абавязковай прафэсійнай атэстацыі. Павінныя зьявіцца сапраўдныя прафэсіяналы, якія змогуць, абараняючы правы і інтарэсы жыхароў, дыктаваць умовы падрадным арганізацыям»[51]. 25 красавіка Церахаў прадставіў у Савеце Рэспублікі новую рэдакцыю Жыльлёвага кодэксу, які замацоўваў будову дзяржаўнага жыльлёвага фонду: арэнднае жытло, сацыяльнае жытло, дамы для састарэлых і інвалідаў, дзіцячыя інтэрнаты і манэўранае жытло. Ён адзначыў увядзеньне нормы пра вылучэньне сацыяльнага жытла ня менш за аднапакаёвую кватэру замест пакоя. Арэнднае жытло прапаноўвалася пераводзіць у сацыяльнае на запыт самотных непрацуючых пэнсіянэраў, інвалідаў, апекуноў дзяцей-інвалідаў, шматдзетных сем’яў, дзяцей-сіротаў і кінутых байструкоў. Церахаў згадаў увядзеньне недапушчальнасьці спагнаньня са спэцрахунку раённага выканкаму, бо на ім знаходзіцца плата жыхароў за капітальны рамонт. На прапанову дэпутатаў ён улучыў у законапраект умову першачарговага вылучэньня жытла былым выхаванцам дзіцячых інтэрнатаў. Паводле законапраекту, кіраўнік сумеснага домаўладаньня меў заступіць на пасаду з даты прызначэньня мясцовым выканаўчым органам улады. У таварыствах уласьнікаў і ўстановаў забудоўнікаў уводзілася датэрміновае і он-лайн галасаваньне. Урэшце Церахаў згадаў патрабаваньне аб прафэсійным засьведчаньні старшыняў такіх таварыстваў і ўстановаў паводле парадку, вызначанага Саветам міністраў Беларусі[52].

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

21 лютага 2019 году гамяльчук Вячаслаў Забродзкі падлічыў, што цана цэнтралізаванага падагрэву вады пры спальваньні прыроднага газу складала 797 % ад кошту газу[53]. 10 сакавіка 2019 году ў этэры тэлеканала «Сталічнае тэлебачаньне» міністар ЖКГ Беларусі Аляксандар Церахаў прызнаў: «крытыку мы чуем, што непразрыстае тарыфаўтварэньне» на жыльлёвыя паслугі па плянава-разьліковых цэнах, якія дзейнічалі 3 гады[54].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Церахаў Аляксандар Аляксандравіч // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 2019 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  2. ^ Кацярына Марковіч. Мінжылкамгас Беларусі не рэкамэндуе грамадзянам заніжаць паказчыкі аб'ёмаў спажываньня вады // БелТА, 15 лістапада 2011 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  3. ^ Перавод непрыватызаванага жыльля ў камэрцыйнае будзе толькі праз год пасьля ўказа - А.Церахаў // БелТА, 31 траўня 2013 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  4. ^ Сяргей Куркач. Сабекошт вады i водаадвядзеньня зьнізяць на 15% // Зьвязда : газэта. — 27 лютага 2014. — № 37 (27647). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Алена Прус. У Беларусі неабходна дапрацаваць мэтодыку ацэнкі жыльля, якое прыватызуецца - А.Якабсон // БелТА, 3 красавіка 2014 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  6. ^ Аляксандар Церахаў прызначаны міністрам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь // Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, 17 лістапада 2014 г. Праверана 30 ліпеня 2019 г.
  7. ^ Юлія Дылянок. У Беларусі ў 2014 годзе пасьля капрамонту ўведзена ў эксплюатацыю каля 1,7 млн кв.м жыльля // БелТА, 28 студзеня 2015 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  8. ^ Юлія Дылянок. У Беларусі тэхабслугоўваньне жылфонду будзе ажыцьцяўляцца толькі хаўс-майстрамі з 1 красавіка // БелТА, 28 студзеня 2015 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  9. ^ Юлія Дылянок. Сыстэму прафатэстацыі кіраўнікоў і спэцыялістаў ЖКГ плянуецца ўкараніць у I квартале // БелТА, 28 студзеня 2015 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  10. ^ Юлія Дылянок. Рэфармаваньне ЖКГ прадугледжвае істотнае зьніжэньне кошту паслуг - Церахаў // БелТА, 20 лютага 2015 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  11. ^ Юлія Вогнева. Рэфармаваньне ЖКГ накіравана на абарону правоў і інтарэсаў грамадзян - Церахаў // БелТА, 24 сьнежня 2015 г. Праверана 2 жніўня 2019 г.
  12. ^ Юлія Вогнева. Адказнасць за непрыбраны снег вакол асабістага аўтатранспарту плянуецца ўвесці ў Беларусі // БелТА, 15 студзеня 2016 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  13. ^ Юлія Вогнева. ЖКГ сэканоміла ў 2015 годзе Br1,5 трлн // БелТА, 20 студзеня 2016 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  14. ^ Сяргей Куркач. Сабекошт паслуг істотна паменшаць // Зьвязда. — 23 студзеня 2016. — № 13 (28123). — С. 7.
  15. ^ Служба заказчыка з 1 сакавіка будзе кантраляваць работу сфэры ЖКГ у Менску // БелТА, 29 лютага 2016 г. Праверана 2 жніўня 2019 г.
  16. ^ Юлія Вогнева. Церахаў: па ўсіх фактах няправільнага прымяненьня тарыфаў на ЖКП будуць праведзеныя пераразьлікі // БелТА, 29 лютага 2016 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  17. ^ Водазабесьпячэньне ў Беларусі патаньнее на 41,5 працэнта, водаадвядзеньне - на 55,1 працэнта // БелТА, 14 сакавіка 2016 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  18. ^ Узровень кампэнсаваньня затрат на ЖКП будзе павялічвацца не за кошт тарыфаў, а шляхам зьніжэньня выдаткаў камунальшчыкаў // БелТА, 14 сакавіка 2016 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  19. ^ Аплату лютаўскай жыроўкі ў Беларусі плянуецца прадоўжыць да 1 красавіка // БелТА, 14 сакавіка 2016 г. Праверана 2 жніўня 2019 г.
  20. ^ Сьвятлана Міховіч. Насельніцтва цяпер пакрывае больш як 40 працэнтаў кошту ЖКП // БелТА, 24 сакавіка 2016 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  21. ^ Адзіныя гранічныя тарыфы на ўсе ЖКП упершыню ўстаноўленыя ў Беларусі - Церахаў // БелТА, 24 сакавіка 2016 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  22. ^ Сяргей Куркач. Арганізацыям – ліміт на ваду // Зьвязда. — 17 чэрвеня 2016. — № 114 (28224). — С. 2.
  23. ^ Аб'ёмы капітальнага рамонту жыльля ў Беларусі да 2020 году плянуецца павялічыць у паўтары разу // БелТА, 24 чэрвеня 2016 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  24. ^ Цытата дня // Зьвязда. — 30 ліпеня 2016. — № 145 (28225). — С. 1.
  25. ^ Міжведамасная рабочая група для выпрацоўкі мер дзяржпадтрымкі грамадзян пры аплаце ЖКП створаная ў Беларусі // БелТА, 10 жніўня 2016 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  26. ^ Юлія Вогнева. Тарыфная палітыка ў сфэры ЖКГ павінная адпавядаць узроўню даходаў грамадзян - Калінін // БелТА, 22 сакавіка 2017 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  27. ^ Цытата дня // Зьвязда. — 22 чэрвеня 2017. — № 117 (28481). — С. 1.
  28. ^ Цытата дня // Зьвязда. — 27 ліпеня 2017. — № 142 (28506). — С. 1.
  29. ^ Беларусаў прапануецца стымуляваць да ўстаноўкі лічыльнікаў цяпла - Церахаў // БелТА, 17 жніўня 2017 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  30. ^ Церахаў даручыў распрацаваць праграму капрамонту жылля на пяць гадоў // БелТА, 29 жніўня 2017 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  31. ^ Ірына Сідарок «Смецьцевая» стратэгія // Мясцовае самакіраваньне. — 27 ліпеня 2017. — № 32 (416). — С. 4.
  32. ^ Уладзімер Мацьвееў. Новую рэдакцыю Жыльлёвага кодэкса Беларусі разгледзяць ужо на асеньняй сэсіі парлямэнта - Церахаў // БелТА, 3 кастрычніка 2017 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  33. ^ Юлія Дылянок. Мінжылкамгас бачыць рэзэрвы для зьніжэньня сабекошту цеплаэнэргіі на 20 працэнтаў // БелТА, 20 кастрычніка 2017 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  34. ^ Юлія Дылянок. Прадпрыемствы ЖКГ у 2018 годзе плянуецца вызваліць ад няпрофільных актываў // БелТА, 20 кастрычніка 2017 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  35. ^ Юлія Дылянок. Навукова-дасьледчы цэнтар ЖКГ пры НАН пачне працаваць з 1 студзеня 2018 году // БелТА, 13 сьнежня 2017 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  36. ^ Вера Сяргеева. Церахаў адзначае неабходнасьць павышэньня выканальніцкай дысцыпліны ў арганізацыях ЖКГ // БелТА, 27 сьнежня 2017 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  37. ^ Вера Сяргеева. Безнаяўныя жыллёвыя субсідыі на суму Br744 тыс. атрымалі беларусы ў 2017 годзе // БелТА, 9 лютага 2018 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  38. ^ Ірына Сідарок ЖКГ у рэжыме жорсткай эканоміі // Зьвязда. — 10 лютага 2018. — № 29 (28645). — С. 3.
  39. ^ Аляксандр Церахаў: Станоўчы вопыт правядзеньня капрамонту за месяц трэба ўкараніць у шырокую практыку // БелТА, 12 лютага 2018 г. Праверана 2 жніўня 2019 г.
  40. ^ Ірына Сідарок Сродкі і мэты // Зьвязда. — 13 лютага 2018. — № 30 (28646). — С. 5.
  41. ^ У Беларусі прапануецца ўвязаць аплату ЖКП з якасцю аказаных паслуг // БелТА, 23 красавіка 2018 г. Праверана 2 жніўня 2019 г.
  42. ^ Сістэму прадастаўленьня безнаяўных жыльлёвых субсідый удасканаляць у Беларусі // БелТА, 23 красавіка 2018 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  43. ^ Аляксандар Церахаў: Празрыстасьці пры аплаце ЖКП у інтэрнэце павінна быць больш // БелТА, 17 траўня 2018 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  44. ^ Надзея Анісовіч Генная інжынэрыя і добраўпарадкаваньне тэрыторый // Зьвязда. — 13 лістапада 2018. — № 218 (28834). — С. 2.
  45. ^ Новая спэцыяльнасьць можа зьявіцца ў сфэры ЖКГ Беларусі // Газэта «Зьвязда», 15 сьнежня 2018 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  46. ^ Субсідыі на аплату ЖКП у 2018 годзе атрымалі больш як 30 тыс. сем'яў // БелТА, 1 лютага 2019 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  47. ^ Затраты на аказаньне ЖКП у Беларусі ў 2019 годзе плянуюць зьнізіць на 5 працэнтаў // БелТА, 4 лютага 2019 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  48. ^ Больш за $50 млн плянуецца накіраваць у Беларусі за два гады на ачыстку вады ад прымесей жалеза // БелТА, 13 лютага 2019 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  49. ^ Служба заказчыка павінна запрацаваць на ўсёй тэрыторыі Беларусі да 2020 года - Церахаў // БелТА, 11 сакавіка 2019 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.
  50. ^ Цытата дня // Зьвязда. — 12 сакавіка 2019. — № 46 (28913). — С. 1.
  51. ^ Марыя Дадалка. На службе якасьці // Зьвязда. — 12 красавіка 2019. — № 69 (28936). — С. 3.
  52. ^ Вольга Ануфрыева. Навацыі Жыльлёвага кодэкса // Мясцовае самакіраваньне. — 26 красавіка 2019. — № 17 (502). — С. 3.
  53. ^ Вячаслаў Забароўскі. «Так грамадзяне радыя былі б плаціць 100%, а не 800%, як цяпер». Гамяльчук падлічыў кошт падагрэву вады для насельніцтва і вось, што з гэтага выйшла (рас.) // «Моцныя навіны» (Гомель), 21 лютага 2019 г. Праверана 12 верасьня 2019 г.
  54. ^ Сыстэма цэн на паслугі ЖКГ можа быць удасканалена з улікам вопыту МАРГ // БелТА, 11 сакавіка 2019 г. Праверана 3 жніўня 2019 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]