Аналы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ана́лы (множны лік, па-лацінску: Annales ад annus — год) — запісы па гадах падзей, зьвязаных з жыцьцём гораду, вобласьці альбо краіны. Аналы меліся ўжо ў эгіпцян, шумераў, пэрсаў, кітайцаў, старажытных грэкаў (ώρα). Сваю сапраўдную назву аналы атрымалі ў рымлян. Матэрыялам для найбольш старажытных рымскіх аналаў паслужылі запісы жрацоў (Commentarii Pontificum) на драўляных дошках, пакрытых гіпсам, са штогадовай пазнакай консулаў. Гэтыя дошкі выстаўляліся для ўсеагульнага агляду, на іх запісваліся найбольш важныя падзеі: імёны вышэйшых чыноўнікаў, сонечныя і месяцовыя зацьменьні, знакі і іншыя, пазьней — зьвесткі аб павышэньні коштаў, пра войны і г.д.

Найбольш старажытныя запісы, пэўна, загінулі пры пажары Рыма ў 387 да н.э. падчас нашэсьця галаў, але затым былі адноўлены па памяці і працягнуты. Каля 130 да н.э. аналы былі зьведзены Публіюсам Муцыюсам Сцэволай у зборнік з 80 кніг пад назвай «вялікіх аналаў» (Annales maximi). Вядзеньне аналаў спынілася паміж 123 і 114 да н. э.

Хоць старажытнарымскія аналы да нас не дайшлі, імі карысталіся, як крыніцай, шматлікія рымскія гісторыкі (напрыклад, Тытус Лівіюс), якія таксама часам давалі сваім сачыненьням назву і форму аналаў. У гісторыкаў старажытнай Грэцыі форма аналаў была распаўсюджана да Герадота.

Вялікае распаўсюджваньне аналы атрымалі ў Сярэднявеччы, калі амаль кожны буйны манастыр вёў свае пагадовыя запісы. Такія сярэднявечныя аналы гістарычна разьвіліся з кароткіх запісаў на палях табліц, якія вызначаюць даты сьвяткаваньня хрысьціянскага Вялікадня ў розныя гады. Аналягічныя аналы на Русі ў айчыннай гістарыяграфіі носяць назву летапісаў. У сучаснай мове слова аналы часта выкарыстоўваецца ў значэньні «кроніка», запіс значных падзей. У гэтым сэнсе выраз «увайшоў у аналы» сынанімічны выразу «ўвайшоў у гісторыю».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]