Арсыт Фрыгійскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Арсыт Фрыгійскі (па-старажытнапэрсыдзку: Artavazdâ, па-грэцку: Αρτάβαζος, ? — 334 да н. э.) — дзяржаўны й вайсковы дзеяч Пэрсыдзкае імпэрыі.

Каля 350 да н. э. прызначаны сатрапам Фрыгіі. Невядомая ягоная сувязь з родам Фарнакідаў, які ад 477 да н. э. кіраваў Фрыгіяй. Магчыма, быў сынам Арыябарзана, хоць крыніцы гэта не пацьвярджаюць. Каля 340 да н. э., каб абараніць ад македонцаў Пэрынт у Тракіі, запрасіў да сябе на службу грэцкіх наймітаў на чале з атэнцам Апалядорам. На пачатку абарона прыносіла плён, але пасьля ініцыятыва перайшла да македонцаў.

Згодна з Арыянам Нікамэдыйскім, з пачаткам у 334 да н. э. паходу Аляксандра Македонскага на Пэрсію, кіраўнік грэцкіх наймітаў на пэрсыдзкай службе Мэмнан прапанаваў Арсыту выкарыстаць тактыку выпаленае зямлі супраць чужынцаў. Але той адмовіўся руйнаваць землі сваіх падуладных. У выніку адбылася бітва пры Граніку, у якой Арсыт камандаваў пафлягонскай кавалерыяй. У бітве пэрсыдзкае войска было разьбітае ўшчэнт, шмат камандзіраў загінулі на полі бітвы, Арсыт жа здолеў уцячы ў Фрыгію, дзе, паводле Арыяна, скончыў жыцьцё самагубствам, бо быў абвінавачаны ў паразе.

Вядомы адзіны ягоны сын — Мітрапаст, які быў разьбіты македонскім адміралам Нэархам ў Пэрсыдзкай затоцы.

Папярэднік
Артабаз II
Сатрапы Фрыгіі
350 да н. э.334 да н. э.
Наступнік
Калас