Баршчэўнік сібірскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Баршчэўнік сыбірскі»)

Баршчэ́ўнік сібі́рскі (па-лацінску: Heracleum sibiricum) — шматгадовая травяністая расьліна сямейства парасонавых.

Вышыня да 3 м. Расьце на лугах, палетках, узьлесках шыракалістых лясоў, на лядах, у садах і гародах, па берагах рэк, у хмызьняках. Вэгетуе з красавік па верасень, цьвіце ў чэрвені — ліпені жоўта-зеленаватымі кветкамі ў суквецьцях-парасоніках. Плоданосіць 1 раз у жыцьці. Народныя назвы баршч, баршчаўка, бядрыца (апошняя назва сьведчыць пра асацыяцыю зь бядрынцам).

Лісьце — буйное, перыста-расьсечанае, зубчатае; утрымлівае да 200 мг % вітаміну C і да 18 мг% каратыну, у карэньні шмат цукраў. Ядуць маладую зеляніну (лісьце, націну, суквецьці) у самых разнастайных формах. Для зялёных салатаў лісьце папярэдне абдаюць крутым кіпенем або вымочваюць у вадзе, каб выдаліць рэзкі пах. Адварное лісьце можна есьці як шпінат, адвар зь лісьця з чаранкамі нагадвае курыны булён. Адваранае націньне ядуць з воцатам, або смажаць у алеі. З ачышчанага і дробна пасечанага націньня і лісьця гатуюць начынку для пяльменяў, піражкоў і г. д. Парасткі зь зялёнымі суквецьцямі кладуць у яечню, смажаць з цыбуляй і маслам, вараць у падсоленай вадзе як цьвятную капусту. Як прыправу спажываюць карэньне (сьвежае і сушанае), сушанае лісьце, часам і насеньне. У Польшчы і ВКЛ з пабегаў і насеньня даўней гатавалі хатняе піва. Чаранкі і націньне зьбіраюць да бутанізаціі (красавік — чэрвень), суквецьці, што не распусьціліся — у ліпені — жніўні, увосені або раньняй вясной.

Яшчэ ў пачатку XX стагодзьдзя кіслы суп з баршчэўніка, які называўся боршч або (у палянізаваным варыянце) баршч, быў звыклым у беларусаў Віленскай і Менскай губэрняў. Пучкі баршчэўніка елі і сырымі. Лічыцца, што ў старажытных славян менавіта гэтая расьліна была галоўным кампанэнтам баршчу, і толькі пазьней назва «боршч» перанесеная на суп з буракоў.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа»