Ангельская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Ангельская
English
Ужываецца ў ЗША, Вялікабрытаніі, Канадзе, Аўстраліі і іншых краінах
Рэгіён Галоўным чынам Заходняя Эўропа, Паўночная Амэрыка, Аўстралія, Азія
Колькасьць карыстальнікаў Для 340 мільёнаў зьяўляецца роднай. Для 600 мільёнаў — другой.
Клясыфікацыя

Індаэўрапейская сям'я

Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Дэ-факта альбо дэ-юрэ — у шэрагу пераважна ангельскамоўных краінаў сьвету (ЗША, Вялікабрытанія і г.д.); таксама — у краінах з ангельскамоўнай меншасьцю, але наяўнасьцю ў гісторыі ангельскамоўнага панаваньня (Пакістан, Індыя і г.д.)
Рэгулюецца
Код мовы
ISO 639-1 en
ISO 639-2(B) eng
ISO 639-2(T) eng
SIL ENG
Anglospeak(800px)Countries.png
Валоданьне ангельскай мовай як роднай па сьвеце

Анге́льская мо́ва (саманазва: English, the English language) адносіцца да заходняе падгаліны германскае галіны індаэўрапейскае моўнае сям’і. Упершыню на гэтай мове пачалі размаўляць ў раньнім Сярэднявеччы ў Ангельшчыне, і на цяперашні час яна найбольш шырока выкарыстоўваецца ў сьвеце[1]. На ёй размаўляюць як на першай мове большасьць насельніцтва шэрагу сувэрэнных дзяржаваў, у тым ліку Вялікабрытанія, Злучаныя Штаты, Канада, Аўстралія, Ірляндыя, Новая Зэляндыя й шэраг краінаў Карыбскага рэгіёну. Гэта трэцяя родная мова ў сьвеце паводле колькасьці носьбітаў, пасьля кітайскай і гішпанскай моваў[2]. Ангельская шырока вывучаецца як другая мова па ўсім сьвеце й зьяўляецца афіцыйнай мовай Эўрапейскага Зьвязу, многіх краінаў Садружнасьці й Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, а таксама шматлікіх арганізацыяў сьвету.

Ангельская мова паходзіць ад мовы германскіх плямёнаў (фрызаў, англаў, саксаў ды ютаў), якія перасяліліся ў Брытанію ў 5 стагодзьдзі. Зь іх дыялектаў утварылася стараангельская мова. Пасьля нармандзкага заваяваньня ў 1066 годзе ў стараангельскую мову перайшло шмат францускіх словаў. У выніку гэтага, а таксама зьнікненьня часткі інфлексіяў, зьяўляецца сярэднеангельская мова. Сьледам за тым адбыліся значныя зьмены ў вымаўленьні, якія прывялі да ўзьнікненьня (каля 1500 году) сучаснае ангельскае мовы. На дадзены час існуе вялікая колькасьць рэгіянальных дыялектаў ангельскае мовы (брытанская ангельская, шатляндзкая ангельская, амэрыканская ангельская, індыйская ангельская і гэтак далей).

У сувязі з засваеньнем вялікай колькасьці словаў са шматлікіх іншых моваў на працягу ўсёй сваёй гісторыі, сучасная ангельская мова зьмяшчае шырокі слоўнікавы запас, са складаным і нерэгулярным правапісам, асабліва ў дачыненьні да галосных. Сучасная ангельская асымілюе ня толькі словы зь іншых эўрапейскіх моваў, але й моваў з усяго сьвету. Оксфардзкі слоўнік ангельскай мовы налічвае больш за 250 тысячаў розных словаў, ня лічачы шматлікіх тэхнічных, навуковых і слэнгавых тэрмінаў[3][4].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ангельская мова паўстала з германскіх дыялектаў Паўночнага мора, якія пачалі шырока ўжывацца зь перасяленьнем на Брытанскія астравы германскіх пасяленцаў з тэрыторыяў сучасных Нідэрляндаў, паўночна-заходняй Нямеччыны й Даніі[5]. Да гэтага моманту ў Рымскай Брытаніі карэннае насельніцтва, як мяркуецца, размаўляла на агульнай брытонскай мове, якая мела кельцкае паходжаньне, нароўні з лацінскай мовай, паколькі 400 гадоў гэтыя астравы належылі Рыму[6]. Аднымі з гэтых прыбылых германскіх плямёнаў былі англы[7], якія, як мяркуецца, поўнасьцю пераехалі ў Брытанію[8]. Назва «Ангельшчына», у значэньні «зямля англаў», зьяўляецца вытворнай ад назвы гэтага племені, але саксы, юты й некаторыя іншыя германскія народы берагоў Фрысьляндыі, Ніжняй Саксоніі, Ютляндыі й Паўднёвай Швэцыі таксама пераехалі ў Ангельшчыну ў гэтую эпоху[9].

Першапачаткова старажытнаангельская мова зьяўлялася разнастайнай групай дыялектаў, якія адлюстроўвалі рознае паходжаньне жыхароў англа-саксонскай Ангельшчыны[10], але дыялект заходніх саксаў у рэшце рэшт пачаў дамінаваць перад іншымі, і менавіта таму, што знайшоў пісьмовае выйсьце, то бок «Бэўвульф» быў напісаны гэтым дыялектам.

Старажытнаангельская мова ​​пазьней мела яшчэ дзьве хвалі трансфармацыі, зьвязаных з уварваньнем на тэрыторыю Ангельшчыны захопнікаў. Першай хваляй было пашырэньне паўночна-нямецкай мовы праз тое, што Гальвдан Рагнарсан і Івар Бяскосткавы пачалі заваёву й калянізацыю паўночнай часткі Брытанскіх астравоў у VIII і IX стагодзьдзях, утварыўшы ў канчатковым рахунку вобласьць, вядомую як Данэлаг. Другой хваляй было ўварваньне ў краіну ў XI стагодзьдзі раманамоўных заваёўнікаў, то бок нарманаў. Гэта былі нашчадкі вікінгаў, якія да таго часу засвоілі й цалкам перайшлі на старажытнафранцускую мову. Нарманы шырока выкарыстоўвалі гэтую мову ў Ангельшчыне, асабліва ў сфэры дзяржаўнага кіраваньня й судовай справы, што забясьпечыла ангельскую мову вялікім плястам старажытнафранцускіх словаў. Пашырэньне выкарыстаньня лексыкі скандынаўскіх і нармандзкіх словаў спрасьціла граматыку й ператварыла ангельскую мову ў больш адкрытую да запазычаньняў.

Моўныя зрухі ангельскай пасьля ўварваньня нарманаў у канчатковым рахунку прывялі да зьяўленьня сярэднеангельскай мовы, праца Джэфры Чосэра «Кэнтэрбэрыйскія апавяданьні» зьяўляецца самай вядомай працай гэтага пэрыяду.

Клясыфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Германская моўная сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ангельская мова адносіцца да англа-фрыскай падгрупы заходнегерманскай галіны германскіх моваў, празь якую ўваходзіць у склад індаэўрапейскай моўнай сям’і. Сучасная ангельская мова зьяўляецца прамым нашчадкам сярэднеангельскай, якая ў сваю чаргу зьяўляецца прамым нашчадкам старажытнаангельскай, нашчадку прота-германскай мовы. Тыповая для большасьці германскіх моваў, ангельская характарызуецца выкарыстаньнем мадальных дзеясловаў, якія падзяляюць дзеясловы на моцныя й слабыя падгрупы і зрухам змычных зычных, вядомага як закон Грыма. Бліжэйшым сваяком ангельскай мовы, акрамя ангельскіх моваў заснаваных на базе крэольскіх моваў, зьяўляецца фрыская мова на паўднёвым беразе Паўночнага мора ў Нідэрляндах, Нямеччыне й Даніі.

Ніякая зь іншых моваў не зьяўляецца ўзаемна паразумелай з ангельскай, збольшага з-за разыходжаньняў у лексыцы, сынтаксісе, сэмантыцы й фанэтыцы, і праз ізаляцыю ангельскай мовы з прычыны яе фармаваньня выключна на Брытанскіх астравах, хоць некаторыя мовы, як то нідэрляндзкая, сапраўды паказваюць моцнае падабенства да яе, асабліва на раньніх стадыях разьвіцьця ангельскай. Ізаляцыя дазволіла ангельскай мове, як то й ісьляндзкай, і фарэрскай, разьвівацца самастойна ад кантынэнтальных германскіх моваў, ня маючы зь цягам часу іхнага ўплыву на сябе[11].

Раманскі ўплыў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шматлікія францускія словы таксама зразумелыя носьбітамі ангельскай мовы, асабліва, у пісьмовай форме, бо пры вымаўленьні яны нярэдка моцна адрозьніваюцца. Гэта зьвязана з тым, што ангельская мова атрымала вялікі слоўнікавы запас ад нарманаў, носьбітаў францускай мовы, пасьля Нармандзкай заваёвы Ангельшчыны. У выніку, вялікая частка ангельскай лексыкі паходзіць ад францускай, зь некаторымі нязначнымі адрозьненьнямі правапісу (адсутнасьць флектыўных канчаткаў, выкарыстаньне старафранцускага напісаньня, адсутнасьць дыякрытычных знакаў і іншае), а таксама выпадковыя разыходжаньні ў сэнсе некаторых падобных словаў. Напрыклад, слова library (бібліятэка) пабодна на францускае librairie, якое аднак мае значэньне кнігарня, на францускую мову слова бібліятэка перакладаецца як bibliothèque. Вымаўленьне большасьці францускіх запазычаньняў ў ангельскай мове сталася ў значнай ступені больш тыповым для ангельскай фанэтыцы, і таксама ў іх зьмяніўся характар націску, як то словы прырода — анг. nature [ˈneɪtʃə(r)] супраць фр. nature [natyʀ], гузік — анг. button [ˈbʌtn] супраць фр. bouton [butɔ̃], стол — анг. table [ˈteɪbl] супраць фр. table [tabl], гадзіна — анг. hour [ˈaʊə(r)] супраць фр. heure [œʀ]. Выключэньнямі з гэтага зьяўляюцца запазычаныя словы mirage, genre, café і фразы coup d'état, rendez-vous і некаторыя іншыя, дзе францускае вымаўленьне захавалася.

Альфабэт і правапіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ангельская мова выкарыстоўвае наступны варыянт лацінскага альфабэту: Aa Bb Cc Dd Ee Ff Gg Hh Ii Jj Kk Ll Mm Nn Oo Pp Qq Rr Ss Tt Uu Vv Ww Xx Yy Zz.

Зрэдку, пераважна ў старых тэкстах, можна сустрэць лігатуры: encyclopædia (звычайнае сучаснае напісаньне — encyclopaedia або encyclopedia). У запазычаньнях могуць захоўвацца літары іншых абэцэдаў: façade. Артаграфія не фаналягічная.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Mydans, Seth "Across cultures, English is the word". New York Times.
  2. ^ "Ethnologue, 1999".
  3. ^ "How many words are there in the English Language?". Oxforddictionaries.com.
  4. ^ "Vista Worldwide Language Statistics". Vistawide.com.
  5. ^ Blench, R.; Spriggs, Matthew (1999). Archaeology and Language: Correlating Archaeological and Linguistic Hypotheses. Routledge. pp. 285–286. ISBN 978-0-415-11761-6.
  6. ^ The Roman epoch in Britain lasted for 367 years, Information Britain
  7. ^ Anglik English language resource. Anglik.net.
  8. ^ Bede's Ecclesiastical History of England | Christian Classics Ethereal Library. Ccel.org.
  9. ^ Linguistics Research Center Texas University. Utexas.edu.
  10. ^ Graddol, David; Leith, Dick and Swann, Joan (1996) English: History, Diversity and Change, New York: Routledge, p. 101, ISBN 0415131189.
  11. ^ Baugh, Albert C.; Thomas Cable (2002). A History of the English Language (5th ed.). Routledge. p. 336. ISBN 0-415-28099-0.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Ангельская мовасховішча мультымэдыйных матэрыялаў