Атлусьценьне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ступені атлусьценьня: (злева) чалавек з нармальнай вагай цела, (у цэнтры) чалавек зь лішкавай вагай цела, (справа) чалавек, які пакутуе на атлусьценьне

Атлусьценьне (затлусьценьне) — адклады тлушчу, павелічэньне масы цела за кошт тлушчавой тканкі. Тлушчавая тканка можа адкладвацца як у месцах фізыялягічных адкладаў, так і ў вобласьці малочных залозаў, сьцёгнаў, жывата. Атлусьценьне падзяляецца на ступені (па колькасьці тлуставых тканкаў) і на тыпы (у залежнасьці ад чыньнікаў, якія прывялі да ягонага разьвіцьця). Чыньнікі лішкавай вагі ўплываюць на раўспаўсюджваньне тлуставай тканкі, ейнай характарыстыкі (мяккасьць, пругкасьць, колькасьць адсоткаў утрыманьня вадкасьці), а таксама на прысутнасьць альбо адсутнасьць зьмяненьня скуры, гэтак званы «цэлюліт».

На 2011 г. каля 250 млн людзей у сьвеце мелі залішнюю вагу[1].

Папярэджаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадухіленьню хваробы спрыяе захаваньне здаровай вагі цела. Індэкс масы цела (ІМЦ) вызначае такую вагу адносна роста ў мэтрах, узьведзенага ў квадрат, у памеры 18,5—25 кг/м². Для захаваньня такой вагі дастаткова падтрымліваць раўнавагу энэргіі ў калёрыях, якая паступае зь ежай і выдаткоўваецца на цялесную дзейнасьць. Чалавек са здаровай вагой цела сярэдняга целаскладу пры невысокай цялеснай дзейнасьці расходуе блізу 30 кілякалёрыяў на 1 кіляграм вагі за содні[2]. Таму адпаведна росту можна разьлічыць штодзённую калярыйнасьць ежы, дастатковую для падтрыманьня здаровай вагі цела паводле ІМЦ (30 ккал * здаровая маса цела ў кг):

  • пры росьце 1,6 мэтра вага мае складаць да 64 кг, якія падтрымаюць 1920 ккал;
  • пры 1,7 мэтра — да 72,2 кг, якія падтрымаюць 2166 ккал;
  • пры 1,8 мэтра — да 81 кг, якія падтрымаюць 2430 ккал;
  • пры 1,9 мэтра — да 90,2 кг, якія падтрымаюць 2706 ккал;
  • пры 2 мэтрах — да 100 кг, якія падтрымаюць 3000 ккал.

Для захаваньня здаровай вагі цела карысна пачынаць сьняданак са шклянкі вады. Пагатоў сьняданак мае ўтрымліваць 30% дзённай калярыйнасьці ежы і быць першым прыёмам ежы за дзень. Таксама варта есьці 4-6 разоў на дзень паводле ўстойлівага раскладу. Вячэраць лепей за 3-4 гадзіны да сну. Памер прыёму ежы карысна абмяжоўваць 300 мілілітрамі (2 складзеныя далоні). Таксама лепей ужываць мёд замест белага цукру, марскую соль замест сталовай і найменей апрацаваныя крупы замест белых крупаў і мукі. Пры смажаньні варта аддаваць перавагу вадзе перад алеем. Пагатоў салату карысна запраўляць аліўкавым алеем з цытрынавым сокам і зелянінай замест маянэзу. У якасьці зеляніны і прыправаў найлепш пасуюць: кроп, пятрушка, ляўровы ліст, мята, часнок, чабор, шалфей, гвазьдзік і карыца. Сярод сокаў — лімонны, сельдзярэйны і грэйпфрутавы. Карысна пазьбягаць прыёму ежы ў якасьці занятку і перад тэлевізарам, даяданьня за іншымі хатнімі і абавязкова ўсёй ежы на талерцы, каштаваньня кожнай прыгатаванай стравы і заяданьня асноўных страваў дэсэртам і хлебам. Таксама варта аддаваць перавагу найменш сытнай ежы з калярыйнасьцю менш за 30 кілякалёрыяў на 100 грамаў: кабачкі, капуста, агуркі, радыска, рэпа, салата, таматы, салодкі перац, гарбуз, журавіны і сьвежыя грыбы[3].

Чыньнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Атлусьценьню спрыяе няўстойлівы расклад харчаваньня, маларухомы лад жыцьця, нястача ёду і гармонаў шчытападобнай залозы (гіпатэрыёз), лішак гармонаў наднырачнікаў (гіпэркартыцызм), траўма галавы і запаленьне галаўнога мозга (мэнінгіт і энцэфаліт).

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Атлусьценьнем выклікаецца гіпэртанія, ішэмія сэрца, цукровы дыябэт, запаленьне жоўцевай бурбалкі (халецыстыт) і падстраўнікавай залозы (панкрэатыт), тлушчавы гепатоз. Урэшце ўзьнікаюць цыроз печані, запоры, гемарой, дэфармацыя коснага шкілета, разбурэньне сустаўных храсткоў, плоскаступнёвасьць і разлад сну (храп і апноэ)[4].

Паказьнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб атлусьценьні сьведчыць: 1) акружына таліі >94 см; 2) паказьнік талія/сьцёгны >0,9; 3) паказьнік вагі цела (ПВГ = вага ў кг / рост у мэтрах * рост у мэтрах) >30[5].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2007 год у Беларусі звыш 25% насельніцтва мелі лішнюю вагу[6]. На 2012 год каля 30% насельніцтва Беларусі пакутвала ад атлусьценьня[7].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вольга Шаўко. У год белай коткі налягайце на рыбу // Краіна здароўя. — 11 студзеня 2011. — № 2 (238). — С. 5.
  2. ^ Інна Ражок. Як мы худзеем // Партал «Здаровыя людзі» (Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь), 25 жніўня 2017 г. Праверана 24 лістапада 2017 г.
  3. ^ Жанна Гаўрычэнкава. Што есьці, каб схуднець // Партал «Здаровыя людзі», 12 траўня 2017 г. Праверана 24 лістапада 2017 г.
  4. ^ Сьвятлана Барысенка. У чым прычына дзіцячага атлусьценьня // Краіна здароўя. — 24 жніўня 2013. — № 8 (309). — С. 4.
  5. ^ Сьвятлана Барысенка. Куды паўзе талія // Краіна здароўя. — 29 верасьня 2012. — № 5 (299). — С. 5.
  6. ^ Сьвятлана Барысенка. Непрацяглае жыцьцё // Зьвязда : газэта. — 17 студзеня 2007. — № 10 (25875). — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Хрысьціна Рашанок, БелТА. Рынак здаровага харчаваньня // Зьвязда : газэта. — 20 жніўня 2013. — № 154 (27519). — С. 2. — ISSN 1990-763x.