Амсьціслаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Амсьціслаў
Касьцёл кармэлітаў і Замкавая Гара
Касьцёл кармэлітаў і Замкавая Гара
Coat of Arms of Mscisłaŭ, Belarus.png Flag of Mstislau, Belarus.jpg
Герб Амсьціслава Сьцяг Амсьціслава
Першыя згадкі: 1135
Магдэбурскае права: 16 жніўня 1634
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Магілёўская
Раён: Мсьціслаўскі
Насельніцтва: 10 437 чал. (2015)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2240
Паштовы індэкс: 213470
Паштовыя індэксы: 213470, 213472, 213452, 213453
Нумарны знак: 6
Геаграфічныя каардынаты: 54°1′ пн. ш. 31°43′ у. д. / 54.017° пн. ш. 31.717° у. д. / 54.017; 31.717Каардынаты: 54°1′ пн. ш. 31°43′ у. д. / 54.017° пн. ш. 31.717° у. д. / 54.017; 31.717
Амсьціслаў на мапе Беларусі ±
Амсьціслаў
Амсьціслаў
Амсьціслаў
Амсьціслаў
Амсьціслаў
Амсьціслаў
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Амсьці́слаў — места ў Беларусі, на рацэ Віхра. Адміністрацыйны цэнтар Мсьціслаўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва 10 437[1] чал. (2015). Знаходзіцца за 95 км ад Магілёва, за 19 км ад чыгуначнай станцыі Ходасы (лінія Ворша — Крычаў). Вузел аўтамабільных дарог на Магілёў, Горкі, Крычаў, Чавусы, Хаславічы.

Амсьціслаў — старажытнае магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну. Да нашага часу тут захаваліся гарадзішчы Дзявочая Гара і Замкавая Гара, фрагмэнты даўняга Тупічэўскага манастыра (зруйнаваны савецкімі ўладамі), барокавыя касьцёл Сьвятога Міхала і калегіюм езуітаў, клясыцыстычная царква Сьвятой Тройцы і перабудаваны ў маскоўскім стылі колішні касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі Анёльскай пры кляштары бэрнардынаў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаецца касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі пры кляштары кармэлітаў, помнік архітэктуры віленскага барока з унікальнымі фрэскамі, прысьвечанымі гвалту над мірным насельніцтвам з боку маскоўскіх захопнікаў у 1654 годзе. Гэты і іншыя архітэктурныя помнікі Амсьціслава з савецкіх часоў знаходзяцца ў занядбаным стане і патрабуюць неадкладнай кансэрвацыі і рэстаўрацыі.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тапонім «Амсьціслаў» утварыўся ад імя Мсьціслаў (імаверна, ад асновы мост — масьціць)[2]. Летапісны заснавальнік места, князь смаленскі Расьціслаў Мсьціслававіч, унук Уладзімера Манамаха, ушанаваў у ягонай назьве памяць пра свайго бацьку Мсьціслава Вялікага[3].

У сучаснай беларускай мове (клясычны правапіс) старадаўні тапонім і вытворны ад яго прыметнік аформіўся з устаўным галосным «а»: Амсьціслаў — амсьціслаўскі[4], што адпавядае традыцыйнаму вымаўленьню мясцовых жыхароў[5]. Афіцыйнае напісаньне назвы места — Мсціслаў.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Амсьціслава

Раньняе Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Юры, князь Мсьціслаўскі і ягоная жонка Соф'я

Першы пісьмовы ўпамін пра Амсьціслаў зьмяшчаецца ў грамаце князя смаленскага Расьціслава, якая датуецца 11361150[6], хоць у пазьнейшай летапіснай крыніцы падаецца больш раньняя дата заснаваньня паселішча — 1135[3].

Пад 1156 Амсьціслаў упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе як горад Смаленскага княства. Старажытнае паселішча ўзьнікла на Замкавай гары (дасьледнікі ў 19591969 выявілі тут культурны пласт з прадметамі ХІІXVІІ стагодзьдзяў, драўлянымі пабудовамі, маставымі) і складалася з замка, умацаванага ровам і валамі, і вакольнага места. У 2-й палове ХІІ ст. Амсьціслаў, імаверна, зьяўляўся другой рэзыдэнцыяй смаленскіх князёў. У 1180 Раман Расьціслававіч адпісаў паселішча ў валоданьне свайму сыну Мсьціславу, які пераўтварыў яго ў сталіцу ўдзельнага княства. Расьціслаў Раманавіч — першы князь амсьціслаўскі.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сярэдзіне XІV ст.[6] Амсьціслаў быў адхоплены Альгердам ад Смаленскага княства да Вялікага Княства Літоўскага, дзе застаўся ў валоданьні тутэйшай княскай дынастыі. Тагачаснае Амсьціслаўскае княства яднала ў сваім складзе воласьці ўздоўж сярэдняй плыні Сажа і Дняпра: Магілёў, Цяцерын, Княжыцы, Дрокаў, Крычаў, Папова Гара і Мглін, а таксама далучаную Вітаўтам воласьць Малохву ўздоўж правага берага ракі Віхра і яе прытока Малохвы.

Фрэскі кармэліцкага касьцёла: узяцьце замка маскоўскім войскамі (налева) і «Трубяцкая разьня», учыненая акупантамі (направа)

У XІVXV стагодзьдзяў Амсьціслаў быў гандлёва-рамесным цэнтрам, цесна зьвязаным эканамічна з Магілёвам, Вільняй, Кракавам, Ноўгарадам, Разаньню і іншымі местамі. У 1359 годзе вялікі князь Альгерд пасадзіў у Амсьціславе свайго намесьніка, а пазьней перадаў места свайму сыну Лугвену, заснавальніку роду князёў Мсьціслаўскіх[6]. У 1386 годзе каля места адбылася Амсьціслаўская бітва. 15 ліпеня 1410 году мясцовая харугва ўзяла ўдзел у Грунвальдзкай бітве.

У 1501 годзе пад Амсьціславам адбылася бітва паміж войскамі ВКЛ і Масковіі, у якой перамогу атрымала маскоўскія войскі. Апошнія, аднак, ня здолелі захапіць горад. На той жа час прыпадае згасаньне роду Лугвенавічаў, а Мсьціслаўскае княжаньне праз шлюбныя сувязі перайшло да заслаўскіх князёў. З 1527[6] Амсьціслаў праз згасаньне роду Заслаўскіх перайшоў у валоданьне вялікага князя Жыгімонта Аўгуста і стаў цэнтрам староства. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (15651566) места атрымала статус сталіцы Амсьціслаўскага ваяводзтва, у склад якога ўвайшла тэрыторыя колішняга Амсьціслаўскага княства, Крычаўскай воласьці і прыватных маёнткаў, папярэдне вылучаных зь іхнага складу[6]. У 1614 у Амсьціславе збудавалі першы касьцёл з фундацыі старосты Пятра Паца.

16 жніўня 1634 кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Амсьціславу Магдэбурскае права і мескі герб: «у залатым полі збройная рука зь мечам — Малая Пагоня»[7]. У 1637 насупраць Замкавай гары збудавалі касьцёл і кляштар кармэлітаў, з 1654 пачаў дзейнічаць кляштарны комплекс дамініканаў. У 1641 непадалёк ад Амсьціслава браты Москавічы заснавалі Тупічэўскі мужчынскі манастыр. У 1690 у месьце аселі езуіты, якія трымалі тут місію, пазьней — рэзыдэнцыю і калегіюм[6]. 22 ліпеня 1654 у пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай маскоўскія захопнікі на чале з А. Трубяцкім учынілі ў Амсьціславе крывавы гвалт, у выніку якога загінулі амаль 15 000 чалавек, у жывых засталіся толькі каля 700 месьцічаў[8]. Места знаходзілася пад акупацыяй да 1661.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Панарама места, 1872

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Амсьціслаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стаў цэнтрам правінцыі (з 1773 цэнтар павету Магілёўскай губэрні). У гэты час тут дзейнічалі 6 мураваных цэркваў, 4 каталіцкія кляштары і адна драўляная царква. У 1781 расейскія ўлады даравалі месту новы герб: у ніжняй часцы шчыта знаходзілася выява чырвонай лісіцы «якіх зьвяроў у ваколіцах гэтага места вельмі шмат маецца» (рас. каковыми зверьми окрестности сего города весьма изобилуют), у верхняй частцы — палова гербу Расейскай імпэрыі, аднак у 1797 імпэратрыца расейская Кацярына II унесла зьмены ў герб: «чырвоны воўк галава ўлева» (рас. червлёный волк голова влево). На 1785 у Амсьціславе было 502 двары, у 1791 адкрылася шляхецкая, а ў 1810 — духоўная вучэльня. У 1802 у месьце збудавалі сьвечачны завод.

Гербы места: гістарычны «Малая Пагоня» і штучны расейскі

На 1852 у Амсьціславе працавалі двухклясная народная вучэльня, дваранская вучэльня, прыватная жаночая школа і 2 жыдоўскія вучэльні. У 1861 працавалі вапнавы завод (з 1830), 2 плісавыя мануфактуры, фабрыка баваўняных тканін (з 1833) і крупадзёка, з 1865 пачала працаваць гарбарня, з 1867 — цагельня, з 1874 — маслабойня. Дзейнічала паштовая станцыя на тракце Ворша — Клімавічы — Касьцюковічы, якая ў 1880 мела 10 коней. У 1883 адкрылася тэлеграфная станцыя, працавалі 136 крамаў, штогод праводзіліся 4 кірмашы.

Абмеры касьцёла бэрнардынаў да перабудовы пад царкву Маскоўскага патрыярхату (налева) і ягоны сучасны стан (направа)

Паводле перапісу (1897) у Амсьціславе дзейнічалі меская, духоўная і прыходзкая вучэльні, 17 дробных прадпрыемстваў, 3 лякарні. На 1914 тут было 1048 будынкаў, зь іх 25 — мураваныя, працавалі 28 фабрыкаў і заводаў з агульнай колькасьцю ў 120 работнікаў, якія перапрацоўвалі сельскагаспадарчую сыравіну (вінакурня, паравы і вадзяны млыны, крупадзёрні, маслабойні, ваўначоска, мылаварня, цагляныя і ваннавыя прадпрыемствы, шкіпідарна-дзягцярны завод). У месьце была адна лякарня на 28 месцаў, амбуляторыя, аптэка, тры аптэкарскіх магазыны, 3 лекары, 4 аптэкары, 6 акушэрак і 6 фэльчараў на ўвесь павет. Колькасьцю шынкоў Амсьціслаў займаў другое месца ў губэрні пасьля Магілёва. Места асьвятлялася 82 газавымі ліхтарамі, вадой жыхары карысталіся з ракі і студняў. У 18991900 выходзіла штотыднёвая газэта «Белорусский Комиссионер», у 1902 — газэта «Белорусский корреспондент».

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Ўстаўной граматай Амсьціслаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 Амсьціслаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну Калінінскай акругі (з 1938 у Магілёўскай вобласьці). У 1928 у месьце збудавалі электрастанцыю. У 1930-я у Амсьціславе працавалі пэдагагічны і фінансавы тэхнікумы, 4 сярэднія школы і школа-сямігодка, рэспубліканская школа слыху і мовы, школа працоўнай моладзі, 2-гадовая сярэдняя школа пэрсаналу, школа брыгадзіраў трактарных брыгадаў, раённая школа жывёлаводаў, дашкольная ўстанова, 3 дзіцячыя дамы, лякарня, амбуляторыя, аптэка, дзіцячы-жаночая кансультацыя, станцыі санітарна-эпідэмічнай і хуткай дапамогі, вэтэрырная лячэбніца, бібліятэка, дом культуры, клюбы, гістарычны і пэдагагічны музэі. У Другую сусьветную вайну з 14 ліпеня 1941 да 28 верасьня 1943 места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

2 сьнежня 2000 на чарговым паседжаньні ўлады Амсьціслава зацьвердзілі герб места і раёну, распрацаваны Дзяржаўнай геральдычнай службай.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVIII стагодзьдзе: 1773 — 2910 чал., зь іх 989 муж. і 955 жан. хрысьціянаў, 493 муж. і 473 жан. юдэяў[9]; 1777 — 6137 чал. (2842 муж., 3295 жан.); 1783 — 2850 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1802 — больш за 3 тыс. чал.; 1825 — 3492 чал.; 1855 — 6478 чал.; 1862 — 8514 чал, зь іх 4946 юдэяў і 586 каталікоў; 1880 — 7712 чал (3893 муж. і 3819 жан.), зь іх 3065 праваслаўных, 137 каталікоў, 2 эвангелісты і 4508 юдэяў[9]; 1897 — 8514 чал., зь іх 38% пісьменных; 1900 — 10 145 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1911 — 16 181 чал.; 1912 — 16 371 чал., зь іх 80% мяшчанаў і рамесьнікаў, 8% сялянаў, 12% шляхты, духавенства і купцоў[10]; 1926 — 8041 чал.; 1927 — 8,1 тыс. чал.; 1943 — 3512 чал.; 1959 — 8,1 тыс. чал.[11]; 1979 — 10,1 тыс. чал.; 1991 — 11,6 тыс. чал.; 1998 — 12,5 тыс. чал.[12]
  • XXI стагодзьдзе: 2004 — 11,4 тыс. чал.; 2006 — 11,7 тыс. чал.; 2008 — 11,6 тыс. чал.[13]; 2009 — 10 804[14] чал. (перапіс); 2015 — 10 437[1] чал.

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Амсьціславе працуюць ліцэй, каледж, 2 сярэднія, спартовая, некалькі спэцыялізаваных школ, школа мастацтваў імя М. Чуркіна.

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць лякарня і паліклініка.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць раённы цэнтар культуры і народнай творчасьці, раённы дом рамёстваў, 2 бібліятэкі (цэнтральная і дзіцячая), раённы навукова-мэтадычны цэнтар. З 2001 году рэгулярна праходзіць Беларускі фэст камэрнай музыкі.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Амсьціславе захаваўся гістарычны плян, у ягоную структуру ўваходзяць помнікі архітэктуры XVII—XIX стагодзьдзяў, а таксама помнікі археалёгіі (Траецкая, Замкавая і Дзявочая горы). Забудова галоўнай восі — 2—3-павярховыя дамы, цэнтру — 2—5-павярховыя. На вольных тэрыторыях уздоўж Магілёўскай шашы ўзводзяцца шматпавярховыя будынкі. У 1985 зьявіўся праект рэгенэрацыі гістарычнага цэнтру, які прадугледжвае захаваньне старога пляну, яго рэканструкцыю з мэтай наданьня месту значэньня турыстычнага цэнтру.

Вуліцы і пляцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Варашылава вуліца Шамаўская вуліца
Калініна вуліца Красная вуліца
Камсамольская вуліца Бэрнардынская вуліца
Камунарная вуліца Манастырская вуліца
Карла Маркса вуліца Правальная-Слабадзкая вуліца
Кірава вуліца Кармэліцкая вуліца
Леніна вуліца Кіеўская вуліца
Пралетарская вуліца Смаленская вуліца
Рэспубліканская вуліца Пустынская вуліца
Савецкая вуліца Парадная вуліца
Урыцкага вуліца Пірагоўская вуліца
Юрчанкі вуліца Спаская вуліца[15]

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы харчовай, лёгкай прамысловасьці.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На колішнім Рынку. Гандлёвы рады і царква Аляксандра Неўскага

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працуе Амсьціслаўскі гістарычна-археалягічны музэй. Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы.

У ХІІХІХ стагодзьдзяў Амсьціслаў быў буйным цэнтрам ганчарных рамёстваў і архітэктурна-дэкаратыўнай керамікі[16].

З 2008 у месьце штогод праводзіцца сьвята сярэднявечнай культуры — «Рыцарскі фэст».

Выдатныя мясьціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У месьце стаяць два помнікі Пятру Мсьціслаўцу.

  • Гандлёвыя рады (XIX—XX стагодзьдзі)
  • Гарадзішчы: «Дзявочая Гара», «Замкавая Гара»
  • Гістарычная забудова (XVIII — пач. ХХ стагодзьдзяў; фрагмэнты)
  • Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар кармэлітаў (1614)
  • Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі Анёльскай (1775, перабудаваны ў 2-й пал. XIX ст.; цяпер царква Сьвятога Аляксандра Неўскага, БЭМП)
  • Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і калегіюм езуітаў (1640)
  • Манастыр Тупічэўскі Сьвятога Лукі (захаваліся брамы і агароджа)
  • Царква Праабражэньня Гасподняга (ХІХ ст.)
  • Царква Сьвятой Тройцы (1834, значна перабудаваная)
  • Царква Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа (1871)

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Касьцёл і кляштар дамініканаў (XVII ст)
  • Кляштар бэрнардынаў (XVIII ст.)
  • Кляштар кармэлітак
  • Кляштар марыявітак
  • Манастыр Сьвятога Духа (1641)
  • Сынагога (XVIІI ст)
  • Царква Сьвятога Апанаса

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сакральныя будынкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншыя славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Месты-сябры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вядомыя асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 246.
  3. ^ а б Ткачоў М., Трусаў А. Старажытны Мсціслаў. — Менск: Полымя, 1992.
  4. ^ Бушлякоў Ю., Вячорка В., Санько З., Саўка З. Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя. — Вільня—Менск, 2005. С. 22.
  5. ^ Ономастикон: Древнерусские имена, прозвища и фамилии. — М.: «Наука», 1974. [1]
  6. ^ а б в г д е Батвіннік М. Мсціслаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 321.
  7. ^ Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. С. 200.
  8. ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
  9. ^ а б Krzywicki J. Mścisław // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich(пол.). Tom VI: Malczyce — Netreba. — Warszawa, 1885. S. 774—778.
  10. ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / У. А. Бадакоў і інш.; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2009. С. 10.
  11. ^ Батвіннік М. Мсціслаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. С. 225.
  12. ^ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2000. С. 536.
  13. ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя ў 15 тамах. Т. 7, кн. 3. Магілёўская вобласць / У. А. Бадакоў і інш.; пад навуковай рэдакцыяй А. І. Лакоткі. — Мн.: БелЭн, 2009. С. 8.
  14. ^ Перепись населения — 2009. Могилевская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  15. ^ Плян з гістарычна-археалягічнага музэю
  16. ^ Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Амсьціслаўсховішча мультымэдыйных матэрыялаў