Аплатная картка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Прыклады дзьвюх крэдытных картак
Авэрс тыповае дэбэтавай карткі:
  1. Лягатып банку
  2. EMV-чып
  3. Галаграма
  4. Нумар
  5. Лягатып брэнду
  6. Тэрмін сканчэньня
  7. Імя ўладальніка

Аплатная картка — картка, якая можа выкарыстоўвацца для аплаты розных тавараў і/ці паслугаў.

Віды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Звычайна аплатная картка зьвязаная з разьліковым рахункам, які прыналежыць уладальніку карткі. Рахунак можа ўтрымоўваць уласныя сродкі ўладальніка альбо сродкі банка, прадстаўленыя ўласьніку рахунку (і карткі) ў крэдыт. У залежнасьці ад гэтага адрозьніваюць дэбэтавыя альбо крэдытныя карткі аплаты.

Крэдытная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Крэдытная картка

Крэдытная картка — частка аплатнае сыстэмы, названая ад маленькае плястыкавае карткі, якая выдаецца карыстальнікам гэтае сыстэмы. Такая картка дае права яе ўладальніку набываць тавары і паслугі ўзамен на абавязаньне ўласьніка разьлічыцца пазьней[1]. Выдавец карткі адчыняе спажыўцу паслугі (карыстальніку) крэдытную лінію, зь якое спажывец пазычае грошы для разьліку з прадаўцом альбо атрымоўвае іх гатоўкай.

Большасьць крэдытных картак выпускаюцца мясцовымі банкамі ці крэдытнымі каапэратывамі, і іхнія памеры і форма рэглямэнтуюцца стандартам ISO/IEC 7810 як ID-1. Для іх вызначаны памер 85,60 × 53,98 мм.

Дэбэтавая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Дэбэтавая картка

Дэбэтавая картка (таксама завецца банкаўская картка ці чэкавая картка) — плястыкавая картка, якая дае магчымасьць альтэрнатыўнага мэтаду аплаты пры зьдзяйсьненьні купляў. У адрозьненьне ад аплаты гатоўкай пры аплаце дэбэтавай карткай грошы здымаюцца непасрэдна з разьліковага рахунку ў банку ці з астатку на самой картцы. У некаторых выпадках карткі распрацоўваюцца выключна для аплаты праз сэціва, і фізычна яны не выпускаюцца.

Дэбэтавыя карткі распаўсюдзіліся ў шматлікіх краінах і пераўзышлі квіткі, а ў некаторых выпадках і гатоўку па аб’ёме транзакцыяў. Падобна да крэдытных картак, дэбэтавыя карткі шырока выкарыстоўваюцца для набываньняў па тэлефоне ці праз інтэрнэт. Адрозьненьне ад крэдытавых картак заключаецца ў тым, што грошы пераводзяцца з банкаўскага рахунку ўладальніка, а не ва ўлік яго будучых пагашэньняў пазыкі.

Дэбэтавыя карткі таксама могуць выкарыстоўвацца для зьняцьця гатоўкі ў банкаматах.

Выдаткавая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Выдаткавая картка

Выдаткавая картка — кароткатэрміновы (звычайна 1 месяц) сродак крэдыту на набыцьцё. Яна падобная да крэдытнае карткі, акрамя таго, што па кантракце з выдаўцом карткі яе ўладальнік мусіць штомесяц сплочваць пазыку цалкам. Спазьненьне з аплатай альбо няпоўная аплата караецца пеняй (напрыклад, 5% ад балянсу) і можа выклікаць поўную забарону ўсіх будучых транзакцыяў.

Папярэдняе аплаты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Картка папярэдняе аплаты

Картка папярэдняе аплаты — плястыкавая картка, на якой захоўваецца пэўная сума грашовых сродкаў, а таксама неабходныя зьвесткі, у адрозьненьне ад дэбэтавых картак, дзе грошы захоўваюцца на банкаўскім рахунку, а інфармацыя — аддалена на кампутарах, прыналежных да арганізацыі-выдаўца карткі. Акрамя таго, дэбэтавыя карткі звычайна выдаюцца на імя канкрэтнае асобы, а карткі папярэднае аплаты звычайна няйменныя.

Сума аплаты з дапамогаю адмысловае счытвальнае прылады здымаецца альбо з магнітнай паласы, альбо з дапамогай радыёчастотнае ідэнтыфікацыі (RFID), альбо шляхам набору надрукаванага на картцы коду на тэлефоне ці іншай лічбавай клявіятуры.

Часта ўжываецца сынонім тэрміну «электронны кашалёк».

Паліўная[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Паліўная картка

Паліўная картка — аплатная картка, якая выкарыстоўваецца для аплаты за бэнзін, дызэльнае і іншыя віды паліва на заправачных станцыях. Гэтыя карткі таксама могуць ужывацца для аплаты за абслугоўваньне транспартнага сродку. Выкарыстаньне такіх картак таксама зьмяншае неабходнасьць выкарыстаньня гатоўкі, што павялічвае ўзровень бясьпекі кіроўцаў транспартных сродкаў і памяншае разыку махлярства.

Іншыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншыя віды аплатных картак:

Тэхналёгіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Картка з магнітнай паласой[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Картка з магнітнай паласой
Рэвэрс тыповае дэбэтавае карткі:
  1. Магнітная паласа
  2. Паласа для подпісу
  3. Код абароны карткі

Картка з магнітнай паласой — від карткі, якая дазваляе захоўваць зьвесткі шляхам зьмяненьня намагнічаньня дробных намагнічаных часьцінак на аснове жалеза, зьмешчаных на паласе з магнітнага матэрыялу. Магнітная паласа счытваецца пры фізычным кантакце са счытвальнай галоўкай. Магнітныя палоскі выкарыстоўваюцца ў крэдытных, ідэнтыфікацыйных картках і на перавозачных квітках. Яны таксама могуць утрымліваць радыёметкі, транспондэр і/ці мікрачып.

Фізычныя характарыстыкі картак з магнітнай паласой (памер, гнуткасьць, разьмяшчэньне магнітнай паласы, магнітныя характарыстыкі, фарматы зьвестак) вызначаюцца некалькімі стандартамі Міжнароднай арганізацыі па стандартызацыі: ISO/IEC 7810, ISO/IEC 7811, ISO/IEC 7812, ISO/IEC 7813, ISO 8583 і ISO/IEC 4909. Яны таксама апісваюць стандарты для фінансавых картак.

Смарт-картка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Смарт-картка

Смарт-картка, чып-картка, ці мікрачыпавая картка — любая картка кішэннага фармату з інтэграванымі мікрачыпамі для апрацоўкі зьвестак. Гэта азначае, што яна можа атрымоўваць уваходныя зьвесткі, апрацоўваць іх, і вяртаць вынік. Існуе дзьве шырокія катэгорыі смарт-картак. Карткі памяці месьцяць толькі кампанэнты энэрганезалежнае памяці і, магчыма, спэцыфічную лёгіку бясьпекі. Мікрапрацэсарныя карткі зьмяшчаюць энэргазалежную памяць і мікрапрацэсарныя складнікі. Карткі вырабляюцца з плястыку, звычайна ПВХ, хоць сустракаюцца і з ABS-плястыку.

Радыёкартка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Радыёкартка
Радыёкартка

Радыёкартка — агульная назва для бескантактавых прыладаў з інтэгральнымі схемамі, ужыванымі для абароны доступу ці ў аплатных сыстэмах. Тэрмін можа адносіцца як да старых 125 kHz прыладаў, такі да сучасных 13.56 MHz бескантактавых RFID-картак, больш вядомых як бескантактавыя смарткарткі.

Сучасныя радыёкарткі рэглямэнтаваныя стандартам ISO/IEC 14443. Існуе таксама падобны стандарт ISO/IEC 15693. Радыёкарткі забясьпечваюцца рэзанансавым пераносам энэргіі і ў большасьці выпадкаў маюць дыяпазон дзеяньня 0—3 цаляў, што дае магчымасьць ўладальніку карыстацца імі, не дастаючы з кашальку ці паперніку (?).

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 1 студзеня 2021 году ў абарачэньні ў Беларусі знаходзілася 15,4 млн банкаўскіх аплатных картак (163 % ад насельніцтва Беларусі), зь якіх каля 11 млн (71 %) прыпадала на амэрыканскія карткі «Віза» (Фостэр Сіці, штат Каліфорнія) і «Майстаркард» (Пэрчэс, штат Нью-Ёрк). Рэшту ў асноўным складалі беларускія карткі «Белкарт» і «Белкарт-Маэстра». У 2019 годзе доля безнаяўных апэрацыяў перавысіла палову грашовага абарачэньня і склала 54,9 % (40 млрд рублёў; 19,2 млрд $). У 2018 годзе гэты паказьнік складаў 49,9 %, а ў 2010-м — 13,1 %. Цягам 2015—2020 году лік аплатных картак устойліва павялічваўся з 12,343 млн да 15,528 млн. Цягам 2015—2021 гадоў лік картак «Белкарт» скараціўся з 5,128 млн да 2,571 млн, а лік картак «Белкарт-Маэстра» вырас са 109,2 тыс. да 1,878 млн. Тым часам, лік картак «Майстаркард» павялічыўся з 1,885 млн да 5,557 млн. У 2015—2018 гадах лік картак «Віза» ўпаў з 5,219 млн да 4,635 млн, але да 2021 году вырас да 5,435 млн. Таксама ў 2019 годзе ў Беларусі пачалі выпускаць кітайскія карткі «Юніёнпэй» (Шанхай), лік якіх у 2021 годзе дасягнуў 3100[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Arthur O'Sullivan [1] = Economics: Principles in action / Steven M. Sheffrin. — Upper Saddle River, New Jersey 07458: Prentice Hall, 2003. — 261 с. — ISBN 0-13-063085-3
  2. ^ Рынак банкаўскіх плацежных картак // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 3 лютага 2021 г. Праверана 7 чэрвеня 2021 г.