Бастыённы замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Новы замак, або цытадэль у Слуцку

Бастыённы замак — абарончае збудаваньне Новага часу, умацаванае з дапамогаю бастыённых фартыфікацыяў рознага тыпу. Ад ранейшых замкаў бастыённыя замкі перанялі іх сацыяльную, вайсковую і адміністрацыйна-палітычную ролю, аднак значна адрозьніваюцца ад іх прынцыпам арганізацыі абароны.

Азначэньне «бастыённы замак» або «zamek bastionowy», распрацаванае польскімі навукоўцамі, адначасова і вельмі слушнае, і, відаць, даволі простае па паходжаньні: мадэрнізаваныя з дапамогаю бастыённай сыстэмы замкі атрымалі прыметнік «бастыённы». Бачна, з аднаго боку, вельмі моцная традыцыя замкавага будаўніцтва і трываласьць найменьня, зь іншага боку — разуменьне пэўнага адрозьненьня новых «замкаў» ад ранейшых.

У архітэктурным пляне між замкамі і замкамі бастыённымі мала агульнага: параўнайце Наваградзкі замак і Гальшанскі замак, у адным выпадку прасла сьцяны зь пяцю вежамі і форбургам па пэрымэтры і невялікі гатычны палац, прыбудаваны з унутранага боку адной зь сьценаў, у іншым — палац хаця і зь некаторымі абарончымі рысамі, аднак цалкам аддзелены ад бастыённага абарончага комплексу. Такія назвы, як Нясьвіскі замак або Гальшанскі замак, варта лічыць традыцыйнымі, і пры дакладным узгадваньні тыпу зьвяртаць увагу на іх адрознасьць ад клясычных фэадальных замкаў.