Афрыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Афрыка, выгляд з космасу
Месцазнаходжаньне Афрыкі

А́фрыка (назва, магчыма, пайшла ад лацінскага слова aprica, што перакладаецца як «сонечны», альбо ад грэцкага aphrike, што мае значэньне «бязь сьцюжы») — другі па плошчы й па колькасьці насельніцтва кантынэнт Зямлі (30,300 млн км² і 850 млн жыхароў на 2005 год адпаведна). Афрыка займае 5,9% ад плошчы ўсяе плянэты альбо 20,3% ад плошчы ўсяе сушы.

Адначасова Афрыка зьяўляецца самы бедным у эканамічным пляне кантынэнтам, тут распаўсюджаны такія небясьпечныя захворваньні, як малярыя і СНІД. Акрамя гэтага, значная частка насельніцтва Афрыкі галадае. У апошнія дзесяцігодзьдзі ў многіх афрыканскіх краінах усталяваліся дэмакратычныя ўрады, што паспрыяла іх эканамічнаму разьвіцьцю, але ў некаторых краінах працягваюцца грамадзянскія войны. Тым ня менш, сканчэньне шматгадовай грамадзянскай вайны ў такіх буйных краінах, як Ангола і Дэмакратычная Рэспубліка Конга прывялі да росту эканомікі ў Афрыцы. Грамадзянская вайна працягваецца ў Бурундзі, Кот д’Івуары, Лібэрыі, Самалі, Судане, Зымбабвэ і Нігерыі.

Гісторыя дасьледаваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паўночныя берагі Афрыкі былі досыць добра вядомыя народам Старажытнай Грэцыі і Фінікіі. Зьвесткі аб прыродзе і насельніцтве кантынэнта назапашваліся і пераходзілі ад эгіпцян і фінікійцаў да грэкаў і рымлянаў, ад арабаў да эўрапейцаў.

Для эўрапейскай геаграфіі сапраўдныя дасьледаваньні Афрыкі зьвязаныя з эпохай Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў. У пачатку XV ст. партугальскімі мараплаўцамі, якія шукалі марскі шлях у Індыю, быў пракладзены шлях уздоўж заходніх берагоў мацерыка і знойдзены выхад у Індыйскі акіян. У 1497-98 караван суднаў пад кіраўніцтвам Васка да Гамы на шляху ў Індыю абмінуў кантынэнт і выйшаў з Атлянтычнага акіяна ў Індыйскі. Такім чынам быў завершаны пошук марскога шляху з Эўропы ў Індыю. З XVI ст. эўрапейскія гандляры пачалі вывозіць рабоў у Амэрыку.

У канцы XVIII і пачатку XIX ст. узмоцненую цікавасьць да дасьледаваньня Афрыкі сталі выяўляць эўрапейскія краіны. Розныя мэты вялі вандроўнікаў у дарогу — ня гэтулькі навуковыя, колькі ваенна-стратэгічныя і каланіяльныя. З дасьледчыкаў Афрыкі найболей вядомыя брытанскі падарожнік Дэйвід Лівінгстан, шатляндзец М. Парк (1771—1806), немец Г. Барт (1821—1865), амэрыканец Генры Морган Стэнлі (1841—1904) ды інш. Яны вывучалі ўнутраныя вобласьці мацерыка, пранікаючы туды па рэках, шукалі іх вытокі, апісвалі азёры, шчодрую прыроду і насельніцтва кантынэнта.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афрыка — самы вялікі з трох мацерыкоў «паўднёвай групы». Аддзеленая ад Эўропы Міжземным морам, з Азіяй злучаецца ў паўночнай усходняй частцы Суэцкім перашыйкам (які перасечаны Суэцкім каналам), шырынёй 130 км. Але, у сувязі з тым што Сінайская паўвыспа палітычна належыць Эгіпту, яго часта адносяць да Афрыкі. Афрыка раскінулася на 8 000 км з поўначы на поўдзень, а з захаду на ўсход на 7 400 км. Даўжыня берагавой лініі складае 26 000 км. Самай вялікай краінай Афрыкі зьяўляецца Судан, а самай малой — Сейшэльскія выспы (архіпэляг на ўсходзе ад мацерыка). Самая малая мацерыковая краіна — Гамбія.

Геалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Будова паверхні мацерыка даволі аднастайная. Пераважаюць раўніны і пласкагор’і вышынёй ад 200 да 1000 м, нізін мала. Найболей шырокія пласкагор’і — Усходне-Афрыканскае і Паўднёва-Афрыканскае. Прыпаднятыя ўчасткі чаргуюцца з катлавінамі, найбольш шырокія зь якіх — катлавіна Калахары, ўпадзіна Конга і інш. Найвышэйшы пункт — вулькан Кіліманджара (5895 м), самы нізкі — возера Асаль (-150 м). Сярэдняя вышыня — 600 м над узроўнем мора.

Вулькан Кіліманджара

Асаблівасьці рэльефу зьвязаныя з гісторыяй разьвіцьця мацерыка. У аснове кантынэнта ляжыць старажытная Афрыкана-Арабійская плятформа — частка расколатай Гандваны. Плятформа сфармавалася ў археі і пратэразоі і за 2-3 млрд гадоў набыла вялікую ўстойлівасьць. Толькі Атляскія горы на поўначы і Капскія на поўдні створаныя пазьнейшымі рухамі зямной кары. Велізарная Афрыканская груда выпрабоўвала ўзьняцьці й апусканьні, пры гэтым паўночная частка мацерыка часьцей апускалася, чым падымалася, залівалася морамі. Крышталічны падмурак плятформы перакрыты асадкавымі пародамі і толькі ў цэнтры Сахары й на ўзьбярэжжа Ґвінейскага заліва выходзіць на паверхню. Рэльеф Усходняй і Паўднёвай Афрыкі фармаваўся інакш — пераважалі ўзьняцьці зямной кары, утвараліся гіганцкія разломы, горсты і грабены. Актыўна разьвівалася вулканічная дзейнасьць. Тут шмат лававых раўнін, грабены занятыя азёрамі. Вывяржэньні вулканаў, землятрусы адбываюцца і ў нашы дні. У паласе рыфтаў разьмешчаныя вулканы, у тым ліку вулкан Кіліманджара.

Нетры Афрыкі багатыя мінэральнымі рэсурсамі. Разьмяшчэньне радовішчаў цесна зьвязана з геалягічнай гісторыяй і тэктанічнай будовай. Усходняя і Паўднёвая («высокая») Афрыка, дзе на паверхні пераважаюць магматычныя крышталічныя і мэтамарфічныя пароды, вядомая рудамі чорных і каляровых, высакародных і рэдкіх мэталаў. Радовішчы дыямэнтаў прымеркаваныя да кімбэрлітавых вулканічных трубак у нетрах плятформы. У тоўшчах асадкавых парод Паўночнай і Заходняй Афрыкі назапасіліся запасы фасфарытаў, нафты й прыроднага газу (вобласьць Сахарскай пліты), паваранай солі, каменнага вуглю (Нігерыя). Нафту й газ здабываюць ня толькі на сушы, але і на шэльфе Атлянтычнага акіяна. У Паўднёвай Афрыцы значныя запасы каменнага вугалю, медных, уранавых руд.

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афрыка — самы гарачы мацярык плянэты. На большай яе частцы сярэдняя тэмпэратура любога месяца вышэй +20 °C, што тлумачыцца разьмяшчэньнем большай часткі мацерыка паміж тропікамі, дзе сонца на працягу году стаіць высока над гарызонтам, а два разу ў год бывае ў зэніце. Сэзоны году больш адрозьніваюцца паміж сабой па ўмовах увільгатненьня. Асаблівасьці клімату вызначаюцца цыркуляцыяй паветраных мас, ад якой шмат у чым залежыць колькасьць ападкаў і рэжым іх выпадзеньня. Над экватарыяльнай часткай мацерыка фармуецца пас нізкага ціску, а ў трапічных шыротах — пасы высокага ціску. Гэтыя пасы перамяшчаюцца ўсьлед за зэнітальным становішчам сонца і абумоўліваюць рух над мацерыком экватарыяльных, трапічных і ўмераных паветраных мас. Амаль увесь кантынэнт знаходзіцца пад дзеяньнем пастаянных вятроў — пасатаў. Паўночна-ўсходнія пасаты, што прыходзяць з сушы, амаль не прыносяць вільгаці, а паўднёва-ўсходнія нясуць яе зь Індыйскага акіяна. У субтрапічных шыротах у зімовыя месяцы ападкі выпадаюць з умераных паветраных мас, у якіх пануе заходні перанос паветра з Атлянтычнага акіяна. На разьмеркаваньне ападкаў уплывае і рэльеф. Стромкія і высокія берагі кантынэнта абцяжарваюць пранікненьне вільготных вятроў з акіяна ў глыб мацерыка. На наветраных схілах гор ападкаў выпадае больш. На Этыёпскім нагор’і, на схілах гары Камэрун іх колькасьць дасягае 10 000 мм у год. Самыя сухія вобласьці разьмешчаныя ня толькі ўсярэдзіне мацерыка, але і ў яго прыакіянскіх частках. Так, заходняе ўзьбярэжжа мацерыка ў трапічных шыротах абмываецца халоднымі цячэньнямі. Паветра над імі робіцца халаднейшае, чым у верхніх пластах, канвэкцыя яго абцяжараная. Акрамя расы і туманаў ападкаў тут амаль няма. На мацерыку вылучаюць экватарыяльны, два субэкватарыальных, два трапічных і два субтрапічных кліматычных пасы. Усярэдзіне некаторых зь іх існуюць адрозьненьні, якія вызначаюцца колькасьцю ападкаў і іх рэжымам.

Рэкі і азёры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ніл у Эгіпце

Разьмеркаваньне ўнутраных вод цесна зьвязана з рэльефам і кліматам. Прыкладна 1/3 частка кантынэнта адносіцца да абласьцей унутранага сьцёку, бо велізарныя тэрыторыі мацерыка атрымліваюць мала ападкаў.

Там, дзе ападкаў выпадае шмат, рачная сетка густая. Іншымі словамі, рачная сетка разьмеркаваная на мацерыку нераўнамерна. Усходне-Афрыканскае пласкагор’е зьяўляецца водападзелам, таму вялікая частка рэк сьцякае ў Атлянтычны акіян. На рэках Афрыкі мноства парогаў і вадаспадаў, і яны малапрыдатныя для суднаходзтва, аднак валодаюць велізарнымі запасамі гідраэнэргіі. Амаль усе рэкі маюць у асноўным дажджавое жыўленьне. У абласьцях з экватарыяльным кліматам яны паўнаводныя круглы год і ўтвараюць густую рачную сетку. У субэкватарыяльных пасах рэкі паўнаводныя толькі ў сэзон дажджоў. Тэрыторыі з сухім трапічным кліматам амаль пазбаўленыя паверхневых вод, аднак там ёсьць артэзіянскія басэйны. Часта сустракаюцца сухія рэчышчы — вадзі, якія напаўняюцца вадой ад выпадковых дажджоў. На рэках у субтрапічным пасе ўзровень вады паднімаецца толькі ў пэрыяд дажджоў, на ўзьбярэжжы Міжземнага мора гэта адбываецца ўзімку.

У Афрыцы працякаюць самая доўгая рака мацерыка — Ніл (6671 км) і самая паўнаводная рака Ўсходняга паўшар’я — Конга (Заір) (4320 км), якая выносіць у акіян вады ў 15 раз больш, чым Ніл. Рака Нігер (4160 км) — трэцяя па даўжыні і пляцы басэйна рака Афрыкі. Іншыя буйныя рэкі — Замбэзі (2660 км) і Аранжавая (1860 км). Рака Замбэзі знакамітая адным з найбуйнейшых у сьвеце вадаспадаў — Вікторыя (вышыня 120 м, шырыня 1800 м), які адкрыў Д. Лівінгстан у 1855 годзе.

На возеры Танганьіка

Большасьць буйных азёраў ляжыць на ўсходзе мацерыка. Яны займаюць вузкія выцягнутыя катлавіны ў паласе разломаў зямной кары, маюць стромкія берагі і вялікія глыбіні. Найболей буйныя азёры — Танганьіка (найглыбейшае з афрыканскіх) і Ньяса. Возера Вікторыя (самае вялікае па плошчы) разьмешчана ў прагіне зямной кары. Возера Чад ляжыць у плоскай катлавіне. Яно плыткае і зьмяняе свае абрысы ў залежнасьці ад прытоку вод.

Унутраныя воды Афрыкі маюць вялікае значэньне для забесьпячэньня насельніцтва вадой, для абрашэньня палёў, атрыманьні таннай электраэнэргіі.

Прыродныя зоны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У разьмяшчэньні прыродных зон выразна прасочваецца шыротная занальнасьць, што зьвязана з раўнінным рэльефам, разьмяшчэньнем мацерыка паміж тропікамі, нераўнамерным разьмеркаваньнем ападкаў. У басэйне Конга і ўздоўж узьбярэжжы Гвінейскага заліва растуць вільготныя вечназялёныя экватарыяльныя лясы. Ва ўмовах гарачага і раўнамерна вільготнага клімату ў верхнім пласьце горных парод адбываюцца хімічныя працэсы, якія ўтвараюць злучэньні, багатыя жалезам і алюмініем. Пры гэтым глебы набываюць чырвоную і жоўтую афарбоўку, за што іх называюць чырвона-жоўтымі фэралітнымі. Яны не адрозьніваюцца ўрадлівасьцю, бо арганічныя рэчывы раскладаюцца хутка, назапашвацца не пасьпяваюць, а паглынаюцца расьлінамі або вымываюцца багатымі ападкамі. Расьлінны полаг фармаваўся ва ўмовах высокай вільготнасьці, аднак расьліны добра прыстасаваліся да гэтых умоў: утвараюць шмат ярусаў, маюць цьвёрдае, шчыльнае, часта блішчалае лісьце, карані-падпоркі і г. д. Разнастайнасьць відаў расьлінаў велізарная, шмат парод дрэў, якія валодаюць каштоўнай драўнінай і ядомымі пладамі. У лясах сустракаюцца некалькі відаў пальмаў, у тым ліку алейная. Растуць фікусы, дрэвападобная папараць, кававае дрэва, банан, шматлікія ліяны. Жывёльны сьвет лясоў таксама надзвычай разнастайны. У лясным подсьціле і друзлай глебе мноства мікраарганізмаў і бесхрыбтовых, пад полагам лясы насяляюць лясныя сьвіньні, дробныя капытныя (алянёк), лясныя сланы, блізкія да жырафаў акапі, ля вадаёмаў — карлікавыя бегемоты, сустракаюцца гарылы. Шматлікія жывёлы жывуць на дрэвах: малпы (макакі, шымпанзэ і інш.), птушкі, грызуны, казуркі. Самы буйны драпежнік — леапард. Шырока распаўсюджаныя мурашкі і тэрміты. Экватарыяльныя лясы зьмяняюць пераменна-вільготныя лясы, а затым пачынаюцца саваны.

Саваны займаюць каля 40% плошчы кантынэнту. Саваны характарызуюцца спалучэньнем травянога полага з асобнымі дрэвамі або іх групамі, зарасьнікамі хмызьнякоў. Зьмена сухога і вільготнага сэзонаў году ў саванах зьвязаная з рухам паветраных мас. Глебы тут урадлівей, чым у вільготных экватарыяльных лясах. Перагной назапашваецца ў сухі сэзон, фармуюцца чырвона-бурыя глебы. Дрэвавая расьліннасьць прадстаўленая баабабамі, акацыямі з парасонавымі кронамі, мімозамі, пальмамі. У сухіх саванах растуць дрэвападобныя багаткі, альяс зь мясістым калючым лісьцем. Уздоўж рэк цягнуцца гадэрэйныя лясы. Багацьце травяністай расьліннасьці — умова існаваньня шматлікіх відаў капытных жывёл: антылоп, буйвалаў, зэбраў, насарогаў. У саванах жывуць сланы, жырафы, бегемоты; шмат драпежнікаў — львы, гепарды, леапарды, гіены, шакалы; з птушак сустракаюцца страўсы, марабу, птушка-сакратар і інш. Шмат тэрмітаў, якія робяць трывалыя высокія пабудовы.

Пяскі Сахары

Трапічныя пустыні і паўпустыні займаюць на мацерыку таксама велізарныя абшары (каля 30%). Клімат тут засушлівы, дажджы нерэгулярныя і здараюцца эпізадычна. Паветра сухое, тэмпэратура высокая днём, рэзка зьніжаецца ўначы; частыя пыльныя і пяшчаныя буры. Расьліннасьць сустракаецца рэдка, а месцамі адсутнічае зусім. На поўначы кантынэнта ляжыць найвялікшая пустэльня Зямлі — Сахара, на паўднёвым захадзе мацерыка — бясьплённая пустэльня Наміб. Глебы ў пустынях не ўтвараюць суцэльнага покрыва, утрымоўваюць мала арганічных рэчываў, але шмат мінэральных соляў. У тых месцах, дзе грунтавыя воды блізка падыходзяць да паверхні, разьвіваецца багатая расьліннасьць. Гэта аазісы. У пустынях расьліннасьць бедная, суцэльнага полага не ўтварае, добра прыстасавалася да жыцьця ў сухіх умовах. Растуць пучкі травы, калючыя хмызьнякі, на камянях — лішайнікі. У аазісах Сахары распаўсюджаная фінікавая пальма. У паўпустынях Паўднёвай Афрыкі расьце своеасаблівая расьліна — вельвічыя. Яна мае кароткі ствол (50 см) і вельмі доўгія лісты (ад 3 да 8 м), якія растуць на працягу ўсяго жыцьця, што доўжыцца некалькі стагодзьдзяў, а ў некаторых асобнікаў 2000 гадоў і больш. Своеасаблівы і жывёльны сьвет гэтай зоны. Адны жывёлы могуць падоўгу абыходзіцца без вады, іншыя здольныя пераадольваць велізарныя адлегласьці ў яе пошуках. Для пустыняў характэрныя дробныя антылопы, зьмеі, яшчаркі; у Сахары водзяцца гіены, шакалы, львы, страўсы.

Зона субтрапічных жорсткалістных вечназялёных лясоў і хмызьнякоў займае крайнюю поўнач і поўдзень мацерыка. Колькасьць ападкаў зьмяняецца па сэзонах, лета гарачае, а зіма цёплая і вільготная. У гэтых умовах сфармаваліся ўрадлівыя карычневыя глебы.

Краіны Афрыкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Афрыцы на дадзены момант цалкам знаходзіцца 54 краіны. Насельніцтва кантынэнту складае каля 1,001 мільёна чалавек.

Частка Герб Краіна Плошча (км²) Насельніцтва Сталіца
Паўночная Сьцяг Альжыру Альжыр 2381740 45400000 Альжыр
Сьцяг Лібіі Лібія 1759540 6959000 Трыпалі
Сьцяг Марока Марока 446550 36565463 Рабат
Сьцяг Судану Судан 1861484 44335135 Хартум
Сьцяг Тунісу Туніс 163610 11746695 Туніс
Сьцяг Эгіпту Эгіпет 1001450 103137131 Каір
Заходняя Сьцяг Буркіна-Фасо Буркіна-Фасо 274200 21510181 Уагадугу
Сьцяг Бэніну Бэнін 112622 12506347 Порта-Нова
Сьцяг Гамбіі Гамбія 10380 2487000 Банжул
Сьцяг Ганы Гана 239460 30832019 Акра
Сьцяг Гвінэі Гвінэя 245857 12907395 Конакры
Сьцяг Гвінэі-Бісаў Гвінэя-Бісаў 36120 1646077 Бісаў
Сьцяг Каба-Вэрдэ Каба-Вэрдэ 4033 563198 Прая
Сьцяг Кот-д’Івуару Кот д'Івуар 322460 27087732 Ямусукра
Сьцяг Лібэрыі Лібэрыя 111370 4661010 Манровія
Сьцяг Малі Малі 1240000 20856000 Бамака
Сьцяг Маўрытаніі Маўрытанія 1030700 4271197 Нуакшот
Сьцяг Нігера Нігер 1267000 24112753 Ніямэі
Сьцяг Нігерыі Нігерыя 923768 211400708 Абуджа
Сьцяг Сьера-Леонэ Сьера-Леонэ 71740 8297882 Фрытаўн
Сьцяг Сэнэгалу Сэнэгал 196190 17223497 Дакар
Сьцяг Тога Тога 56785 7886000 Ломэ
Цэнтральная Сьцяг Бурундзі Бурундзі 27830 12574571 Бужумбура
Сьцяг Габону Габон 267667 2233272 Лібрэвіль
Сьцяг Дэмакратычнай Рэспублікі Конга Дэмакратычная Рэспубліка Конга 2345410 92378000 Кіншаса
Сьцяг Камэруну Камэрун 475440 24348251 Яундэ
Сьцяг Аргентыны Паўднёвы Судан 619745 8260490 Джуба
Сьцяг Рэспублікі Конга Рэспубліка Конга 342000 5657000 Бразавіль
Сьцяг Руанды Руанда 26338 12955768 Кігалі
Сьцяг Сан-Тамэ і Прынсыпі Сан-Тамэ і Прынсыпі 1001 214610 Сан-Тамэ
Сьцяг Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка 622984 5633412 Бангі
Сьцяг Чада Чад 1284000 16818391 Нджамэна
Сьцяг Экватарыяльнай Гвінэі Экватарыяльная Гвінэя 28051 1505588 Маляба
Усходняя Сьцяг Джыбуці Джыбуці 23000 976107 Джыбуці
Сьцяг Эрытрэі Эрытрэя 121320 3601000 Асмара
Сьцяг Этыёпіі Этыёпія 1127127 117876000 Адыс-Абэба
Сьцяг Кеніі Кенія 582650 47564296 Найробі
Сьцяг Каморскіх выспаў Каморскія выспы 2170 758316 Мароні
Сьцяг Мадагаскару Мадагаскар 587040 26923353 Антананарыва
Сьцяг Маўрыкія Маўрыцы 2040 1266334 Порт Луі
Сьцяг Сэйшэлаў Сэйшэлы 455 99202 Вікторыя
Сьцяг Самалі Самалі 637657 16360000 Магадзішу
Сьцяг Танзаніі Танзанія 945087 59441988 Дадома
Сьцяг Уганды Уганда 236040 42885900 Кампала
Паўднёвая Сьцяг Анголы Ангола 1246700 32097671 Луанда
Сьцяг Бацваны Батсвана 600370 2410338 Габаронэ
Сьцяг Замбіі Замбія 752614 18400556 Лусака
Сьцяг Зімбабвэ Зымбабвэ 390580 15790716 Харарэ
Сьцяг Лесота Лесота 30355 2159000 Масэру
Сьцяг Малаві Малаві 118480 18898441 Лілонгвэ
Сьцяг Намібіі Намібія 825418 2550226 Ўіндгук
Сьцяг ПАР Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка 1219912 60142978 Кейптаўн
Сьцяг Свазілэнду Свазілэнд Эсўатыні 17363 1172000 Мбабанэ
Сьцяг Мазамбіку Мазамбік 801590 30832244 Мапуту

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Эканоміка Афрыкі

Агульная эканоміка-геаграфічная характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асаблівасьцю геаграфічнага становішча многіх краінаў рэгіёну зьяўляецца адсутнасьць выхаду да мора. У той жа час у краінах, якія выходзяць да акіяну, берагавая лінія парэзана слаба, што неспрыяльна для будаўніцтва буйных портаў.

Афрыка выключна багатая прыроднымі рэсурсамі. Асабліва вялікія запасы мінэральнай сыравіны — руды марганцу, храмітаў, баксытаў і іншых. У паніжэньнях і прыбярэжных раёнах маецца паліўная сыравіна. Нафта і газ здабываюцца ў Паўночнай і Заходняй Афрыцы, у краінах як то Нігерыя, Альжыр, Эгіпет, Лібія. Каласальныя запасы кобальтавых і медных рудаў сканцэнтраваны ў Замбіі і ДРК; марганцавыя руды здабываюцца ў ПАР і Зымбабвэ; плятына, жалезныя руды і золата — у Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі; дыямэнты — у Конга, Батсване, ПАР, Намібіі, Анголе, Гане, фасфарыты — у Марока, Тунісе; уран — у Нігеры, Намібіі.

У Афрыцы даволі вялікія зямельныя рэсурсы, аднак эрозія глебаў прыняла катастрафічны характар з-за няправільнай ейнай апрацоўкі. Водныя рэсурсы па тэрыторыі Афрыкі разьмеркаваны вельмі нераўнамерна. Лясы займаюць каля 10% тэрыторыі, але ў выніку драпежніцкага зьнішчэньня іхняя плошча хутка скарачаецца. У Афрыцы самыя высокія тэмпы натуральнага прыросту насельніцтва. Натуральны прырост у многіх краінах перавышае 30 чалавек на 1000 жыхароў у год. Захоўваецца высокая доля дзіцячых узростаў (50%) і невялікая доля людзей старэйшага пакаленьня (каля 5%).

Афрыканскім краінам пакуль не ўдалося зьмяніць каляніяльны тып галіновай і тэрытарыяльнай структуры эканомікі, аднак тэмпы эканамічнага росту некалькі паскорыліся. Каляніяльны тып галіновай структуры гаспадаркі адрозьніваецца перавагай дробнатаварнай, спажывецкай сельскай гаспадаркі, слабым разьвіцьцём апрацоўчай прамысловасьці, адставаньнем разьвіцьця транспарту. Найбольшых посьпехаў дасягнулі краіны Афрыкі ў горназдабыўной прамысловасьці. Па здабычы многіх карысных выкапняў Афрыцы належаць лідэрскія пазыцыі, а часам і манапольнае месца ў сьвеце, як то па здабычы золата, алмазаў, плятыноідаў і іншых. Апрацоўчая прамысловасьць прадстаўлена лёгкай і харчовай, іншыя галіны адсутнічаюць, за выключэньнем шэрагу раёнаў паблізу наяўнасьці сыравіны і на ўзьбярэжжах Эгіпту, Альжыру, Марока, Нігерыі, Замбіі, ДРК.

Другая галіна эканомікі, якая вызначае месца Афрыкі ў сусьветнай гаспадарцы, ёсьць трапічнае і субтрапічнае земляробства. Прадукцыя земляробства складае 60—80% СУП. Асноўнымі таварнымі культурамі зьяўляюцца кава, какава-бабы, арахіс, фінікі, гарбата, натуральны каўчук, сорга, вострыя прыправы. У апошні час сталі вырошчваць збожжавыя культуры: кукурузу, рыс, пшаніцу. Жывёлагадоўля гуляе падпарадкаваную ролю, за выключэньнем краінаў з засушлівым кліматам. Пераважае экстэнсіўная жывёлагадоўля, якое характарызуецца велізарным пагалоўем быдла, але малой прадуктыўнасьцю і нізкай таварнасьцю. Кантынэнт не забясьпечвае сябе сельскагаспадарчай прадукцыяй.

Транспарт таксама захоўвае каляніяльны тып: чыгунка пракладзена ад раёнаў здабычы сыравіны да партоў, пры гэтым рэгіёны адной дзяржавы практычна не зьвязаныя. Адносна разьвіты чыгункавы і марскі віды транспарту. У апошнія гады атрымалі разьвіцьцё і іншыя віды транспарту — аўтамабільны (пракладзеная дарога праз Сахару), паветраны, трубаправодны. Усе краіны, за выключэньнем ПАР, якія разьвіваюцца, большасьць зь іх найбяднейшыя ў сьвеце (70% насельніцтва жыве за рысай беднасьці).

Праблемы і цяжкасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У большасьці дзяржаваў Афрыкі паўстаў набраклы, непрафэсійны і неэфэктыўны бюракратычны апарат. Пры аморфнасьці сацыяльных структураў адзінай арганізаванай сілай заўсёды заставалася войска. Як вынік наяўнасьць бясконцых ваенных пераваротаў. Дыктатары, якія прыходзілі да ўлады, прысвойвалі сабе незьлічоныя багацьці. Напрыклад, капітал Мабуту, прэзыдэнта Конга, да моманту ягонага зьвяржэньня складаў 7 млрд даляраў. Эканоміка функцыянавала дрэнна, і гэта дало прастор для «дэструктыўнай» эканомікі: вытворчасьці і распаўсюджваньню наркотыкаў, нелегальнай здабычы золата і алмазаў, нават гандлю людзьмі. Доля Афрыкі ў сусьветным СУП і ейная ўдзельная вага ў сусьветным экспарце зьніжаліся, выпуск прадукцыі на душу насельніцтва скарачаўся.

Станаўленьне дзяржаўнасьці вельмі ўскладнялася абсалютнай штучнасьцю дзяржаўных межаў. Афрыка атрымала іх у спадчыну ад каляніяльнага мінулага. Яны ўсталёўваліся пры падзеле кантынэнта на сфэры ўплыву і мелі мала агульнага зь межамі этнічнымі. Створаная ў 1963 годзе Арганізацыя афрыканскага адзінства, усьведамляючы, што любая спроба выправіць тую ці іншую мяжу можа прывесьці да непрадказальных наступстваў, заклікала лічыць гэтыя межы непарушнымі, якімі бы несправядлівымі яны ні былі. Але гэтыя межы ўсё ж ператварыліся ў крыніцу этнічных канфліктаў і перасоўваньняў мільёнаў уцекачоў.

Асноўнай галіной эканомікі большасьці краінаў Трапічнай Афрыкі зьяўляецца сельская гаспадарка, закліканая забясьпечыць прадуктамі харчаваньня насельніцтва і служыць сыравіннай базай разьвіцьця апрацоўчай прамысловасьці. У ім занята пераважная частка самадзейнага насельніцтва рэгіёну, ствараецца асноўная частка сукупнага нацыянальнага даходу. У многіх дзяржавах Трапічнай Афрыкі сельская гаспадарка займае вядучае месца ў экспарце, забясьпечваючы паступленьне значнай часткі валютных даходаў. У апошнія дзесяцігодзьдзі з тэмпамі росту прамысловай вытворчасьці назіралася трывожная карціна, якая дазваляе казаць аб фактычнай дэіндустрыялізацыі рэгіёну. Калі ў 1965—1980 гадох яны ў сярэднім за год складалі 7,5%, то за 1980-я гады толькі 0,7%, падзеньне тэмпаў росту мела месца ў 80-я гады як у здабыўной, гэтак і ў апрацоўваючай галінах. З-за шэрагу чыньнікаў асаблівая роля ў забесьпячэньні сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця рэгіёну належыць горназдабыўной прамысловасьці, але і гэтая вытворчасьць штогод скарачаецца на 2%. Характэрная асаблівасьць разьвіцьця краінаў Трапічнай Афрыкі — слабое разьвіцьцё апрацоўчай прамысловасьці. Толькі ў вельмі невялікай групе краінаў, як то Замбія, Зымбабвэ, Сэнэгал, ейная доля ў СУП дасягае альбо перавышае 20%.

Інтэграцыйныя працэсы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Характэрнай рысай інтэграцыйных працэсаў у Афрыцы зьяўляецца высокая ступень іхняй інстытуалізацыі. На цяперашні час на кантынэнце існуюць каля 200 эканамічных аб’яднаньняў рознага ўзроўню, маштабаў і накіраванасьці. Але з пункту гледжаньня дасьледаваньня праблемы станаўленьня субрэгіянальныай ідэнтычнасьці і ейных суадносінаў зь ідэнтычнасьцю нацыянальнай і этнічнай цікавасьць уяўляюць функцыянаваньне такіх буйных арганізацыяў як «Заходнеафрыканская эканамічная супольнасьць» (ЭКОВАС), «Супольнасьць разьвіцьця Паўднёвай Афрыкі» (САДК), «Эканамічная супольнасьць цэнтральнаафрыканскіх дзяржаваў» (ЭККАС) і гэтак далей. Вельмі нізкая выніковасьць іхняй дзейнасьці ў папярэднія дзесяцігодзьдзі і наступ эпохі глябалізацыі запатрабавала рэзкага паскарэньня інтэграцыйных працэсаў на якасна іншым узроўні. Эканамічная каапэрацыя разьвіваецца ў новых у параўнаньні з 1970-мі гадамі ўмовах супярэчлівага ўзаемадзеяньня глябалізацыі сусьветнай эканомікі і ўзмацьняючай маргіналізацыяй пазыцыяў афрыканскіх дзяржаваў у ейных рамках. Інтэграцыя ўжо не разглядаецца як інструмэнт і аснова для фармаваньня самадастатковай і самаразьвітой эканомікі пры апоры на ўласныя сілы і ў процівагу імпэрыялістычнага Захада. Падыход іншы, які ўяўляе сабой інтэграцыю ў якасьці шляхоў і спосабаў ўключэньня афрыканскіх краінаў у глябалізаваную сусьветную гаспадарку, а таксама як імпульс і паказчык эканамічнага росту і разьвіцьця ў цэлым.