Арэпа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Арэпа
Арэпы (Калюмбія, 2016 г.)
Арэпы (Калюмбія, 2016 г.)
Тыпаладкі
Нацыянальная страваКалюмбійская, вэнэсуэльская
ПаходжаньнеБалівія, Калюмбія, Панама, Вэнэсуэла
РэгіёнПоўнач Паўднёвай Амэрыкі
Час прыгатаваньня10 хвілінаў
Асноўны складніккукурузная мука
Распаўсюджаныя складніківада, соль

Арэпа (куман.(en) эрэпа — кукуруза) — прэсная кукурузная аладка паўпляскатай формы. Звычайна падаецца на сьняданак у Балівіі, Калюмбіі, Панаме і Вэнэсуэле. У Вэнэсуэле існуюць страўні пад назовам арэпэра, якія адмыслоўваюцца на іх прыгатаваньні і продажы. Страву ядуць рукамі без сталовых прыбораў пасьля даданьня начыньня (звычайна плаўленага сыру)[1]. Штовосень ладзіцца Калюмбійскі фэстываль арэпы па чарзе ў 5 буйных гарадах: Багата (сталіца), Баранкія, Букараманга, Калі і Медэльін.

Прыгатаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Арэпа, начыненая сырам і вяндлінай (Вэнэсуэла, 2006 г.)

Спачатку на вадзе замешваецца цеста з кукурузнай мукі, у якое дадаюць соль. Цеста выпякаецца на плоскай прастакутнай патэльні без накрыўкі цягам 5—10 хвілінаў. Страва падаецца да стала з начыньнем у асобнай глыбокай талерцы. Затым арэпу распалавіньваюць уздоўж нажом, як булку для гамбургэра. Потым распалавіненую арэпу фаршуюць начыньнем з талеркі пры дапамозе лыжкі. Начыньнем найчасьцей служыць круглая луста плаўленага сыра з малака буйваліцы. Таксама ў якасьці начыньня можа выкарыстоўвацца масла, кураціна, ялавічына, кансэрваваны тунец з гароднінай і морапрадукты[1].

Назоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На куманагоцкай мове(en) карыбскай народнасьці куманаготаў, якія жывуць на ўсходнім узьбярэжжы Вэнэсуэлы (штат Ансаатэгі), слова эрэпа абазначае кукурузу. У 1884 г. Каралеўская акадэмія гішпанскай мовы(es) (Мадрыд) прыняла слова арэпа.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1539 г. флярэнтыйскі падарожнік Галеото Сэі (1513—1579) упершыню пісьмова згадаў «арэпы» ў сваім італьянскамоўным дзёньніку «Падарожжы і апісаньне Індыяў» (1539—1553 гг.), як «від хлеба з кукурузы ў якасьці піражка таўшчынёй з палец, круглага і вялікага». Падарожнік таксама згадаў «прыгатаваньне на патэльні над агнём з размазваньнем змазкі для прадухіленьня зьліпаньня і паварочваньнем да гатовасьці з абодвух бакоў». У 1548 г. гішпанскі каралеўскі скарбнік ў правінцыі Вэнэсуэла(es) — Пэдра Руіс дэ Тапіа — згадваў, што звычайна людзі штодня спажывалі па 3 індзейскія арэпы з кукурузы на абед і вячэру. У 1626 г. францішканскі манах Пэдра Сімон(es) (1574—1628) згадаў прыгатаваньне арэпы ў правінцыі Вэнэсуэла ў сваіх «Навінах гісторыі заваёваў мацерыка ва Заходніх Індыях».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Арэпасховішча мультымэдыйных матэрыялаў