Аляксей Дудараў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксей Дудараў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 6 чэрвеня 1950
в. Кляны, Зарубскі сельсавет, Дубровенскі раён, Віцебская вобласьць
Памёр 27 лютага 2023(2023-02-27) (72 гады)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург, кінадраматург
Гады творчасьці 1973 — дагэтуль
Жанр п’еса, апавяданьне
Мова расейская мова і беларуская мова
Узнагароды
ордэн «Знак Пашаны»
Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларускай ССР Дзяржаўная прэмія СССР прэмія Ленінскага камсамолу

Аляксе́й Ану́фрыевіч Ду́дараў (нар. 6 чэрвеня 1950, в. Кляны,Зарубскі сельсавет, Дубровенскі раён, Віцебская вобласьць - 27 лютага 2023) — беларускі драматург.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Наваполацкае прафэсійна-тэхнічнае вучылішча нафтавікоў (1968), працаваў сьлесарам на нафтаперапрацоўчым заводзе. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1976) па спэцыяльнасьці «актор драмы і кіно». Працаваў акторам, загадчыкам літаратурнай часткі ТЮГа (1976—1979), чальцом сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі «Тэлефільм» (Менск, 1976—1983). Зьяўляўся сябрам Саюза Пісьменьнікаў СССР (з 1979). Зьяўляецца сакратаром Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі (з 1987). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру (з 1989). У 1991—2002 г. займаў пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва». З 2003 па 2013 г. зьяўляўся мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай арміі.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэбютаваў у друку ў 1973. Пісаў апавяданьні, казкі для дзяцей. Вядомы як драматург і кінадраматург. Выдаў зборнікі апавяданьняў «Сьвятая птушка» (1979). Па сцэнарыях А. Дударава пастаўлены кароткамэтражныя і мастацкія фільмы («Суседзі», 1979, «Белыя росы», 1984, і інш.).

Аўтар п’ес «Выбар» (паст. 1979), «Парог» (паст. 1981), «Вечар» (паст. 1983), «Злом» (1989). П’есы «Апошні ўзьлёт» (паст. 1982) і «Радавыя» (паст. 1984) прысьвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Трагедыя «Купала» (1994) увасабляе трагізм міжусобнай барацьбы ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385, «Адцураньне» (1994) — фантасмагарычны погляд на эсхаталягічную загадку краю і народу. «Песьня пра зубра» (1994) — сцэнічная варыяцыя па матывах паэмы М. Гусоўскага. Гістарычныя асобы ў яго творах не патасна рамантызаваныя, а людзі, падуладныя моцным пачуцьцям, часам здольныя памыляцца, але ўнутрана годныя.

У п’есе «Палачанка» (1998) Аляксей Дудараў паказвае гісторыю шлюбу Рагнеды і Ўладзімера ў сьвятле вялікіх пачуцьцяў, жарсьцяў. Палачанка праклінае Ўладзімера, і праклён гэты, у духу рамантызаваных твораў, пераносіцца на лёс усёй радзімы. А. Дудараў вельмі актыўна працуе ў жанры гістарычнай драмы: п’есы «Князь Вітаўт», «Ядвіга», «Чорная панна Нясьвіжа», «Крыж» і інш. Гледача ў творах А. Дударава на гістарычную тэму прывабліваюць дынамічнасьць сюжэта, займальнасьць інтрыгі, экзотыка і захаваны калярыт эпохі. У творах драматурга сустракаем незвычайнага героя, надзеленага такімі вартасьцямі, як вернасьць ідэалу, высакароднасьць, шляхетнасьць, самаахвярнасьць, адданасьць Бацькаўшчыне.

Драматург абапіраўся на пэўную літаратурную традыцыю, калі ствараў мэлядраму «Кім» (2001). У гэтым творы падлетак шукае сродкі, каб вылечыць ад цяжкай хваробы сваю названую сястру, кідаецца ў розныя авантуры, якія прыводзяць да самых неверагодных мэтамарфозаў і супадзеньняў. У фінале расчулены глядач атрымлівае чаканы «хэпі-энд». Да жанру «мэлядраматычнага дэтэктыву» належыць таксама п’еса А. Дударава «Люці» (2002).

Пераклаў на беларускую мову хроніку Ў. Шэксьпіра «Рычард III».

Прэміі і ўзнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і інш. узнагародамі. Ляўрэат прэмій Ленінскага камсамола Беларусі (1982) за зборнік апавяданьняў «Сьвятая птушка» і п’есу «Выбар», Ленінскага камсамола (1984) за творы апошніх год, Дзяржаўнай прэміі СССР (1985) за спэктакль «Радавыя», прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва (2002).

Працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кнігі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Сьвятая птушка». Зборнік апавяданьняў. 1979 г.
  • «Сінявочка». Казка для дзяцей. 1981 г.
  • «Дыялог». Зборнік п’ес. 1987 г.

Драматургія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Выбар». П’еса. Пастаўленая ў 1979 г.
  • «Як гартавалася сталь». Інсцэніроўка рамана М. Астроўскага. Пастаўленая ў 1980 г.
  • «Парог». П’еса. Пастаўленая ў 1981 г.
  • «Апошні ўзьлёт». П’еса. Пастаўленая ў 1982 г.
  • «Вечар». П’еса. Пастаўленая ў 1983 г.
  • «Радавыя». П’еса. Пастаўленая ў 1984 г.
  • «Майстар і Маргарыта». Інсцэніроўка рамана М. Булгакава. Пастаўленая ў 1987 г.
  • «Злом». П’еса. Пастаўленая ў 1988 г.
  • «Вежа». П’еса. З У. Някляевым, пастаўленая ў 1990 г.

Сцэнары да фільмаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Кола». Сцэнар для кароткамэтражнага фільму. 1977 г.
  • «Дэбют». Сцэнар для кароткамэтражнага фільму. 1978 г.
  • «Суседзі». Сцэнар для мастацкага фільму. 1979 г.
  • «Бусьлянё». Сцэнар для кароткамэтражнага фільму. 1980 г.
  • «Купальская ноч». Сцэнар для мастацкага фільму. 1982 г.
  • «Белыя росы». Сцэнар для мастацкага фільму. 1984 г.
  • «Восеньскія сны». Сцэнар для мастацкага фільму. 1986 г.

Узнагароды і ўшанваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 1982 — Прэмія Ленінскага камсамолу Беларусі за зборнік апавяданьняў «Сьвятая птушка» і п’есу «Выбар»
  • 1984 — Прэмія Ленінскага камсамолу за творы апошніх год
  • 1985 — Дзяржаўнай прэміі СССР за спэктакль «Радавыя»
  • 2000 — Спэцыяльная прэмія прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (у намінацыі тэатральнае мастацтва): «за стварэньне гістарычных п'ес, пастаўленых Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы» (у памеры 100 мінімальных заработных платаў; 3600 беларускіх рублёў * 100 = 400 000 рублёў = $300)[1]

Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і мэдалём.

У 2013 годзе рэжысэр Іван Пінігін стварыў на студыі «Летапіс» дакумэнтальны фільм «Аляксей Дудараў. Крыніца часу» паводле сцэнара Валерыі Куставай[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ А.Лукашэнка. Распараджэньне прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 1 рп «Аб прысуджэньні спэцыяльных прэміяў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва» // Зьвязда : газэта. — 4 студзеня 2001. — № 4 (24120). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Вольга Чайкоўская. Куды рухаецца нашае дакумэнтальнае кіно // Жырандоля. — 1 лютага 2014. — № 3 (220).

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Аляксей Дудараў // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
  • Астроўская Т. Драматургічныя дамінанты ў апавяданнях Аляксея Дударава // Роднае слова. — 2008. — № 6. — С. 30-32.
  • Дудараў Аляксей // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.