Амсьціслаўскае ваяводзтва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Амсьціслаўскае ваяводзтва
лац. Amścisłaŭskaje vajavodztva
Агульныя зьвесткі
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Статус ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага[d]
Адміністрацыйны цэнтар Амсьціслаў
Дата ўтварэньня 1566
Дата скасаваньня 1772
Ваяводы Ваяводы амсьціслаўскія
Кашталяны Кашталяны амсьціслаўскія
Насельніцтва гл. Дэмаграфія
Плошча 22,6 тыс. км²
Час існаваньня 1566—1772
Месцазнаходжаньне Амсьціслаўскага ваяводзтва
Амсьціслаўскае ваяводзтва на мапе
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Амсьці́слаўскае ваяво́дзтва[a] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на ўсходзе Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 22,6 тыс. км². Сталіца — места Амсьціслаў. Найбольшыя месты і мястэчкі: Дрыбін, Жукава, Крычаў, Радамля, Радзівілаў, Расна, Хаславічы, Шумячы[1][2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Утварылася згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў на аснове Амсьціслаўскага княства (з 1529 году — намесьніцтва[3]).

«Трубяцкая разьня»

У 1601 годзе большасьць мясцовага праваслаўнага сьвятарства далучылася да Берасьцейскай уніі. У 1614 годзе з фундацыі старосты Пятра Паца ў Амсьціславе збудавалі першы касьцёл[4], у 1637 годзе насупраць Замкавай гары — касьцёл і кляштар кармэлітаў. У 1641 годзе браты Москавічы заснавалі Тупічэўскі мужчынскі манастыр, а ў 1665 годзе Мар’яна Сухадольская — Мазалаўскі жаночы манастыр.

22 ліпеня 1654 году ў пачатку вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай маскоўскія войскі пад камандаю Трубяцкога захапілі Амсьціслаў і ўчынілі масавую разьню мескага насельніцтва. Акупанты з асаблівай жорсткасьцю забілі амаль 15 тыс. чалавек, у жывых засталося толькі каля 700 месьцічаў. У 1690 годзе ў Амсьціславе зьявіліся езуіты, якія трымалі тут місію, пазьней рэзыдэнцыю і калегіюм[5].

Панарама Амсьціслава

Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Амсьціслаўскага ваяводзтва ліцьвінамі: «литвин мстисловец Юря Телега» (1609—1610 гады)[6], «…литвин Корнило Офонасьев в роспросе сказал: Кричевского повету, отец де ево был в Кричеве городничий» (1627 год)[7], «…Матюшка [Михайлов] в роспросе сказался: родом он литвин[b], белорусец Мстиславского повету <…> жена его Полашка сказалась: родом литовка, белоруска Мстиславского ж повету» (1631 год)[9], «литвин Куземка Головач… шляхтич… Мстиславского повету» (1632 год)[10], «…литвин — белорусец Степан Голынский <…> Мстиславского повету» (1633 год)[11], «литвин… Андрюшка Петров, купец мстисловец» (1644 год)[12]. Апроч таго, апавядаючы пра рэйд невялікага варожага аддзелу на Смаленшчыну ў 1565 годзе, маскоўскі летапіс адзначаў, што гэта былі «літоўскія людзі», удакладняючы: «амсьціслаўцы і крычаўцы»[13]. Паводле каталёгу студэнтаў Грэцкай калегіі ў Рыме, Аўгустын Тамашэўскі азначаецца як Lithuanus, Mscislavia (1780 год)[14].

У верасьні 1708 году ў Вялікую Паўночную вайну на тэрыторыі ваяводзтва адбыліся дзьве істотныя бітвы паміж швэдзкімі і расейскімі войскамі: спачатку пад Маляцічамі, а потым — пад Раеўкай.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Амсьціслаўскае ваяводзтва спыніла сваё існаваньне. Ягоная тэрыторыя ўвайшла ў склад Амсьціслаўскага намесьніцтва Расейскай імпэрыі. Аднак урад ваяводы і кашталяна амсьціслаўскіх захоўваўся ў Вялікім Княстве Літоўскім да ліквідацыі дзяржавы ў 1795 годзе.

Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: белая Пагоня ў чырвоным полі. Ваяводзкая харугва была лімонна-жоўтага колеру (паводле Гваньіні — «памяранцавага», аранжавага[15]) з выяваю гербу Пагоні ў цэнтры[16].

Мескія гербы атрымалі Амсьціслаў (Малая Пагоня) і Крычаў.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На поўначы межавала з Аршанскім паветам Віцебскага ваяводзтва і Смаленскім паветам Смаленскага ваяводзтва (пэўны час апошняе знаходзілася пад уладай Маскоўскай дзяржавы), на ўсходзе — зь Белгарадзкай губэрняй Маскоўскай дзяржавы, на поўдні — з Старадубскім паветам Смаленскага ваяводзтва, на захадзе — з Рэчыцкім паветам Менскага ваяводзтва[16].

Ахоплівала тэрыторыі былога Амсьціслаўскага княства, Крычаўскай воласьці і прыватных маёнткаў, папярэдне вылучаных зь іхнага складу.

На тэрыторыі ваяводзтва знаходзіліся месты і мястэчкі: Амсьціслаў, Ганна / Мілаславічы, Геранімаў / Гронаў, Дрыбін, Жукава, Казімераў, Канічы, Касьцюковічы, Клімавічы, Лазовіцы, Маляцічы, Манастыршчына, Міхалаў / Забычаньне, Негін, Пятровічы, Пячэрск, Радамля, Расна, Радзівілаў / Хоцімля, Родня, Саматэвічы Студзянец, Хаславічы, Шумячы. Магдэбурскае права мелі Амсьціслаў (16 жніўня 1634 году) і Крычаў (23 жніўня 1633 году).

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Панарама Крычава

Ваяводзтва ня мела падзелу на паветы[1]. У яго склад уваходзілі Крычаўскае, Чэрыкаўскае, Чавускае, Магілёўскае, Радамльскае і Клімавіцкае нягродавае староствы (дзяржаўныя воласьці) і прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі[17].

Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Амсьціславе, тамака ж месьціліся падкаморскі, земскі і гродзкі суды, склікалася паспалітае рушаньне. Амсьціслаўская шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай, а таксама двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал (па адным на вясновую і восеньскую сэсіі).

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сярэдзіне XVII ст. Амсьціслаўскае ваяводзтва налічвала 13 769 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 96 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 27 тыс. чал.[18]

На 1717 год ваяводзтва налічвала 2323 дымы[16]

Ураднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: ваяводы амсьціслаўскія і кашталяны амсьціслаўскія

У Сэнаце Рэчы Паспалітай Амсьціслаўскае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна. Згодна зь Люблінскай уніяй (1569) ваявода і кашталян амсьціслаўскія займалі даволі невысокія месцы: ваявода — па холмскім і перад мальбарскім, кашталян — па холмскім і перад эльблёнскім. З гэтае прычыны амсьціслаўскія пасады не цікавілі прадстаўнікоў вялікіх магнацкіх радоў, звычайна іх займалі нашчадкі руска-літоўскіх князёў і нават прадстаўнікі сярэдняй шляхты. За ўвесь час свайго існаваньня Амсьціслаўскае ваяводзтва мела 33 ваяводы і 28 кашталянаў[16].

Ваяводзкі мундзір складаўся зь цёмна-сіняга («гранатовага») кунтуша са срэбнымі адваротамі і жоўтага («саламянага») жупана.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Драўляная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На Амсьціслаўшчыне склалася даўняя традыцыя драўлянага дойлідзтва.

Мураваная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У XVIII ст. у мураваную архітэктуру Амсьціслаўшчыны прыйшла стылістыка віленскага барока.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Мсьціслаўскае ваяводзтва (ст.-бел. Воеводство Мстиславское; лац. Palatinatus Mscislaviensis, польск. Województwo mścisławskie)
  2. ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «бо сей Андрэй родам ліцьвін, сын Гердзенеў, літоўскага князя» (Цьвярскі летапіс 1306 году); «литвин родом» пра Даўмонта Пскоўскага («Пролог», напісаны ў Пскове ў канцы XIV ст.[8]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Насевіч В. Мсціслаўскае ваяводства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 321.
  2. ^ Насевіч В. Мсціслаўскае ваяводства // ЭГБ. — Мн.: 1999 Т. 5. С. 227.
  3. ^ Насевіч В. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел. // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 38.
  4. ^ Гісторыя Мсціслаўскага раёна: Часы Рэчы Паспалітай (1569 г. — канец 18 ст.). Магілёўская абласная бібліятэкаПраверана 24 кастрычніка 2010 г.
  5. ^ Батвіннік М. Мсціслаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 321.
  6. ^ Мальцев В. П. Записки о смерти «тюремных сидельцев» в смоленских тюрьмах в 1609—1610 гг. // Исторический архив. № 5, 1960.
  7. ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 92.
  8. ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 200.
  9. ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 106.
  10. ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 426.
  11. ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 488.
  12. ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 189.
  13. ^ Дубавец С., Сагановіч Г. Старажытная Літва і сучасная Летува // З гісторыяй на «Вы». Вып. 2. — Менск, 1994. С. 233—234.
  14. ^ Надсан А. Беларусы ў Грэцкай калегіі // Запісы БІНіМ. Т. 30. — New York — Miensk, 2006. С. 175.
  15. ^ Насевіч В. Гэты сцяг пачынаўся так… // Чырвоная Змена. № 42 (13900), 20 красавіка 1995 г.
  16. ^ а б в г Jelski A. Województwo mścisławskie // Słownik geograficzny... T. V. — Warszawa, 1884. S. 341.
  17. ^ Гісторыя Клімавіцкага раёна: Край у складзе Вялікага княства Літоўскага. Магілёўская абласная бібліятэкаПраверана 24 кастрычніка 2010 г.
  18. ^ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]