Антон Шукелойць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Антон Шукелойць
Імя пры нараджэньні Антон Антонавіч Шукелойць
Род дзейнасьці настаўнік, таваравед
Дата нараджэньня 19 ліпеня 1915
Месца нараджэньня вёска Якелеўшчына, Ашмянскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 7 студзеня 2017 (101 год)
Месца сьмерці ЗША
Месца пахаваньня
Грамадзянства ЗША
Месца вучобы
Занятак грамадзкі дзяяч
Бацька Антон Шукелойць
Маці Бэнэдыкта зь Пецюкевічаў
Дадаткова 11-ы старшыня Беларуска-амэрыканскага задзіночаньня (1975—2007)

Анто́н Анто́навіч Шукело́йць (Шукело́йц; 19 ліпеня 1915, в. Якелеўшчына, цяпер Ашмянскі раён Гарадзенская вобласьць, Беларусь — 7 студзеня 2017, ЗША) — грамадзкі дзяяч беларускай эміграцыі ў ЗША.

Біяграфічныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 19 ліпеня 1915 году ў в. Якелеўшчына ў сялянскай сям’і Антона і Бэнэдыкты зь Пецюкевічаў. Бацька меў гаспадарку й гандляваў лесам. Скончыўшы Жупранскую пачатковую школу, паступіў у Ашмянскую польскую гімназію. Скончыў аддзяленьне славянскай філялёгіі й этнаграфіі гуманістычнага факультэту Ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя (1939). Падчас студэнцтва працаваў ува ўнівэрсытэцкім этнаграфічным музэі, часта выяжджаў для збору матэрыялаў у розныя мясьціны Беларусі.

У юнацтве далучыўся да грамадзкага руху, падчас вучобы ў Ашмянскай польскай гімназіі быў сябрам беларускага гуртка сацыялістычнай моладзі, якім кіраваў вядомы ашмянскі сацыялістычны дзеяч адвакат Аляксандар Барановіч. У Вільні далучыўся да групы студэнтаў, якая выдавала часопіс беларускай сацыялістычнай думкі «Золак», ідэалягічна набліжаны да эсэраў. Ува ўнівэрсытэце быў сябрам беларускіх студэнцкіх арганізацыяў: Беларускага студэнцкага саюзу, Таварыства прыяцеляў беларусаведы (у апошнім быў старшынём). Сьпяваў у беларускім студэнцкім хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.

Па далучэньні Заходняй Беларусі да БССР у 1939 г. А. Шукелойць працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне. Арганізаваў у Ашмянах першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школаў на тэрыторыі былога Ашмянскага павету. Выкладаў беларускую мову ў гімназіі, дзе раней вучыўся сам. У 1940 г. стаў дэпутатам Ашмянскага гарадзкога савету, загадчыкам гарадзкога аддзелу народнай асьветы й школьным інспэктарам-мэтадыстам Ашмянскага раёну.

23 чэрвеня 1941 арыштаваны органамі НКУС, вызваліўся з турмы ў выніку налёту нямецкай авіяцыі. Падчас нацысцкай акупацыі працаваў у аддзеле асьветы й культуры Менскай гарадзкой управы, дзе ўпарадкоўваў архівы ЗАГСу, часткова зьнішчаныя ў выніку ваенных дзеяньняў. Затым стаў загадчыкам Беларускага гістарычнага музэю (потым Краязнаўчы музэй). Пасьля арганізацыі ў Менску Беларускага культурнага згуртаваньня А. Шукелойця прызначылі кіраўніком аддзелу краязнаўства галоўнай управы. Урэшце быў школьным інспэктарам пры аддзеле Беларускай цэнтральнай рады. З 1944 г. у Нямеччыне.

Пасьля вайны працаваў у сыстэме адукацыі ў лягерах для перамешчаных асобаў у Нямеччыне. Спрабаваў адшукаць у Баварыі сьляды вывезеных туды беларускіх музэйных каштоўнасьцяў. У пачатку 1950-х гг. пераехаў у ЗША. Працаваў тавараведам пры Інстытуце вытворчасьці моды, у краме вопраткі «Орбакг». Актыўны ўдзельнік жыцьця беларускай дыяспары ў ЗША. Шматгадовы старшыня Беларуска-Амэрыканскага задзіночаньня, сябра рэдакцыі газэты «Беларус», сябра Беларускага інстытуту навукі й мастацтва ў Нью-Ёрку.

Аўтар дзясяткаў артыкулаў, успамінаў, нэкралёгаў апублікаваных у газэтах «Бацькаўшчына» й «Беларус». Апублікаваны матэрыялы А. Шукелойця пра лёс музэйных фондаў вывезеных у час Другой сусьветнай вайны зь Беларусі ў Нямеччыну й Аўстрыю.

Памёр 7 студзеня 2017 году, пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансўіку (Нью-Джэрзі)[1].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Мы гэтак шмат страцілі: [інтэрв’ю Ю.Хадыкі з А.Шукелойцам] // ЛіМ. 1991. 26 ліп.;
  • Пазняк З. Гутаркі з Антонам Шукелойцем. — Варшава: «АРО», 2003. — ISBN 9955-9337-8-X;
  • Юрэвіч Л. Шукелойць Антон: Старонкі будучага даведніка // Кантакты і дыялогі, № 7-8. 2000.