Антон Сялява

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Антон Сялява
Антон Сялява
Антон Сялява
V архібіскуп Полацкі
1624 — 1655
ПапярэднікЯзафат Кунцэвіч
НаступнікГаўрыла Календа
V мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі й усяе Русі
1640 — 1655
ПапярэднікРафал Корсак
НаступнікГаўрыла Календа
IV протаархімандрыт Ордэну базылянаў сьвятога Васіля Вялікага
1642 — 1655
ПапярэднікПахом Война-Аранскі
НаступнікЯкуб Суша
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Анастас Сялява
Нарадзіўся каля 1583
Полацкае ваяводзтва
Памёр 1655(1655)
Тыкоцін
Род Сялявы
Рэлігія праваслаўе, потым уніяцтва
Дзейнасьць каталіцкі сьвятар, каталіцкі біскуп

Антон Сялява[a] (сьвецкае імя Анастас; каля 1583, Полацкае ваяводзтва — 1655, Тыкоцін) — царкоўны дзяяч і пісьменьнік, базылянін. Уніяцкі архібіскуп Полацкі (з 1624), мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі й усяе Русі (з 1640), протаархімандрыт Ордэна базылянаў сьв. Васіля Вялікага (з 1642).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў з праваслаўнага полацкага шляхецкага роду гербу ўласнага. У 1612 уступіў у Ордэн базылянаў, у 1617 высьвячаны на сьвятара. Духоўны вучань полацкага ўніяцкага архібіскупа сьвятамучаніка Язафата (Кунцэвіча), зь якім ён пэўны час жыў у адной кельлі. У 1616—1619 гг. навучаўся ў Грэцкім калегіюме ў Рыме. Ад 1622 архімандрыт базылянскага манастыра Сьвятой Тройцы ў Вільні, а таксама манастыроў у Наваградку і Жыдычыне.

Пасьля мучаніцкай сьмерці полацкага ўніяцкага архібіскупа Язафата Кунцэвіча кіеўскі мітрапаліт Язэп Вельямін Руцкі ў 1623 намінаваў Антона Сяляву на архікатэдру ў Полацку, а ў 1624 яго высьвяцілі на біскупа. Ад 1639 генэральны вікары Кіеўскай мітраполіі. Быў наступнікам мітрапаліта Рафала Корсака на Кіеўскай і Галіцкай мітрапалічай катэдры з рэзыдэнцыяй у Вільні (1641—1655), захаваў за сабой полацкую біскупскую катэдру. Адначасна ад 1642, насуперак пастановаў першай генэральнай капітулы базылянскага ордэна, як і яго мітрапаліт-папярэднік, дабіўся захаваньня за сабою пасады протархімандрыта, даўшы базылянам пісьмовую гарантыю, што пасьля яго сьмерці пасада протархімандрыта ордэна ня будзе зьвязаная зь мітрапалічаю годнасьцю. Удзельнічаў у судовых спрэчках з праваслаўнымі герархамі, асабліва на тэрыторыі Полацкае архіяпархіі — Язэпам Бабрыковічам, Сыльвэстрам Косавым.

У 1645 працягнуў справу мітрапаліта Я. Руцкага і распачаў перамовы з праваслаўнымі пра царкоўнае зьяднаньне ўніятаў і праваслаўных Кіеўскай мітраполіі і стварэньне агульнага патрыярхату, аднак сьмерць Кіеўскага праваслаўнага мітрапаліта Пятра Магілы ў 1647 спыніла перамовы.

Будучы хворым, у 1648 перадаў кіраваньне Чынам сьвятога Васіля Вялікага а. Сымону Яцкевічу-Стаўравецкаму, генэральнаму кансультару Ордэна і Быценьскаму ігумену, аднак у сувязі з ваеннымі дзеяньнямі склікаць капітулу для выбараў новага протаархімандрыта не атрымалася і да сваёй сьмерці А. Сялява так і застаўся протаархімандрытам базылянаў.

Клапаціўся пра адукацыю сьвятароў, умацаваньне і паляпшэньне манаскага жыцьця. Быў фундатарам жаночага базылянскага манастыра ў Менску, манахіні якога мусілі займацца апекаю бедных дзяўчынак, і выдзяліў на гэтыя мэты грошы. Адчыніў сэмінарыю ў 1652 пры манастыры.

У цяжкія для Зьяднанай Царквы часы казацкіх паўстаньняў і вайны з Масковіяй (1648—1654), калі існавала пагроза самому існаваньню Ўніяцкай царквы, вымушаны быў туляцца па краіне. Да таго ж мітрапаліту даводзілася бараніць Уніяцкую Царкву ад дыскрымінацыйнай палітыкі польскай лацінскай герархіі, якая грэбліва ставілася да Зьяднанай Царквы, якая прыняла шэраг зьняважлівых пастановаў адносна яе, прымушала вернікаў плаціць дзесяціну лацінскім сьвятарам і нават дамагалася поўнага зьнішчэньня Уніі зь пераводам вернікаў на лацінскі абрад.

Істотна спрычыніўся да бэатыфікацыі ў Рыме свайго папярэдніка на полацкім архібіскупскім пасадзе Язафата Кунцэвіча. Пад канец свайго жыцьця быў ужо моцна хворы і амаль асьлеп. У студзені 1655 даручыў кіраваньне Кіеўскай мітраполіяй Гаўрылу Календу, а сам мусіў жыць на выгнаньні ў базылянскім манастыры ў Супрасьлі. Пакідаючы Полацак у 1655, здолеў забраць з сабою ў Супрасьль найбольшую каштоўнасьць Уніяцкай Царквы — труну зь целам блаславёнага Язафата, уратаваўшы яе ад маскоўскіх войскаў, што імкнуліся зьнішчыць усякую памяць пра сьвятога.

Памёр недалёка ад Супрасьля ў Тыкоціне на Падляшшы. Як падае хроніка супрасьлеўскага манастыра, «убягаючы перад Масквой зь Белай Русі, прыбыў да Супрасьля, а адтуль выехаў у Тыкоцін, рэзыдаваў там жа нейкі час у супрасьлеўскім двары пры царкве, дзе цяжка захварэў і памёр. Быў перавезены ў Супрасьль і пахаваны ў фундатарскім склепе».

Аўтарству А. Сялявы належаць: палемічны твор «Антыэленхас» (Вільня, 1622), скіраваны супраць «Эленхасу» Мялеція Сматрыцкага, і «Жыцьцё слугі Божага Язафата» (1625)[1].

Папярэднік
Язафат Кунцэвіч
Архібіскуп Полацкі
1624—1655
Наступнік
Гаўрыла Календа
Папярэднік
Рафал Корсак
Мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі й усяе Русі
1640—1655
Наступнік
Гаўрыла Календа
Папярэднік
Пахом Война-Аранскі
Протаархімандрыт Ордэна базылянаў сьвятога Васіля Вялікага
1642—1655
Наступнік
Якуб Суша

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Іншая форма імя: Антоні Сялява (польск. Antoni Sielawa)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сяргей Казуля. Антоній Сялява // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 649.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]