Барыс Бальшакоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Барыс Бальшакоў
Агульная інфармацыя
Дата нараджэньня 26 верасьня 1910
Месца нараджэньня Архангельск, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 27 жніўня 1950
Месца сьмерці Тула, РСФСР
Краіна СССР

Барыс Бальшакоў (нарадзіўся 26 верасьня 1910, Архангельск, Расейская імпэрыя — памёр 27 жніўня 1950, Тула, РСФСР) — беларускі спартовец (роварны і канькабежны спорт), адзін з найлепшых беларускіх раварыстаў у гады пасьля Вялікай Айчыннай вайны. Заслужаны майстар спорту СССР (1947). Муж Зоі Бальшаковай.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1945—1950 гадах — трэнер Менскага абласнога савету ФСТ «Дынама». Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Барыс Бальшакоў, як і шматлікія спартоўцы яго пакаленьня, вызначаўся рознабаковай падрыхтоўкай. Ён стаў чэмпіёнам СССР па канькабежным спорце на дыстанцыях 500 м (1941, 1947), 1500 м (1948), па роварным спорце ў групавой шашэйнай гонцы на 150 км (1947), у спрынтарскім мнагабор’і на трэку (1949). Б. Бальшакоў — пераможца і прызэр Міжнародных і ўсесаюзных спаборніцтваў.

У 1930-я прапанаваў мясцовым уладам у зімовы час заліваць на гарадзкіх пляцоўках і ўскраінах каткі і канькабежныя дарожкі, «прыладкоўваць» для гэтага і замерзлую Сьвіслач[1]. Па яго ініцыятыве з 1947 году штогод праводзіцца аднадзённая роварная гонка ў Менску і яго ваколіцах (у цяперашні час — Рэспубліканскія спаборніцтвы памяці ЗМС Б. Бальшакова[2]).

За сваю кар’еру ён заваяваў 19 мэдалёў чэмпіянатаў СССР — два залатыя, 10 срэбраных і сем бронзавых[3].

Загінуў падчас міжнародных спаборніцтваў у Туле ў парнай групавой гонцы на трэку ў 1950 годзе[3] (на тым жа бэтонным трэку ў Туле ў траўні 2012 году разьбілася 20-гадовая беларуская раварыстка Паліна Жук).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Мяснікоў А. Ф. Барыс і Зоя Бальшаковы: Ім пакарыліся шаша і лёд // Сто асоб беларускага спорту: нарысы. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2009. — С. 404. — 2000 ас. — ISBN 978-985-6720-76-8
  2. ^ У сувязі з роварнымі гонкамі на шашы 27—28 красавіка будзе абмежаваны рух на трасах пад Менскам (рас.)
  3. ^ а б Беларуская фэдэрацыя роварнага спорту — 1945—1960 гг.(недаступная спасылка)  (рас.)