Аўгустын Пацэвіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аўгустын Пацэвіч
Аўгустын Пацэвіч на пасадзе вайсковага лекара ў расейскіх кашарах (Слабудка) ля Пружаны
Аўгустын Пацэвіч на пасадзе вайсковага лекара ў расейскіх кашарах (Слабудка) ля Пружаны
Дата нараджэньня 24 жніўня 1847(1847-08-24)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 20 чэрвеня 1928(1928-06-20) (80 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак фізык
Бацька Канстантын Пацэвіч[d]
Дзеці Казімер Пацэвіч
Узнагароды
Кавалерскі крыж ордэна Адраджэньня Польшчы

Аўгусты́н Лю́двік Барталямэ́й (Аўгустын Канстанты́навіч[2]) Пацэ́віч, (па-польску: Augustyn Ludwik Bartłomiej Pacewicz; *24 жніўня 1847, Пружана — 20 чэрвеня 1928, Пружана) — заслужаны лекар-філянтроп. Большую частку жыцьця пражыў у Пружане, дзе карыстаўся вялізным аўтарытэтам за сваю дабрачынную дзейнасьць. У падзяку за ягоныя заслугі цэнтральная вуліца места ў 1926 року была названая ягоным імем.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся 24 жніўня 1847 ў Пружане ў сям’і Канстантына Людвікавіча Пацэвіча і Караліны са Шрэтэраў (польск. Szretter). Ахрышчаны 28 жніўня, хрышчоныя бацькі — Валенці і Юзэфа Гярміна Швыкоўскія[3]. Скончыў гімназію ў Горадні, Вайскова-мэдычную акадэмію ў Пецярбургу (1873, паводле іншых зьвестак 1874 або 1876[4]).

Вуліца Замкавая ў Пружане (1916), у 1926 перайменаваная ў гонар Аўгустына Пацэвіча

Служыў вайсковым лекарам Балтыйскага флёту ў Кранштаце, звольнены ў запас з прычыны хваробы — артрыту. У 1885—1915 займаўся прыватнай практыкай, а таксама ў званьні палкоўніка працаваў вайсковым лекарам у казармах 38-га лятучага артылерыйскага палку пад Пружанай (каля 1909—1913). Ганаровы міравы судзьдзя ў Пружанскім судзе. У 1909 пабудаваў хату на вуліцы Гарадзенскай каля старога парку[4].

У часе Першай сусьветнай вайны эвакуяваны разам зь сям’ёй у Пецярбург (1915). Працаваў у прыватнай лякарні і ў чыгуначнай клініцы. Напрыканцы ліпеня 1918 вярнуўся ў Пружану, працягнуў лекарскую практыку. Ва ўласным шпіталі на свае сродкі ўтрымоўваў палату і ложак для бедных; вясковую (беларускую) і мескую (жыдоўскую) беднату лекаваў задарма, часта за свой кошт аплочваў пацыентам набыцьцё неабходных лекаў у аптэцы[3]. Свае шматрокавыя дасьледаваньні дасылаў у Польскае лекарскае таварыства(pl) ў Варшаве.

1 студзеня 1924 року ўзнагароджаны ордэнам Polonia Restituta[5]. Існуюць таксама зьвесткі пра ўзнагароджаньне ордэнам Virtuti Militari (дата ўзнагароджаньня невядомая)[6]. У ягоны гонар была перайменаваная галоўная вуліца места, на якой ён жыў ад 1909 року. Гэтую назву вуліца мела да 1942 року[7].

Апошнія два рокі жыцьця ўжо не практыкаваў, цяжка прыкаваны да ложка праз хваробу. Памёр у сярэдзіне чэрвеня 1928 року. Набажэнствы з прычыны ягонае сьмерці адбыліся ў храмах усіх веравызнаньняў Пружаны[3]. Паводле запавету пахаваны на каталіцкіх могілках у звычайнай сасновай труне без шыкоўных помнікаў. У цяперашні час магіла абноўленая, замест спарахнелага драўлянага крыжу пастаўлены мэталёвы з ранейшай шыльдачкай[8].

Пасьля ад’езду сям’і Пацэвічаў у Польшчу ў іхняй хаце пэўны час разьмяшчаўся дзіцячы прытулак. Цяпер на гэтым месцы знаходзіцца помнік спаленым вёскам[4].

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бацька Канстантын Людвігавіч згаданы ў 1874 року як дэпутат ад дваран у павятовай кватэрнай камісіі, калескі асэсар; узнагароджаны знакам адрозьненьня за XX гадоў бездакорнай службы і мэдалём у памяць вайны 1853—1856 рокаў(ru). Меў братоў Ігната (паштмайстар) і Карла (станавы прыстаў)[4].

9 чэрвеня 1888 Аўгустын ажаніўся з Сафіяй Галаўнёй, мелі 4 сыноў і 3 дачок. Адна зь іх, Паўліна, скончыла сем клясаў Гарадзенскай жаночай гімназіі ведамства імпэратаркі Марыі[9]; у 1924 року стала жонкай Мікалая Разанава. У 1902 нарадзілася дачка Алена (у хросьце Алена-Ганна)[10].

Сын Казімер служыў у палку ўланаў Войска Польскага II Рэчы Паспалітай, з пачаткам Другой сусьветнай вайны выехаў у Вялікабрытанію. Паводле запавету ягоныя карціны перададзеныя польскім музэям.

Сын Караль таксама стаў урачом, у 1926 атрымаў дыплём, працаваў у Пружанскай гімназіі і па сумяшчальніцтве — у супрацьтрахомным кабінэце[4].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ https://genealogia.okiem.pl/forum/viewtopic.php?hilit=Morzu*&t=21882
  2. ^ Zabellisa (11 лістапада 2011) фонд 316 — Военно-медицинская академия (рас.) Архивы разные » Федеральные архивы » РГВИА. Генеалогический форум ВГД. Праверана 25 лістапада 2011 г.
  3. ^ а б в Zofia Rozanow. dr Augustyn Pacewicz  (пол.) // Echa Polesia. Biuletyn Filaretów z Polesia. — 15 marca 2011 r. — № 2 (30). — С. 21.
  4. ^ а б в г д Ірына Сядова. Позірк на жыцьцё з вакна палаты №13 // Раённыя будні. — 5 сьнежня 2012. — № 93 (9539). — С. 5.
  5. ^ Щербаков Ярослав Александрович. (13 сьнежня 2012) Улица первая. Тормасова. Улица вторая. Красноармейская (рас.) Дневник irena_s » Пружаны. Улицы моего детства. Генеалогический форум ВГД. Праверана 18 ліпеня 2013 г.
  6. ^ Polish Order of the Virtuti Militari Recipients 1792-1992 - P1 (анг.). The Federation of East European Family History Societies. Праверана 18 ліпеня 2013 г.
  7. ^ Dymitr Zagacki. Międzywojenna Prużana w starej książce telefonicznej (пол.) Historia. Echa Polesia. Biuletyn Filaretów z Polesia. Праверана 25 лістапада 2011 г.
  8. ^ Сымон Бай. (27 сакавіка 2014) У Пружанах аднавілі магілу доктара Пацэвіча tomin.by Праверана 31 сакавіка 2014 г.
  9. ^ Щербаков Ярослав Александрович. (21 траўня 2013) Улица первая. Тормасова. Улица вторая. Красноармейская (рас.) Дневник irena_s » Пружаны. Улицы моего детства. Генеалогический форум ВГД. Праверана 18 ліпеня 2013 г.
  10. ^ Щербаков Ярослав Александрович. (24 траўня 2013) Улица первая. Тормасова. Улица вторая. Красноармейская (рас.) Дневник irena_s » Пружаны. Улицы моего детства. Генеалогический форум ВГД. Праверана 18 ліпеня 2013 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Zofia Rozanow. dr Augustyn Pacewicz  (пол.) // Echa Polesia. Biuletyn Filaretów z Polesia. — 15 marca 2011 r. — № 2 (30).

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]