Барысаў (паэма)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Барысаў»
Ілюстрацыя А. Волкава
да паэмы
Жанр: паэма
Аўтар: Янка Купала
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 1934
Публікацыя: 11 ліпеня 1934

«Барысаў» — ліраэпічная паэма Янкі Купалы, завершаная 4 ліпеня 1934 году ў Скупліна.[1] Напісаная ў час творчай камандзіроўкі на Барысаўшчыну разам зь пісьменьнікамі І. Гурскім і В. Кавалём у ліпені 1934 году.[2] Упершыню апублікаваная 11 ліпеня 1934 году ў Менску ў газэце «Зьвязда» пад загалоўкам «Да адкрыцьця помніка Леніну ў Барысаве». Урывак зь яе пад загалоўкам «І памёр стары Барысаў» апублікавала газэта «Літаратура і мастацтва» 12 ліпеня 1934 году. Пад назвай «Барысаў» упершыню зьявілася ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» (№8 за 1934 год).[2] Раней лічылася, што першая публікацыя паэмы пад назвай «Барысаў» адбылася ў зборніку «Песьня будаўніцтву», выдадзеным ў Менску ў 1936 годзе.[1]

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сваім патасам, інтанацыйна—сынтаксічнай структурай і паэтычным стылем твор набліжаецца да паэмы «Над ракою Арэсай». Паэт апявае стваральную працу савецкіх людзей і вітае індустрыялізацыю краіны. Вялікія перамены, што адбываліся пасьля рэвалюцыі, проціпастаўлены пакутам, якія беларускі народ зьведаў у мінулым. Удзячнасьць барысаўчанаў за перамены, як і ў большасьці твораў таго часу, адрасаваная Леніну і камуністычнай партыі. Кульмінацыйным пунктам паэмы зьяўляецца адкрыцьцё помніка Леніну як «сымбалізацыя перамогі сацыялізму і адзінства народа і партыі».[1]

Твор напісаны ў характэрным для паэтыкі Купалы сказавым стылі і пабудаваны паводле распаўсюджанага ў тыя гады прынцыпу супрацьпастаўленьня сучаснага, новага грамадзкага ладу змрочнаму мінуламу. У сувязі з гэтым паэма падзяляецца на дзьве ўнутрана зьвязаныя паміж сабой часткі.[2]

Паэме ўласьцівы зьменлівы рытм, багацьце інтанацыйнага малюнку. Спакойна—эпічнае апісаньне павольнае плыні Бярозы як бы ўвасабляе сабою аднастайную хаду мінулых стагодзьдзячў. Зварот да адвечнае прыроды (вербалозы, пушчы, віры), анафарычных паўтораў, выкарыстаньне пяцістопнага ямбу з усечанай апошняй стапой, алітэрацыяў і асанансаў спрыяюць выяўленчаму эфэкту. Потым рытм паэмы рэзка мяняецца: паэт пераходзіць да трохстопнага харэю, які надае кароткаму вершаванаму радку (з 2—3 словаў) імклівасьць і дынамічнасьць. У апошніх строфах паэт спалучае чатырох— і трохстопны харэй. Такое спалучэньне дапамагло аўтару рытмічна й інтанацыйна ўзмацніць гучаньне фіналу паэмы.[1]

Як і шмат якія іншыя творы Я. Купалы 1930-х гадоў, паэма характарызавалася аднамерным паказам рэчаіснасьці, публіцыстычна-дэкляратыўнай танальнасьцю, налётам рытарычнасьці і ілюстрацыйнасьці, калі чалавек, асоба, індывідуальнасьць адыходзілі на другі плян, а то й зусім раствараліся ў адлюстраваньні грамадзка-сацыяльнага асяродзьдзя, а на першым пляне панавала т.зв. калектыўная эмоцыя. Паэма прасякнутая сьцьвярджэньнем утапічна-ілюзорных ідэяў і поглядаў аўтара. Ей нестае дакумэнтальнае праўды падзей і фактаў, глыбіні і арыгінальнасьці мастацкага асэнсаваньня рэчаіснасьці.[2]

У якасьці хібаў паэмы крытыкі адзначалі пэўную абстрактнасьць і схематычнасьць твору:[1]


« У ідэйна-мастацкіх адносінах паэма «Барысаў», якую Купала напісаў па тагачасным сацыяльным заказе (ці загадзе), падобная на дзясяткі і сотні такіх жа абстрактна-схематычных, пазбаўленых праўды твораў, якія былі выкліканы да жыцьця той гістарычнай эпохай. »

Ул. Гніламёдаў[3]

Пераклады і мастацкія ўвасабленьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паэма перакладалася на армянскую (Н. Зар'ян), летувіскую (Э. Матузявічус), расейскую (М. Браўн, С. Гарадзецкі) і украінскую (Т. Масэнка) мовы. Ілюстрацыі да паэмы зрабіў А. Волкаў.[1]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е Ц. Ліякумовіч Барысаў (паэма) // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелСЭ, 1986. — С. 65—66.
  2. ^ а б в г Мікола Мікуліч На іржышчы часу… // Літаратура і мастацтва. — Менск: 2012. — В. 16 лістапада. — № 46. — С. 6. — ISSN 0024-4686.
  3. ^ Ул. Гніламёдаў Янка Купала: жыццё і творчасць / В. Жураўлёў. — 2-е. — Менск: Беларуская навука, 2012. — 252 с. — ISBN 978-985-08-1403-6

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Барысаў (паэма)» / Аўтар — Ц. Ліякумовіч. — C. 65—66.
  • Навуменка І. Янка Купала. — Мн., 1980.
  • Мікола Мікуліч На іржышчы часу… // Літаратура і мастацтва. — Менск: 2012. — В. 16 лістапада. — № 46. — С. 6. — ISSN 0024-4686.