Анатоль Іверс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Гэта артыкул пра беларускага паэта Анатоля Іверса, сапр — Іван Міско. Калі вам патрэбны артыкул пра беларускага скульптара, глядзіце артыкул Іван Міско.

Анатоль Іверс
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Іван Міско
Нарадзіўся 15 траўня 1912
в. Чамяры, Расейская імпэрыя
Памёр 26 кастрычніка 1999 (87 гадоў)
Слонім, Беларусь
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт
Мова беларуская
Узнагароды
Ордэн Айчыннай вайны 2 ступені
Ордэн Айчыннай вайны 2 ступені
Творы на сайце Knihi.com
Творы на сайце Kamunikat.org

Анато́ль І́верс (сапр. — Іва́н Дарафе́евіч Міско́; (15 траўня 1912, в. Чамяры, цяпер Слонімскі раён, Беларусь — 26 кастрычніка 1999, Слонім, Беларусь) — беларускі паэт.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У час Першае сусьветнае вайны сям’я, як і многія аднавяскоўцы, у 1914 г. выехала ў бежанства й вярнулася ў 1918 г. У 1926 г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію. За ўдзел у рэвалюцыйна-вызваленчым руху быў выключаны зь Віленскай (1928), Клецкай (1929) і Наваградзкай (1931) гімназіяў. З 1931 г. у Чамярах пад наглядам польскай паліцыі. Пачаў пісаць пад псэўданімам Анатоль Іверс, адсылаючы ў тагачасную беларускую прэсу. З 1935 г. служыў у Войску Польскім, тымчасова памешчык забіў яго маці.

Пасьля ўзьяднаньня Заходняе Беларусі з БССР працаваў літаратурным работнікам слонімскае раённае газэты «Вольная праца» (1939—1941). Сябра Саюзу пісьменьнікаў СССР з 1940 г. У час Другой сусьветнай вайны — адзін з арганізатараў падпольнага антынацысцкага руху[1], зь лістапада 1943 г. — партызан брыгады імя К. Ракасоўскага, у сакавіку 1944 г. абраны сакратаром Слонімскага міжраённага антыфашысцкага камітэту[1]. Выдаваў антынацысцкую падпольную газэту «Барацьба»[1]. Жонка А. Іверса загінула ў Калдычаўскім лягеры, брат — у баі зь нямецкімі войскамі.

У пасьляваенныя гады савецкія ўлады доўгі час не прызнавалі слонімскую падпольную арганізацыю, А. Іверса некалькі разоў беспадстаўна звальнялі з працы. Потым працаваў у Слонімскім гарсавеце, у рэдакцыі раённае газэты «За перамогу камунізму»[1], у лесахімічнай прамысловасьці. У 1976—1984 гг. — сакратар слонімскага раённага аддзяленьня Таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры. Жыў у Слоніме. Быў знаёмы і сябраваў з Аляксандрай Бергман, Сакратам Яновічам, Віктарам Шведам, Міхасём Хмялеўскім, Георгіем Валкавыцкім і іншымі беларускімі дзяячамі Польшчы.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэбютаваў у друку вершамі ў 1934 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Песьні на загонах» (Вільня, 1939)[1], «З пройдзеных дарог» (1970), «Жыву ў бацькоўскім краі» (вершы і паэмы, 1982), «Я пайшоў бы ўсьлед за летам» (1987).

Рэвалюцыйна-вызваленчая тэматыка ў творах паэта глыбока зьвязаная з асобай чалавека, грамадзяніна, гераічныя матывы пераходзяць у лірычныя, зьліваюцца ў кранальны напеў пра лёс народу, якому даводзіцца пераадольваць гістарычную несправядлівасьць, наладжваць новае жыцьцё. Вядучыя стылявыя рысы — пявучасьць, шчырасьць інтанацыяў, часам празьмернае захапленьне апісаньнямі[1].

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і мэдалямі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.;
  • Іверс Анатоль // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.;
  • Чыгрын С. Не пыталі, ці зжата, ці скошана… // Ніва № 4 (2280), 23 студз. 2000.