Бастыён

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мураваны бастыён новаітальянскай школы

Бастыён (па-лацінску: bastillio; па-француску: bastion; па-ангельску: bastion) — выступаючая частка вала абарончага збудаваньня паліганальнай формы (трохкутная, пяцікутная, серпавідная ці ромбавідная). На бастыёне разьмяшчалася абарончая артылерыя для абстрэлу ворага на далёкай адлегласьці і флянкаваньня сумежных курцінаў і бастыёнаў.

Гісторыя разьвіцьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лічыцца, што першым вядомым архітэктарам, які распрацоўваў форму паліганальнага бастыёна і першы ўжыў яе на практыцы ў сваіх раньніх кастэлях у Броліё (1484) і Цівіта Кастэляна (1494) быў флярэнцінец Джуліяна да Сангала. Але першыя яго бастыёны заставаліся паліганальнымі па форме, тоеснымі цыліндрычным больвэркам ці бастэям. Істотнай іх асаблівасьцю стаў караблепадобны вынас у бок зьнешняга вугла кастэлі. У 1503 годзе ў збудаванай ім цытадэлі Арэца бастыёны набываюць больш выразную форму, сэрцападобную форму. З 1524 году бастыёны распаўсюдзіліся па ўсёй паўднёвай Італіі і Сіцыліі, якія знаходзіліся пад пагрозай турэцкага нападу.

Прыкладна зь сярэдзіны XVI стагодзьдзя італьянскія напрацоўкі ў фартыфікацыі пачынаюць актыўна распаўсюджвацца на астатняй тэрыторыі Эўропы. У 1529 годзе пачата ўзьвядзеньне сыстэмы якасна новых абарончых умацаваньняў вакол Дрэздэну. У 1547 годзе Вена ў стане надзвычай высокай небясьпекі турэцкага нападу атрымлівае ланцуг бастыённых умацаваньняў італьянскага ўзору.

Новы замак у Слуцку з чатырма полымі землянымі бастыёнамі ў галяндзкай манеры

Выгляд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бастыёны сталі галоўным элемэнтам ва ўзьніклай аднайменнай бастыённай сыстэме фартыфікацыі. Эвалюцыя бастыёнаў ішла адпаведна разьвіцьцю фартыфікацыйных школ:

  • у стараіталіянскай сыстэме — абмураваныя вузкія тупакутныя,
  • у новаітальянскай — востракутныя абмураваныя,
  • у галяндзкай — пашыраныя земляныя тупакутныя і г. д.

Структура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тыповы бастыён меў два бакі — фасы, што былі зьвернутыя ў напульны бок, два больш вузкія флянкі былі скіраваныя ў бок сумежных курцінаў і бастыёнаў, з асноўнай курцінай бастыён злучаўся шыяй або горжай. Унутры ў італьянскіх школах бастыёны былі казэматаваныя. Фасы двух бастыёнаў і курціна між імі старалі г. зв. бастыённы фронт.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бастыёнсховішча мультымэдыйных матэрыялаў