Аляксей Філатаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксей Філатаў
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Леанід Георгіевіч Філатаў
Псэўданімы Аляксей Філатаў
Нарадзіўся 13 траўня 1939 (84 гады)
в. Бабінічы, Віцебскі раён
Памёр 16 сакавіка 2023
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік
Кірунак проза
Мова беларуская
Дэбют 1958
Прэміі

Аляксе́й Філа́таў (Леанід Георгіевіч Філатаў) (13 траўня 1939, вёска Бабінічы, Віцебскі раён Віцебскай вобласьці — 16 сакавіка 2023, пас. Мухавец, Берасьцейскі раён Берасьцейскай вобласьці) — беларускі пісьменьнік зь Берасьцейшчыны, пэдагог, публіцыст, былы непаўналетні вязень канцлягеру Потшыкаў пад г. Чанстахова (Польшча). Жыў пад Берасьцем у пас. Мухавец Берасьцейскага р-ну.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся Леанід Філатаў 13 траўня 1939 году ў вёсцы Бабінічы пад Віцебскам, у хаце дзеда па маці Восіпа Бугаёва, аднак узгадаваўся ён на беларуска-ўкраінскім памежжы пад Берасьцем. Маці, Фядора Восіпаўна, скончыла Віцебскі пэдагагічны інстытут і пасьля 17-га верасьня была накіравана ў Заходнюю Беларусь выкладчыкам Берасьцейскай пэдвучэльні. Сюды ж, у Заходнюю Беларусь, былі пераведзены яе сястра і брат.[1]

Малы Леанід Філатаў з двума сваімі старэйшымі братамі жыў у адной вялікай сям’і цёткі Марыі Восіпаўны Нікіценка ў заходнепалескім мястэчку Маларыта, дзе тая зай­мала пасаду завуча мясцовай школы. Усіх малых у сям’і было пяцёра. Гадавала ўсіх дзяцей бабуля Наста­ Лапека­-Бугаёва. Стрыечныя браты Філатава ўжо тады былі сіротамі: іхні тата Антон загінуў на «Фінскай», а бацька малых Філатавых Георгі Фёдаравіч у хуткім часе таксама выжываў у цяжкіх баях пад Масквой у 1941-ым.

У першыя гадзіны вайны 22 чэрвеня 1941 году Леанід Філатаў застаўся сіратой: яго маці, якая прыехала ўвечары 21 чэрвеня ў Маларыту да сястры Марыі Нікіценка, каб забраць у трывожны час сям’ю зь небясьпечнага раёну, была забіта на ганку школы асколкамі адной зь першых упаўшых авіябомбаў. Разам з маці загінуў і яго родны брат. Параненая бабуля, з выбітымі асколкамі вачыма, разам з скалечанымі дзецьмі апынулася ў захопленым немцамі мясцовым шпіталі. Трымаліся толькі тым, чаго не шкадавалі шчырыя маларыцкія людзі, якія клалі яйкі, бутэльку малака, бохан хлеба, кус сала малому Лёні Філатаву ў рукі (адзін ён здолеў хадзіць, паколькі паранены быў усяго ў галаву). Цётка Марыя пайшла ў савецкае падпольле. У 1943 трапіла ў гестапа і пасьля васьмі месяцаў катаваньня была расстраляна прама на допыце. Двухгадовага хлопчыка ўзялі ў сваю настаўніцкую сям’ю Аляксей і Ларыса Афанасьевы зь в. Ляхаўцы.[1]

У вайну Леанід Філатаў зазнаў яшчэ адно страшнае выпрабаваньне лёсу — ён стаў непаўналетнім вязьнем канцлягеру Потшыкаў пад г. Чанстахова ў Польшчы,[1] куды трапіў у 1944-ым разам з прыёмнымі бацькамі. Цудам змог выжыць у канцялгеры — яго жыцьцё, дзякуючы настойлівасьці бацькоў, уратаваў нямецкі вайсковы доктар. У пяць гадоў нацысцкі канцлягер навучыў хлопчыка нямецкай грамаце.[2].

У шасьцігадовым узросьце ў верасьні 1945-га ён пайшоў у школу, дзе пакрысе пачаў асвойваць сваю родную беларускую мову. Леанід Філатаў скончыў Маларыцкую сярэднюю школу, Берасьцейскі чыгуначны тэхнікум, затым філялягічны факультэт Берасьцейскага пэдінстытуту. На працягу многіх гадоў аж да выхаду на пэньсію працаваў настаўнікам у Мухавецкай сярэдняй школе. Пражыў багатае на падзеі і зьявы жыцьцё чыгуначніка, журналіста, настаўніка, спартоўца, трэнэра, пісьменьніка.[3]

з 2002 году — сябра ГА «Саюз беларускіх пісьменьнікаў». Уваходзіць у склад рэдкалегіі літаратурнага альманаху Берасьцейскага абласнога аддзяленьня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў «Жырандоля».

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У прыёмнай сям’і настаўніка-інтэлігента Аляксея Афанасьева размаўлялі па-расейску, а ад ляхавецкіх сялянаў Леанід Філатаў штодня чуў гаворку, набліжаную да ўкраінскай мовы. Усё гэта, а таксама цікавыя аповеды прыёмнага бацькі, паданьні і казкі ды асабліва песьні палешукоў моцна паўплывалі на фармаваньне як самога будучага пісьменьніка, так і на яго творчасьць. У падзяку прыёмным бацькам за выратаванае жыцьцё Леанід Філатаў узяў для свайго творчага псэўданіму імя бацькі Аляксей, бо той ня толькі гадаваў сірату, але і пакінуў яму роднае прозьвішча.[2]

Першы верш напісаў яшчэ ў малодшых клясах школы. Пачаў друкавацца з 1958 году. Пэўную вядомасьць прынесла аўтару кніга народнага гумару «Ляхавецкая торба» і трылёгія «Дарога», кніга аповесьцяў і апавяданьняў «Адарваць ад сэрца», «Жывая зямля», «Страла жыцьця», а таксама апошняя — «Жывому жыць (Споведзь качагара)». У 2013 годзе выйшла ўжо адзінаццатая кніга Аляксея Філатава.

Галоўная ідэя ўсёй творчасьці празаіка — пошук чысьціні і дабра ў чалавеку, у людзтве, у грамадзтве. У творах Аляксея Філатава асабісты боль па страчаных блізкіх людзях, настаўніках і сябрах спалучаецца з трывогай за лёс Бацькаўшчыны, за яе духоўную і матэрыя­ль­ную культуру. Літаратурныя крытыкі адзначаюць, што пісьменьнік мае рэдкі талент бачыць, адчуваць і любіць найперш людзей, а не сябе. Яго хвалюе і кранае ўсё — прыгожае і пачварнае, узьнёслае і зямное ў чалавеку, у жыцьці ўвогуле. Адметным ёсьць гумар, які прысутнічае ў многіх яго творах, які ён укладае ў вусны сваіх герояў. Нярэдка яго героі размаўляюць на заходнепалескай гаворцы. Душа пісьменьніка цалкам належыць Прырыцкаму краю.

Аляксей Філатаў піша таксама вершы. Ён шмат кантактуе зь пісьменьнікамі-пабрацімамі з суседняй Украіны. Перакладаў з украінскай паэзію Івана Чарнецкага, Ніны Горык, Васіля Гея, Міхайлы Хіжко, Валянціны Штынько, Пятра Маха; таксама прозу Івана Корсака, Восіпа Струцюка.[2]

«Ляхавецкая торба» Аляксея Філатава зрабіла ляхаўчан падобнымі да сусьветна вядомых габраўцаў. Пісьменьнік апісвае сваіх землякоў як людзей з дасьціпным гумарам, што жывуць па прыказцы «Няхай лепш чэрава лопне, чым дабро прападзе». Яны вясёлыя, непасрэдныя, таму маюць незвычайную прыцягальнасьць. У сваіх творах, блізкіх да анэкдотаў, пісьменьнік натуральна выкарыстоўвае жывую гутарковую мову.

Цікавую трылёгію прадставіў чытачу Аляксей Філатаў у кнізе «Дарога» (Берасьце, 1997), якой аўтар даў падзагаловак — «Палескія аповесьці». У трох аповесьцях «Дарога», «Канёздрыкі», «Жніво ў Замошшы» аўтар з глыбокім веданьнем матэрыялу расказвае пра жыцьцё цэлага пакаленьня палешукоў-заходнікаў. Некаторыя падзеі ў трылёгіі закранаюць падзеі мінулай вайны ў Заходняй Беларусі, а затым драматычную калектывізацыю заходнікаў, прадстаўляючы ў апошняй частцы трылёгіі чытачу калгаснае жыць­цё ў апошнія савецкія дзесяцігодзьдзі. Аповесьці зьвязаны месцам дзеяньня і вобразам галоўнага героя Сьцяпана Буруна, чалавека з складаным і багатым на выпрабаваньні лёсам. Асабістыя драмы, страты, супярэчлівыя і таксама часта драматычныя сацыяльна-грамад­зкія падзеі не зламалі героя. Ён, часам, памыляецца, але ўмее цьвяроза і крытычна асэнсаваць перажытае, каб годна і шчыра жыць далей, быць паважаным і шанаваным людзьмі, быць ім патрэбным.[2]

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Ляхавецкая торба», 1992
  • «Чый бэз» (пісьменьнікі Берасьцейшчыны — для дзяцей, укл. А. Філатаў)
  • «Дарога» (трылёгія), 1997
  • «Адарваць ад сэрца», 2000
  • «Жывая зямля», 2001
  • «Асколкі болю» (успаміны вязьняў фашызму)
  • «Страла жыцьця» (мініятуры, апавяданьні, народны гумар, аповесьці, вершы), 2007
  • «На абпаленых крылах (кніга ўспамінаў непаўналетніх вязняў фашызму)» (укл. Л. Г. Філатаў, Л. П. Раманенка, І. В. Бараноўскі), 2012
  • «Жывому жыць (Споведзь качагара)», 2013

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пісьменьнік Леанід Філатаў узнагароджаны літаратурнымі прэміямі: «Берасьцейская зорка» (2000), «Мядоваю» (2006), Дыплёмам імя Ўладзімера Калесьніка Берасьцейскай філіі СБП (2007).[1]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г На абпаленых крылах : кніга ўспамінаў непаўналетніх вязняў фашызму / укл. Л. Г. Філатаў, Л. П. Раманенка, І. В. Бараноўскі. — Мінск : Кнігазбор, 2012. — 240 с.
  2. ^ а б в г Аляксей Філатаў. Жывому — жыць (Споведзь качагара). — Мінск : Кнігазбор, 2013. — 204 с — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; вып. 38)
  3. ^ Іван Мельнічук. Дарогамі Радзімы. Да 75-годдзя Аляксея Філатава

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]