Аркадзь Разэнгольц

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аркадзь Разэнгольц
Дата нараджэньня 4 (16) лістапада 1889
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 15 сакавіка 1938(1938-03-15)[1] (48 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Занятак дыплямат, палітык, вайсковец
Узнагароды
ордэн Леніна ордэн Чырвонага Сьцяга

Арка́дзь Па́ўлавіч Разэнго́льц (4 лістапада 1889, Віцебск — 15 сакавіка 1938, Масква) — савецкі партыйны, вайсковы і дзяржаўны дзяяч.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і купца Файвеля (Паўла) Разэнгольца. Скончыў Віцебскую гімназію, Кіеўскі камэрцыйны інстытут, займаўся рэвалюцыйнай дзейнасьць у Кіеве ды Маскве. В 1914—1915 гг. служыў у страхавых касах ў Маскве ды Кацярынаславе.

Пасьля лютаўскай рэвалюцыі 1917 году ён усталёўвае рабочы кантроль над вытворчасьцю, удзельнічае ў стварэньні Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў, завадзкіх ды фабрычных камітэтаў, партыйных і прафсаюзных арганізацыяў, фарміруе атрады Рабочай міліцыі і Чырвонай гвардыі. У дні кастрычніцкага перавароту Разэнгольц сябра Маскоўскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэту, адзін з кіраўнікоў узброенага паўстаньня ў Маскве. Пасьля перамогі рэвалюцыі Разэнгольц адказны работнік Саўдэпу.

Неўзабаве яго ўводзяць у склад Рэўваенсавету. Ён прызначаецца сябрам РВС 5-й арміі і прымае ўдзел ва ўзяцьці Казані. У сьнежні 1918 — сакавіку 1919 г. Разэнгольц сябра РВС 8-й арміі Паўднёвага фронту, якая на чале з Тухачэўскім вяла абарончыя баі супраць белаказакаў на варонежскім напрамку, а потым пад Луганскам. Ён удзельнічаў у разгроме белаказакаў на Доне, прымаў удзел у баях за Данбас. Затым яго накіроўваюць у РВС 7-й арміі, якая абараняла Петраград ад войскаў Юдзеніча. А потым былі Паўднёвы, Каўказскі ды Заходні франты. За заслугі на франтах Разэнгольц быў ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сьцяга.

Пасьля Грамадзянскай вайны ён узначаліў Цэнтральны Саюз Транспартных рабочых, а потым займаў і іншыя адказныя пасады. З канца 1922 г. Разэнгольц займаецца стварэньнем і разьвіцьцём Савецкай авіяцыі. 11 сьнежня 1922 г. яго накіроўваюць у Бэрлін дзеля перамоваў з авіяцыйнымі кампаніямі «Дэрулюфт» і «Аэра-Уніён» па пытаньню арганізацыі паветранай лініі Швэцыя — Пэрсія праз Савецкі Саюз. У сакавіку 1923 г. Аркадзь Разэнгольц быў прызначаны начальнікам Рабоча-Сялянскага Чырвонага Ваеннага Паветранага Флёту ды адначасова старшынёй Савету па Грамадзянскай авіяцыі.

10 сьнежня 1924 году яго накіравалі на дыпляматычную працу ў Ангельшчыну, дзе ён займаўся таксама і шпіянажам на карысьць СССР.

З 1927 па 1934 г. чалец Цэнтральнай кантрольнай камісіі ВКП(б) і кандыдат у сябры Прэзыдыюма ЦКК (з 1930 па 1932 г. чалец Прэзыдыюма ЦКК). Адначасова з 1928 па 1930 г. працуе ў Рабоча-сялянскай інспэкцыі СССР. У кастрычніку — лістападзе 1930 г. на пасадзе намесьніка наркома зьнешняга і ўнутранага гандлю СССР, затым наркам зьнешняга гандлю СССР (да 1937 г.). В жніўні — кастрычніку 1937 г. узначальваў Упраўленьне дзяржаўных рэзэрваў пры СНК СССР.

7 кастрычніка 1937 г. быў арыштаваны па справе «Антысавецкага права трацкісцкага блёку». Абвінавачваўся ў тым, што ў складзе тэрарыстычнай групы ў жніўні 1934 г. дамагаўся прыёму ў В. І. Сталіна з мэтай замаху. Вытрываўшы жудасныя катаваньні, ён не прызнаў паклёпніцкіх абвінавачваньняў і адмовіўся падаць прашэньне аб памілаваньні. 15 сакавіка 1938 г. Разэнгольц быў расстраляны.

Празь месяц расстралялі і ягоную жонку, Зою Аляксандраўну Разэнгольц-Рашэнцаву, супрацоўніцу часопіса «Большевистская печать». Празь цяжкія выпрабаваньні прайшлі і іхнія дзеці — сын Валер, які, зь цягам часу, зрабіўся доктарам тэхнічных навук, ды дачка Зоя, да апошняга часу доктар у адной з маскоўскіх бальніц.

У лютым 1988 г. Аркадзь Паўлавіч Разэнгольц быў рэабілітаваны.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Шумихин В. «Через полвека забвения». // Крылья Родины. № 8. Москва. 1988. С. 12-13
  • Карніловіч Э. К. Розенгольц Аркадзь Паўлавіч. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Том 18. Кніга І. Мінск 2004. С. 443.
  • Подлипский А. Обвинен в покушении на Сталина… // Витебский проспект. 2 декабря 2010.
  1. ^ Bibliothèque nationale de France Arkady Pavlovitch Rosengolts // data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.