Бахрэйн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Бахрэйн
Каралеўства Бахрэйн
مملكة البحرين
Сьцяг Бахрэйну Герб Бахрэйну
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн: «Наш Бахрэйн (Bahrainona)»
Месцазнаходжаньне Бахрэйну
Афіцыйная мова арабская
Сталіца Манама
Найбуйнейшы горад Манама
Форма кіраваньня Канстытуцыйная манархія
Хамад ібн Іса Аль Халіфа
Плошча
 • агульная
189-я месца ў сьвеце
690 км²
Насельніцтва
 • агульнае (2008)
 • шчыльнасьць
154-е месца ў сьвеце
708 573
1454/км²
СУП
 • агульны (2008)
 • на душу насельніцтва
118-е месца ў сьвеце
$26,97 млрд
$34 605
Валюта Бахрэйнскі дынар (BHD)
Незалежнасьць
— абвешчана
Ад Вялікабрытаніі
16 сьнежня 1971
Аўтамабільны знак BRN
Дамэн верхняга ўзроўню .bh
Тэлефонны код +973
Мапа Бахрэйну
Мапа Бахрэйну

Бахрэйн, Каралеўства Бахрэйн (Al-Bahrajn, Mamlakat al-Bahrajn) — невялікая дзяржава, разьмешчаная ў Азіі, на архіпэлягу ў Пэрсыдзкай затоцы. У 1971 годзе атрымала незалежнасьць ад Вялікабрытаніі. З 30-х гадоў ХХ стагодзьдзя тут вядзецца здабыча нафты, а атрыманыя грошы застаюцца ў дзяржаве. З 2002 году эмір Бахрэйну атрымаў тытул «кароль».

Афіцыйная мова — арабская, шырока распаўсюджаная ангельская. Частка насельніцтва гаворыць на фарсі. Валюта — бахрэйнскі дынар.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяржава разьмешчаная на архіпэлягу з 33 выспаў у затоцы Сальва паміж усходнім узьбярэжжам Саудаўскай Арабіі і Катарскай паўвыспай. Агульная плошча ўсіх выспаў — 703 км². Самая вялікая — выспа Бахрэйн (587 км²), другая па велічыні — выспа Мухарак (21 км²). Даўжыня ўзьбярэжжа: 161 км. Самы высокі пункт: Джабал ад Дукхан — 122 мэтры над узроўнем мора.

Выспа Бахрэйн злучаная з усходнім узьбярэжжам Саудаўскай Арабіі 26-кілямэтровай дамбай-мастом. Сталіца — г. Манама. Асноўныя гарады: Манама, Мухарак. Краіна падзеленая на пяць адміністрацыйных адзінак: Манама, Мухарак, паўночны, паўднёвы і цэнтральны акругі.

Клімат на Бахрэйне блізкі да трапічнага. Сярэдняя тэмпэратура студзеня — +17°С, ліпеня — +37°С, улетку высокая вільготнасьць. За год выпадае ў сярэднім каля 90 мм ападкаў.

Палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бахрэйн — канстытуцыйная манархія (спадчынны эмірат). Дынастыя аль-Халіфа ўладарыць з 1783 году. Ачольвае дзяржаву эмір Хамад Бэн Іса Аль Халіфа (1999—2002 — эмір Дзяржавы Бахрэйн). З 2002 году эмір называецца каралём.

Апрача выканаўчай улады, эмір (кароль), засяродзіў у сваіх руках і заканадаўчую ўладу. Хаця ў 1973 годзе была прынятая Канстытуцыя, згодна якой адбыліся першыя выбары ў парлямэнт (Нацыянальны сход), але ў 1975 г. эмір распусьціў парлямэнт і пачаў кіраваць краінай праз прызначаны ім Кабінэт міністраў, што сумяшчаў функцыі заканадаўчай і выканаўчай улады. Урад складаецца збольшага з блізкіх сваякоў. На пачатку 1990-х гадоў, каб стварыць аб дэмакратызацыі, у Бахрэйне быў створаны псэўда-парлямэнт, кансультацыйная рада, у якую ўваходзілі 30 чалавек. Рада была ўпаўнаважаная распрацоўваць і прапанаваць эміру і ўраду рэкамэндацыі па ўнутранай і вонкавай палітыцы.

Хаця палітычныя партыі фармальна забароненыя, у краіне дапускаецца дзейнасьць палітычных арганізацыяў (іх зарэгістравана 14). Нелегальна дзейнічае Народны фронт Бахрэйна, што выступае за палітычныя свабоды й дэмакратыю, а таксама Фронт нацыянальнага вызваленьня. Унутрыпалітычная сытуацыя ў Бахрэйне цьвёрда кантралюецца кіруючай каралеўскай сям’ёй.

Практычна 60 адсоткаў насельніцтва Бахрэйна па веравызнаньні — шыіты, а палітычнае кіраўніцтва даўно належыць сунітам. Суніцкай зьяўляецца і кіруючая дынастыя.

Барацьба шыітаў за свае палітычныя правы прывяла да таго, што ў 2002 годзе ў краіне прайшлі першыя за трыццаць гадоў выбары. На іх падставе быў сфармаваны парлямэнт — Рада дэпутатаў — з 40 чалавек, а значную колькасьць месцаў у ім атрымалі шыіты.

У Бахрэйне — двухпалатны парлямэнт — Нацыянальны сход. Палата дэпутатаў, якая складаецца з 40 дэпутатаў, абіраецца шляхам усеагульнага таемнага галасаваньня, члены верхняй палаты (40 дэпутатаў Кансультацыйнай рады) прызначаюцца каралём. У лістападзе — сьнежні 2006 адбыліся выбары ў Палату дэпутатаў 2-га скліканьня. У лютым 2007 году сфармаваныя кіруючыя органы і камітэты. Старшыня Нацсходу і Палаты дэпутатаў — Халіфа аз-Захрані, Старшыня Кансультатыўнага савету (Шуры) — Алі Бэн Салех ас-Салех.

Вонкавая палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бахрэйн прытрымліваецца ўзважанага, неканфрантацыйнага вонкавапалітычнага курсу, накіраванага на ўмацаваньне рэгіянальнай стабільнасьці і бясьпекі.

Каралеўства дэманструе падтрымку крокаў ЗША ў самых значных пунктох, уключаючы Ірак і блізкаўсходняе ўрэгуляваньне. Кіраўніцтва краіны займае ў дачыненьні Ірана і “іранскай ядзернай праблемы” даволі гнуткую пазыцыю.

Бахрэйн зьяўляецца важным стратэгічным пунктам для ЗША, бо тут базіруецца 5-ы амэрыканскі флёт.

Бахрэйн цесна каардынуе сваю пазыцыю па асноўных міжнародных праблемах з удзельнікамі ССАДПЗ і ЛАД. Традыцыйным вонкавапалітычным партнэрам сярод эўрапейскіх дзяржаваў застаецца Вялікабрытанія. У кантактох з Францыяй і Нямеччынай пераважае гандлёва-эканамічны аспэкт. На ўзаемавыгаднай аснове будуюцца адносіны з краінамі азіяцкага рэгіёну, найперш зь Індыяй, Японіяй, Кітаем, Тайляндам, Маляйзыяй, Піліпінамі.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бахрэйн — краіна з разьвітай прамысловасьцю: здабыча нафты, прыроднага газа і іх перапрацоўка складае каля 35% нацыянальнага прыбытку, сельская гаспадарка каля 1%, паслугі (асабліва гандаль, транспарт і банкаўская сфэра) складае астатняю частку. Нацыянальны прадукт складае каля 23 000 даляраў на аднаго чалавека (2005).

Паводле клясыфікацыі ААН, індэкс сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Бахрэйна складае 0,846 — трэцяе месца сярод арабскіх краінаў і 43-е ў сьвеце.

Бахрэйн мае высокія паказьнікі эканамічнага росту (у 2007 — 7,8%.). ВУП — 9,84 млрд дал. ЗША (18,44 тыс. дал. на душу насельніцтва). Інфляцыя — 5%. Прыбытковая частка бюджэту (3,2 млрд дал. ЗША) на 74% фармавалася за рахунак паступленьняў ад экспарту вуглевадародаў і іх вытворных. Дэфіцыт бюджэту — 550 млн дал. ЗША. Курс бахрэйнскага дынара да даляра ЗША складае 0,376 бахр. дынара за даляр (травень 2008). Дзяржаўны доўг — 1,85 млрд дал. (13,9% ВУП), золатавалютны запас — 2,75 млрд дал.

Структура ВУП выглядае наступным чынам: сэктар паслугаў — 56%, прамысловасьць — 43%, сельская гаспадарка 1%. У сфэры паслугаў вылучаюцца фінансавы сэктар (25% ВУП) і турызм (11%), у прамысловасьці — нафтаздабыча і нафтаперапрацоўка (26%), вытворчасьць алюмінію (8%).

Дзяржаўная энэргасыстэма агульнай вызначанай магутнасьцю ў 1850 МВт. Сярэднегадавы ўзровень спажываньня электраэнэргіі складае 1760 МВт*г і павялічваецца на 7% штогод, што неўзабаве можа абмежаваць патэнцыял эканамічнага росту.

Кансалідаваныя актывы банкаўскага сэктара дасягнулі 140 млрд дал. (прырост 7,2%), у тым ліку афшорных банкаў — 105 млрд, камэрцыйных — 16 млрд, інвэстыцыйных — 11 млрд, ісламскіх — 7 млрд. Колькасьць фінансавых арганізацыяў узрасла да 367.

Капіталізацыя фондавага рынку перавышае 16 млрд дал. На біржы каціруюцца каштоўныя паперы 45 кампаніяў, вядзецца гандаль аблігацыямі. Зь ліпеня 2005 пачалося вылічэньне індэксу Даў-Джонз Бахрэйн.

Важнай крыніцай паступленьняў у бюджэт зьяўляецца турызм (больш за 1 млрд дал.). Штогод краіну наведвае ня менш за 5 млн турыстаў, галоўным чынам з суседніх дзяржаваў Пэрсыдзкай затокі.

Прамысловасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нафта і прыродны газ здабываецца ў асноўным на марскім шэльфе, пад кантролем дзяржаўных прадпрыемстваў. Гэта першая краіна Пэрсыдзкай затокі, у якой знайшлі нафту і ў 1935 годзе пабудавалі нафтаперапрацоўчы завод.

У сярэдзіне 1990-х гадоў пачаў працаваць новы нафтаперапрацоўчы комплекс, які па прадукцыйнасьці займае другое месца на Блізкім Усходзе. Нафтаперапрацоўчыя заводы ў Манаме, Сітры і Авалі перапрацоўваюць нафту (каля 2 млн. тон у год) і імпартуюць трубаправодам, пракладзеным па марскім дне, нафту з Саудаўскай Арабіі. Здабыча й перапрацоўка нафты дае каля 60 адсоткаў дзяржбюджэту й 30 адсоткаў ВУП.

Здабыча нафты з-за зьбядненьня радовішчаў паменшылася на 11% да 68 млн барэляў. Перапрацоўка вуглевадароднай сыравіны склала 96 млн. барэляў — прырост на 2,8%. Здабытыя 12 млрд. куб. м прыроднага газу.

Электрычнасьць, якая выпрацоўваецца на газавых электрастанцыях, выкарыстоўваецца, акрамя іншага, і для вытворчасьць алюмінію і апрасьненьня марской вады. Каля 50% патрэбаў краіны ў прэснай вадзе забясьпечваецца апрасьняльнымі станцыямі.

Вытворчасьць алюмінію пасьля запуску пятай лініі кампаніі “ALBA” значна ўзрасло і склала 750 тыс. тон (прырост на 29%). Бахрэйн зьяўляецца найбуйнейшым вытворцам алюмінію на Блізкім Усходзе.

Разьвіта таксама лёгкая прамысловасьць і ганчарнае рамяство.

Сельская гаспадарка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сельская гаспадарка з-за недахопу прыдатных зямель і недахопу вады разьвітая слаба, агульная плошча апрацаваных зямель — 4 тыс. гектараў, таму доля сельскай гаспадаркі ў нацыянальнай эканоміцы складае толькі 1 адсотак. Сельская гаспадарка на 20% задавальняе ўнутраныя патрэбы. У аазысох і на арашальных тэрыторыях вырошчваюць какосавыя пальмы, цытрусавыя дрэвы, ружы і пшаніцу. Лоўля рыбы і крэвэтак грае ўсё меншую ролю з-за ўзрастаючага забруджваньня вады Пэрсыдзкай затокі.

Гандаль[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сфэры вонкаваэканамічнай дзейнасьці падпісаная і ратыфікаваная Дамова аб вольным гандлі паміж ЗША і Бахрэйнам. Тым ня менш, для практычнага пачатку дзеяньня дамовы неабходнае прыняцьце ў Каралеўстве шэрагу законаў, перадусім у сфэры аховы інтэлектуальнай уласнасьці. Бахрэйн падтрымлівае інтэграцыйныя працэсы ў рамках ССАДПЗ, у тым ліку імкненьне да ўвядзеньня адзінай валюты.

Сальда гандлёвага балянсу — 2,1 млрд дал. ЗША (экспарт — 10 млрд, імпарт — 7,9 млрд). Галоўныя артыкулы экспарту: нафта і нафтапрадукты (7,8 млрд), алюміній (1,3 млрд); імпарту — нафтапрадукты (з Саудаўскай Арабіі), машыны і электраабсталяваньне.

Галоўныя гандлёвыя партнэры: Саудаўская Арабія (4,1 млрд дал.), ЗША (803 млн), Японія (665 млн), Аўстралія (350 млн), Нямеччына (239 млн).

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Насельніцтва Бахрэйна — больш за 700 тыс. чал. (сьнежань 2007 г., ацэнка), зь якіх 62% — бахрэйнцы-арабы, многія іранскага паходжаньня. У асноўным, жыхары Бахрэйна гэта арабы (у тым ліку і імігранты зь іншых арабскіх краінаў), яны складаюць каля 70% ад агульнай колькасьці жыхароў. Астатняя частка — імігранты, у асноўным выхадцы з азіяцкіх краінаў, якія складаюць 67% эканамічна актыўнага насельніцтва Бахрэйна.

Назіраецца высокі натуральны прырост насельніцтва. Сярэднегадавы прырост карэннага насельніцтва складае 2,4%, сярод імігрантаў — 2,9%. Узровень беспрацоўя дасягае 23%. Працаўладкаваньне беспрацоўнай моладзі зьяўляецца адной з прыярытэтных задачаў эканамічнай палітыкі.

Сярэдняя шчыльнасьць засяленьня 987 чалавек на км². Каля 80% насельніцтва жыве ў гарадах, у асноўным у Манаме і Мухараку.

Сярэдняя працягласьць жыцьця: агульная 72,98 гадоў, зь іх мужчыны 70,58 гадоў, жанчыны 75,45 гадоў.

Пісьменнасьць: 85%.

Рэлігія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяржаўная рэлігія — іслам. Яго вызнаюць 85% насельніцтва (60% — шыіты і 25% — суніты, у тым ліку кіруючая дынастыя). Шыіцкая супольнасьць апазыцыйна ставіцца да кіруючай суніцкай меншасьці. Прадстаўнікі іншых рэлігіяў (хрысьціянства, індуізм і інш.) складаюць 15% насельніцтва. У Каралеўстве дзейнічае невялікі прыход Антыяхійскай праваслаўнай царквы.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]