Барацінка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Баратынка»)
Польская барацінка. Авэрс
Польская барацінка. Рэвэрс

Барацінка, баратынка — дробная медная манэта Рэчы Паспалітай.

Другая Паўночная вайна, названая ў народзе «Швэдзкі патоп» выклікала сур’ёзны гаспадарчы і грашовы крызіс Рэчы Паспалітай. Дзяржаўны скарб ня быў здольны задаволіць грашовыя патрэбы і абавязальніцвы, найперш перад войскам. Тагачасны кіраўнік кракаўскае мынцы (манэтнага двара) Тытус Лівіюш Баратыні, прапанаваў выбіваць дробную медную манэту, якая б мела прымусовую афіцыйную вартасьць срэбнага шэлегу ці 1/3 гроша. Сойм пагадзіўся на той праект, нягледзячы на тое, што гэта было ашуканствам, бо новы медны шэлег ня меў сапраўднай вартасьці траціны гроша, ці 1/90 злотага.

Быў вызначаны дзяржаўны ліміт медных шэлегаў ў квоце 182.291 польскіх злотых на кракаўскай і 817.708 злотых для Кароны ды 1 мільён злотых для Вялікага Княства на ўяздоўскай мынцы, заснаванай у 1659 годзе адмыслова для біцьця новых шэлегаў. Баратыні нелегальна парушыў ліміт выбіцьця. За гэта быў абвінавачаны ў 1662 годзе, калі Сойм загадаў ўстрымацца ад біцьця барацінак. Але праблемы зь дзяржаўным скарбам працягваліся, і ў 1663 годзе эмісыя аднавілася ды пашырылася на літоўскія мынцы, трактуючы гэта як адзіную магчымасьць выйсьця з грашовага крызісу і аплаты пазыкаў.

З аднаго фунту (405 грамаў) медзі Баратыні біў 300 шэлегаў, вартых 100 грошам. 57 грошаў ішлі ў дзяржаўны скарб, рэшту браў утрымальнік мынцы. Акрамя вялізных прыбыткаў Баратыні надалей ашукваў скарб, б’ючы манэты па-за лімітам, ды якія ня йшлі да дзяржавы. Доўгі час яго ў гэтым абвінавачвалі, пакуль у 1666 годзе не зачынілі ўяздоўскую шэляговую мынцу. Апошняе біцьцё медных шэлегаў скончылася ў 1668 годзе. Вялізная колькасьць медных шэлегаў і іх ня вельмі добрая якасьць заахвочвалі да фальшаваньня. Злоўленаму фальшываманэтчыку пагражала катаваньне, адсячэньне правай рукі і прыбіваньне яе на гарадзкой браме, ды адсячэньне галавы. Аднак пэрспэктыва вялікага і лёгкага прыбытку справаджалі тое, што ахвотнікаў да рызыкі не бракавала. Мяркуюць, што фальшываманэтчыкі вырабілі каля дзясятай часткі з эмісіі, якая лічыцца агулам каля 1,8 мільярда манэтаў.

Названыя ад прозьвішча Баратыні — барацінкамі, медзяныя шэлегі дапамаглі дзяржаўнаму скарбу выкараскацца з пазыкаў. Прычыніліся, аднак, да паглыбленьня манэтнага хаосу ў Рэчы Паспалітай (былі ва ўжытку да пачатку XVIII стагодзьдзя). Прыкладна ў 1664 годзе за дукат трэба было даць 195 грошай срэбрам. У барацінках тэарэтычна было тое самае, але ў сапраўднасьці трэба было заплаціць 270 грошаў ці 810 шэлегаў. Гэткая колькасьць барацінак важыла каля кіляграму. Незадаволеныя з выплаты заробку непаўнавартаснай манэтай жаўнеры ўздымалі бунты, былі больш падатныя на агітацыю праціўнікаў караля і ахвотна далучаліся да рокашу Любамірскага (спыненьне аплаты заробку барацінкамі было адным з пажаданьняў рокашу).

Каронныя барацінкі мелі на авэрсе галаву караля Яна Казіміра ў ляўровым вянку, надпіс .IOAN. - CAS. REX вакол галавы падзеленыя літарамі T.L.B (ініцыялы Баратыні). У пазьнейшых эмісіях рабіліся таксама выпускі безь літар T.L.B ды зь іншымі тытуламі. Рэвэрс выяўляе польскага арла са шчытом гербу Ваза на грудзях. Вакол надпіс SOLID.REGN - POLON і год. З долу падзяляе надпіс герб падскарбія кароннага Ян Казіміра КрасінскагаСьлепаўрон (Сьляпы воран). У пазьнейшых выпусках здаралася іншае разьмяшчэньне асобных элемэнтаў.

Барацінкі літоўскія, пачаткова бітыя ў Уяздоўскай мынцы, мелі ідэнтычны авэрс, як і каронныя. Пазьней зьмены адбыліся ў ініцыялах. На рэвэрсе была Пагоня. Пад ім герб падскарбія літоўскага (напачатку кароннага). Па колу надпіс, падзелены ў гары княскай каронай, SOLI.MAG.DVC.LIT, і дата. Пазьней літоўскія барацінкі білі: Аліўская мынца, Берасьцейская мынца, Віленская мынца, Коўнаская мынца і Мальбарская мынца. У пазьнейшых манэтах адбываліся зьмены.

Літоўскія барацінкі біліся:

Літоўская барацінка 1665 выбітая ў Вільні — пад Пагоняю надпіс HKPL
  • 1660 Уяздоў (надпіс TLB пад галавою / выява сьлепаўрона (сьляпога ворана) пад Пагоняю)
  • 1661 Уяздоў (TLB / бяз надпісаў пад пагоняю; са сьлепаўронам) / маюцца зьвесткі пра срэбраны шэлег такога тыпу ў адзінкавым варыянце)
  • 1661 Вільня (TLB / HKPL пад Пагоняю)
  • 1663 Оліва (GFH / пад пагоняю Сноп (герб Вазаў) і Венява (галава каровы — герб Багуслава Ляшчынскага, падскарбія кароннага))
  • 1664 Вільня (надпіс TLB пад выяваю / HKPL пад Пагоняю)
  • 1665 Вільня, Берасьце (надпіс TLB пад выяваю / HKPL пад Пагоняю)
  • 1665 Коўна (GFH / галава аленя)
  • 1665 Коўна (GZH / галава аленя)
  • 1665 Уяздоў (TLB / выява сьлепаўрона (сьляпога ворана) пад Пагоняю)
  • 1665 Оліва (GFH / пад пагоняю Сноп і Венява)
  • 1666 Уяздоў (TLB / выява сьлепаўрона пад Пагоняю)
  • 1666 Оліва (GFH / пад пагоняю Сноп і Венява)
  • 1666 Вільня, Берасьце (надпіс TLB пад выяваю / HKPL пад Пагоняю)
  • 1666 Мальбарк (надпіс GFH пад выяваю / HKPL пад Пагоняю)
  • 1666 Мальбарк (надпіс TZH пад выяваю / HKPL пад Пагоняю)
  • 1666 Коўна (GZH / галава аленя)
  • 1667 Уяздоў (TLB / выява сьлепаўрона (сьляпога ворана) пад Пагоняю)
  • 1667 Берасьце (надпіс TLB пад выяваю / HKPL пад Пагоняю)
  • 1668 Вільня, Берасьце (надпіс TLB пад выяваю / HKPL пад Пагоняю)

Цяперака барацінкі не цікавяць калекцыянэраў. Іх кошт рэдка сягае вышэй даляра.