Аляксей Туранкоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксей Туранкоў
Дата нараджэньня 21 студзеня 1886
Месца нараджэньня Санкт-Пецярбург
Дата сьмерці 27 верасьня 1958 (72 гады)
Месца сьмерці Менск
Месца пахаваньня
Прафэсія кампазытар
Навуковая сфэра музыка[1]
Месца працы
Узнагароды Заслужаны дзяяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь

Аляксе́й Яўла́мпавіч Туранко́ў (21 студзеня 1886, Санкт-Пецярбург, Расея — 27 верасьня 1958, Менск) — беларускі кампазытар.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зь сялянскай сям’і. Музычную адукацыю ў Пецярбурскай харавой школе пры прыдворнай пеўчай капэле. У 1911—1914 вучыўся ў Пецярбурскай кансэрваторыі па спэцыяльнасьці царкоўнага кампазытара. Для аплаты кансэрваторыі зарабляць рэпэтытарствам. Выкладаў сальфэджа, працаваў у аркестры.

У 1914 годзе трапіў на фронт Першай сусьветнай вайны і служыў у арміі да 1918 году. У ваенны час не пераставаў пісаць царкоўную музыку. Да таго ж, быў рэгентам — кіраўніком мужчынскага хору ў стаўцы імпэратара Мікалая ІІ у Магілёве[2].

З 1918 жыў у Гомелі, дзе ажаніўся з дачкой рэгента гомельскага Пятра-Паўлаўскага сабора Івана Фалькоўскага. Тут у 1918 годзе і вянчаўся зь ёй. Загадваў музычнай сэкцыяй гарадзкога аддзяленьня народнай асьветы. У 1919 годзе Туранкоў быў адным з арганізатараў Народнай кансэрваторыі, пераўтворанай у Дзяржаўную музычную школу 1-й і 2-й прыступкі. На яе базе ў тыя гады быў створаны Дзяржаўны музычны тэхнікум — сёньняшні музычны каледж імя Сакалоўскага.

З 1934 у Менску. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1940).

У час 2-й сусьветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі. У 1941—1944 г. супрацоўнік ВШПЛМ у Менску і выдавецтва К. Езавітава ў Рызе[3].

Арыштаваны 22.7.1944 у Менску. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 23.6.1945 як «памагаты нямецкіх акупантаў» да 10 гадоў ППЛ і 5 гадоў пазбаўленьня правоў з канфіскацыяй маёмасьці. Этапаваны ў адзін з канцлягераў ГУЛАГа, дзе, па сьведчаньні А. Царанкова, ледзь не загінуў ад голаду. Вызвалены, хутчэй за ўсё, да 1947 году. Паводле іншых зьвестак, знаходзіўся ў лягерах да 14 жніўня 1954 года.[4] 3 кастрычніка 1955 году быў амніставаны. Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР 21.10.1959 г.[5]

Пахаваны на Вайсковых могілках ў Менску.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Публікавацца як царкоўны кампазытар Аляксей Туранкоў пачаў у 1912-м. За сем гадоў выйшла некалькі зборнікаў яго арыгінальных твораў (спачатку для мужчынскага хору) і гарманізацыяў. Яго духоўныя работы былі шырока вядомымі і запатрабаванымі.

Адзін з пачынальнікаў жанраў масавай песьні, хору, рамансу ў беларускай музыцы. Аўтар опэр «Кветка шчасьця» (лібрэта В. Барысевіч, П. Броўкі і П. Глебкі, паст. 1939), «Яснае сьвітаньне», балету «Лясная казка». Напісаў музыку да многіх драматычных спэктакляў («Пінская шляхта» і інш.) і кінафільмаў. Аўтар апрацоўкі беларускіх народных песень. Аўтар музыкі да кінафільмаў «Вогненныя гады» і «Сям’я Януш».

Да вайны ён актыўна публікаваўся як сьвецкі кампазытар. Аўтар «Гімну сталінскай Канстытуцыі».

Асаблівае значэньне ў яго творчасьці мае опэра «Кветка шчасьця», якая вызначаецца паэтычнасьцю, лірызмам, сувязьзю з нацыянальным музычным фальклёрам, дакладнасьцю музычных характарыстык у абмалёўцы вобразаў, дасьціпным народным гумарам[6].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Забытыя партытуры Аляксея Туранкова прачыталі ў Гомелі, Ірына Ашташкевіч, Звязда, 26.03.2016
  3. ^ Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн., 2002
  4. ^ Гісторыя Беларусі. У 6 т. Т. 6. Беларусь у 1946-2009 гг. / Ред. тома У. Навіцкі. Мінск, 2011. С. 143.
  5. ^ Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  6. ^ Дз. Жураўлёў (БелЭн, 2003)

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]