Аргонскі лес

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 49°10′ пн. ш. 5°0′ у. д. / 49.167° пн. ш. 5° у. д. / 49.167; 5

Выгляд Аргонскага лесу з Шатэль-Шэры
Аргонскі лес на мапе Францыі

Аргонскі лес (па-француску: Forêt d’Argonne) — высокія ўзгоркі на паўночным усходзе Францыі недалёка ад яе граніцы з Бэльгіяй, густа парослыя зьмешаным лесам. Геалягічна належаць да плято Аргоны, зьяўляючыся яго заходняй часткаю. Бывае, што Аргонскім лесам называюць увесь Аргонскі рэгіён.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэадор Русо. Дубы ў Апрэмоне. 1852 г.

Аргонскі лес цягнецца з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход на 60 км па тэрыторыі дэпартамэнтаў Мёз і Марна, якія знаходзяцца ў гістарычных абласьцях Францыі: Шампань і Лятарынгія. З двух бакоў абмежаваны рэкамі Энай і Эрай ды мае шырыню ад 2 да 15 км[1]. У XIX стагодзьдзі займаў значна большую плошчу і цягнуўся на поўнач да Сэдану[2], пакрываючы сабою заходні бераг ракі Бар. Цяпер уздоўж Бары растуць асобныя лясы, падзеленыя шырокімі прасторамі апрацаванай зямлі. Рэльеф пад Аргонскім лесам — у выглядзе куэсты: зь ярамі, крутымі кручамі і лагчынамі паміж імі[1]. Мясцовасьць — цяжкапраходная і таму заўсёды лічылася натуральнай перашкодай на шляху замежных уварваньняў[2]. Ва ўсходняй частцы Аргонскага рэгіёну, паміж Эрай і Маасам, знаходзіцца Апрэмонскі лес. Раней такі самы разложысты, як і Аргонскі, цяпер ён ўяўляе сабою разрозьненыя лясныя масівы розных памераў, самым вялікім зь якіх лічыцца лес Шэпі.

Гістарычны Аргонскі лес, ад вытоку ракі Эры і да Сэдану, перасякае пяць цясьнінаў[1][2] (названыя з поўначы на поўдзень):

  • цясьніна Лез-Ілет (Les Islettes) ад Клярмону ў Сэнт-Мэну і ад Вэрдэну ў Парыж, 11 км даўжыні і ад 300 да 900 м шырыні;
  • цясьніна Ляшаляд (Lachalade) ад Варэну да В’ен-лё-Шато, пакрытае лесам;
  • цясьніна Гран-прэ (Grand-pré), у 1000 м шырынёй, цягнецца ўздоўж Эры ад Сэн-Жувэну да яе злучэньня з Эну ў 5 км ад Мантуа;
  • цясьніна Круа-о-Буа (Croix-aux-Bois) ад Бут-о-Буа да Лёнвэ і далей да Вузье, што на Эне, раней выкарыстоўвалася як дарога для дрыварубаў[2], пакрытае лесам;
  • цясьніна Лё-Шэн-Папюлё (le Chêne-Populeux) злучае Сэдан і Рэймс празь Лё-Шэн і Вузье.

Цяпер праз усе названыя цясьніны пракладзеныя дарогі, а побач зь цясьнінай Лез-Ілет, зь яго паўночнага боку, проходзіць шаша Эст (L’Est) — эўрапейскі маршрут E50. Шмат якія цясьніны забудаваныя.

Лес, які іх атачае, — ліставы: тут сустракаюцца букавыя, бярозавыя і арэхавыя гаі[1].

Інфармацыя для турыстаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Разваліны Манфаконскай царквы. Зьлева — былы нямецкі назіральны пункт.

На паўночны-захад ад Варэна і каля лесу Шэпі знаходзіцца вёска Манфакон-д'Аргон, дзе ў 1937 годзе быў ўсталяваны помнік амэрыканцам, якія ваявалі ў Аргонскім лесе ў 1918 годзе, — Манфаконскі Амэрыканскі Манумэнт (Montfaucon American Monument). Да гранітнай калёны дарычнага ордэру, увенчанага сымбалічнай статуяй Свабоды, вядзе 234 прыступкі. Пад калённай знаходзіцца памяшканьне, на сьценах якога выгравіравана мапа бітвы і расказ пра тое, як яна адбывалася. За манумэнтам ляжаць руіны былой вясковай царквы зь нямецкім назіральным пунктам, збудаваным зь яе камянёў. У 11 км на поўнач ад гэтых месцаў знаходзяцца могілкі амэрыканскіх жаўнераў 1-й арміі[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Бракгаўз-Эфрон
  2. ^ а б в г Жюль Вэрн. Дарога да Францыі
  3. ^ Monument on the official American site of the American Battle Monuments Commission

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Энцыкляпэдычны слоўнік Бракгаўза і Эфрона